Свята Перамогі, якое адзначалася трыццаць адзін год таму, я сустрэў у Магілёўскім раёне. Мой маршрут у гэты шчымліва-светлы дзень пралягаў у вёску Дубінка Вендаражскага сельсавета. Там, на краі населенага пункта, знаходзіцца магіла, у якой пахаваныя жыхары вёскі, спаленыя ў лютым 1943 года разам са сваім паселішчам. І кожны год дзявятага мая каля помніка магілёўскай Хатыні збіраюцца сотні людзей, каб ускласці кветкі і вянкі, паслухаць нашчадкаў — сённяшніх жыхароў вёскі-пакутніцы, якая насуперак лёсу адрадзілася і жыве.
Я тады невыпадкова прыехаў у Дубінку: ведаў, што сярод удзельнікаў вайны сустрэну і тых, чые грудзі ўпрыгожаны трыма зоркамі, — поўных кавалераў ордэна Славы. На той час у раёне засталіся тры доблесныя франтавікі, якіх Айчына ўганаравала такім высокім званнем, — Сяргей Сотнікаў, Міхаіл Сафонаў і Сяргей Лупікаў. Менавіта пад Магілёвам мне пашчасціла не толькі ўбачыць, але і сфатаграфаваць разам салдат вайны, подзвіг якіх прыраўноўваецца да подзвігаў Герояў Савецкага Саюза. І цяпер, як і ў той час, не хаваю гонару, што ў маім фотаархіве ёсць такі здымак.
Яшчэ да паездкі ў Дубінку мне ўжо былі вядомыя гэтыя зоркавыя ветэраны — аднойчы з кожным з іх я рабіў партрэтную, як цяпер кажуць, фотасесію. На пачатку 1988-га мой фотаархіў папоўніўся партрэтам Сяргея Лупікава. Мы сустрэліся з кавалерам у яго кватэры. Памятаю, як адчыніў дверы статны, ўсмешлівы, з добрым поглядам мужчына — на той час Сяргею Агафонавічу ішоў толькі шэсцьдзясят сёмы год. За яго плячыма была вялікая біяграфія цяжкай вайны і мірнай працы на магілёўскіх будоўлях у якасці цесляра, сталяра, плітачніка. Перад тым як пачаць здымкі, я слухаў яго аповеды.
— Калі мы пайшлі ў наступленне ад ракі Проні на Захад, не было ніводнага дня без бою. Людзі гінулі хутка. Поўны склад дывізіі — шэсць-сем тысяч армейцаў, а назаўтра ўжо толькі трыста чалавек, — згадваў ветэран. — Мне пашэнціла вярнуцца з вайны дадому, хоць пяць разоў быў паранены. А вось маім дзядзькам і стрыечным братам не пашчасціла ацалець — дзесяць душ з нашай радні забрала вайна.
Да Сяргея Сотнікава я паехаў у вёску Старына. Быў пачатак вясны, на адзінай вясковай вуліцы яшчэ заставаліся плямы апошняга снегу. Прыгадваю сустрэчу ў сялянскай хаце, няспешныя размовы і, вядома, здымкі.
— Да вайны ў нашай вёсцы было пятнаццаць хат, а сёння — толькі дзевяць жылых падворкаў, — казаў Сяргей Трыфанавіч, калі мы ішлі да агульнавясковай студні. — Болей за дваццаць мужчын не вярнулася з вайны — такая доля ў нашай вёскі...
Ветэран прыгадаў, што калгас, у якім ён працаваў перад вайной, называўся сімвалічна — «Перамога». Дарэчы, студня, каля якой прысеў славуты вясковец, была выкапана таксама перад нямецкай акупацыяй.
— Часта пасля бою прыгадваў нашу студню і яе смачную вадзіцу, — успомніў такую частку сваёй асабістай вайны Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў.
Поўны кавалер Міхаіл Сафонаў жыў у прыгарадным пасёлку Магілёва — Казіміраўцы. У яго быў свой дом, прысядзібны двор. Ён ужо быў дзедам, і маленькія ўнучкі-школьніцы часта прыбягалі да Міхаіла Фролавіча пагуляць, пачаставацца ласункамі, якія заўсёды былі ў яго кішэні. І першы раз, калі я наведаўся да франтавіка, здымаў яго ў кампаніі з унучкамі. Другім разам наша сустрэча адбылася на веснавой вясковай вуліцы, калі ветэран рушыў на свята Перамогі. Пра свае франтавыя подзвігі салдат-разведчык не любіў згадваць — магчыма, не хацеў трывожыць старыя раны і даўнюю памяць пра апаленую маладосць: у сорак пятым герою было толькі дваццаць гадоў.
Анатоль КЛЯШЧУК
Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Батунь, што знаходзілася ў Быхаўскім раёне. Скончыў няпоўную сярэднюю школу і з 16 гадоў шчыраваў у мясцовым калгасе. Павестку аб прызыве на тэрміновую службу атрымаў толькі ў верасні 1940 года. На фронт трапіў літаральна ў першыя дні Вялікай Айчыннай. Але паваяваць яму доўга не давялося. Радавы Сотнікаў разам са сваім падраздзяленнем трапіў у акружэнне, але здолеў выйсці да роднай вёскі. Папрацаваўшы нейкі час у хатняй гаспадарцы, вырашыў далучыцца да партызан.
Бялыніцкі райваенкамат прызваў Сяргея Сотнікава яшчэ раз у войска ў ліпені 1944 года. Трапіў хлопец у 433-і стралковы полк 64-й стралковай Магілёўскай дывізіі 33-й арміі 1-га Беларускага фронту. З 7 жніўня полк знаходзіўся на перадавой.
І ўжо літаральна праз дзевяць дзён стралок Сяргей Сотнікаў заслужыў ордэн Славы ІІІ ступені. На заключным этапе Беларускай наступальнай аперацыі яго полк змагаўся з немцамі за плацдарм на заходнім беразе ракі Нарэў на тэрыторыі тагачаснай Беластоцкай вобласці. 16 жніўня 1944 года зацятыя баі ішлі каля вёскі Акрасін, якая цяпер уваходзіць у склад Граеўскага павета Падляскага ваяводства Польшчы. Падчас наступу Сяргей Трыфанавіч адзін з першых прарваўся ў нямецкую траншэю. Прыцэльным агнём зараз жа «зняў» кулямётчыка. Немцы спрабавалі адбіць траншэю назад. Тут стралок Сотнікаў пайшоў на хітрасць. Ён вёў назіранне за варожай пяхотай, пакуль тая не падабралася на адлегласць кідка рукой. І як толькі гэта адбылося, у ворага адна за другой паляцелі гранаты. 13 гітлераўцаў засталіся ляжаць забітымі. За гэты подзвіг чырвонаармеец Сяргей Сотнікаў і атрымаў першую высокую ўзнагароду.
...У пачатку 1945 года савецкія войскі падчас Вісла-Одэрскай стратэгічнай аперацыі шчыльна падышлі да ракі Одэр, за якой пачыналася тэрыторыя Германіі. Немцы аказвалі вельмі жорсткі супраціў, асабліва калі траплялі ў акружэнне. Так здарылася і каля вёскі Струга Кросненскага павета Любускага ваяводства на паўночным захадзе Польшчы. Наш герой ужо атрымаў званне малодшага сяржанта, ён служыў у той жа дывізіі санінструктарам, але ў баях за вёску Струга знаходзіўся ў баявых парадках пяхоты. Ледзь толькі акружаныя немцы перайшлі ў чарговую контратаку, як па іх ударыў з фланга прыцэльны аўтаматны агонь. Дзесяць фашыстаў былі забіты на месцы. Яшчэ васямнаццаць паспрабавалі ўцячы ў бліжэйшы лес. Ды не тут было — малодшы сяржант Сотнікаў захапіў іх у палон разам з усім узбраеннем. Камандаванне ацаніла гэты ўчынак прадстаўленнем да ордэна Славы ІІ ступені.
На заключным этапе вайны стралковая дывізія, у якой служыў Сяргей Сотнікаў, удзельнічала ў Берлінскай наступальнай аперацыі. З 16 да 19 красавіка 1945 года зацятыя баі ішлі на подступах да горада Франкфурт-на-Одэры. Пад няспынным агнём ворага санінструктар Сотнікаў выцягнуў з поля бою 60 параненых воінаў. Калі з 30 красавіка да 2 мая ішлі баі за Берлін, то ён аказаў дапамогу 15 параненым салдатам і эвакуіраваў іх у бяспечнае месца. За гэтыя заслугі яго праз год узнагародзілі ордэнам Славы І ступені.
Пасля вайны Сяргей Сотнікаў атрымаў прафесійную адукацыю. Працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі ў саўгасе «Барок», які месціўся ў вёсцы Заводская Слабада Магілёўскага раёна. За год да смерці, у 1999 годзе, атрымаў узнагароду «За службу Радзіме».
Памяць аб ім жыве і сёння. Адкрыты абласны турнір па вольнай барацьбе носіць менавіта яго імя — поўнага кавалера ордэна Славы. Таксама ён удзельнічаў у здымках кінастужкі «Ішоў салдат...», знятай у 1975-м да 30-годдзя Перамогі.
Міхаіл Фролавіч Сафонаў нарадзіўся 10 студзеня 1925 года. Бацькі яго былі сяляне, жыла сям'я ў вёсцы Шастакі тагачаснага Горацкага раёна. Адразу пасля пачатку вайны прызваць хлопца ў войска не маглі — яму было ўсяго толькі 16 поўных гадоў. Два гады Міхаіл Фролавіч правёў пад нямецкай акупацыяй, а ў кастрычніку 1943-га сышоў у партызаны. Там і ваяваў да ліпеня 1944-га. А пасля быў прызваны ў дзеючую армію. Юнак стаў разведчыкам у 374-й асобнай разведроце 290-й стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту.
...У верасні 1944-га рота дзейнічала ў раёне ракі Нарэў на поўдзень ад польскага горада Астраленка. Знаходзячыся ў групе пошуку, Міхаіл Сафонаў употай падабраўся да нямецкага агнявога пункта і захапіў чужога вайскоўца. «Язык» паведаміў вельмі каштоўныя звесткі пра абарону гітлераўцаў. Гэта стала нагодай для таго, каб узнагародзіць 19-гадовага хлопца ордэнам Славы ІІІ ступені.
Студзень 1945-га Міхаіл Сафонаў сустрэў на цяперашнім паўночным усходзе Польшчы. Там ішоў марудны, цяжкі наступ на Усходнюю Прусію. Працяглы час фронт стаяў каля горада Лідзбарк-Варміньскі. Міхаіл Сафонаў падчас аднаго з разведвальных рэйдаў знішчыў дванаццаць нямецкіх салдат і афіцэраў. А назад да сваіх вярнуўся з добрым уловам» — ручным кулямётам і дзясяткам аўтаматаў. Камандаванне дывізіі ацаніла гэты ўчынак прадстаўленнем да ордэна Славы ІІ ступені.
У канцы красавіка 1945 года ішлі зацятыя баі за Берлін. Падраздзяленне, у якім служыў Міхаіл Сафонаў, дзейнічала на паўднёвы ўсход ад сталіцы рэйха. 30 красавіка яно атрымала задачу — знішчыць узброеную групоўку праціўніка. Падчас яе выканання 20-гадовы юнак уварваўся ў адно з размяшчэнняў і адкрыў з аўтамата прыцэльны агонь. Трынаццаць гітлераўцаў паляглі пад яго кулямі. Яшчэ дзевяцярых разам з іншымі салдатамі ён даставіў у сваё размяшчэнне.
Праўда, Міхаіл Сафонаў быў прадстаўлены да ордэна Славы І ступені толькі пасля вайны — камандуючы 3-й арміяй генерал Аляксандр Гарбатаў падпісаў адпаведны дакумент 19 мая 1945-га. Пачэсная ўзнагарода знайшла свайго героя праз год.
Старшына Сафонаў дэмабілізаваўся з войска толькі ў 1948-м. Вярнуўся ў Беларусь. Доўгі час жыў у Магілёве, дзе працаваў на адным з заводаў. Памёр ён 17 ліпеня 1996 года.
Ён нарадзіўся ў кастрычніку 1923 года ў вёсцы Бяседавічы Хоцімскага раёна. Яго бацькі былі сялянамі; пасля заканчэння школы Сяргей Агафонавіч таксама пайшоў працаваць у мясцовы калгас. Амаль два гады правёў пад нямецкай акупацыяй.
Вайсковы шлях Сяргея Лупікава пачаўся ў 20 гадоў — у кастрычніку 1943 года, калі Чырвоная Армія вызваліла Хоцімшчыну. Ваяваў ён у складзе 1223-га стралковага палка 369-й стралковай дывізіі 50-й арміі ў складзе 2-га Беларускага фронту.
...Свой першы ордэн Славы ІІІ ступені ён здабыў ужо падчас баёў на тэрыторыі Польшчы. У жніўні 1944 года лінія фронту праходзіла ўжо крыху на захад ад Беластока. У той час сяржант Лупікаў камандаваў аддзяленнем узвода пешай разведкі. Ён атрымаў заданне разведаць агнявую сістэму праціўніка паблізу вёскі Асавец. З ім аддзяленне справілася на «выдатна». Больш за тое, назад салдаты вярнуліся з сямю палоннымі немцамі, яшчэ чатыры былі забіты падчас уварвання ў траншэю.
У лютым 1945 года зацятыя баі ішлі на напрамку Лодзь—Гданьск. Камандаванне арміі паставіла задачу — авалодаць вёскай Альтхаўзен. Бой за яе ішоў ажно тры дні. Падчас адной з перастрэлак моцна параніла камандзіра ўзвода. Яго замяніў сяржант Лупікаў. Немцы панеслі адчувальны ўрон — было знішчана каля трох дзясяткаў гітлераўцаў. Яшчэ 172 здаліся ў палон. Сярод іх былі і афіцэры. Узвод здолеў вывесці са строю 2 гарматы і 4 кулямёты. Загадам па 70-й арміі Сяргей Лупікаў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені.
Разам са сваім узводам сяржант вельмі адзначыўся падчас узяцця польскага горада Гдыні. У ноч на 27 сакавіка 1945 года яны разведалі чатыры пераправы цераз раку Ісача, дзякуючы якім савецкія часці змаглі ўвайсці ў населены пункт. Больш за тое, яго ўзвод захапіў авіяцыйны завод, знішчыў трыццаць аднаго і ўзяў у палон паўсотні немцаў. Гэтыя ўчынкі сталі падставай для прадстаўлення сяржанта Лупікава Сяргея Агафонавіча да ордэна Славы І ступені. Дакумент падпісаў камандуючы 2-м Беларускім фронтам Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі. Поўным кавалерам ордэна Славы Сяргей Лупікаў стаў ужо пасля Перамогі — 29 чэрвеня 1945 года.
Пасля вайны ён доўгі час жыў і працаваў у Магілёве, у адным з будаўнічых трэстаў. Памёр 31 сакавіка 1995 года.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.