Вы тут

XVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ўпершыню пройдуць у анлайн-фармаце


XVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі, упершыню пройдуць у анлайн-фармаце. Відэатрансляцыя форуму ў рэжыме рэальнага часу пачнецца сёння, 15 мая, аб 11 гадзіне, а пазней відэазапіс канферэнцыі будзе дасяжны для ўсіх ахвотных.


«Мы не змаглі адмяніць традыцыю штогадовага правядзення гэтай ужо слаўнай навуковай канферэнцыі, і хоць па зразумелых прычынах юбілей у Жыровіцах пакуль не адбудзецца, але хай наша міжнародная канферэнцыя стане своеасаблівым паклонам духоўнаму цэнтру Беларусі», — зазначаюць супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, на заклік якой адгукнуліся навукоўцы як з нашай краіны, так і даследчыкі з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі. На інтэрнэт-партале nlb.by было зарэгістравана больш за 100 дакладаў, а каля 60 артыкулаў прадстаўленыя для друку ў выніковым зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

— Планавалі перанесці кнігазнаўчыя чытанні на восень, разглядалі розныя варыянты і шмат абмяркоўвалі гэта пытанне з патэнцыйнымі ўдзельнікамі, і аказалася, што наўрад ці ў лістападзе мы здолелі б сабрацца ў тым складзе, які быў заяўлены першапачаткова, — зазначае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь СУША. — Многія замежныя даследчыкі плануюць сваю работу вельмі загадзя, і яны проста не змаглі б прыехаць у іншыя даты. З іншага боку, не хацелася парушаць традыцыю правядзення канферэнцыі штогод у красавіку—маі, і прапускаць такую важную, вартую ўшанавання нагоду, як 500-гадовы юбілей Жыровіцкага манастыра і 550-годдзе цудатворнага абраза Божай Маці Жыровіцкай.

Замест публічнага мерапрыемства арганізатары распрацавалі надзвычай цікавую камбінаваную форму яго правядзення, якая спалучыць віртуальную частку і жывую прысутнасць. Так, каля 15 айчынных навукоўцаў, хто мае такую магчымасць, прыедуць у Нацыянальную бібліятэку, кожны ў дакладна вызначаны час, і агучаць свае даклады перад камерай — у анлайн-трансляцыі, у тым ліку на YouTube-канале. Да таго ж выступоўцам можна будзе задаваць пытанні ў інтэрнэт-каментарыях, і ў рэжыме рэальнага часу навукоўцы з дапамогай мадэратараў канферэнцыі паспрабуюць на іх адказаць. Частка ўдзельнікаў, якія не змогуць фізічна прысутнічаць на канферэнцыі, даслалі свае відэапрывітанні і запісы выступленняў, альбо суправадзілі гатовыя прэзентацыі аўдыякаментарыямі — усе гэтыя запісы будуць інтэграваныя ў агульную канву форуму. У прыватнасці, свае вітанні ўдзельнікам праз відэасувязь перададуць суарганізатары канферэнцыі — міністр культуры Юрый Бондар і прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі і духоўнай акадэміі Аляксандр Слесараў.

І, безумоўна, самыя цікавыя даследаванні на тэму гісторыі Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі, развіцця кніжнай культуры Беларусі ўвайшлі ў зборнік матэрыялаў XVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, які ўбачыў свет акурат да юбілею ў знак ушанавання адной з галоўных хрысціянскіх святыняў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: chitaem-vmeste.ru

Загаловак у газеце: Кнігазнаўчыя чытанні — у анлайн-фармаце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.