Вы тут

Што прапануе Жыткавіцкі край для аграэкатурыстаў


Харчаванне з выкарыстаннем экалагічных прадуктаў з сялянскай гаспадаркі, пешыя экскурсіі, рыбалка, сплавы па рацэ, паходы ў лес у грыбы ды ягады... Гэта толькі частка таго, што можа прапанаваць Жыткавіцкі край Гомельшчыны для аграэкатурыстаў.


— Жыткавіцкі раён уваходзіць у сістэму турыстычных маршрутаў «Залатое кальцо Гомельшчыны», — кажа загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама Васіль Пінчук. — Нашы візітныя карткі: краязнаўчы музей і музей прыроды Беларусі, помнік пісьменніку Старажытнай Русі Кірылу Тураўскаму, «Замкавая гара» старажытнага горада, помнікі культавага дойлідства — тураўская царква Усіх Святых, Свята-Барыса-Глебская капліца і могілкі з цудатворнымі крыжамі.

Асаблівую цікавасць для арнітолагаў маюць заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, што размешчаны на тэрыторыі раёна. Цікавыя водныя і пешыя экскурсійныя маршруты, што пралягаюць у глыбінцы Палесся.

— На возеры Белае створаны буйны турыстычны комплекс: корпус з нумарамі з усімі выгодамі для пражывання з сям'ёй, — працягвае суразмоўнік. — Гэта ідэальнае месца, каб вудзіць рыбу, паспрабаваць сябе ў пераадоленні маршрутаў пешага турызму. Адным з папулярных месцаў лічыцца таксама «Дом паляўнічага і рыбалова», які адкрыты дзяржаўнай лесагаспадарчай установай «Жыткавіцкі лясгас».

Адзін з цікавых і перспектыўных кірункаў, лічаць у раёне, — гэта фітатурызм. У аграсядзібе ў вёсцы Боркі, напрыклад, да сёлетняга сезона адпачынкаў рыхтавалі пазнавальную праграму для дзяцей і іх бацькоў. Акцэнт ставіцца на стварэнне ўласнага аптэкарскага агароду і навучанне рэцэптам прыгатавання гарбаты з лекавых раслін.

— У гэтай аграсядзібе да сёлетняга сезона адпачынку рыхтаваліся вельмі сур'ёзна, — дадае Васіль Пінчук. — Узімку правялі рэканструкцыю памяшканняў і будынкаў для таго, каб адпачываць тут было зручна маламабільным людзям і тым, хто абмежаваны ў сваіх фізічных магчымасцях.

Зрабілі ў аграсядзібе таксама акцэнт на паўнавартасныя пазнавальныя і практычныя заняткі для дзяцей. Гарадскія хлопцы і дзяўчаты могуць паглядзець, як дзейнічае пчалярная гаспадарка, навучыцца гэтаму рамяству ці паназіраць, якімі прыстасаваннямі яшчэ нашы прадзеды лавілі дзікіх пчол.

Увогуле, мясцовыя жыхары ўпэўнены, што іх раён яшчэ атрымае належную ацэнку ад беларусаў — аматараў аўтамабільнага, пешага і воднага турызму. Развітая дарожная сетка дазваляе ўсім, хто жадае, прыехаць на адпачынак з сям'ёй і застацца на выхадныя ў маляўнічых кутках каля поймаў Прыпяці і Случы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота дадзена сектарам спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама

Загаловак у газеце: Маляўнічы куток каля Прыпяці і Случы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».