Вы тут

Леся і Сяргей


Пухавіцкія краязнаўцы нагадалі пра повязі, што злучалі з Беларуссю ўкраінскую пісьменніцу Лесю Украінку


Класік украінскай літаратуры Леся Украінка (паэтэса, празаік, перакладчыца Ларыса Пятроўна Косач-Квітка, нарадзілася ў 1871 годзе ў Наваград-Валынскім, памерла ў 1913‑м у Тыфліскай губерні) спалучана была з Беларуссю. У 1897 годзе (паводле некаторых крыніц — у 1896‑м) у Ялце яна пазнаёмілася з рэвалюцыянерам Сяргеем Мяржынскім (1870–1901). Нарадзіўся ён у Мінску, вучыўся ў Кіеўскім універсітэце (1891–95), а ў 1899‑м вярнуўся ў Мінск, працаваў у аддзеле кантролю Лібава-Роменскай чыгункі. Сяргей і пазнаёміў Лесю Украінку з марксісцкай літаратурай. Паэтэса некалькі разоў прыязджала ў Мінск да цяжка хворага Сяргея Мяржынскага, тады ж напісала адну з наймоцных сваіх паэм “Апантаная” (1901). Пасля смерці рэвалюцыянера ў тым жа 1901 годзе Леся Украінка апранаецца ва ўсё чорнае…

Дзяржустанова “Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей” выдала экскурсійна-турыстычны буклет “Леся Украінка”. Навуковая супрацоўніца музея Таццяна Валасюк уклала невялікі падарожнік, звязаны з тэмамі “Леся Украінка й Беларусь” і “Леся Украінка й Пухавіччына”. Цяпер у музеі зберагаюцца партрэты Лесі Украінкі ды Сяргея Мяржынскага, якія выканала беларуская мастачка Марына Эльяшэвіч. У Мар’інай Горцы ў апошнія гады не раз праходзілі розныя імпрэзы, звязаныя з памяццю Лесі Украінкі. Нагода на тое зразумелая: у Блоні, паблізу ад Мар’інай Горкі, у сядзібе рэвалюцыянераў-народнікаў Анатоля Бонч-Асмалоўскага ды ягонай жонкі Варвары (у дзявоцтве Вахоўская, была родам з украінскага Падолля) і Сяргей Мяржынскі, і закаханая ў яго ўкраінская паэтэса знаходзілі свой прытулак. У буклеце ёсць невялікі раздзел, які расказвае пра экспазіцыю Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея, што прысвечана Лесі Украінцы. У музеі прадстаўлены карціны Яўгена Шунейкі “Леся Украінка й Сяргей Мяржынскі” ды “Леся Украінка ў Блоні”. У Мар’іну Горку і Блонь прыязджалі, каб ушанаваць памяць Лесі Украінкі, спрычыніцца да яе “беларускасці” Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, беларуская паэтэса Іна Снарская (родам з Полацка, жыве ў Палтаве), беларуская перакладчыца, празаік, старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталка Бабіна. “Я не заўсёды разумею, за што і чаму я некага люблю… Не ведаю і, скажу праўду, ведаць не намагаюся. Люблю і ўсё. Любоў абсалютнай справядлівасці не ведае, але ў гэтым і яе вышэйшая справядлівасць…” (Леся Украінка).

Творы Лесі Украінкі перакладалі на беларускую мову Эдзі Агняцвет, Анатоль Астрэйка, Мікола Аўрамчык, Артур Вольскі, Анатоль Вялюгін, Юрка Гаўрук, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Сяргей Дзяргай, Хведар Жычка, Ніна Загорская, Іван Калеснік, Уладзімір Корбан ды іншыя мастакі слова. “У 2021 годзе будзе адзначацца чарговы юбілей класіка ўкраінскай паэзіі, — расказвае дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, — і мы збіраемся прымеркаваць да падзеі новае выданне перакладаў паэзіі Лесі Украінкі на беларускую мову. Хацелася б падключыць да праекта беларускую літаратурную моладзь, а таксама вядомых перакладчыкаў”.

Мікола Берлеж

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.

Грамадства

Чым багатыя беларускія нетры

Чым багатыя беларускія нетры

Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.

Памяць

Чым адметны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі?

Чым адметны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі?

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.