Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Адбыліся матчы 7-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Салігорскі «Шахцёр» атрымаў буйную перамогу над футбалістамі «Іслачы» — 4:0, «Белшына» (Бабруйск) саступіла «Дынама» (Брэст) — 0:3. Вынікі астатніх сустрэч: «Віцебск» — «Славія» (Мазыр) — 2:3, «Мінск» — «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — 2:5, «Рух» (Брэст) — «Гарадзея» — 1:1, «Смалявічы» — «Энергетык-БДУ» (Мінск) — 0:2, «Дынама» (Мінск) — «Слуцк» — 1:2, БАТЭ — «Нёман» (Гродна) — 3:1.

Турнірнае становішча пасля сямі тураў: «Слуцк» — 16 ачкоў, «Тарпеда-БелАЗ» — 14, БАТЭ — 13, «Іслач», «Энергетык-БДУ» — па 12, «Шахцёр» — 11, «Славія», «Віцебск», «Гарадзея», «Дынама» (Брэст) — па 10, «Дынама» (Мінск), «Мінск», «Рух» — па 9, «Нёман» — 8, «Смалявічы» — 3, «Белшына» — 2.

Спіс найлепшых бамбардзіраў узначальваюць Валерый Гарбачык («Тарпеда-БелАЗ»), Гегам Кадзімян («Нёман»), Яўген Шыкаўка («Дынама», Мінск), Джасурбек Яхшыбаеў («Энергетык-БДУ»), якія забілі па чатыры мячы.

Наступны тур чэмпіянату пройдзе 8–10 мая.

2. Беларускі трэнер Андрэй Скабелка ўзначаліў яраслаўскі «Лакаматыў». Такая інфармацыя змешчана на афіцыйным сайце клуба Кантынентальнай хакейнай лігі. Кантракт разлічаны на тры гады. Нагадаем, раней Андрэй Скабелка працаваў з «Гомелем», які пад яго кіраўніцтвам заняў трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі (2010). Таксама ў яго трэнерскай кар'еры былі «Тарпеда» (Ніжні Ноўгарад), «Сібір» (Новасібірск), «Авангард» (Омск). Апошнім месцам работы беларуса, які ў 2016 і 2019 гадах станавіўся найлепшым трэнерам краіны, быў казахстанскі «Барыс». Два сезоны запар каманда аказвалася на другім месцы ва Усходняй канферэнцыі па выніках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ і двойчы даходзіла да другога раўнда плэй-оф. Таксама Андрэй Скабелка займаў пасады галоўнага трэнера зборных Беларусі і Казахстана.

3. Сусветныя пляжныя гульні, якія планаваліся на 2021 год, перанесены на 2023-і. Такое рашэнне прынята Асацыяцыяй нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. У студзені АНАК пачала прыём заявак на правядзенне Сусветных пляжных гульняў 2021 і 2023 гадоў, але з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і пераносу летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа сусветны спартыўны каляндар зведаў значныя змены. Арганізоўваць яшчэ адны комплексныя спаборніцтвы ў шчыльным графіку 2021 года праблематычна, лічаць у асацыяцыі. «Сусветныя пляжныя гульні створаны спецыяльна для нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і іх спартсменаў, каб прыцягваць да турніраў новыя пакаленні атлетаў па розных відах спорту і балельшчыкаў. Услед за летнімі Гульнямі ў Токіа ў 2021 годзе стартуюць зімовыя, гэта вялікая нагрузка на спартыўныя арганізацыі», — адзначыў выканаўца абавязкаў прэзідэнта АНАК Робін Мітчэл.

4. Чэмпіянат свету па сучасным пяцібор'і ў Мінску, які пройдзе з 7 да 13 чэрвеня 2021 года, стане заключным этапам адбору на XXXІІ Алімпійскія гульні ў Токіа. Такое рашэнне прынята Міжнародным саюзам сучаснага пяцібор'я. Прэзідэнт UІPM Клаус Шорман, наведаўшы з афіцыйным візітам НАК Беларусі ў сакавіку, адзначыў, што мінскі сусветны форум можа стаць адным з самых важных для развіцця гэтага віду спорту. Амаль праз два месяцы саюз апублікаваў новую сістэму кваліфікацыі, згодна з якой мінскі чэмпіянат набывае статус ключавога турніру ў сезоне. Адзначаецца, што ўсе спартсмены, якія заваявалі алімпійскія ліцэнзіі на спаборніцтвах 2019 года, застаюцца іх уладальнікамі. Усе кваліфікацыйныя ачкі, набраныя да моманту спынення спаборніцтваў, будуць залічаны ў сусветны алімпійскі рэйтынг.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Турнір у Мінску стане ключавым этапам адбору на Алімпіяду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».