Вы тут

У батанічным садзе можна пазнаёміцца з легендамі беларускіх раслін


Сталічны Цэнтральны батанічны сад — самы буйны ў краіне па захаванні разнастайнасці флоры. Калекцыйны фонд налічвае больш за 15 тысяч узораў раслін на плошчы каля 100 гектараў. Штогод сюды наведваецца больш за 170 тысяч гасцей, аднак, як заўважае намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Людміла ГАНЧАРОВА, магчымасці дазваляюць гэту колькасць павялічыць у два разы без шкоды для насаджэнняў.


— На тэрыторыі сада больш за 60 сартоў сакуры, некаторыя з іх яшчэ не пачалі расцвітаць, а такія, як, напрыклад, махровая сакура, ужо ў самым росквіце. Перыяд, калі можна ёю палюбавацца, доўжыцца нядоўга, усяго пару дзён (падзівіцца на гэтую з'яву можна на сайце «Звязды» zvіazda.by за 09.05.2020. — Аўт.). Буйныя суквецці ў магноліевым садзе, які таксама лічыцца ўнікальным. У калекцыі больш за 25 сартоў і гібрыдаў гэтай расліны, што ўпрыгожваюць наваколле практычна ўсю вясну, праўда, у розны час. Ужо пачалося цвіценне і ранніх сартоў рададэндранаў і відавых цюльпанаў, крокусаў, распусціліся нарцысы, якіх у нас больш за 400 сартоў, а таксама іншыя віды кустоў і дэкаратыўных раслін. Акрамя таго, хутка пачнецца цвіценне бэзу, — расказала Людміла Ганчарова.

У Цэнтральным батанічным садзе прыступілі да рэалізацыі маштабнага праекта па стварэнні новага аранжарэйна-выставачнага комплексу, які плануецца ўзвесці прыкладна за пяць гадоў. Там будуць функцыянаваць гандлёвыя пляцоўкі, кавярні, у тым ліку на свежым паветры, і іншае. Таксама сёлета заклалі новую экспазіцыю «Сад у цені», дзе прадстаўлены дэкаратыўныя расліны, якія адносяцца да ценетрывалых.

— Новае сёлета — экалагічная сцежка «Легенды беларускай флоры», што пралягае ў лесапаркавай зоне на амаль усёй паўднёвай частцы сада. Тут на тэрыторыі з плошчай каля 30 гектараў знаходзяцца драўняныя насаджэнні: ельнікі, бярэзнікі, дубровы, хвойнікі, таксама сустракаюцца травяністыя расліны, характэрныя для нашай краіны. Каля кожнай расліны ўстаноўлены таблічкі з QR-кодамі, з дапамогай якіх можна атрымаць доступ да апісанняў жывых экспанатаў, што захоўваюцца на сайце батанічнага сада. А пасля варта перайсці па спасылцы да «міфалагічнай» часткі. Яна змяшчае шмат легендаў і міфаў, звязаных з рознымі хмызнякамі і дрэвамі. Акрамя таго, тут сабраны звесткі пра іх выкарыстанне ў народнай медыцыне, абрадах і рытуальных традыцыях, — расказала супрацоўніца батсада.

Дар'я ШЛАПАКОВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: У самым росквіце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.