Вы тут

У Дубровенскім раёне пасля рэканструкцыі адкрыецца мемарыяльны комплекс «Рыленкі»


Маштабным падарункам да 9 Мая стане адкрыццё ў Дубровенскім раёне пасля капітальнай рэканструкцыі аднаго з найбуйнейшых ва ўсёй краіне мемарыяльных комплексаў «Рыленкі».


Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, каардынатар правядзення работ, што працягваліся каля двух гадоў, нядаўна ўзначаліў чарговае пасяджэнне будаўнічага штаба. У размове з карэспандэнтам «МС» кіраўнік абласнога парламента адзначыў, што ў Дзень Перамогі ў «Рыленках» адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства з удзелам кіраўніцтва вобласці.

Безумоўна, гэтае месца памяці стала народнай будоўляй. Яно было ў цэнтры ўвагі дэпутацкага корпуса не толькі Дубровенскага раёна. Пры гэтым, зразумела, народныя выбраннікі курыравалі, каардынавалі, дапамагалі прывядзенню ў парадак абеліскаў на тэрыторыях, дзе жывуць іх выбаршчыкі.

«Рыленкі» стварылі ў 1973 годзе. Такім чынам тады адзначылі адно з месцаў пачатку аперацыі «Баграціён». Мемарыяльны комплекс — над брацкай магілай, дзе пахавалі прыблізна 10 тысяч вызваліцеляў (дакладная лічба невядомая) з 11-й гвардзейскай і 31-й армій. Яны аддалі свае жыцці ў перыяд з сярэдзіны восені 1943 года да чэрвеня 1944-га.

Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што за апошнія гады дзякуючы даследчыкам гісторыі роднага краю, пашукавікам у мемарыяле ўвекавечылі каля 2,5 тысячы прозвішчаў герояў.

Мемарыял гэты ўнікальны. Згадаем некалькі фактаў. У «Рыленках» ёсць рэдкі на тэрыторыі былога СССР помнік медыка-санітарнаму батальёну (251-й стралковай дывізіі). Тут можна даведацца пра гібель лётчыкаў славутага авіяцыйнага палка «Нармандыя—Нёман» Бруна дэ Фальтана і Сяргея Астахава. Таму па-асабліваму ставяцца да беларускага мемарыяла ў Францыі.

Вядома, мемарыял штогод рамантавалі, але час быў мацнейшы за людскія намаганні. За дзесяцігоддзі надмагіллі страцілі належны выгляд. Іх трэба было аднавіць у адной стылістыцы.

За два гады на аб'екце было зроблена вельмі многае. Комплекс нібыта перамясціўся ў часе. Захаваўшы знешнія контуры, не парушыўшы задумы архітэктараў і скульптараў, «Рыленкам» надалі новае жыццё.

На рэканструкцыю выдаткоўваліся грошы з раённага, абласнога бюджэтаў, са сродкаў, заробленых на суботніках. Прыблізны яе кошт — каля 1,5 мільёна рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Дзмітрыя Осіпава

Загаловак у газеце: Адноўлены мемарыял

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хвойнае «жніво». Самыя халодныя месяцы года — гарачая пара для работнікаў лясгасаў

Хвойнае «жніво». Самыя халодныя месяцы года — гарачая пара для работнікаў лясгасаў

Калі вы думаеце, што светлыя лясы растуць самі па сабе, гэта вялікая памылка.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.