Час, не ўспрыняты сэрцам, прападае, казаў Міхаэль Эндэ. Думаецца, сэрцам часу можа стаць дакументалістыка… Цвяроза, скрупулёзна фіксуе факты, збіраючы дэталі. З-пад яе прыцэлу не выслізне ніводзін важны момант. І хроніка паўстае ў аналізе, узважаным пункце погляду майстра, які ведае цану часу. У фокусе дакументалістыкі — рэальныя падзеі, першасная задача — агаляць праўду. Творцы-дакументалісты — апантаныя шукальнікі ісціны. Гэта дэманструе фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC». Нават у наш складаны час энтузіясты фестывалю не забываюць пра свае ідэі і шукаюць магчымасці падзяліцца імі. Відэаканферэнцыя — фармат новы толькі на першы погляд — па сутнасці, з’ява ўжо звыклая: калі сёння многія адзначаюць віртуальна дні нараджэння, то што казаць пра дзелавыя кантакты… Стасункі праз Zoom — звычайная справа.
Дваццаць чалавек у падключэнні (чуваць добра, мінуючы шумы), і вось набірае хаду размова аднадумцаў і іх ужо не стрымаць. У віртуальным эфіры Нацыянальнага прэс-цэнтра пачынае валадарыць адмысловая атмасфера фестывалю «Еўразія.DOC», анансуючы старт прыёму работ.
Правядзенне пятага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC» прызначана на 28 верасня — 2 кастрычніка 2020 года ў Мінску і Смаленску. Галоўны партнёр — Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД (МФГС). Заснавальнікі — Міжнародны медыяклуб «Фармат А-3» і прадзюсарскі цэнтр «Студыя Трэці Рым».
— Пяць гадоў таму мы адкрывалі фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» і вось дайшлі да такога важнага рубяжа, — адзначыў падчас відэаканферэнцыі Валерый Шахаўцоў, арт-дырэктар фестывалю «Еўразія.DOC», дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Студыя Трэці Рым». — Наша прэс-канферэнцыя прысвечана пачатку прыёму работ на фестываль — ужо можна дасылаць заяўкі. У гэты складаны час галоўнае — што мы выбудавалі кола зносін. Сярод партнёраў — МІА «Россия сегодня», «Аргументы и факты», Белтэлерадыёкампанія, SPUTNIK Беларусь, «Комсомольская правда». Нас вельмі падтрымлівае тэлеканал «Мир», тэлеканал «БелРос». Адной з мэт было — сабраць людзей, каб яны атрымалі пляцоўку для зносін, для сумесных праектаў. І гэта атрымалася, нягледзячы на дыстанцыйнасць.
Фестываль «Еўразія.DOC» аб’ядноўвае ўдзельнікаў не толькі краін СНД і постсавецкай прасторы. Міжнародны падмурак мацаваўся з самага пачатку: прымаліся работы з розных краін — ЗША, Італіі, Германіі і інш. Высокі статус арганізатары плануюць падтрымліваць.
Што рабіць, калі ёсць задума зняць стужку, але не хапае сродкаў? Скарыстацца магчымасцю атрымаць грант! Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) — найбуйнейшае аб’яднанне вытворцаў тэлевізійнага кантэнту ў Еўропе — прадастаўляе грантавыя ўмовы падтрымкі для тых, хто хоча зняць адмысловы дакументальны метр. Галоўная ўмова — заяўкі на грант прымаюцца праз членаў ЕВС (у Беларусі гэта Белтэлерадыёкампанія). Калі, напрыклад, у кагосьці ёсць ідэя, сцэнарый, можна праз Белтэлерадыёкампанію адправіць заяўку і паспець атрымаць грант (зараз ЕВС прымае заяўкі). Такім чынам, ход дзеянняў такі: падаць заяўку на грант — выйграць яго — зняць дакументальны метр — трапіць у лік фіналістаў фестывалю «Еўразія. DOC» і атрымаць магчымасць ад Еўрапейскага вяшчальнага саюза паказаць сваю стужку праз рэсурсы ЕВС на агромністай прасторы Еўропы і Еўразіі. Таму не згубіце шансу!
Старшыня журы Віталь Траццякоў, дэкан Вышэйшай школы тэлебачання Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, параіў узяць пад увагу, што энная колькасць фестываляў аналагічнага фармату, перанесеных з вясны на восень, складзе дадатковую канкурэнцыю. Фестывальнай актыўнасці восенню будзе нашмат больш, чым звычайна, таму трэба трымаць планку: «Фестываль буйнее, разрастаецца, становіцца больш цікавым. Але ў журы ўсё тая ж задача — з аднаго боку, максімальна аб’ектыўна, непрадузята ацаніць работы, прадстаўленыя на фестываль па розных намінацыях; з іншага боку, у пазафестывальным спаборніцтве старацца выйграваць, падымацца ў рэйтынгу фестываляў аналагічнага фармату.
У гэтым годзе Віталь Траццякоў плануе прывезці два прызы — прыз Вышэйшай школы тэлебачання і прыз старшыні журы. Такім чынам, прызавы фонд павялічыцца. Кожны фестываль думае пра будучыню, таму, перакананы Траццякоў, важна прыцягваць моладзь. Вось чаму пільная ўвага да работ маладых, у прыватнасці ў 4-хвіліннай намінацыі.
— Маладзёжны конкурс «Еўразія.DOC. 4 хвіліны» на адзін год маладзейшы за асноўны фестываль, — заўважыў Андрэй Крывашэеў, старшыня Беларускага саюза журналістаў, выканаўчы дырэктар фестывалю «Еўразія.DOC». — Але ў яго не менш яркая гісторыя. Хтосьці толькі прыходзіць у прафесію, і мы даём шанс адкрыць сябе ў дакументалістыцы. Гэтымі днямі праходзіць конкурс «Залатое пяро», дзе мы ў тым ліку глядзім і дакументальныя блогерскія работы маладых аўтараў. Выберам найлепшыя і дадзім ім пуцёўку на вялікі фестываль дакументальнага кіно.
Мінулым разам маладых дакументалістаў згадзіўся падтрымаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў. Гэтая падтрымка, хочацца спадзявацца, будзе рэалізавана ў форме спецыяльных прызоў. Падключаюцца і іншыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы: Пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Беларусі таксама выказала намер і гатоўнасць падтрымаць маладых дакументалістаў.
— Чалавек мае патрэбу ў нейкім эмацыянальным падагульненні, — мяркуе Генадзь Давыдзька, Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ, пастаянны партнёр фестывалю. — Рэжысёрдакументаліст бярэ факты, аналітыку, прапускае праз сябе і выдае лагічны твор у згустку, напрыклад, у 4 хвіліны. А ведаеце, фільм на 10 хвілін зрабіць прасцей, чым на 4. Сёння дакументальнае кіно нашмат цікавейшае, чым мастацкае, бо трымаецца на дакументах. А час — вялікі драматург — такі сюжэт піша!.. Мы з’яўляемся сведкамі такіх глабальных падзей, пра якія будуць гаварыць шмат тысячагоддзяў існавання чалавецтва. І таму асэнсаванне мастацкае на дакументальнай аснове — надзвычай важна і цікава.
— Фестываль будзе пятым па ліку, і трэці раз пачэснае права правесці яго дадзена Міжнароднаму медыяклубу «Фармат А-3», — адзначыла кіраўнік медыяклуба «Фармат А-3», уладальнік прэміі «Залатое пяро Расіі» (2017) Галіна Сапожнікава. — У Рэспубліцы Беларусь мы ўжо некалькі гадоў праводзім штомесячныя цікавыя лекцыі і школу журналістыкі «Майстэрня BY-RU», якая ўжо рыхтуецца да трэцяга выпуску. Рада, што права правесці кінафестываль было даручана медыяфонду, які складаюць прафесіяналы журналістыкі, а не якому-небудзь івент-агенцтву. Нам удалося злучыць кінематаграфічны дух з духам сапраўднага рэпарцёрства. Летась на прэс-канферэнцыі мы гаварылі пра тое, што ў нас будзе новага: кожны фільм, прадстаўлены на конкурс, займее свайго «важатага» — прафесійнага журналіста, які прадставіць фільм і арганізуе дыскусію. У гэтым годзе мы таксама шмат чаго прыдумалі цікавага. Напрыклад, адным з мадэратараў пагадзіўся быць доктар Сасноўскі.
— Пяць гадоў фестывалю паказалі, як стаўленне да дакументалістыкі (дакументальнай рэчаіснасці) мянялася за гэты час, — выказаўся Уладзімір Мамантаў, генеральны дырэктар радыёстанцыі «Говорит Москва», член журы, адзін з лідараў руху «Еўразія.DOC». — І дакументальны фільм у класічным разуменні перастаў мець месца, бо змянілася жыццё, а разам — і інтэрнэт, тэлебачанне. І на фестывалі адзначаліся тыя фільмы, якія і па змесце, і па форме гналіся за часам, схоплівалі саму сутнасць часу. У адных — прафесійны, выбудаваны відэарад, у іншых — скачкападобныя кадры з чалавекам, які бяжыць па полі бою і не выпускае з рук камеры… Пагоня за часам — вельмі добрая рыса фестывалю.
З кожным новым фестывалем дадаецца кантактаў і на Фэйсбуку, і ў рэальным жыцці, што надзвычай важна, заўважыў Уладзімір Мамантаў: «Але як ні выйграюць нашы зумы, скайпы, усё ж чалавечыя зносіны, дэфіцыт якіх сёння мы адчуваем, не адменіш. Кантакты, разуменне таго, хто твой суразмоўца, які стварыў фільм, каторы табе спадабаўся, што ў яго ў галаве, як ён рэагуе на падзеі жыцця, — гэта надзвычай важна».
— Толькі чалавек, які змог дыхаць без апарата штучнага дыхання, штучнай вентыляцыі лёгкіх, толькі чалавек, які нядаўна зрабіў першыя крокі пасля цяжкай хваробы, ведае цану першаму кроку, першаму ўздыху, — так і наша супольнасць, толькі сабраўшыся на фестывалі ўжывую, зможа абняцца — цяпер гэта становіцца найвышэйшай каштоўнасцю, — лічыць Генадзь Давыдзька. — Гэта магчымасць зразумець, што такое звычайныя чалавечыя зносіны, а калі яшчэ паміж аднадумцамі, творцамі... Паўсюль клічнікі трэба ставіць: «Сабраліся!!!», «Фестываль!!!», «Свята!!!». Асабліва ў гэты экзістэнцыяльны крызіс, які агаляе нашы сапраўдныя жаданні, цягу да адказу на пытанне: «А ці так жывём?» Цяперашні агульнасусветны фон надае вялізнае значэнне кожнай прадстаўленай карціне, кожнай думцы, якая прагучыць у дакументальным кіно «Еўразія.DOC».
Год ад году фестываль пашырае свае межы: і мастацкія, і прасторавыя. Таму сёлета з нецярпеннем чакаюць цікавыя работы маладых, асэнсавання праблем. Член журы Асія Байгожына, дэкан факультэта кіно і ТБ Казахскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў імя Жургенава, прадстаўляе азіяцкую частку фестывалю. На Усходзе ёсць свой цэнтральнаазіяцкі форум ігравога кіно. У рамках яго хацелі зрабіць асобную праграму, прысвечаную «Еўразіі. DOC», адзначае Асія Байгожына, але сітуацыя з каранавірусам унесла карэктывы: «На каранціне, у ізаляцыі асабліва востра разумеем, як важна камунікацыя. Фестываль набывае моц, бо фіксуе час, вобраз часу, прастору з мастацкай выразнасцю. У нас ёсць тры ВНУ, дзе рыхтуюць дакументалістаў. У многіх з іх ужо гатовы работы для конкурсу 4 хвілін. Хочацца бачыць фільмы дыскусійнага характару. Фестываль добры тым, што сцірае граніцы, мацуе сувязь пакаленняў. Спадзяюся на новыя фарматы, якія надзвычай неабходны сёння, калі мы ўсе герметычныя, знаходзімся ў замкнёнай прасторы. А “Еўразія.DOC” размыкае, аб’ядноўвае».
Дакументалістаў не так шмат, затое якая вялікая карысць — фіксаваць паток часу. Дакументальное кіно сёння вельмі падобна на СМІ (карыстаецца дакументам, фактам), лічыць Генадзь Давыдзька: «Але важна эмацыянальнае гучанне, пункт погляду рэжысёра, эмацыянальнае “апыленне” факта, падзеі. Зыходзячы з рэалій сучаснасці, мне здаецца, што якасць работ узрасце, яны стануць больш удумлівымі. Цяпер творца ставіць іншыя планкі, ацэнкі, бо мы сутыкнуліся з канчатковасцю ў свеце бясконцасці». Яшчэ Іван Бунін казаў, што жыццё чалавека выяўляецца ў адносінах канчатковага да бясконцага.
— Еўразія — шырокае поле, якое ахоплівае розныя краіны, — канстатаваў Вадзім Гігін, гісторык, журналіст, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. — Мы глядзім на фестываль не толькі як на пляцоўку, дзе можна пабачыць новыя фільмы (дэманструюцца ў кінатэатры «Беларусь»), але і як на магчымасць вучобы (для журналістаў). Гэта зручны момант пазнаёміцца з мэтрамі сваёй справы, якія прыязджаюць не толькі з Расіі, але і ЗША, Германіі, Францыі… Пазнаёміцца з актуальнай кінапубліцыстыкай. Сёлетні фестываль «Еўразія.DOC» будзе сведчыць пераход ад зносін анлайн да зносін ужывую.
Галоўнай тэмай пятага фестывалю «Еўразія.DOC» будзе 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёння ёсць спробы пераацэнкі каштоўнасцей, скажэння гістарычнага значэння тых падзей.
— Трэба залатымі цвікамі нашай памяці прыбіваць канкрэтныя падзеі і ўвекавечваць іх у тым выглядзе, у якім яны ёсць. Ёсць факты! — перакананы Генадзь Давыдзька. — Можна нават на заканадаўчым узроўні прымаць дастаткова жорсткія меры для тых, хто намагаецца сказіць такія кананізаваныя ісціны, як перамога над фашызмам. Слова «перамога» набывае глабальнае значэнне. І зноў нам неабходны мужнасць, спагада, і таму месца мастакоў — на нашым фестывалі.
Такім чынам, фестываль «Еўразія.DOC» пачынае адбор работ і чакае новых адкрыццяў. Заяўкі прымаюцца ў Дырэкцыю фестывалю да 31 ліпеня 2020 года. Заяўка павінна ўключаць: аўтарскую анатацыю фільма, звесткі пра стваральнікаў, фота, кадры з фільма, фільм у фармаце mp4.
Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!