Вы тут

Гамяльчанкі дзеляцца стаўленнем да сучаснага бізнес-стрэсу


Уключыць рэжым «вярблюда», зрабіць правільную «кошку» і запусціць «свінню»... У рэаліях жорсткіх «джунгляў» рынку гамяльчанкі — уладальніцы ўласнай справы — дзеляцца стаўленнем да сучаснага бізнес-стрэсу, які стаў выдатным матыватарам для далейшага развіцця іх бізнесу.


Рыхтуем план «Б»...

У Гомелі кіраўнік вытворчага прадпрыемства па вырабе абсталявання для развіцця фізічных, псіхаэмацыянальных і сэнсарна-маторных кампетэнцый у дзяцей Аксана Шаўчэнка павялічвае гук на мабільніку і адказвае на мае пытанні па канферэнц-сувязі. Чую — за рулём. Мабільнасць і гатоўнасць заўсёды працаваць па найноўшых тэхналогіях, кажа, заўсёды дапамагае. Яна расказвае гісторыю сваёй жаночай каманды. Так суразмоўніца называе калектыў прыватнай вытворчасці, якая да цяперашняй сітуацыі забяспечвала патрэбы ў спецыялізаваным абсталяванні для ЛФК па ўсёй краіне.

Выраблялі і цацкі для развіцця малых:

— Нашы кліенты — юрыдычныя асобы, бюджэтнікі сферы дашкольнай адукацыі — гэта цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі з розных куткоў Беларусі. Попыт на прадукцыю ўпаў да нуля, але калектыў не разгубіўся, не запанікаваў, — кажа Аксана пра «час цішыні», калі з пачатку лютага сціхлі тэлефоны, «завіслі» заказы. — Напрыклад, падчас крызісу, што бушаваў у 2008-м, па розных прычынах мы не маглі рытмічна папаўняць складскія запасы імпартнай прадукцыяй і паставілі сабе за мэту арганізаваць вытворчасць беларускіх цацак. Так і цяперашняя сітуацыя — гэта не толькі складанасці, але і магчымасці.

Са сваёй практыкі бізнес-стрэсаў — лічы, матыватараў — гамяльчанка дае параду іншым уладальнікам сваёй справы: скрупулёзна прааналізаваць сябе, кампанію, асяроддзе і зразумець, што трэба змяніць, каб стаць мацнейшымі за іншых на рынку.

Між тым яе каманда пачала працаваць у рэжыме «вярблюда»: скарацілі арэндныя плошчы, перагледзелі ўсе выдаткі, шукаюць новыя кірункі работы і пастаянна генеруюць самыя неверагодныя ідэі. Аднак, як кажа капітан каманды, сэрца гэтага невялікага прадпрыемства — швейная вытворчасць — не перастае біцца і ганяе гарачую кроў калектыву.

— З першых дзён пандэміі мы часова перапрафілявалі сваю дзейнасць. Вырашылі запусціць лінію па пашыве бытавых ахоўных павязак. Попыт на іх быў высокі, і гэта дазволіла загрузіць нашу вытворчасць. У сярэднім у дзень адшывалі больш за дзве тысячы павязак. Каманда адміністрацыі перайшла на дыстанцыйную форму работы. Дзяўчынам-швачкам таксама прапанавалі дапамогу, каб арганізаваць для іх работу дома, але ніхто не пагадзіўся: маўляў, масак у нас хапае, санітайзеры на кожным рагу, памяшканне прыбіраюць своечасова.

Аднак попыт на бытавыя ахоўныя павязкі настолькі ўзрос, што давялося шукаць кадравы рэзерв.

— У нашай камандзе — дзве жанчыны з крытычным парушэннем слыху. Яны выдатныя майстрыхі, — з натхняючым імпэтам расказвае гамяльчанка. — Да таго ж летась мы запусцілі дабрачынны сацыяльны праект: узялі на бясплатнае навучанне кройцы і шыццю шэсць глуханямых жанчын. Так мы хацелі даць ім магчымасць атрымаць спецыяльнасць, а сабе — падрыхтаваць кадры на будучыню.

Калі пайшлі вялікія заказы на пашыў і дастаўку павязак па краіне, прадпрымальнік звярнулася да гамяльчан — прапанавала выказаць грамадзянскую пазіцыю і адначасова атрымаць работу.

— Гэта быў стыхійна напісаны пост у сеціве, але ж за два дні адгукнуліся тыя самыя жанчыны, якія навучаліся на бясплатных курсах, а ў дадатак, уявіце, яшчэ 40 гамяльчанак, — не тоіць захаплення Аксана.

Аформілі дэкларацыю, заключылі дагаворы падраду, вызначылі аб'ёмы пашыву павязак для кожнай швачкі:

— Наша прадукцыя задаволіла попыт прадпрыемстваў, арганізацый, прыватных кампаній і асобных пакупнікоў. Заказы былі самыя розныя. Знайшоў нас нават пакупнік з Ізраіля: дачка прасіла пашыць і даставіць ахоўныя павязкі для яе матулі, якая жыве ў Беларусі, — дзеліцца суразмоўніца.

Звярталіся па павязкі і медыкі — ім пашытае проста дарылі.

— Я разумею, што гэты кірунак работы, па сутнасці, скончыўся для нас. Шукаем іншы і чакаем новых заказаў на нашу традыцыйную прадукцыю. Але ў дачыненні да любой сваёй справы магу параіць калегам скараціць гарызонт планавання: не бойцеся мяняць планы, не мітусіцеся і не кідайце пачатае, але шукайце, якім чынам можна выкарыстаць свае рэсурсы.

Дарэчы, сама прадпрымальнік прызнаецца, што яе каманда цяпер працуе над нечаканым праектам — гэта анлайн-школа для дзяцей. Да таго ж працягваецца актыўная работа з пачынаючымі прадпрымальнікамі ў школе «Сацыяльны прадпрымальнік», якую Аксана Шаўчэнка ўзначальвае. Яе выхаванцы ў лічаныя дні прапанавалі столькі ідэй па перапрафіляванні на работу анлайн, што прыемна здзівілі сваіх ментараў.

Пакаранне для прагульшчыкаў...

Для заснавальніка прыватнай дзіцячай студыі танца Алены Казелька вымушаная работа на аддаленні — гэта не пра піжамны настрой і спрадвечную пракрастынацыю. І цяпер абавязковыя высокая прычоска і адзенне для харэаграфіі, якое не надакучыць ёй, здаецца, ніколі.

— Я займаюся з дзецьмі, якім часам няма і трох гадоў, а верхняга ўзроставага парогу ў нас не існуе. Працяглыя канікулы ў школьнікаў, потым многія засталіся на самаізаляцыі, — расказвае Алена. Яна разам з бацькамі малых вырашыла, што без анлайн-заняткаў дзеці хутка страцяць форму. — Выступленні нашага калектыву — неад'емная частка кожнага свята ў Гомелі. Спадзяемся, што так будзе і сёлета, — мы гатовыя.

У рэжыме віртуальных трэніровак тры разы на тыдзень працуюць толькі студыйцы-школьнікі. Усё разлічана на тое, каб дзеці самастойна чыталі і выконвалі заданні, калі ў бацькоў не стае магчымасці дапамагчы.

— Прыдумваю заданні, распісваю гэта ўсё, — у якасці пацвярджэння таго, што дзеці прайшлі заняткі, харэограф патрабуе даслаць хвілінныя відэаролікі: размінку, пэўныя звязкі. — Маё патрабаванне, будзеце смяяцца, — розныя шкарпэткі ў дзяцей, каб не падманвалі і займаліся штодзень. Абавязкова — форма: заплесціся акуратна, каб не было спакусы ставіцца да гэтага проста як да гульні.

Дадаткова кожны з дзяцей атрымаў творчае заданне: прыдумаць сваю кампазіцыю — танцавальную імправізацыю пад класічны музычны матэрыял у незвычайных аранжыроўках. Алена так рыхтуе сюрпрыз для бацькоў. Гэта як сачыненне напісаць: што я рабіў дома ва ўмовах самаізаляцыі. Вынік прадэманструюць пасля на справаздачным канцэрце для бацькоў.

— Мае дзяўчаты па кавалачку здымаюць сваю хатнюю рэпетыцыю і адсылаюць мне. Я кожнай потым тэлефаную, даю рэкамендацыі, звяртаю ўвагу на памылкі, — рассказвае харэограф і прызнаецца, што асобныя бацькі ўсё ж такі адмовіліся ад такога фармату навучання танцам. Іх дзеці пакінулі студыю. Аднак ёсць і такія бацькі, якія захапіліся выкананнем дамашняга задання разам з дзецьмі настолькі, што самі танцуюць перад экранам.

Яны шчыра дзякуюць і за ўменне зрабіць правільную «кошку», пацягнуцца, і за ранішнія размінкі, якія, прызнаюцца, дысцыплінуюць не толькі дзяцей, але і дарослых.

— Мы ўжо вызначылі, што тэрмін у эфіры анлайн — максімум 25 хвілін, — раіць харэограф. — Калі больш, то траціцца ўвага, няма ні выніку, ні аддачы. Цяпер распрацоўваю падобныя, толькі гульнявыя праграмы для малых.

Паралельна Алена Казелька кіруе самадзейным народным калектывам «Віда» пры Гомельскім гарадскім цэнтры культуры. Маладая змена гартуецца з выпускнікоў яе дзіцячай студыі. На прыкладзе сваёй прыватнай справы Алена расказвае, як плануе аднаўляць работу ў дзіцячых групах і як яна спраўлялася з выплатай арэнднай платы, калі заняткі не праводзіліся:

— На працягу мінулага месяца былі абвешчаны арэндныя канікулы. Пры гэтым, наколькі я ведаю, усе гомельскія педагогі-харэографы цяпер знізілі сваю аплату на 30 %. Бо, вядома, ніхто не возьме за заняткі анлайн поўны кошт, як раней. Паступова планую пераходзіць да «жывых» заняткаў з невялікімі групамі дзяцей. З астатнімі паралельна працягнем анлайн-трэніроўкі.

На пытанне, чаму навучыў яе новы нечаканы фармат работы, харэограф шчыра кажа: зразумела, як цяпер караць прагульшчыкаў:

— Ніякіх больш вылікаў з абанементаў. Ім давядзецца адпрацаваць дома, зняць на тэлефон трэніроўку і даслаць відэаадпрацоўку.

Затое для сябе яна ўпершыню за апошнія гады знайшла час перагледзець усе найноўшыя методыкі на міжнародных танцавальных сэрвісах. На гэта раней ніколі не хапала часу.

— Спісала сшытак, раблю канспекты для будучых урокаў, — дзеліцца педагог. — Аднак цалкам пераканалася, што гаджэт ніколі не заменіць настаўніку вучня, а вучню настаўніка. Вельмі цяжка, калі доўга не бачыш сваіх дзяцей, а для самых маленькіх гэта цяжэй удвая. Так што цяпер мы ў рэжыме «назапашвання абдымашак».

Злавіць правільную злосць...

Маладая прыватная справа гомельскага трэнера па фітнесе Святланы Харужай падчас вымушанай самаізаляцыі «стрэліла» ў лічаныя дні. Колькасць пакупнікоў яе анлайн-прадукту павысілася ў разы. Цяпер шматлікія калегі-трэнеры, што страцілі кліентаў у фітнес-цэнтрах, закідваюць яе пытаннямі і просьбамі навучыць — як?

Маючы за плячыма дыплом педуніверсітэта, навуковую ступень і «пасведчанне» фітнес-інструктара, доўгі час Святлана працавала на асноўнай рабоце ва ўстанове адукацыі. Паралельна вяла кліентаў у фітнес-цэнтры. Потым пайшла вучыцца зноў — у ГДУ імя Ф. Скарыны закончыла аддзяленне «Фізічная аздараўленчая культура». Стала інструктарам-метадыстам.

Летась вырашыла запусціць свой бізнес-праект, разлічаны на навучанне аздараўленчай гімнастыцы анлайн. Марыла працаваць з тымі, хто жыве ў розных кутках планеты.

— Я разумела, што трэба авалодаць самымі найноўшымі тэхналогіямі трансляцыі заняткаў. Пайшла вучыцца на курсы анлайн-прасоўвання свайго прадукту. Мне так шчыра і сказалі: ужывую ты выдатны трэнер, але ў сеціве ты ніхто і зваць цябе ніяк. Ды яшчэ з Гомеля — для многіх, лічы, вёска. Я вельмі раззлавалася. Вырашыла стаць самым лепшым анлайн-трэнерам як мінімум у Беларусі.

Святлана скончыла курсы, што вучаць правільна весці акаўнт у сеціве, шарсціла відэаўрокі сусветна вядомых блогераў-спартсменаў.

— Я ведала, што калі доўга буду вырашацца, то ніколі не змагу нешта стварыць сваё. Я выпусціла на рынак так званую «свінню» — інтуітыўны прадукт, але да мяне на анлайн-трэніроўкі прыйшло не менш за 500 чалавек. Паралельна працягвала працаваць з дзяўчатамі ў зале. Мая мэтавая аўдыторыя — маладыя маці, якія не маглі даць рады з жывоцікам пасля родаў. Я скампанавала ўласную методыку, дзе прафесійна спалучыла практыкаванні, якія даследавала ў сваіх навуковых работах ва ўніверсітэце, — расказвае трэнер.

Аднойчы Святлана ўсталявала ў зале камеру і пачала трансляваць у сеціве трэніроўку сваіх дзяўчат. Да эфіру падключыліся самыя розныя жанчыны. Працаваць у такім фармаце ўсім так спадабалася, што больш на «жывыя» заняткі ніхто з гэтай групы не прыйшоў.

Цяпер па сродках відэаканферэнцыі трэніруюцца нават сем'ямі. Спажыўцы фітнес-прадукту Святланы — у асноўным жанчыны розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Але ёсць прыхільнікі таксама з бліжняга і далёкага замежжа. Гамяльчанка ўпэўнена, што работа анлайн зрабіла яе новым чалавекам: эфіры на ўвесь свет выціскаюць «інфармацыйную ваду» з тлумачэнняў, вучаць быць больш адкрытым, цаніць кажную гадзіну ў сутках, а таксама загартоўваюць характар.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота з архіваў гераінь

Загаловак у газеце: Другое «Я» анлайн

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.