Вы тут

Лукашэнка азнаёміўся з айчыннымі распрацоўкамі ў сферы электратранспарта


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палігоне для выпрабаванняў мабільных машын НАН Беларусі знаёміцца з выкананнем яго даручэнняў па стварэнні айчыннага электратранспарта.


Распрацоўкі беларускага электрамабіля пачаліся ў 2015 годзе.

На нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў 9 сакавіка 2020 года Прэзідэнт падкрэсліў, што «няўпэўненасць з цаной на нафту і, адпаведна, на паліва даказвае, што электратранспарт валодае каласальным патэнцыялам».

Даручэнне стварыць уласны электрамабіль атрымала Нацыянальная акадэмія навук, якая летась паведамляла, што ён практычна гатовы.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта не проста даніна модзе ці імкненне не адстаць ад перадавых краін. «Гэта надзённая неабходнасць ўжо сёння, — сказаў ён. — Ці адпавядаюць унесеныя ініцыятывы, задачы (якая выцякае ўвогуле з будаўніцтва атамнай электрастанцыі) зрабіць так, каб электрычная энергія для аўтамабіляў была таннейшай за кошт сённяшніх бензіну і дызельнага паліва? Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе».

Летась распачалася распрацоўка дзяржаўнай праграмы «Развіццё электратранспарта» на 2021–2025 гады. Праект праграмы прадугледжвае рэалізацыю трох базавых падпраграм: распрацоўку тэхналогій, распрацоўку нарматыўных актаў і развіццё інфраструктуры для эксплуатацыі электратранспарта.

У сакавіку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў».

На базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізавана інфраструктура для даследаванняў і выпрабаванняў кампанентаў сілавога электрапрывада транспартных машын. У другім квартале 2019 года уведзена ў эксплуатацыю абсталяванне для выпрабаванняў электрапрывода і назапашвальнікаў энергіі, на базе якога будзе арганізавана вытворчасць эксперыментальных і вопытных узораў тэхнікі.

Летась у Беларусі пачаліся работы па стварэнні эксперыментальных узораў электрамабіляў каркасна-панэльнай канструкцыі ўласнай распрацоўкі (груза-пасажырскага «Academique eiectro» і двухмясцовага электрамабіля-кабрыялета «Electro Roadster»), эксперыментальнага ўзору пасажырскага электрамабіля—мінівэна «Joylong Electric» на базе шасі EF5 з айчыннымі кампанентамі цягавага электрапрывода.

У 2018 годзе у НАН Беларусі распрацаваны сістэма разлікаў, прынцыпы канструявання і выпрабаванняў электрапрывода, акумулятарнай батарэі і сілавой электронікі пад любы кузаў электрамабіля. Створаны эксперыментальныя ўзоры цягавай батарэі электрамабіля. Распрацаваная канструктарская дакументацыя, па якой «Магілёўліфтмаш» вырабіў эксперыментальны ўзор электрарухавіка легкавога аўтамабіля. У выніку мадэрнізацыі макетнага ўзору электрамабіля на шасі Geely SC7 удвая павялічана ёмістасць батарэі і прабег машыны. Створаны эксперыментальны ўзор электрамабіля на базе JOYLONG. Летась працягнуліся работы па канструяванні электрамабіля ў цэлым і сямейства цягавых электрапрыводаў малага класу з кузавам з кампазітных матэрыялаў.

У Беларусі таксама выраблены вопытныя ўзоры электравеласіпедаў, электраскутэраў, электрасамакатаў. Распрацаваны электрычны дадатак да інваліднай каляскі, тэхнічныя характарыстыкі якой дазваляюць канкурыраваць з найлепшымі сусветнымі аналагамі.

«Працу Акадэміі навук трэба падвергнуць сур’ёзнай рэвізіі»

«Нам трэба падвергнуць сур’ёзнай рэвізіі працу Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі сабраныя. І паглядзець па асноўных напрамках, як працуе Акадэмія навук, як выкананы прынятыя намі рашэнні», — адзначыў Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у наступнай пяцігодцы трэба асабліва актыўна падключаць навуку да развіцця краіны, улічваючы нарастальны ўзровень тэхналагічнай канкурэнцыі ў свеце. «Нам у гэтай жорсткай барацьбе прыйдзецца выстаяць, каб людзьмі звацца і не страціць той кавалак зямлі, на якой жывём», — падкрэсліў ён.

Што тычыцца развіцця электратранспарта, Прэзідэнт звярнуў увагу, што сярод пераваг гэтага кірунку — чаканы прафіцыт электраэнергіі ў краіне і экалагічнасць.

«Я не чакаў, што навукоўцы здольныя за такі кароткі прамежак часу ўсё гэта стварыць»

Наведаўшы палігон Нацыянальнай акадэміі навук, у размове з журналістамі Прэзідэнт ацаніў працу НАН і падзяліўся ўражаннямі ад узораў тэхнікі, якія яму прадэманстравалі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта толькі першы этап выканання вучонымі даручэнняў Прэзідэнта.

«Мушу сказаць, што мяне гэта ўражвае. І нават вельмі ўражвае. Я не чакаў, што яны (навукоўцы — «Зв».) здольныя за такі кароткі прамежак часу ўсё гэта стварыць. Улічваючы, што мы ж не ствараем нейкую каструлю на нейкім этапе, а потым лепшую яе зробім, — мы адразу арыентуемся на сусветныя стандарты», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

У размове з журналістамі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «айчынны электрамабіль — гэта не цацка, а тавар, які трэба будзе рэалізоўваць на рынку і атрымліваць валюту». Але гэта справа будучыні, а пакуль кіраўнік краіны адзначыў: уражвае.

«І з пункту гледжання абароны нашай краіны, і з пункту гледжання выкарыстання ў мірных мэтах электрычнага транспарта», — працягнуў Прэзідэнт.



Лукашэнку паказалі беларускі родстар, здольны канкурыраваць з Tesla

Кіраўніку дзяржавы паказалі эксперыментальны ўзор беларускага родстара — двухмеснага электрамабіля-кабрыялета.

На думку распрацоўшчыкаў, гэты родстар зможа ў будучым паспаборнічаць з Tesla. Ён лёгкі і манеўраны, адносіцца да класа М1 і валодае палепшанымі дынамічнымі характарыстыкамі. Здольны развіваць скорасць да 170 км/гадз і пераадольваць адлегласць на 270 км без падзарадкі.

Кіраўніку дзяржавы таксама прадэманстравалі доследны ўзор камбайна для заліўкі лёду, які працуе на электрапрыводзе. Прэзідэнт даў даручэнне аснасціць такой тэхнікай лядовыя арэны краіны, паставіўшы спачатку 25 камбайнаў. «Мы сфарміруем заказ, але каб якасць была!» — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

На экспазіцыі быў прадстаўлены новы ўзор кампактнай камунальнай тэхнікі. Цікавасць да гэтых машын праявілі сталічныя ўлады. Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне аб перспектыўнасці іх выкарыстання. «Давайце будзем на гэта арыентавацца», — сказаў ён.

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з распрацоўкамі па вырабе акумулятарных батарэй, ячэек, а таксама зарадных станцый рознага прызначэння — ад магутных стацыянарных да кампактных варыянтаў для выкарыстання ў асабістых гаражах.

Беларускія вучоныя цяпер вядуць распрацоўкі ў сферы літыйіонных батарэй, якія ў асноўным выкарыстоўваюцца ў свеце, а таксама графенавых — пакуль іх эфектыўнасць уступае літыйіонным, але затое вызваляе ад неабходнасці закупляць літый, які прадае толькі Кітай. Акрамя таго, графенавыя батарэі таннейшыя. Вучоныя разлічваюць у хуткім часе ўраўнаваць па паказчыку эфектыўнасці два віды батарэй. «Гэта будзе прарыў», — ацаніў перспектыву Прэзідэнт.

Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў доследным узорам электравеласіпедаў, электраскутараў, электрасамакатаў, цікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі, скорасцю, запасам ходу. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці ўдасканаліць дызайн некаторых мадэлей. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся на прапанову ўзяць для эксплуатацыі некаторыя экзэмпляры, каб пратэсціраваць іх асабіста.

Шырока прадстаўлены ў экспазіцыі былі айчынныя беспілотныя лятальныя апараты і авіяцыйныя комплексы. У прыватнасці, распрацаваныя і вырабленыя Навукова-практычным цэнтрам шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі БАК «Буравеснік» і БЛА «Бусел». Аляксандр Лукашэнка лічыць іх добрым, эфектыўным і ў той жа час недарагім узбраеннем. Кіраўніку дзяржавы расказалі аб распрацоўцы сучаснага лазернага дальнамера, які дае магчымасць павялічыць дакладнасць удараў з беспілотнікаў. Прэзідэнта зацікавілі прадстаўленыя ўзоры, ён вырашыў у будучым асабіста пабываць у навукова-практычным цэнтры.

У ліку навінак, якія паказалі кіраўніку дзяржавы, быў беспілотны верталёт Eye Sky распрацоўкі і вытворчасці ТАА «КБ Беспілотныя верталёты». У кампаніі сцвярджаюць, што гэта першы ў свеце ў такім класе ваенна-ўдарны верталёт, і толькі восем краін займаюцца распрацоўкамі беспілотных верталётаў масай большай за 100 кг, Беларусь — у іх ліку. На постсавецкай прасторы краіна адзіная, якая серыйна выпускае такія беспілотнікі. Больш таго, да лета гэтага года кампанія плануе вырабіць беспілотны верталёт масай 700 кг, блізкі аналаг якога ёсць толькі ў ЗША.


Прэзідэнт запрасіў кіраўнікоў дзяржаў прыехаць у Мінск на парад 9 Мая

Аляксандр Лукашэнка запрасіў усіх кіраўнікоў дзяржаў, прынамсі былога Савецкага Саюза, прыехаць у сталіцу Беларусі і пабыць на парадзе 9 Мая.

«Будзем спадзявацца, што хтосьці прыедзе. Ну, не прыедуць — мы самі правядзем парад, як звычайна. Гэта я кажу пра вярхі, а звычайных людзей будзе дастаткова з усіх рэспублік на гэтым парадзе», — перасцярог кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перакананы: сёлета правільна было б сабрацца ў Мінску.

«Гэта рэспубліка, якая была са свету згладжаная, першай прыняла ўдар, дзе кожны трэці загінуў, а старыя і дзеці, якія засталіся, амаль чатыры гады жылі ў балотах, у лясах, зямлянках. Гэта самая пацярпелая рэспубліка! Гэта на сённяшні дзень жывы помнік той жорсткай вайне — і тут трэба было сабрацца. А тым больш зараз», — падзяліўся Прэзідэнт.

На думку Лукашэнкі, некаторыя могуць не прыехаць нават не з-за боязі чагосьці, а проста таму, што «трэба захаваць твар», бо ўвялі каранцін і каменданцкую гадзіну.

«Парад мы правядзем, як бы ні было складана. Трэба папрасіць расійскае тэлебачанне (гэта ж нашы браты, родныя; яны ўсе, працэнтаў дзевяноста, задаволены, што хоць бы ў Беларусі пройдзе гэты парад) паказаць наш парад расіянам. Гэта таксама адпаведны тэст на сяброўства», — упэўнены Прэзідэнт.

Ён дадаў, што цяпер пандэмія ў тым ліку выкарыстоўваецца ў якасці фактару ў вялікай палітыцы. «А ці тое яшчэ будзе пасля таго, як яна скончыцца», — адзначыў беларускі лідар.


Рэакцыя на негатыў павінна быць своечасовай, мэтанакіраванай і адэкватнай

Журналісты спыталі кіраўніка дзяржавы, ці трэба рэагаваць на негатыў у замежных тэлеграм-каналах, які звязаны з рашэннем Беларусі правесці парад 9 Мая.

«Калі ў твой адрас сыплюць абвінавачванні, высоўваюць версіі, рэагаваць, вядома, трэба», — сказаў Прэзідэнт. Але, на яго думку, рэакцыя павінна быць своечасовай, мэтанакіраванай і адэкватнай.

Датычна сённяшняй сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што і гэта «хваля спадзе».

Напрыклад, на крытыку, што ў Беларусі нібыта мала тэстуюць на каранавірус, Прэзідэнт адказаў, што Беларусь на дадзены момант на другім месцы ў свеце па колькасці тэстаў — 22,5 тыс. на 1 млн насельніцтва. На першым месцы Расія з 29,5 тыс. тэстаў на 1 млн жыхароў, на трэцім — ЗША з 22 тыс. на 1 млн.

Менш за Беларусь, па словах Прэзідэнта, праводзяць тэставанне ў Казахстане (16 тысяч на мільён), Азербайджане (15,5 тысячы), Польшчы (10 тысяч), Узбекістане (9,7 тысячы), Кіргізіі (8 тысяч), Арменіі (8,5 тысячы), Малдове (5 тысяч), Грузіі (3,9 тысячы), Украіне (3,78 тысячы).

«Значыць, наўмысна пачынаюць улазіць у нашы праблемы, — зрабіў вынік Прэзідэнт. — Хоць я прасіў: вы нас не чапайце. Мы ў вас нічога не просім, і вы нас не чапайце. Куранятак па восені лічаць».


Лукашэнка: людзі нашы малайцы

Прэзідэнт Беларусі станоўча ацэньвае меры засцярогі, прынятыя грамадзянамі ва ўмовах эпідсітуацыі.

Прэзідэнт пахваліў насельніцтва за тое, што ў цяперашні перыяд людзі самастойна стараюцца прыняць меры, каб паберагчы здароўе. «Ёсць у мяне невялікія прэтэнзіі, але толькі невялікія. Людзі нашы малайцы. Куды трэба схадзіць, сходзяць — у магазін, аптэку, на работу, вучобу. Прыйшлі, адпачылі, падыхалі свежым паветрам, ляглі спаць. Старыя — тыя наогул проста малайцы. І мы нікога не „цкавалі“, мы ім проста сказалі, да чаго гэта можа прывесці. Таму вось наш стыль, наша сістэма барацьбы з каранавірусам. І не толькі з ім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што пакуль з уражальнай дакладнасцю здзяйсняецца прагноз, дадзены раней беларускімі спецыялістамі: «Дай бог, каб нам прайсці гэты перыяд так, як мы спрагназавалі. Мы цяпер залезлі наверх. Крыху ўпалі. І дай бог, каб было так, мы спакойна праз месяц скончым гэту эпапею».

«Глядзіце за сабой, глядзіце за сваімі сем’ямі, каб не страціць работу, каб нейкі даход быў. Каб мы перажылі, пакуль увесь свет, эканоміка спыніліся», — даў параду кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо многія краіны паступова адмяняюць каранцінныя мерапрыемствы, нягледзячы на тое, што праблема з каранавірусам і гібеллю людзей канчаткова не знята. "Закрыцца прасцей. А вось адкрыцца, каб людзі выйшлі, і другая хваля эпідэміі не накрыла, — гэта пытанне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму пакуль я не бачу, у чым мы не маем рацыю. Можа, у нечым не маем рацыю. Можа, мы яшчэ не ўсё бачым. Пройдзе час — ацэнім сітуацыю, зробім адпаведныя высновы".-


У Беларусі 18 350 чалавек, якія хворыя на каранавірус

«У нас 18 350 чалавек, якія хворыя на каранавірус. Гэта ўсяго 8,7 працэнта ад усіх пратэставаных». Па яго словах, за 2,5 месяцы было пратэставана 211 369.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што тэсты недастаткова інфарматыўныя. Па-першае, некаторыя тэстуюцца «на ўсялякі выпадак», беспадстаўна, па-другое, не ўсе тэсты — якасныя.

«Гэта добра, што мы выяўляем, знаходзячыся на другім месцы (па колькасці праведзенага тэставання на мільён жыхароў. — „Зв.“) у гэтым наваколлі, дастатковую колькасць, так бы мовіць, тых, хто падхапіў гэты вірус, — заўважыў Прэзідэнт. — Але зараз не тэсты галоўнае. Мы да гэтага прыйшлі вопытным шляхам. Сёння ва ўсёй гэтай барацьбе, рэальным змаганні за чалавека, за лячэнне людзей, важны пнеўманіі. Бо ўсе гэтыя кавіды і каранавірусы даюць пнеўманіі. Людзі хварэюць на пнеўманіі».


Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі сёння каля 12,4 тысячы пнеўманій рознай этыялогіі

«З іх толькі 1008 чалавек класіфікуюцца як цяжкахворыя... Гэта ўсяго восем працэнтаў. Цудоўны вынік. Каля васьмі (працэнтаў. — „Зв.“) у нас заўсёды круцілася, гэта заўсёды была лічба цяжкахворых на пнеўманію ад агульнай колькасці пнеўманій», — аргументаваў кіраўнік дзяржавы.

Галоўным для ратавання людзей з запаленнем лёгкіх беларускі лідар лічыць наяўнасць дастатковай колькасці апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. На сёння іх у краіне дзве з паловай тысячы, хутка паступяць яшчэ закупленыя. Плюс 500 наркозна-дыхальных апаратаў, якія таксама можна выкарыстоўваць для ШВЛ.

«Сёння на ШВЛ — 240 чалавек. Гэта дзевяць з паловай працэнта ад наяўнасці (апаратаў — „Зв.“) ШВЛ! Тое, ад чаго паміралі людзі ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Вялікабрытаніі, — адсутнасць ШВЛ. У нас толькі дзесятая частка на сёння задзейнічана. Дык да чаго ўвесь гэты шум?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

«Вельмі важнае пытанне – гібель людзей, — дадаў Прэзідэнт. — Гэта катастрофа — нават адзін чалавек. У нас на сёння на раніцу было каля сотні тых, хто загінуў».

Лукашэнка патлумачыў, што далёка не па ўсіх памерлых ёсць вынікі паталагаанатамічнай экспертызы, некаторыя людзі, якія загінулі і трапілі ў статыстыку ахвяр кавіду, як потым высветлілася, мелі іншыя прычыны смерці.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Варвара МАРОЗАВА і паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.