Вы тут

Як лепш за ўсё адпачыць ад гарадской мітусні? Пайсці ў батанічны сад


За свежым паветрам, духмянымі водарамі, найпрыгажэйшымі кветкамі і яркімі фарбамі вясны прыходзьце ў Цэнтральны батанічны сад.


Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — гэта ўнікальны комплекс у цэнтры беларускай сталіцы, дзе сабраныя як прадстаўнікі беларускай флоры, так і «госці» з замежжа, нават расліны, тыповыя для тропікаў. Убачыць усю гэту прыгажосць і разнастайнасць можна ў любую пару года. Але ў канцы вясны, калі кветкі раскрываюць пасля халадоў свае пялёсткі, прырода паказвае ўсе свае маляўнічыя здольнасці. І гэта трэба ўбачыць на свае вочы!

Сёння ў батанічным садзе яшчэ можна паспець атрымаць асалоду ад квітнеючай сакуры, убачыць багатую палітру колераў цюльпанаў і рададэндранаў, падыхаць напоеным водарам хвоі ў лесапаркавай зоне.

Каб наведвальнікі парка яшчэ бліжэй змаглі пазнаёміцца з роднымі для Беларусі раслінамі, супрацоўнікі сада вырашылі стварыць у лесапаркавай зоне экалагічную сцежку «Легенды беларускай флоры». Хутка тут з’явіцца і альтанка.

Пачалося ў батанічным садзе і будаўніцтва новага аранжарэйнага комплексу, дзе таксама плануецца стварыць гандлёвыя пляцоўкі, кафэ, канферэнц-залу.

У канцы красавіка ў батанічным садзе з’явіўся «Сад у цені». Для новай экспазіцыі супрацоўнікі ўстановы спецыяльна падбіралі ценевынослівыя дэкаратыўныя і прыгожа квітнеючыя расліны, якія таксама можна выкарыстоўваць пры азеляненні гарадскіх тэрыторый.

Каб пашпацыраваць па алеях Цэнтральнага батанічнага сада, трэба купіць уваходны квіток. Але нядаўна з’явілася магчымасць убачыць яркія фарбы прыроды зусім бясплатна. Кожны, хто прынясе ў краму «Кветкі» батанічнага сада 30 пластыкавых кантэйнераў для вырошчвання раслін у прыдатным для паўторнага выкарыстання стане, атрымае спецыяльны квіток на адно бясплатнае наведванне Цэнтральнага батанічнага сада. Так навуковая ўстанова заклікае даць другое жыццё пластыкавым рэчам.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.