Вы тут

Лукашэнка: Падтрымліваць трэба тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і хто сам варушыцца


Прэзідэнту Беларусі далажылі аб праекце Указа «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян».


На пачатку даклада кіраўнік краіны нагадаў свае заўсёднае патрабаванне — чалавеку трэба працаваць.

«Калі ў чалавека няма працы, вакансій дастаткова, у тым ліку ў Мінску. І ў гэты няпросты час чалавек мусіць спакойна пражыць, уладкаваўшыся на іншую працу — хай не зусім прымальную і любімую ім», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні Прэзідэнт папярэдзіў наймальнікаў, што ў час, калі ў свеце эканоміка яшчэ не разгарнулася цалкам, для нас вельмі важна ўсяляк захаваць працоўныя калектывы. Непрымальна звальненне людзей — катэгарычнае патрабаванне беларускага лідара.

Што да падтрымкі асобных прадпрыемстваў і асобных грамадзян, усе сродкі, якія магчыма, мусяць быць накіраваныя на месцы. Аб гэтым прасілі і губернатары, каб самастойна вызначыць, каму патрэбная падтрымка. Было прынятае і адпаведнае рашэнне.

«Падтрымліваць трэба тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і хто сам варушыцца. Трэба і самім шукаць гэту працу», — запатрабаваў Прэзідэнт.

Ён зноў прывёў у прыклад установы грамадскага харчавання, якія пераарынтаваліся і пачалі працаваць з дастаўкай ежы на дом ці працу. Але каго і як падтрымліваць на месцах, мусяць высвятляць мясцовыя ўлады.

На ўзроўні кіраўніка краіны задача — разгледзець стратэгічныя кірункі. Тая ж «Белавія», якую Прэзідэнт часта згадвае, не вінаватая, што закрыліся межы і аэрапорты (акрамя Нацыянальнага аэрапорта Мінск). Калійная галіна таксама прынесла мала даходу, бо закрыліся рынкі, — але «Беларуськалій» дамовіўся з Кітаем і іншымі рынкамі на пастаўку прадукцыі, працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

«Людзі варушацца, людзі стараюцца дамовіцца. Так, сёння немагчыма паставіць кудысьці на рынкі прадукцыю, але трэба дамовіцца. Праз тыдзень-месяц адкрыюцца рынкі, і ў вас будзе гатовы дагавор — вы паставіце свой тавар. І гэта таксама форма працы», — прапанаваў выйсце Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў Беларусі не зачынена ніводная вытворчасць.

«Мы проста папярэдзілі людзей — беражыце сябе, і сказалі, як можна сябе зберагчы. І сітуацыя ў Беларусі сёння з вірусам і іншымі захворваннямі, якіх у нас хапала і хапае, цярпімая. Мы не кажам, што ў нас усё добра, што ўжо бога за бараду ўзялі, не. Але той метад, якім мы карыстаемся ўжо трэці месяц, прыносіць свой вынік. І гэтым метадам, гэтым шляхам скарысталіся і іншыя дзяржавы», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ад спынення эканомікі могуць быць благія наступствы

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў паглядзець на заходнія краіны, эканоміка якіх паціху пачынае працаваць (пры тым, што смертнасць ад хвароб, абцяжараных COVID-19, у іх за суткі больш, чым у Беларусі за ўвесь час эпідэміі).

Ён звярнуў увагу і на аналагічнае становішча ў Расіі, якая адчыніла будаўнічы комплекс, прамысловыя прадпрыемствы, іншыя асноўныя сектары эканомікі.

«Гэта дзевяноста з лішкам працэнтаў насельніцтва, якое выйдзе на працу. Багатая Расія, у якой назапашаны велізарны золатавалютны рэзерв і фонд нацыянальнага дабрабыту, — яна зразумела, што могуць быць благія наступствы», — упэўнены кіраўнік Беларусі.

За смяротнасць насельніцтва службовыя асобы «адкажуць галавой»

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ён вельмі паглыблены ў праблему захваральнасці. Учора ён запатрабаваў прагноз не па новай каранавіруснай інфекцыі, а непасрэдна па ўсіх пнеўманіях.

«Не толькі ў нас — паўсюль праблема № 1 у лячэнні — гэта пнеўманіі. Што да пнеўманій, то ў нас, дзякуй богу, хоць і ёсць патроху па краіне прырост, але гэта ўжо не той прырост, які мы фіксавалі нават два-тры тыдні таму. Дай бог нам на гэтым узроўні вытрымаць», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка катэгарычна папярэдзіў, што за смяротнасць насельніцтва службовыя асобы «адкажуць галавой». Паказчыкі праз некаторы час забудуцца, а памяць аб загінулых, якіх можна было выратаваць, застанецца.

«Жалезна трэба патрабаваць ад Мінздароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я аб гэтым у храме нядаўна казаў. І я гэта бяру на сур’ёзны кантроль», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.


Далечваць тых, хто папраўляецца, у санаторыі — патрабаванне Прэзідэнта

Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на чуткі, што з бальніц хворых нібыта выпісваюць на далечванне ў санаторыі.

«Мы лечым людзей у бальніцах. І маё непахіснае жорсткае патрабаванне: ні ў якім выпадку ў інфекцыйных бальніцах не ператрымліваць людзей, якія папраўляюцца. Калі ёсць нармальная дынаміка ў лячэнні хворых у бальніцы непасрэдна, урачы бачаць, што чалавек сябе нармальна адчувае, мной прынята рашэнне — калі чалавек пайшоў на выздараўленне, мы яго пераводзім на санаторна-курортнае далечванне. Гэта было маё патрабаванне. Але калі нехта чалавека, які не паправіўся, адпраўляе на далечванне ў гэты санаторый, чалавек праз двое-трое сутак вернецца назад, бо ён сябе горш пачне адчуваць», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Па яго словах, з моманту ўвядзення гэтага метаду такіх выпадкаў было ўсяго толькі два (вельмі пажылыя людзі), а ўсяго перамяшчалі з бальніц на далечванне тысячы людзей. Гэта ўмоўная «другая» група.

Тыя, хто назіраецца дома, — трэцяя група людзей.

«У Мінску, дапусцім, створана каля 270 брыгад, якія трымаюць на кантролі ў сваіх раёнах пэўную колькасць гэтых людзей. Яны на кантакце, і, калі ледзве якое пагаршэнне, мы неадкладна іх шпіталізуем. Вось такі замкнёнае кола — і гэта сябе апраўдала», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ачаговы, а не франтальны метад барацьбы — гэта асаблівасць сённяшняга лячэння ў Беларусі, да якой падштурхнуў досвед, упэўнены Прэзідэнт. Мы рэагуем на хваробы сыходзячы з той сітуацыі, якая складваецца.

Ён заклікаў працаваць без істэрыі і анансаваў у найбліжэйшы час кантроль лячэння, далечвання і назірання пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Для гэтага створаны адмысловыя брыгады, у склад якіх увайшлі розныя спецыялісты.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.