Вы тут

Каляровая бульба і арэхавыя сады. Што вучоныя прапануюць для прысядзібных участкаў


Нарэшце мы дачакаліся сапраўднай вясны. Начныя замаразкі скончыліся, глеба прагрэлася да 8 градусаў — а гэта значыць, можна садзіць бульбу. Прычым лепш айчыннай селекцыі. Як паведаміў генеральны дырэктар РУП «Навукова-практычны цэнтр па бульбаводстве і агародніцтве» Вадзім Маханько, попыт беларусаў на айчынныя сарты з кожным годам павялічваецца. Ва ўсякім разе, сёлета зваротаў па насенку ў магазін навукова-практычнага цэнтра было ў два разы болей, чым летась.


Беларуская сыравіна для чыпсаў

Вучоныя Акадэміі навук упэўнены, што развіццё айчыннага садаводства і агародніцтва — гарантыя харчовай бяспекі. «Наш навукова-практычны цэнтр закрывае ўсе асноўныя патрэбы і па сельгаскультурах, і па сартавым наборы, — заўважае Вадзім Леанідавіч. — А паглядзіце, што з-за эпідэміі адбываецца на сусветных рынках. Гандлёвыя сувязі парушаюцца. Мы чуем скаргі ад замежных калег, што ім не паставілі гарантаваныя аб'ёмы насення».

Беларускія сарты бульбы прывабліваюць стабільнасцю і ўласцівасцямі, да якіх прызвычаіліся спажыўцы. Асартымент з кожным годам пашыраецца. Улічваючы, што прысядзібныя гаспадаркі імкнуцца вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю, вучоныя вядуць селекцыю менавіта ў гэтым кірунку: ствараюць сарты ранняга тэрміну выспявання і з павышанай устойлівасцю да хвароб. Раннія паспяваюць даць ураджай да таго, як расліну «накрыюць» фітафтора і іншыя праблемы.

Наогул селекцыя бульбы ў Беларусі вядзецца ўжо каля 100 гадоў. Інстытут можа прапанаваць прадукцыю для самых розных патрэб. Адзін з традыцыйных кірункаў — вытворчасць высокакрухмальных сартоў. Развіваецца перапрацоўка, запускаюцца новыя заводы (напрыклад, па вырабе сухога пюрэ) — адпаведна, расце попыт на раслінную сыравіну. Ужо сёння мы здольныя закрыць патрэбы ў сартах, якія падыходзяць для перапрацоўкі на чыпсы і сухое пюрэ, а ў найбліжэйшы час — і для бульбы-фры.

Агароднікаў прыемна ўразілі раннія і ультрараннія сарты, распрацаваныя беларускімі вучонымі. За два-тры гады заваяваў папулярнасць Палац, уключаны ў рэестр ультраранні Першацвет. Можна падабраць прадукцыю на любы густ — клубні розныя па форме (круглыя, авальныя), з пэўнай афарбоўкай лупіны і мякаці. Праз пару гадоў вучоныя спадзяюцца парадаваць дачнікаў новымі сартамі — фіялетавымі і ружовымі ўнутры. Сёлета адзін з такіх каляровых сартоў аддаецца на дзяржвыпрабаванне.

Новы прадукт наўрад ці заменіць традыцыйную бульбу, але можа парадаваць сваімі якасцямі аматараў. Некаторыя ўзоры з фіялетавай мякаццю захоўваюць афарбоўку ў працэсе варкі, смажання, прыгатавання чыпсаў.

Каляровая бульба — гэта не вынаходніцтва чалавека. Яна сустракаецца ў прыродзе. Вучоныя толькі пастараліся яе размножыць і зрабіць больш устойлівай для вырошчвання ў пэўных кліматычных умовах. Экзатычная бульба вылучаецца павышаным утрыманнем антыаксідантаў (у дзесяць разоў вышэйшым, чым у звыклых нам караняплодах).

Дзьмухаўцы падкажуць

Загадваць, які будзе ўраджай бульбы, пакуль яшчэ рана. Цёплая зіма прыйшлася даспадобы каларадскаму жуку, але гэтая праблема лёгка вырашаецца: ёсць хімічныя і біялагічныя прэпараты для барацьбы са шкоднікам.

Куды больш трэба хвалявацца за якасць насення. Зімой не было маразоў, некаторыя гаспадаркі не змаглі да канца ахаладзіць сховішчы, што адбілася на захаванасці бульбы. Усё ж караняплод нават у час спакою «дыхае». Унутры клубня адбываюцца пэўныя біяхімічныя працэсы, якія пры нізкіх тэмпературах (а для захоўвання аптымальны рэжым плюс 2—3 градусы) запавольваюцца.

Натуральна, калі бульба раней часу пачала прарастаць у вашых сховішчах, зацягваць з пасадкай не трэба. Каляндарных тэрмінаў для высадкі «другога хлеба» не існуе, важна ўлічваць біялогію культуры. Глеба павінна прагрэцца да васьмі градусаў, калі ж садзіць бульбу ў халодную зямлю, яна можа быць пашкоджана хваробамі. Звяртайце ўвагу на народныя прыкметы: пачынаюць распускацца лісцікі на бярозе і красаваць дзьмухаўцы — самы час заняцца бульбай. Калі хочаце атрымаць добры ўраджай, не забывайцеся пра якасны пасадачны матэрыял. Нават калі вам падабаецца пэўны сорт, раз на тры гады вучоныя рэкамендуюць яго абнаўляць, набываць элітнае насенне.

Лежабока ў агародзе

Як паведаміў дырэктар Інстытута агародніцтва Андрэй Чайкоўскі, на 2020 год у дзяржрэестр уключаны 115 сартоў і 31 гібрыд па 40 агародных культурах, якія могуць вырошчвацца аматарамі.

Вучоныя займаюцца не толькі звыклымі для нас буракамі, морквай ці цыбуляй, але і малараспаўсюджанымі фізалісам сунічным, вострым перцам, пастарнакам і шматгадовай цыбуляй. Вучоныя выводзяць новыя сарты, заняты вытворчасцю і размнажэннем насення, інстытут мае ўласны інтэрнэт-магазін, і падчас пандэміі каранавіруса агароднікі могуць заказваць дастаўку праз «Белпошту».

Варта звярнуць увагу на створаныя беларускімі вучонымі перцы і памідоры, тым больш што сярод іх ёсць і буйнаплодныя сарты. «Замежнікі», не адаптаваныя пад нашы кліматычныя ўмовы, могуць проста ў нас не выспець.

«Народжаны» ў інстытуце гібрыд тамата Лежабока для плёначных цяпліц трэба фарміраваць у адно сцябло — ён можа вырастаць да двух метраў. Ураджайнасць — 14-16 кілаграмаў з квадратнага метра. Па смакавых якасцях не саступае традыцыйным сартам, да таго ж плады характарызуюцца павышанай лёжкасцю. Калі ў спякоту таматы могуць хутка пераспяваць, растрэсквацца, то на Лежабоку ўраджай будзе вісець да двух тыдняў і захоўваць свой таварны выгляд.

У інстытуце стварылі сем сартоў часнаку (адзін яравой формы і шэсць азімай). Ёсць сярод напрацовак і сорт, які не стралкуецца. Беларусь магла бы цалкам насычаць рынак уласным часнаком, але тут не абысціся без дзяржрэгулявання — айчынным вытворцам вельмі цяжка канкурыраваць з кітайцамі, якія могуць дыктаваць цэны на гэту агародніну. Так, у 2010—2012 гадах нашы гаспадаркі пашыралі плошчы, маглі дасягнуць вытворчасці 200 тон, але калі імпартныя цэны былі зніжаны і з-за мяжы стаў паступаць кітайскі танны часнок, беларусы панеслі сур'ёзныя выдаткі. І тым не менш работа па стварэнні ўласных сартоў гэтай культуры працягваецца.

Фітамода

Актынідыя, хенамелес, бружмель перастаюць быць экзотыкай у садах аматараў. Нікога ўжо не здзівіш абрыкосамі, многія маюць вопыт вырошчвання персікаў. А значыць, беларускім вучоным трэба падстройвацца пад такую фітамоду. У апошнія пяць гадоў перададзены на сортавыпрабаванні тры сарты абрыкоса Дэбют, Камея, Лявон, а сёлета плануецца перадаць яшчэ і персік айчыннай селекцыі.

Дырэктар Інстытута пладаводства Аляксандр Таранаў расказаў, што вучоныя правялі работу па насычэнні асартыменту яблынь ранняга выспявання (адна з навінак — сорт Ранак) і паспяхова справіліся з задачай па стварэнні груш позняга тэрміну выспявання: так, плады Завеі могуць ляжаць да зімы. Раянаваны замежны сорт Талгарская прыгажуня.

Асаблівую ўвагу вучоныя ўдзяляюць стварэнню раслін, устойлівых да хвароб. Здавалася б, такая культура, як вішня, не баіцца мара-
зоў, але ёй цяжка перажыць зіму, калі яе аслабяць хваробы. Хочаце атрымаць здаровы сад — аддавайце перавагу айчынным сартам. Напрыклад, вішня Нясвіжская не баіцца такіх захворванняў, як какамікоз і маніяльны апёк.

Акрамя селекцыйных напрацовак, вучоныя вядуць работу па ўдасканаленні тэхналогіі вытворчасці, распрацоўваюцца і вывучаюцца розныя сортападвойныя камбінацыі. Так, цяпер актуальнай праблемай з'яўляецца вызначэнне падвояў для абрыкоса і для персіка.

Калекцыя вінаграду Інстытута пладаводства ўражвае, тут больш за паўтысячы сартоў. Вядзецца работа па стварэнні культур з карацейшым вегетацыйным перыядам, што дазваляе атрымаць ураджай у нашых умовах.

Дзякуючы намаганням беларускіх вучоных Беларусь можа стаць арэхавай краінай. У інстытуце створаны чатыры сарты грэцкіх
арэхаў. Асобныя фермеры ў Брэсцкай вобласці ўжо спрабуюць закладваць прамысловыя насаджэнні.

Даследчыкі сочаць за паводзінамі ў нашым клімаце замежных фундукоў — асобныя сарты ўжо ўключаны ў дзяржрэестр. Створаны два сарты фундуку айчыннай селекцыі для прысядзібнага вырошчвання. А ў Маладзечанскім раёне закладзены арэхавы сад плошчай каля 40 гектараў.

Управа на шкоднікаў

Нашы вучоныя займаюцца і распрацоўкай экалагічна бяспечных тэхналогій абароны ўсіх сельскагаспадарчых і пладовых культур, ствараюць як хімічныя, так і біялагічныя прэпараты. Пры Інстытуце аховы раслін працуе лабараторыя мікрабіялагічнага метаду абароны ад шкоднікаў.

Сёння многіх садаводаў-аматараў хвалюе пытанне, ці не павялічыцца колькасць праблем з садам пасля цёплай зімы і камфортнага для размнажэння шкоднікаў сакавіка. «У прыродзе ўсё заканамерна, — супакоіла загадчык лабараторыі абароны пладовых культур РУП «Інстытут абароны раслін» Вераніка Камардзіна. — Нашы назіранні паказваюць, што некаторыя шкоднікі нежыццядзейныя. Было добра не толькі гэтым насякомым, але і іх ворагам. Мяркую, што вялікіх стрэсаў мы не адчуем».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.