Звыш за 65 700 беларускіх рублёў паступіла на дабрачынны рахунак 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска падчас трэцяга анлайн-марафону #БеларусьБезCovіd. Напярэдадні Вялікай Перамогі каманда прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» зноў злучыла праз асабістую сустрэчу і анлайн-сувязь папулярных артыстаў, спартсменаў і медыйных асоб з Беларусі і іншых краін свету, каб падтрымаць медыцынскіх работнікаў.
Удзельнікамі шматгадзіннага канцэрта ў прамым эфіры сталі тэнісісты Арына Сабаленка і Ягор Герасімаў, а таксама алімпійскі чэмпіён Максім Мірны (ён зараз у ЗША), спевакі Пётр Елфімаў, TAKAYA (Украіна), Томас N`evergreen (Данія), Іn-Grіd (Італія), мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер, заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева і Вікторыя Алешка, актрыса і тэлевядучая Вера Палякова, гурты NavіBand, «Харлі» і Las Vegas, Дзядзька Ваня, Ганна Шалюціна, Ілья Міцько, салісты цэнтра Іван Зданюк і Ксенія Галецкая, Хелена Мерааі ды многія іншыя артысты, а таксама самі ўрачы 10-й сталічнай бальніцы.
Усе сродкі, якія ўдалося сабраць падчас анлайн-марафону, будуць выкарыстаны для набыцця неабходных сродкаў аховы, прэпаратаў і абсталявання, што выкарыстоўваюцца ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. Акрамя таго, сумесна з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій арганізатары дабрачыннай акцыі абвясцілі збор даных донараў плазмы для лячэння хворых на Covіd-19 — такіх «анёлаў-дарыцеляў», якія дапамогуць выратаваць жыцці іншых людзей, чакаюць па ўсёй краіне.
— Гэта той выпадак, калі дапамога не бывае малой ці вялікай, — перакананая дырэктар прадзюсарскага цэнтра Анжэліна МІКУЛЬСКАЯ, — кожная кропля ў моры важная, таму мы вельмі ўдзячныя ўсім і кожнаму: і арганізацыям, і канкрэтным людзям, якія ўдзельнічаюць у праекце і ахвяруюць на дабрачынны збор для бальніц хто колькі можа. Мы бачым падчас гэтых марафонаў, якія сціплыя нашы беларускія медыкі, як яны пасярод неверагоднай стомленасці і напружанай працы часам забываюцца на сябе, дапамагаючы іншым, — а таму асабліва востра рэагуюць на ўвагу да сябе, маральную падтрымку, шчыра радуюцца і бясконца дзякуюць артыстам. І таму, сваю чаргу, наша каманда радуецца, калі бачыць, што наш унёсак патрэбны, што за сабраныя грошы ўжо набытая пэўная частка неабходнага абсталявання... Мне здаецца, цяперашняя агульная бяда дазволіла раскрыць у кожным момант чалавечнасці, чуласці і гатоўнасці дапамагчы, і гэта, мабыць, самае каштоўнае, тое, што набліжае людзей ва ўсім свеце да выздараўлення. Усе разам — мы абавязкова пераможам хваробу.
Нагадаем, раней прадзюсарскі цэнтр «Спамаш» правёў два анлайн-марафоны, дзякуючы якім была аказана адрасная дапамога мінскай гарадской клінічнай бальніцы № 3 імя Я. Клумава, а таксама Віцебскай абласной бальніцы. Прамыя трансляцыі ўсіх трох марафонаў на інтэрнэт-пляцоўках паглядзела звыш 300 тысяч чалавек.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Прэв'ю: alev.biz
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.