Вы тут

Іншы Галівуд. Як новае кіно прад'яўляе прэтэнзіі старому


Пра Галівуд галівудскімі ж метадамі — сярод апошніх анлайн-рэлізаў Netflіx зацясаўся міні-серыял пра славутую «Фабрыку летуценняў». У сямі серыях з кіношнымі выклікамі, пафаснымі прамовамі, сентыментальнымі сцэнамі, жыццесцвярджальнымі паваротамі і ненатуральна прыгожымі персанажамі расказваецца, як у 1940-х нібыта мянялася амерыканская індустрыя кіно і як яна нібыта мяняла навакольны свет. Фантазіі аўтараў Раяна Мёрфі і Іэна Брэнана агорнуты ў такую ж «штучную» манеру здымак: серыял пра Галівуд — ён так і называецца — «Галівуд» — падкрэслена карыстаецца напрацаванымі патэрнамі і становіцца як бы стылізацыяй пад чарговы масавы прадукт.


Штука ў тым, каб усе перадавыя трэнды, што апошнім часам сталі гучна заяўляць пра сябе ў грамадстве і кінаіндустрыі, перанесці ў галівудскія студыі другой паловы 1940-х гадоў і змадэляваць, што з гэтага магло б атрымацца. Серыял «Галівуд» — гэта і альтэрнатыўная гісторыя кіно, і адначасова зроблены па канонах камерцыйнага кінапрадукту сюжэцік пра каханне і перамогу праўды. Праўда тут значыць роўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, белымі і чорнымі, гетэрасексуаламі і гомасексуаламі, а таксама адсутнасць харасменту. То-бок серыял з'яўляецца і меседжам, і забаўляльным — больш няма куды — відовішчам.

Як водзіцца, некалькі пачынальнікаў — акцёры, сцэнарыст і рэжысёр — робяць свае першыя крокі ў скарэнні «Фабрыкі летуценняў» і дасягненні сваіх мар. На фоне гучаць імёны Хамфры Богарта, Альфрэда Хічкока, Чарльза Чапліна, у эпізодах з'яўляецца славутая дзякуючы ролі Скарлет О'Хары Віўен Лі, а пакуль нікому не вядомыя хлопцы і дзяўчаты намагаюцца прабіцца ў першыя рады. Канешне, яны натыкаюцца не толькі на канкурэнцыю, але і на несправядлівыя правілы гульні — у прагнілай з пункту гледжання маралі студыйнай сістэме сустракаюцца і строгая мадэль уяўленняў пра свет, і сексуальная эксплуатацыя, і дыскрымінацыя паводле рознага кшталту прыкмет. Што цікава, далікатна ў дачыненні да жанчын у серыяле сексуальна эксплуатуюць толькі мужчын.

Так насамрэч і было — кінастудыямі кіравалі белыя мужчыны, іншыя расы здымаліся хіба што ў эпізадычных ролях, а гомасексуалістаў як бы ўвогуле не існавала. І за зменамі мы назіраем толькі сёння — напрыклад, як «Оскар» атрымлівае стужка «Месячнае святло» пра афраамерыканцаў-геяў, што мела месца ў 2017 годзе, альбо паўднёвакарэйская карціна «Паразіты», што адбылося сёлета. Як Амерыканская кінаакадэмія церпіць крытыку за тое, што намінуе на прэмію амаль выключна белых мужчын. Як неабходнасць перамен дэкларуецца ў цырыманіяльных спічах. Але змены намячаюцца толькі сёння, іншая рэч — кіно, дзе ў відовішчнай форме можна ўявіць усё што заўгодна. Таму серыял свядома мімікруе пад фармат Галівуда, уласна, самага ўплывовага дастаўшчыка ілюзій і маніпуляцый.

У сюжэце ўсё закручваецца вакол кінапраекта пад рабочай назвай «Пэг», з якім гэтыя пакуль невядомыя хлопцы і дзяўчаты ўсё і ўсіх перамогуць. Ад серыі да серыі глядач назірае, як паступова ў Галівудзе развенчваюцца то адны, то другія стэрэатыпы, а эфект замацоўваецца цырымоніяй «Оскар». Калі ў пачатку ў размове з дачкой, якая хоча стаць актрысай, кіраўнік кінастудыі паблажліва выказваецца пра ўсю гэту нізкую тусоўку, то фінальны эпізод «Галівуда» павышае маральны выгляд «Фабрыкі летуценняў» на некалькі ўзроўняў, калі не да бездакорных нябёс.

Новы серыял Netflіx у жаданні перапісаць гісторыю Галівуда свядома капіруе яго эстэтыку — выкарыстоўвае класічную мадэль пабудовы канфлікту, толькі напаўняе яго не, скажам, супрацьстаяннем багатых і змагароў за паляпшэнне жыцця бедных, а галасамі тых, хто дагэтуль не адстаяў сваё месца ў галівудскай карціне свету, то-бок жанчын, некаторых рас і геяў. Дарэчы, згодна з чарговым як бы сімвалічным вывертам сюжэт «Пэг» расказвае пра актрысу, якую выразалі з фільма, і ў трагічным фінале яна кінулася з адной з літар знака Hollywood. Праўда, канцоўку нашы героі ў выніку перапісалі, і гэта служыць жыццесцвярджальным жэстам.

Чаго толькі нерэальна-ідэальнага тут не адбываецца — вядома, усе змены, якія пазіцыянуюцца серыялам як правільныя, у фільме прыводзяць да пазітыўных вынікаў. Гэтая манера легкадумнай галівудскай містыфікацыі ўспрымаецца ці то як іронія, ці то як скруха, хоць яркія серыі з натхняльнымі словамі, чырвонымі памадамі і прыгладжаным наваколлем ні разу на гэта не намякнуць.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».