Неабходныя падрыхтоўчыя работы для пуску атамнай станцыі праводзяцца на станцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў і з дасягненнем пэўных параметраў па кожным абсталяванні і тэхналагічнай сістэме. Ядзернае паліва для загрузкі першага энергаблока, што было дастаўлена на АЭС у пачатку месяца, ніяк не можа паўплываць на тэрміны фізічнага пуску. Да яго станцыя будзе гатова пасля атрымання адпаведнай ліцэнзіі рэгулятара, што, як мяркуецца па графіку, адбудзецца ў ліпені. Пра гэтыя і іншыя аспекты падрыхтоўкі АЭС да пачатку работы падчас відэабрыфінгу паведамілі спецыялісты.
На першым энергаблоку Беларускай АЭС ужо завершаны этап гарачай абкаткі абсталявання, у рэактар загружаны імітатары
ядзернага паліва, праведзены ўвесь цыкл выпрабаванняў на прамежкавых і рабочых параметрах цепланосьбіта тэхналагічнага абсталявання ядзернай устаноўкі.
— З 15 красавіка пачалі рэвізію абсталявання рэактарнай устаноўкі, якая робіцца ў аб'ёме, прадпісаным рэгламентам. Яшчэ неабходна правесці 306 выпрабаванняў тэхналагічных сістэм і завяршыць іншыя работы, якія не датычацца абсталявання. Прынамсі, здаць у эксплуатацыю больш за 2208 тэхналагічных і санітарных памяшканняў з усімі тэхналагічнымі сістэмамі, якія там ёсць, — расказаў Міхаіл МІХАДЗЮК, намеснік міністра энергетыкі.
На другім энергаблоку вядуцца агульнабудаўнічыя работы, а таксама мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання. Важнай з'явай стала падача напружання па штатнай схеме на размеркавальную прыладу для атрымання энергіі на ўласныя патрэбы.
Аднак, пакуль не будзе ўпэўненасці ў гатоўнасці да пуску персаналу і абсталявання, фізічнага запуску станцыі не будзе. Беларусы больш за сваіх краін-суседзяў зацікаўлены ў бяспецы, бо перажылі Чарнобыль, запэўніў намеснік міністра.
— Ядзернае паліва на станцыі цяпер праходзіць уваходны кантроль. З моманту загрузкі першай касеты пачынаецца этап фізічнага пуску рэактара. Паліва дастаўлена ў межах агульнага генкантракта на ўзвядзенне Беларускай АЭС. У цыкле атамных станцый у цэлым ядзернае паліва ў сабекошце выпрацоўкі электраэнергіі з улікам яго наступнага выкарыстання, то-бок перапрацоўкі і захоўвання адпрацаванага рэчыва, займае каля 20 %, — удакладніў Міхаіл Міхадзюк. — Што датычыцца класічных станцый на арганічным паліве, то яго сабекошт у выпрацоўцы энергіі ў залежнасці ад тыпу станцыі вагаецца ад 60 да 70 %, а то і вышэй.
На сабекошт выпрацоўкі электраэнергіі ўплывае шмат фактараў, перш за ўсё цана на прыродны газ. Сёння ў энергасістэме праводзіцца вялікая і сістэмная работа па зніжэнні выдаткаў на вытворчасць кожнай кілават-гадзіны. Да ўсіх энергазабеспячальных арганізацый даведзены адпаведныя заданні, якія жорстка кантралююцца. Цяпер сабекошт 1 кВт·г каля 16 капеек. Спецыяльнай міжведамаснай камісіяй адпрацоўваюцца фактары, якія будуць уплываць на кошт энергіі, вырабляемай на АЭС, дадаў эксперт.
Поўнасцю набраны і падрыхтаваны персанал, які атрымаў адпаведныя ліцэнзіі ад рэгулятара для работы на першым энергаблоку. Амаль завершаны набор персаналу для другога блока, вядзецца яго падрыхтоўка. На станцыі ўжо працуюць 316 спецыялістаў — выпускнікоў айчынных ВНУ, якія адвучыліся па профілі і прайшлі стажыроўку на расійскіх станцыях.
— Для падрыхтоўкі персаналу мы працавалі ў розных кірунках. Запрасілі замежных спецыялістаў, перш за ўсё расійскіх і ўкраінскіх экспертаў з вопытам работы на атамных станцыях. Яны занялі пасады галоўнага інжынера і яго намеснікаў, начальнікаў асноўных цэхаў, найперш рэактарнага. Такія спецыялісты ёсць у кожнай аператыўнай схеме на станцыі. Трэба, каб у кожнай змене быў чалавек, які мае вопыт, — расказаў Міхаіл Міхадзюк. — Нашы спецыялісты прайшлі падрыхтоўку ў вучэбных расійскіх цэнтрах і айчынным вучэбна-трэніровачным цэнтры. Стажыроўка ў нашым цэнтры — працэс бесперарыўны. Асноўная група спецыялістаў, якіх мы запрасілі на работу, — людзі з базавай энергетычнай адукацыяй, якія прайшлі адпаведную перападрыхтоўку ў расійскіх ВНУ і стажыроўку на станцыях. Запрасілі на работу і спецыялістаў, якія прайшлі навучанне ў межах дзяржпраграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь.
Дзяржатамнагляд як рэгулюючы орган удзельнічае ва ўсіх работах на атамнай станцыі. Ён таксама займаецца разглядам дакументаў аб бяспецы на АЭС і рыхтуецца да атрымання экспертнага заключэння ад Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў Сосны. Да 29 мая па тэхзаданні Дзяржатамнагляду інстытут павінен даць канчатковае заключэнне, якое дазволіць прыняць рашэнне аб адпаведнасці станцыі ўсім патрабаванням, паведаміла Вольга ЛУГОЎСКАЯ, начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржатамнагляд).
Перад выдачай ліцэнзіі з дазволам на запуск першага энергаблока станцыі павінны прайсці грамадскія слуханні, якія і лягуць у аснову рашэння аб выдачы дакумента. Фармат іх правядзення — гэта фактычна сход, які павінны адбыцца ў найбліжэйшым да станцыі населеным пункце. Гэта, зразумела, Астравец. Аднак неабходна арыентавацца на эпідэміялагічную сітуацыю, якая створыцца на момант пачатку слуханняў.
— Слуханні будуць праведзены не менш як за тыдзень да прыняцця калегіяй МНС рашэння па выдачы ліцэнзіі, — падкрэсліла Вольга Лугоўская. — А за пяць дзён да гэтага матэрыялы будуць змешчаны на сайце Дзяржатамнагляду для азнаямлення грамадскасці. Пакуль дакладная дата слуханняў не вызначана. Мы ў працэсе падрыхтоўкі рашэнняў у межах ліцэнзійнага працэсу. Будзе таксама праведзена мэтавая праверка бліжэй да моманту прыняцця рашэння, не раней чым у канцы чэрвеня.
Ірына СІДАРОК
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».