Вы тут

Навошта бераг турэцкі? Жыхары Міншчыны маюць варыянты летняга адпачынку


Мінская вобласць валодае даволі значным турыстычным патэнцыялам. Тут налічваецца 128 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, 157 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, 42 паляўнічыя комплексы, 2246 аб'ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку 194 грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу, 891 суб'ект аграэкатурызму, 23 музеі, два тэатры, 13 цэнтраў і дамоў рамёстваў, фальклору, ткацтва. У цэнтральным рэгіёне распрацавана 442 турыстычныя, 544 экскурсійныя і 86 зялёных маршрутаў. Экскурсійным абслугоўваннем турыстаў займаюцца 94 спецыялісты, якія прайшлі атэстацыю. У тым ліку 78 экскурсаводаў і 16 гідаў-перакладчыкаў.


Летась былі распрацаваны новыя маршруты і праграмы. Напрыклад, «Помнікі архітэктуры Барысаўшчыны», «Гісторыі вёскі ў гісторыі краіны», у Вілейскім раёне — «Вогненнымі дарогамі Вілейшчыны», у Валожынскім раёне — «Архітэктурныя жамчужыны Івянца ХІХ стагоддзя», «Наш зямляк Дунін-Марцінкевіч», у Чэрвеньскім раёне сумесна з турыстычным прадпрыемствам «Віаполь» адкрыты маршрут па гарадскім пасёлку Смілавічы і музеі — «Прастора Хаіма Суціна». На базе гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» вяліся работы па стварэнні музея «Беларускай маляванкі». Тут устаноўлены знакі-ўказальнікі з неабходнай інфармацыяй на беларускай і англійскай мовах. Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна» рэалізаваў новы праект «Наш браняносец», які дае магчымасць турыстам прыняць удзел у рэальным вучэбным баі. З'явіўся абласны каляндар падзейных мерапрыемстваў, які размешчаны на турыстычным партале Мінскай вобласці. Стабільна і дынамічна развіваліся медыцынскі, паляўнічы турызм, агратурызм. Па апошнім Міншчына з'яўляецца лідарам у краіне.

Цяпер сітуацыя ў сферы турызму значна пагоршылася, паколькі іншаземцы не могуць прыехаць у Беларусь з прычыны таго, што іх краіны закрылі граніцы. Турыстычная галіна Мінскай вобласці вымушана пераарыентавацца на ўнутраны турызм і шукаць новыя цікавыя формы работы, каб здзівіць айчынных спажыўцоў турыстычнага прадукту. Напрыклад, гэта добра разумее дырэктар Маладзечанскага ТАА «Вегатур» Алена Русакевіч. Сёння, каб зацікавіць людзей, неабходна стварыць новыя праекты, лічыць кіраўнік. На тэрыторыі Лагойскага раёна ёсць філіял музея «Акопы». Менавіта тут былі напісаны знакамітыя п'есы Янкі Купалы, у тым ліку і «Паўлінка». Сёлета бессмяротнаму твору спаўняецца 100 гадоў. «Вегатур» разам з літаратурным музеем Янкі Купалы прапаноўваюць рэалізаваць праект «Пасля кірмашу», які мае на мэце трохгадзінную інтэрактыўную праграму з поўным пагружэннем у атмасферу беларускага каларыту пачатку ХХ стагоддзя. Першая частка прадугледжвае наведванне музея «Акопы», другая — удзел у беларускім кірмашы з героямі п'есы «Паўлінка». Гасцям будзе дадзена магчымасць адчуць атмасферу народнага гуляння, наведаць карчму «Апошні грош», стаць удзельнікам беларускіх абрадаў, набыць вырабы народных умельцаў і натуральныя беларускія прадукты, паглядзець выступленні тэатральных, музыкальных і цыркавых калектываў на кірмашовай сцэне. Трэцяя частка — усіх турыстаў пасля кірмашу запрашае да сябе ў госці сям'я Крыніцкіх. Госці рассаджваюцца за сталы, частуюцца беларускімі стравамі, адначасова на сцэне ідзе спектакль па п'есе «Паўлінка».

— Гэты праект, як адзін з варыянтаў выжывання, — кажа загадчыца сектара турызму і арганізацыйна-кадравай работы Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Інга Малашкевіч. — Для развіцця ўнутранага турызму маем на мэце актыўна рэкламаваць рэсурсы, якія ў нас ёсць, падтрымліваць лакальнае         прадпрымальніцтва ў турызме, займацца прыцягненнем інвестыцый у гэтую сферу і стварэннем рэгіянальных брэндаў. Што датычыцца ўязнога турызму, у планах — прапрацаваць пытанне па бязвізавым уездзе ў Мядзельскі раён, а таксама пытанне па допуску турыстаў на прадпрыемства «Беларуськалій», дзе яны маглі б спусціцца ў шахту і падняцца на тэрыконы. Гэта дало б штуршок да распрацоўкі новых экскурсій і маршрутаў, развіццю паўднёвага напрамку ў вобласці, які не карыстаецца вялікай папулярнасцю, у тым ліку ўключыўшы Узду і Слуцк.

У санаторна-курортных і аздараўленчых установах таксама ідзе адмена браніравання пуцёвак, часткова людзі пагаджаюцца на перанос адпачынку на іншы час. Аднак большасць патрабуе вярнуць грошы. Таму санаторыі распрацоўваюць планы загрузкі. Напрыклад, санаторый «Юнацтва» для напаўнення прапаноўвае 30 % зніжкі, працуе з айчыннымі турпрадпрыемствамі па загрузцы ўстановы беларускімі грамадзянамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».