Вы тут

Непажаданыя насельнікі. Што робіцца на гарышчах і ў падвалах?


Тэхнічны паверх у шматпавярховай забудове — вельмі карысная рэч. У невялікім асабістым адсеку можна размясціць рэчы, якія нібыта не вельмі патрэбны, пры гэтым яны не загрувашчваюць прастору ўнутры кватэры. Разам з тым прадметы, якія адпраўляюцца ў «ганаровую ссылку», не заўжды захоўваюцца бяспечна для іншых. Дадаюць тут праблем і асобы без пэўнага месца жыхарства.


Пра тое, чым небяспечныя пажары ў падвалах і як часта яны здараюцца, карэспандэнт «Звязды» распытаў афіцыйнага прадстаўніка МНС сталіцы Вольгу Мельчанка.

— Людзі без даху над галавой не вельмі любяць гарышчы. Па-першае, у дамах вельмі шмат непажаданых сведак — паспрабуйце ўвесь час хадзіць на дзявяты ці яшчэ вышэйшы паверх так, каб вас ніхто не ўбачыў. А напрыклад, у падвал класічнай «хрушчоўкі» можна зайсці проста з двара. Па-другое, яны заўсёды ідуць туды, дзе можна пераначаваць у цяпле, — праз падвал ідуць трубы ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Бывае і так, што непажаданыя госці пранікаюць у падвал праз выбітае назіральнае акно ці ўзломваюць замок на дзвярах. Хоць бываюць розныя сітуацыі, — адзначае Вольга Мельчанка.

Сёлета сталічныя падвалы і гарышчы гарэлі ўжо адзінаццаць разоў. На першы погляд, быццам і няшмат. А калі паглядзець больш дэталёва, то такі пажар вельмі небяспечны. Класічны падвал у пяці- ці дзевяціпавярховіку (вядома, там, дзе ён ёсць) — гэта нярэдка складаная сістэма праходаў, якія могуць заканчвацца тупікамі. І кожны такі тупік павінны абследаваць пажарныя, каб упэўніцца, што там нікога няма. Пры пажары чадны газ і дым вельмі істотна памяншаюць шанцы на выратаванне.

Дадайце да гэтага рэчы, якія добра гараць або плавяцца: старую бытавую тэхніку, мэблю ці іншыя побытавыя прадметы. У нашых падвалах можна знайсці што заўгодна — аўтар гэтых радкоў, напрыклад, назіраў некалькі гадоў таму, як на падыходзе да камор жыхароў на стосе газет красаваўся стары савецкі тэлевізар, і гэта пры тым, што аналагавага вяшчання ў нашай краіне тады ўжо не існавала. А напрыклад, у адным з дамоў па вуліцы Народнай падчас рэйду ратавальнікі знайшлі ў падвале ёмістасць з палівам.

Прычына большасці пажараў у падвалах простая — залез туды чалавек без пэўнага месца жыхарства, вырашыў пераначаваць. Перад сном — крыху пакурыць. Недапалак выпадае з аслабелай рукі, і матрац пачынае тлець... Урон ад пажару адчуюць на сабе і жыхары дома, у першую чаргу тыя, хто жыве на ніжніх паверхах: яны будуць першыя, да каго гэты дым прыйдзе і закурыць кватэру. Часам ратавальнікі ў такіх сітуацыях эвакуіруюць нават тых, хто жыве на чацвёртым—пятым паверхах. Перакінуцца ў кватэру агонь звычайна не паспявае — усё ж у падвале ад дэфіцыту кіслароду больш утвараецца чаднага газу, чым полымя. Але «ўляцець» на пазачарговы рамонт можна вельмі і вельмі лёгка, бо жыць у закуранай кватэры — задавальненне вельмі адноснае.

— Раніцай 12 лютага ратавальнікі выехалі тушыць пажар у шматпавярховік на вуліцы Ротмістрава, дзе на лесвічнай пляцоўцы тэхнічнага паверха гарэў матрац. А напрыклад, 24 лютага загарэўся яшчэ адзін матрац, але ўжо ў пяціпавярховіку на завулку Вышалескага. Там гэта адбылося ў падвале і... якраз адтуль ратавальнікі выцягнулі чалавека, які быў шпіталізаваны з атручэннем прадуктамі гарэння. У назіральным акне, якое выходзіла на процілеглы бок, было выбіта шкло. Ды і ў самім падвале сляды паказвалі на тое, што там яўна жывуць людзі.

Дзеля прафілактыкі такіх пажараў ратавальнікі разам з прадстаўнікамі іншых органаў перыядычна праводзяць праверкі. Іх галоўная мэта — дамагчыся таго, каб уваходы ў падвал для пабочных асоб былі надзейна перакрыты.

— Нейкіх нарматываў, якія рэгламентавалі б частату такіх рэйдаў, няма. Часцей за ўсё іх неабходнасць вызначаецца разам з мясцовым выканаўчым камітэтам у залежнасці ад той абстаноўкі, якая складваецца. Як правіла, гэта падрыхтоўка або да ацяпляльнага сезону, або да вясенне-летняга часу. Напрыклад, сёлета ў планах да 30 красавіка — камісійнае абследаванне ўсіх падвальна-тэхнічных памяшканняў і гарышчаў усіх шматкватэрных дамоў на прадмет іх належнага стану. У складзе камісій — прадстаўнікі не толькі МНС, але і ЖКГ, адміністрацый раёнаў Мінска, таварыствы ўласнікаў.

Сёлета камісіі праінспектавалі ў Мінску больш за чатыры з паловай тысячы шматпавярховікаў. Парушэнні знайшліся ў 337. Чаго ж яны датычыліся?

— Праходы ў падвале былі застаўлены буйнагабарытным смеццем, і знаходзіліся невядома чые ляжанкі. Даволі часта мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі ёсць вольны доступ у тэхнічнае падполле — маецца на ўвазе вольны доступ у тыя падвалы, дзе камор не існуе ў прынцыпе. Хоць туды звычайныя людзі не маюць права заходзіць. Таму камунальнікі і таварыствы ўласнікаў павінны сачыць за тым, каб дзверы былі зачынены, а замкі былі спраўныя. Ці робяць гэта заўжды? Не.

...На жаль, сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ўнесла свае змены і ў рэйды. Канешне, было б вельмі нядрэнна пахадзіць разам з інспектарамі па падвалах, але давядзецца адкласці гэта да лепшых часоў. Таму мы запыталіся ў старшага інспектара Кастрычніцкага РАНС Ірыны Свірыд, ці з'яўляюцца парушэнні масавымі.

— Мы праверылі ў адзін дзень шматпавярховікі па вуліцы Магілёўскай у Мінску. І — што адметна — у кожным будынку свая асаблівасць. Напрыклад, у адным з дамоў мясцовы жыхар вынес на лесвічную клетку разабраны ложак, табурэткі і камоду. Праўда, растлумачыў ён гэта тым, што ў кватэры ідзе рамонт, а ў аднапакаёўцы кудысьці пераставіць мэблю складана. І ў гэты ж дзень усё прыбраў. У другім доме не выявілі ўвогуле ніякіх парушэнняў — усе дзверы ў падвал зачынены. А вось у трэцім іх не замкнулі. Не было ніякіх прыкмет і навяснога замка. Узнікла пытанне — можа, там пасяліліся бяздомныя? Але нікога не аказалася, зрэшты, як і рэчаў. У гэты ж дзень камунальнікі павесілі на дзверы падвала замок.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена Кастрычніцкім РАНС Мінска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».