Вы тут

Нацыянальная бібліятэка Беларусі стварыла новы інтэрнэт-праект


Можна па-рознаму захоўваць памяць пра Другую сусветную: добраўпарадкаваць помнікі і ўскладаць кветкі, віншаваць ветэранаў і завязваць чырвоныя стужкі, ствараць фільмы, песні, кнігі пра вайну, праводзіць урокі мужнасці ў навучальных установах і паходы ды велапрабегі па мясцінах баявой славы. А можна пашыраць веды пра тыя падзеі, і чым далей мы ад 1945 года, тым больш прырастае інфармацыі. Над ваеннай тэмай працуюць розныя інстытуты і ўстановы, інтэрнэт дазваляе распаўсюджваць каштоўную інфармацыю, дае большыя магчымасці для пошуку адказаў на разнастайныя пытанні і вывучэння гісторыі.


Віртуальныя падарожжы

Да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Нацыянальная бібліятэка Беларусі стварыла новы інтэрнэт-праект — сайт «Падпольны і партызанскі рух Беларусі».

Тут выкладзена каля 150 улётак і рукапісных матэрыялаў, больш за тысячу выпускаў газет (каля ста найменняў), што ствараліся ў ваенныя гады. Усе гэтыя дакументы дазваляюць прасачыць за падзеямі, што адбываліся на акупаванай тэрыторыі БССР: падчас вайны тут дзейнічалі падпольныя абкамы, гаркамы, райкамы і пярвічныя арганізацыі КП(б)Б, якія кіравалі партызанскімі атрадамі, а таксама камсамольскія і антыфашысцкія арганізацыі. Дзякуючы сур'ёзнай зладжанай рабоце ім удалося стварыць 10 абласных і 50 раённых друкарняў. Друкарская справа спрыяла пашырэнню партызанскага руху. Газеты і ўлёткі распавядалі пра падзеі на фронце, подзвігі партызанаў і злачынствы, што чыніліся акупантамі.

У праекце пададзены электронныя копіі партызанскіх і падпольных выданняў. Газеты, улёткі, плакаты, часопісы, рукапісы адсканаваны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям сёння можна здзейсніць падарожжа па гарадах-героях Вялікай Айчыннай вайны, нават не выходзячы з дому. Праект «Шлях да Перамогі» знаёміць з дакументальнымі фатаграфіямі. Распрацаваны аўтарскія аўдыягіды, якія раскажуць пра барацьбу за Мінск, Маскву, Ленінград, Брэст, Кіеў, Сталінград, Адэсу, Севастопаль і іншыя гарады Савецкага Саюза.

Рэчы — сімвалы

Музей працягвае працаваць і ў звычайным рэжыме. 9 мая наведвальнікі змогуць забрацца ў салон самалёта Лі-2, які знаходзіцца на прылеглай да музея тэрыторыі, і сфатаграфавацца ля копіі Сцяга Перамогі. Да таго ж будзе працаваць перасоўная экспазіцыя музея «Перамога 75: дарогамі мужнасці і славы». Для сем'яў і невялікіх груп супрацоўнікі музея распрацавалі інтэрактыўную праграму з элементамі квэсту «Шлях да Перамогі», дзе ўдзельнікі будуць пераадольваць перашкоды, выконваць «баявыя заданні» ў музейных залах і пры гэтым пашыраць свае веды па гісторыі.

У Мінскай гарадской ратушы працуе выстаўка «Сімвалы Перамогі». Праект падрыхтаваны Музеем гісторыі горада Мінска сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускім рэспубліканскім аб'яднаннем калекцыянераў. Тут можна пабачыць жывапіс, графіку, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога і медальернага мастацтва, а таксама кнігі, дакументы, паштоўкі і прыватныя рэчы ветэранаў вайны.

Пасля прысваення ў 1974 годзе Мінску статусу горада-героя з'яўлялася багата рэчаў з сімволікай Перамогі, выявамі стэлы «Мінск — горад-герой» і манументам Перамогі. Гэта былі статуэткі, медалі, значкі, сувеніры. Адпаведны дэкор падчас святкавання юбілейных дат наносіўся на чайныя сервізы, вазы. Перамозе прысвячаліся карціны і плакаты. На выставе прадстаўлены работы Уладзіміра Крукоўскага, Уладзіміра Цэслера, Сяргея Войчанкі з калекцыі Беларускага саюза дызайнераў.

Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Бачыць, ведаць, не забываць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».