Вы тут

Як Іван Кірчук ікону з Радзівонішак выратаваў


Калі глядзіш на ікону Іаана Хрысціцеля, якая ўпрыгожвае храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Радзівонішкі, што на Лідчыне, стаіш нібыта заварожаны. Яе прыцягальная сіла вымушае задумацца пра нешта надзвычай важнае, незямное. І нават не быўшы знаўцам іканапісу, разумееш: ікона мала падобная на тыя, што вісяць побач.

Яна знаходзіцца тут паўтара стагоддзя — з моманту заснавання царквы. Як і гэты Божы дом, ікона прайшла няпросты шлях, пакуль не толькі заняла прыгожае месца ў храме, але і назаўсёды засталася ў душах людзей, якія па сённяшні дзень звяртаюцца ў малітвах да Іаана Хрысціцеля.


Пясочніца на касцях

Так выглядала царква ў першыя гады свайго існавання.

Радзівонішскую царкву прыхаджане пабудавалі ў 1869 годзе. Чатыры гады мясцовыя жыхары вазілі на конях чырвоную цэглу, цягалі з чыгункі чорнае каменне, майстравалі купалы, рабілі з яек фарбу, пісалі іконы, размалёўвалі сцены, шылі царкоўнае ўбранне — узвядзенне храма для многіх з іх стала справай усяго жыцця.

Намоленае месца ў Радзівонішках існавала дагэтуль, але невялікая ўніяцкая каплічка ўжо не адпавядала інтарэсам праваслаўнай часткі хрысціян. Калі пабудавалі царкву, уніяцкую капліцу раскідалі, застаўся толькі крыж. Акурат на тым месцы маладыя бацькі зрабілі для сваіх дзяцей пясочніцу. Толькі не для гульні было гэтае месца: дзеці тут то рукі-ногі ламалі, то ні з таго ні з сяго голавы білі.

— Яшчэ мой сын хадзіў у школу ў 1980-я гады, як там, дзе стаяла капліца, пачаліся раскопкі, — расказвае мясцовая жыхарка Валянціна Рыхліцкая, якая прыслужвае ў Радзівонішскай царкве. — Знайшлі чатыры чалавечыя чэрапы, на калах іх насілі. Магчыма, каля капліцы хавалі бацюшкаў. Што было потым, не ведаю — хутчэй за ўсё, іх парэшткі ляжаць там дагэтуль.

Адны знішчалі, другія збераглі

Унутры храма пасля таго, як над царквой быў учынены гвалт.

Такое дзікунства ў дачыненні да святых месцаў магло адбывацца толькі за савецкім часам. Мала што тлуміліся з чалавечых астанкаў, дык яшчэ спрабавалі знішчыць і царкву, якую людзі ўзвялі за ўласныя грошы сваімі ж рукамі. Аказваецца, такое суседства не падабалася дырэктару школы, якая акурат стаяла насупраць храма. Людзі ведалі гэта, таму пільнавалі, каб камуністы не разрабавалі царкву. Але дырэктар ці хтосьці іншы з яго падачы ўмудраўся выкручваць ікону, якая вісела на варотах пры ўваходзе ў храм. Забяруць ікону і кінуць на падворак дзеду, які прыслужваў бацюшку. Стары яе падрамантуе ды зноў павесіць на месца.

Канчаткова дырэктар школы раззлаваўся, калі даведаўся, што бацюшка патаемна пахрысціў дзяцей адной настаўніцы. Тады разам з мясцовымі ўладамі было прынята рашэнне святога айца выгнаць, а царкву зачыніць.

— Я працавала ў школе прыбіральшчыцай, — згадвае Валянціна Васілеўна. — Бачу, спыніўся каля царквы невялікі «казялок». Выйшлі людзі, распілавалі жалезную штабу, бо замок не атрымалася, і ўвайшлі ў храм. Затым пад'ехала калгасная грузавая машына, і ў прычэп пачалі кідаць харугвы, іконы, іншыя царкоўныя рэчы. Праўда, за царскія вароты не пайшлі. Затое дабралася туды старшыня сельскага савета...

Менавіта з дазволу гэтай жанчыны і быў учынены гвалт над царквой. Супадзенне гэта ці не, але лёс у яе склаўся трагічна: жанчына разам з мужам загінула ад рук свайго зяця. А мужчына, які дапамагаў знішчаць царкоўную маёмасць і казаў: «Калі ёсць Бог, няхай мяне пакарае» — праз некалькі гадоў трапіў у аварыю. Выжыў, але на ўсё жыццё застаўся калекам. Можна сказаць, пашанцавала настаўніку фізкультуры, якому даручылі спілаваць крыж. Мужчына адмаўляўся, але яго пагражалі звольніць са школы. Усё роўна нічога не атрымалася: толькі ён дакранаўся пілою да крыжа, як інструмент ламаўся.

Усё, што ў той дзень (а было гэта восенню 1960 года) выносілі з царквы, кідалі ў машыну неахайна. Іконы, святыя кнігі, іншыя царкоўныя рэчы людзі выцягвалі літаральна з-пад колаў. Акурат адтуль падабрала аблічча таго самага Іаана Хрысціцеля і Валянціна Рыхліцкая. Прынесла ікону ў хату, нягледзячы на забарону, павесіла яе на самае бачнае месца і шанавала амаль сорак гадоў, пакуль святыня не вярнулася ў храм.

Дзякуючы неабыякавым людзям пасля адраджэння царквы ў 1998 годзе іконы, святыя кнігі, царкоўнае ўбранне зноў апынуліся ў Божым доме. Але каб раней знайшлося яшчэ крыху больш настойлівасці, веры, то такога гвалту над святыняй не адбылося б. Царкву не трэба было пільнаваць ад рабавання, у яе трэба было проста хадзіць. А людзі баяліся. «Не патрэбна вернікам — значыць, спатрэбіцца нам», — думалі камуністы і рабілі сваю справу. У суседняй вёсцы Лебяда, што за некалькі кіламетраў ад Радзівонішак, царкву ніхто не чапаў. Нават у такі складаны час там вяліся набажэнствы — не існавала «зброі» супраць сапраўднай веры.

Вяртанне «Маці Божай»

У пачатку сямідзясятых у Радзівонішках пачалі будаваць новую школу. Улетку прараб браў з сабой на будоўлю сына-падлетка. У той дзень з імі ў вёску прыехаў яшчэ і сынаў сябар. Пакуль бацька быў заняты справай, хлопцы не знайшлі лепшай забавы, як праз невялікае акенца залезці ў зачыненую царкву. На царскіх дзвярах яшчэ вісела некалькі ікон. Сярэдзіна храма за час забыцця ўвалілася, таму туды, акрамя гэтых цікаўных хлапчукоў, ніхто не лазіў. Вынесшы з храма дзве іконы (сын прараба ўзяў «Маці Божую», а яго сябар «Георгія Пераможца»), хлопцы таемна прывезлі іх дамоў у Ліду.

З таго часу прайшло шмат гадоў. Людзі зноўку свабодна наведвалі храм у Радзівонішках, не баяліся адзначаць праваслаўныя святы. Акурат на адно з іх — на Раство Хрыстова — у хату да Валянціны Рыхліцкай завіталі нечаканыя госці. Жанчыны дома не было, але родныя потым расказалі ёй пра падарожнікаў, а галоўнае — паказалі прынесеную імі «Маці Божую», якая, здавалася, бясследна знікла з царквы. Разам з іконай падарожнікі пакінулі Валянціне Васілеўне ліст, у якім расказалі пра лёс святыні пасля таго, як яна аказалася па-за сваім домам.

У сына прараба была набожная бабуля — праўда, каталічка. Дзякуючы ёй ікону ў хаце шанавалі. Хлопца бласлаўлялі ёй, калі той ішоў у армію. Потым «Маці Божая» вісела ў мінскай кватэры маладога мужчыны, калі ён адвучыўся, стварыў сям'ю, стаў славутым артыстам. Сёння Іван Кірчук, той самы падлетак, а цяпер лідар этнатрыа «Троіца», ледзь не штолета прызджае ў Радзівонішкі, каб пакланіцца іконе, якая за гэты час стала для яго вельмі каштоўнай.

Валянціна Рыхліцкая зберагла ікону Іаана Хрысціцеля.

Апроч царквы, вядомы артыст не мінае і хаты Валянціны Рыхліцкай. Ён часта расказвае, што ў той дзень, як яны з маці неслі ікону, надвор'е было кепскае. Калі ж «Маці Божая» аказалася ў Валянціны Васілеўны, засвяціла сонейка. Ікону забіралі ў царкву падчас хрэснага ходу. Такой урачыстасці ні дагэтуль, ні пасля хата гаспадыні ніколі не бачыла — чалавек 50 сабралася! Сімвалічна, што вярнулася ў свой дом «Маці Божая» акурат у вялікае праваслаўнае свята — Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы.

«Заўжды дапамагала малітва...»

Адбудоўваць храм пачалі ў 1991 годзе. Як і больш чым сто гадоў таму, царква была адноўлена людскімі сіламі. І ў верасні 1998 года прыхаджане праз доўгі час зацішша сабраліся на першую службу. Шмат сярод іх было добраахвотнікаў, якія падымалі храм з руін, але галоўным падзвіжнікам падчас аднаўлення царквы, безумоўна, стала Валянціна Рыхліцкая.

— Я з малых гадоў расла пры царкве, — згадвае жанчына. — Мой дзед у суседніх Бабрах быў старастам пры царкве, а маці з маёй сястрой хадзілі на клірас спяваць. А тут, у Радзівонішках, прыслужвала ў царкве мая бабуля па бацькавай лініі. Каб я расказала, што мне давялося перажыць, запісаць не хапіла б кнігі «Ціхі дон». За некалькі кіламетраў басанож хадзіла ў школу, а ў 1947 годзе, калі бацька прыйшоў з фронту, мы згарэлі. У хаце пяцёра дзяцей, малодшай — усяго два тыдні... Адным словам, у найбольш складаных момантах мне заўжды дапамагала малітва.

У такой прыгожай царкве сёння моляцца прыхаджане.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, Валянціна Васілеўна кожную суботу першая ідзе да царквы. Пакуль на ранішняе набажэнства збяруцца вернікі, яна навядзе тут парадак, абагрэе храм, упрыгожыць яго кветкамі. Дзякуючы настаяцелю прыхода протаіерэю Мікалаю Ахотніцкаму стала прыгожа і ўтульна каля самой царквы. Нясмела, але сюды едуць людзі і з іншых вёсак. Зноў настаў час, калі толькі вера, самая шчырая малітва дапамогуць перажыць усё ліхое.

Вераніка КАНЮТА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Вяртанне ў Божы дом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».