Вы тут

Дзясяткі студэнтаў віцебскага «меда» дапамагаюць прафесіяналам лячыць інфіцыраваных COVІD-19


Дзясяткі студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта дапамагаюць калегам-прафесіяналам лячыць інфіцыраваных COVІD-19 людзей.


Адна з іх — Карына Клопава, якая вучыцца на пятым курсе лячэбнага факультэта.

Зараз дзяўчына часова жыве ў гасцініцы «Дзвіна», што належыць згаданай ВНУ. Там бясплатна размясцілі людзей у белых халатах, якія працуюць з інфіцыраванымі.

Пагутарыць з Карынай удалося пасля дзяжурства. Па ўсім адчувалася — у медыцыне яна невыпадкова. Літаральна «вочы гарэлі», калі дзяўчына разважала пра ўрачэбны доўг, хворых, якіх, вядома, шкада, пра надзею, што хутка створаць вакцыну супраць каварнай інфекцыі.

Прывабная Карына — віцябчанка, з сям'і медыкаў: тата і брат — стаматолагі, маці — зубны тэхнік. Пасля 11 класа прыгажуня паступіла ва ўніверсітэт.

На пытанне, як паўплывала пандэмія на яе жыццё, студэнтка згадала вопыт дыстанцыйнага хатняга навучання. Прыкладна праз тыдзень у сацыяльнай сетцы ўбачыла паведамленне ад старасты з прапановай працаваць у медыцынскіх установах, вядома ж, добраахвотнае.

— Спачатку, калі шчыра, трохі спужалася. І, напэўна, больш не за сябе, а за родных, тых, з кім яны бачацца ці будуць кантактаваць. Напрыклад, тата лечыць пераважна маладых пацыентаў. А дома заразіла б яго я... Такія былі ў мяне сумненні, — разважае суразмоўніца.

Дні тры раздумвала. І, дарэчы, тата сам параіў папрацаваць з тымі, у каго інфекцыя. Сказаў, што і ён бы пайшоў, калі б запрасілі. Мяне прынялі ў ЛОР-аддзяленні Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Сустрэлі з вялікай радасцю, бо адчуваўся вялікі недахоп медыцынскіх сясцёр, санітарак.

— Растлумачылі, што адны хварэюць, іншыя звольніліся, хтосьці ў водпуску. Сітуацыя, як кажуць, стала абвастрацца. Вось ужо... (падлічвае ўслых) тры тыдні працую. Было ў аддзяленні і пяцьдзясят чалавек на два медыцынскія пасты... Я — так званая паставая медсястра. І дакументацыю вяду, і ўколы пацыентам раблю, суправаджаю на даследаванні... Працую ў дзве змены. Паколькі ў спецыяльным «ахоўным касцюме», які выдалі, каб медперсанал не заразіўся, можна быць толькі па 12 гадзін, столькі і працую. Рабочы дзень пачынаецца ў восем раніцы і, адпаведна, заканчваецца ў восем вечара. А звычайна ж, да пандэміі дзяжурства — суткі, — тлумачыць яна нюансы.

Дзяўчына прыгадвае і іншых студэнтаў. Нехта, як яна, паставыя медсёстры, іншыя — робяць ін'екцыі, дапамагаюць з афармленнем дакументаў.

Што датычыцца аплаты працы, за дзесяць дзяжурстваў дзяўчына атрымала трохі больш за 800 рублёў. Для студэнткі вельмі добрая сума. Яна нават не марыла пра такія грошы. Зразумела, за рызыку годна плацяць.

— Самае складанае тут, лічу, тое, што ў мяне неўралагічныя пацыенты. Яны пераважна ляжачыя, амаль усе не могуць нармальна гаварыць. З імі складана камунікаваць. Пацыентаў трэба  пакарміць і вынесці судна... Санітарак цяпер не хапае, — канстатуе дзяўчына. — За гэты час навучылася і падгузкі мяняць, і карміць з лыжачкі.

Цяжка ўявіць, як гэта дзяўчына суправаджае хворых з вялікай вагой, якія ледзь ходзяць у кабінеты, каб зрабіць, напрыклад, магнітна-рэзанансную тамаграфію?!

— У прынцыпе, усё добра. Урачы вельмі адэкватныя і спакойныя: раскажуць усё, пакажуць, калі нават, бывае, я нешта не разумею, не павышаюць голас... Так, зрузумела, раней былі практыкі, але сёння зусім іншая сітуацыя. Адказнасць патрабуецца, як ад прафесіянала. Ды і шчыра, на практыцы не зусім давяралі студэнтам рабіць нешта складанае. Бо адказваць будзе той, хто даручыў. На сёння ўсё па-іншаму, — кажа Карына.

Студэнтка ўпэўнена, што за тры тыдні шмат чаму навучылася. І гэты вопыт бясцэнны. Безумоўна, яна баіцца памыліцца, адносіцца да даручанага з вялікай адказнасцю. Колькі будзе яшчэ працаваць? Адказвае, колькі спатрэбіцца!

У вольны час дзяўчына, калі з'явіцца магчымасць, зноў будзе наведваць фітнес-залу.

Акрамя таго, што яна спартсменка, актыўна займаецца творчасцю. Можна сказаць, больш чым хобі — вакал і наогул музычнае мастацтва. Карына выступае на ўніверсітэцкіх канцэртах, розных мерапрыемствах. І ў тэлевізійнай студыі нават спявала. З гонарам расказвае, што ёсць і свой гурт кавер-бэнд з мілай назвай «Яноты». Калектыву ўжо пяць гадоў.

Хлопец Карыны таксама будучы медык. І хочацца, каб у Беларусі стала на адну моцную сям'ю больш.

Прарэктар па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Вольга СЫРАДОЕВА падкрэслівае, што шмат студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта пажадалі змагацца з пандэміяй. Выбіралі найлепшых з найлепшых. І кожны заслугоўвае, каб пра яго напісалі, знялі сюжэт на тэлебачанні. Дзяўчаты і хлопцы не падводзяць ды з гонарам даказваюць калегам і ў першую чаргу сабе, што правільна абралі нялёгкую, адказную, паважаную прафесію медыка. І зрабілі гэта таму, што адчулі заклік душы, шчыра хочуць дапамагаць людзям, служыць сваёй краіне, выратоўваць жыцці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Паставая» супраць пандэміі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.