Вы тут

​100 работ у 10 намінацыях вынесеныя на суд журы Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва


Усяго ж дырэкцыя маштабнага творчага конкурсу, які праходзіць у Беларусі ўжо другі раз, атрымала каля 400 заявак. Дарэчы, ёсць сярод іх і замежныя адрасы — ад нашых суайчыннікаў, якія жывуць і працуюць у Іспаніі, Канадзе, ЗША і іншых краінах свету.


Для параўнання: у 2017-м, калі Міністэрствам культуры была зладжана першая Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва, арганізатары атрымалі 310 заявак, а журы ацэньвала 63 работы. Як бачым, колькасць ахвотных назвацца самымі цікавымі і актуальнымі беларускімі мастакамі, скульптарамі, графікамі, фатографамі, дызайнерамі прыкметна вырасла. І не толькі таму, што пасля першай прэміі мінула адносна шмат часу. (Яшчэ тады, падводзячы вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу, тагачасны міністр культуры Барыс Святлоў заўважыў, што прэмія можа праходзіць раз на два ці нават тры гады, бо мастацкі працэс — рэч няпростая, залежыць ад натхнення, а яно ніколі не прыходзіць па раскладзе, дый пэўныя творчыя задумкі і ідэі павінны выспець як след, каб быць рэалізаванымі.) Як ні дзіўна, паспрыялі знешнія абставіны. У цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі, калі ў комплексе каранцінных мер адмененыя і перанесеныя масавыя культурныя мерапрыемствы, у многіх творцаў з'явіўся вольны час, каб давесці да ладу пэўныя работы. А дзякуючы таму, што прыём заявак на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва — 2019/2020 быў падоўжаны з сярэдзіны студзеня да 16 красавіка, усе ахвотныя паспелі аформіць заяўкі ў адпаведнасці з умовамі конкурсу — і многія нават тэлефанавалі ў дырэкцыю, каб падзякаваць за гэту адтэрміноўку.

Са свайго боку, заўважае памочнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея па міжнародным супрацоўніцтве і спецпраектах Дар'я Аўчыннікава, арганізатарам конкурсу было вельмі прыемна бачыць павышаную актыўнасць прэтэндэнтаў:

— Конкурс праходзіць па дзесяці намінацыях: «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Дызайн», «Актуальнае мастацтва» (арт-аб'ект, інсталяцыя), «Мастацкая фатаграфія», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Мастацтвазнаўства і крытыка», «Творчы дэбют». Найбольшая колькасць заявак паступіла, безумоўна, у намінацыі «Жывапіс», але сярод лідараў аказалася і катэгорыя «Мастацкая фатаграфія» — тут прадстаўлена вельмі многа вартых работ. Напрыклад, мы атрымалі каля 40 адзінкавых здымкаў і серый ад прафесійных фатографаў. Таксама каля 50 заявак было ў намінацыі «Творчы дэбют», у асноўным ад былых удзельнікаў леташняга трыенале маладых мастакоў, маладых творцаў ва ўзросце да 32 гадоў.

З улікам сітуацыі, расказалі «Звяздзе» ў Нацыянальным гістарычным музеі — ён выступае сёлета дырэкцыяй конкурсу, — давялося змяніць фармат папярэдняга адбору заявак. Каб мінімізаваць асабістыя кантакты, камісію, у якую ўвайшлі прадстаўнікі творчых саюзаў, вядомыя мастацтвазнаўцы і крытыкі з рознымі поглядамі на сучаснае мастацтва, не збіралі фізічна ў музейных залах, а, падрыхтаваўшы прэзентацыі дасланых работ, ацэначныя лісты, даслалі іх кожнаму праз электронную пошту. І, як прызналіся некаторыя ўдзельнікі камісіі, у дыстанцыйным рэжыме адбор праходзіў нават лепш, чым у традыцыйным фармаце агульнай дыскусіі, — кожны з экспертаў працаваў у камфортных умовах і ў зручны для сябе час, да таго ж на яго меркаванне не мог паўплываць ніхто з калег. Тым больш працэс ацэнкі твораў, выкананых у розных жанрах, відах і тэхніках мастацтва з улікам іх актуальнасці, наватарства, мастацкай каштоўнасці, індывідуальнасці, развіцця нацыянальных мастацкіх традыцый — справа няпростая і адказная, бо сярод намінантаў прэміі такога ўзроўню не павінна аказацца выпадковых людзей.

У выніку, нагадаем, у шорт-ліст другой Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ўвайшлі 100 работ, створаных аўтарамі за тры мінулыя гады. Наступны этап конкурсу — падрыхтоўка да маштабнай выстаўкі і выданне каталога, а прафесійнае журы па выніках прагляду вызначыць лаўрэатаў прэміі. Як плануецца, выстаўка, якая прадставіць найлепшыя творы намінантаў, адкрыецца ў чэрвені на адной з буйных экспазіцыйных пляцовак у Мінску — безумоўна, калі гэта дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя. Паводле правіл конкурсу, пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі ў памеры 100 базавых велічынь, дыпломы лаўрэатаў і спецыяльныя ўзнагароды, а іх творы будуць рэкамендаваныя для набыцця ў калекцыі дзяржаўных музеяў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: У люстэрку сучаснасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».