Вы тут

Прэзідэнт: За пяць гадоў мы можам Віцебскую вобласць адрадзіць


Кіраўнік дзяржавы пабываў на комплексе па вырошчванні цялушак «Мішуткі» вытворчага ўчастку «Вымна» УП «Рудакова».


На комплексе Прэзідэнту далажылі аб ходзе вясенніх палявых работ у краіне, сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці і Віцебскага раёна, аб працы сельскагаспадарчых арганізацый, якія ўваходзяць у аграпрамысловае аб’яднанне ААТ «Малако» г. Віцебск, аб падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

ААТ «Малако»  створана ў 1996 годзе ў працэсе прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці Віцебскага малочнага камбіната, заснаванага ў 1931 годзе. У снежні 2019-га таварыства рэарганізавана шляхам выдзялення ва ўнітарнае прадпрыемства філіяла «Рудакова» (вырошчванне агароднінных культур) з вытворчымі ўчасткамі «Палудзеткі» і «Вымна» (накіраванасць).

Віцебшчына, як вобласць складанага земляробства, ужо доўгі час на асаблівым кантролі ў Прэзідэнта. Для вырашэння праблем паўночнага рэгіёну ў 2016 годзе пайшлі на эксперымент — стварылі некалькі інтэграваных структур з поўным цыклам вытворчасці ў АПК. Але назваць яго паспяховым не прыйшлося. Ініцыятыва далучыць да моцных гаспадарак слабейшыя дала плён, але кардынальна сітуацыю не змяніла. Пра гэта прадстаўнікі вышэйшых эшалонаў улады ўжо гаварылі на гістарычнай для Віцебска нарадзе ў лістападзе 2019-га. Якім чынам складваюцца справы ў АПК рэгіёна праз паўгады пасля сур’ёзнай размовы, Прэзідэнт убачыў на ўласныя вочы.

ААТ «Малако» г. Віцебск — найбуйнейшы вытворца малочных прадуктаў, на якім перапрацоўваецца каля дваццаці працэнтаў малака Віцебскай вобласці. У склад таварыства ўваходзяць галаўное прадпрыемства і пяць вытворчых цэхаў. Прадпрыемства выпускае каля 250 найменняў прадукцыі, якая рэалізуецца пад брэндам «Віцебскае малако» ў Беларусі і за яе межамі.

Для развіцця ўласнай сыравіннай зоны да 2025 года плануецца будаўніцтва малочна-таварнай фермы магутнасцю дзве тысячы галоў асноўнага статку з поўным шлейфам і арыенціровачным коштам будаўніцтва 90 мільёнаў рублёў у вытворчым участку «Вымна» УП «Рудакова».


«Будзе вынік — будуць грошы»

На комплексе «Мішуткі» Прэзідэнт, знаёмячыся з тэхналогіяй вырошчвання цялушак, станоўча ацаніў дасягненні жывёлаводаў.

«Будзе вынік — будуць грошы. Будзе нейкі рух дапаможам і далей падтрымаем», — на такую працу арыентаваў аграрыяў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што на Віцебшчыне хоча паглядзець, як развіваюцца сем створаных указам інтэграваных комплексаў — новых формаў, распрацаваных для паўночнага рэгіёна.

У холдынгі ўваходзяць 130 вытворцаў зерня, мяса, малака. На іх чале стаяць канчатковыя прадпрыемствы — Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, Верхнядзвінскі масласырзавод, Віцебскі мясакамбінат, ААТ «Малако», Пастаўскі малочны завод, Аршанскі малочна-кансервавы і Полацкі малочны камбінат.

«Напэўна, мы намацалі зямную форму — інтэграцыйную структуру. Дзякуючы вам усім намацалі. Мая справа ўжо была прааналізаваць і сказаць так ці не. Я бачу, што гэта зямное. Ад зямлі: ідуць кармы, а потым малако, мяса — на перапрацоўку. Перапрацаваў, прадаў, грашовыя патокі пайшлі туды, адкуль прыйшлі малако, мяса. Гэта нармальна. І так мы можам за пяць гадоў Віцебскую вобласць адрадзіць», — адзначыў Прэзідэнт. 

Грошы, якія цягам часу павінны з’явяцца ў АПК вобласці, накіруюць на добраўпарадкаванне палёў, іх рэкультывацыю.

На рабатызаваным комплексе «МТК-Буева» Прэзідэнт азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці малака.

Зараз аграрыі хваляць аўтаматызаваную сістэму, але перспектыўны комплекс калісьці быў у заняпадзе. Нават шукалі грошы, каб яго разбурыць. Сёння яны кажуць: шчасце, што сродкі тады не знайшлі.

«Зіма ў гэтым годзе была іншая, магчымасці былі, ды і самі падцягнуліся. Зусім іншая Беларусь, уся зялёная. А калі ляціш, бачна, што гэта гаспадарка слабейшая, дысцыпліна там горш», — выказаў Прэзідэнт уражанні і прызнаўся, што не чакаў такога ўбачыць на Віцебшчыне.


«Зямля ёсць, глеба. Людзі ёсць. Падтрымка аказана адпаведная. Ну а вынік?»

Вынікі падводзілі на адмысловай нарадзе. На ёй, дарэчы, Прэзідэнт папярэдзіў, што ў найбліжэйшы час, а то і цягам пяцігодкі (у залежнасці ад вынікаў выбараў) праца будзе весціся менавіта ў такім стылі.

У Віцебскай вобласці створана сем інтэграцыйных структур, чые кіраўнікі прысутнічалі на нарадзе. Аляксандр Лукашэнка нагадаў сутнасць такіх аб’яднанняў: мясакамбінатам і малаказаводам у якасці сыравінных зон перадалі нерэнтабельныя гаспадаркі.

«Зямля ёсць, глеба. Людзі, якія засталіся, ёсць, якія жадаюць працаваць (мы гэта ўбачылі па „Рудакова“). Падтрымка аказана адпаведная. Ну а вынік? Таму мэта маіх візітаў і аналіз спраў у гэтых сямі структурах будзе менавіта такой, як сёння. Гэта — галоўнае», — расставіў прыярытэты кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што паездка адбылася не на перадавое прадпрыемства, а на самае звычайнае, радавое. ААТ «Малако» г. Віцебск — адна з двух інтэграцыйных структур Віцебскага раёна.

«Гэта тое, як мусіць быць уся Віцебская вобласць, але толькі па якасці, па тэхналогіях, па аддачы, па эфектыўнасці вышэйшай, чым тут. Думка была простая, зямная, калі мы прымалі рашэнне па інтэграцыйных структурах, — ёсць зямля, ёсць людзі, дапаможам з тэхнікай, падключым розныя рэсурсы. Канешне, усё адразу не зробім. Атрымаем ад зямлі, ад калгасаў, саўгасаў, будзем казаць па-старому, мяса і малако на галаўное прадпрыемства — Віцебскі малаказавод з дзесяці гаспадарак», — канстатаваў Прэзідэнт.


«Мы заўсёды ў свеце знойдзем, куды прадаць прадукты харчавання»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што большасць грошай ад продажу сыравіны трэба вярнуць сяльчанам, каб заўтра атрымаць больш малака, калі гэта трэба будзе для рынку.

«Трэба разумець, што галаўное прадпрыемства мусіць быць самым перадавым, бо вы можаце сыравіну прывезці туды, абы як перапрацаваць, як гэта было ў Віцебскай вобласці ці ў савецкія часы ў нас, — ну дык тады рынак быў неахопны. Сёння трэба будзе павялічваць аб’ём малака і думаць: а куды прадаць яго? Ну, я думаю, што мы заўсёды ў свеце знойдзем, куды прадаць прадукты харчавання», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Таму аб’ёмы вытворчасці можна павялічваць, але вырабляць такі прадукт, які спажыўцы адрывалі б «з рукамі-нагамі». А значыць, інтэгратары (малаказаводы і мясакамбінаты) павінны быць тэхналагічна самымі перадавымі, запатрабаваў лідар краіны.

«Узоры такіх гаспадарак ёсць. Нядаўна мы былі на малочным прадпрыемстве ў Брэсцкай вобласці. Не трэба нікуды хадзіць. І не адно, такіх шмат, і ў Оршы, здаецца, пачынае працаваць... Высокія тэхналогіі, самыя перадавыя — капіруйце. А другое прадпрыемства, мы былі, у „Сервалюкса“. Усё зроблена, пад рынак заточана», — нагадаў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён перасцярог ад памылкі, якую нельга дапусціць: калі галаўныя прадпрыемствы развіваюцца праз шкоду сялянам, якія вырабляюць малако і мяса. Гэтага быць не павінна, папярэдзіў лідар краіны.

«Для Віцебскай вобласці адступаць няма куды — да вас павінны потым прыязджаць і вучыцца, як арганізоўваюць падобныя інтэграцыйныя структуры, і выцягваць стратныя прадпрыемствы адзіным ланцужком», — паставіў задачу кіраўнік Беларусі.

Аналагічныя структуры можна ствараць і ў іншых абласцях краіны, у чым і спатрэбіцца досвед Віцебшчыны. Таму Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ход мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці і надалей будзе абмяркоўвацца на месцах.

«Рэалізуем гэта, пераможам — будзе толк. Калі мы ўжо ў Віцебскай вобласці можам узняць сельскую гаспадарку, прывесці ў парадак, каб людзі тут працавалі і радаваліся і каб моладзь сюды ішла... А моладзь пойдзе», — перакананы Прэзідэнт.


Пра эпідэмію каранавіруснай інфекцыі

І хоць тэма сённяшняй паездкі і нарады па яе выніках дакладна акрэсленая, Прэзідэнт не мог не закрануць і пытанне, якому надаецца шмат увагі ў грамадстве, — эпідэміі новай каранавіруснай інфекцыі.

«У гэтай пандэміі так званай, у гэтай істэрыі ёсць і станоўчае. Як і ў глабальным плане ў свеце (усе зразумеюць, чаго мы каштуем і хто ў нас сябар, хто вораг), так і на нізкім узроўні, у адносінах паміж людзьмі. Станоўчае тое, што яна крыху падштурхнула людзей, і людзі зразумелі, што трэба трымацца за зямлю. А што да хвароб (а яны будуць у нас, гэтыя вірусы, заўсёды), вёска — гэта выратаванне. У вас няма ні істэрыі, ні псіхоза, і нават вірус вас, дзякуй богу, неяк бокам абыходзіць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобнай тэмай на нарадзе стала адукацыя — падрыхтоўка спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. На думку Прэзідэнта, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў мусяць разумець, у кім ёсць патрэба, хто прыйдзе на працу. Напрыклад, падзёж жывёлы проста залежыць ад якасці падрыхтоўкі ветэрынара.


Крупко: Кантралюем экспарт амаль кожны дзень

Пра ход веснавых палявых работ і стан сельскай гаспадаркі краіны далажыў профільны міністр Іван Крупко. Па яго словах, за чатыры месяцы галіна спрацавала з ростам 105 працэнтаў, падрос на 9 працэнтаў і экспарт за тры месяцы.

Тут Аляксандр Лукашэнка спыніў спікера і запытаў, ці ёсць залежы экпартнай прадукцыі на складах?

«Усё ў рабоце. Ёсць кантракты, яны рэалізоўваюцца. Кантралюем гэта амаль кожны дзень. Размаўляем з абласцямі. Няма сёння праблем у Магілева, няма ў Віцебскай вобласці. Крыху затавараны па сухім малаку склады ў Мінскай і Гродзенскай вобласці», — сказаў Іван Крупко.

Аграрыі адказваюць, што са збытам малака вялікай праблемы няма. Пытанне ў цане, якую гатовыя заплаціць пакупнікі.


Правялі сапраўдную навуковую работу па павелічэнні пасеваў грэчкі

Сяўба яравых у краіне амаль завершана. Засталося пасеяць 143 тысячы гектараў, з іх амаль палова — пад кукурузу. Правялі сапраўдную навуковую работу па павелічэнні пасеваў грэчкі. Правялі вучобу, вызначылі гаспадаркі, знайшлі насенне. Па словах міністра, няма сумневу, што 22,8 тысячы гектараў будзе засеяна гэтай культурай.

«Мы прайшліся разам з вучонымі па насенні, па ўсёй тэхналогіі, па этапах, што неабходна ўносіць на мінеральных угнаеннях. Культура не пераборлівая», — запэўніў кіраўнік ведамства.

Калі па грэчцы беларускія спецыялісты толькі намацваюць сваю нішу, то па бульбе пытанняў няма. Планы па пасеву перавышаныя.

Тут Прэзідэнт падзяліўся сваімі адчуваннямі: вопыт падказвае, што ў гэтым годзе бульба будзе ў цане: «Зразумела, расіяне, Масква, Піцер у нас куплялі і будуць купляць у большых аб’ёмах. З-за гэтага псіхозу не заўсёды развернуцца. А ўявіце Украіну. Яны ў нас у мінулым годзе з палёў забіралі бульбу. Вы што, думаеце, у іх насенне засталося? Не. За адзін год з гэтага не выйдзеш».

«Кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Калі ў нас будзе што прадаць, мы заўсёды прададзім па добрай цане. Нашы сяляне гэтага заслужылі. Мы нямала ўкладалі працы і грошай у сельскую гаспадарку, мучыліся, прадаючы харчаванне, а зараз з рукамі і нагамі яго забяруць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сярод даручэнняў для аграрыяў не толькі вобласці, але і ўсёй краіны — якасна працаваць з кармамі, рыхтаваць паліва і тэхніку, у тым ліку і для будучай уборачнай кампаніі. Пытанне з недахопам камбайнаў Прэзідэнт даў указ вырашаць сумесна з Гомсельмашам.

Аляксандр Лукашэнка параіў пераносіць вопыт віцебскіх інтэграцыйных структур і на іншыя рэгіёны: «Хоць па адной дзесьці інтэграцыйнай структуры трэба ствараць. Яны ў любой, нават Гродзенскай вобласці ў нейкіх раёнах патрэбны».


На Віцебшчыне назіраецца станоўчая фінансавая сітуацыя

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў далажыў Прэзідэнту, што за тры сёлетнія месяцы ў Віцебскай вобласці дынаміка па паказчыках станоўчая. У прыватнасці, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі склала 103,2 працэнта, будаўніча-мантажныя работы — 126 працэнтаў, рознічны тавараабарот — 102 працэнты, затраты зніжаны на 1,7 працэнта. Экспарт тавараў склаў 106 працэнтаў, прамыя замежныя інвестыцыі павялічыліся ў два разы.

«Інвестыцыі ў цэлым летась былі 103 працэнты, сёлета — 117 працэнтаў. Гэта асноўная крыніца для развіцця вытворчасці. У цэлым па вобласці прырост неблагі. Асноўную долю інвестыцый у вобласці займаюць камунальныя і бязведамасныя прадпрыемствы», — паведаміў Мікалай Шарснёў.

Усе гэтыя паказчыкі ствараюць станоўчую фінансавую сітуацыю, рэнтабельнасць сёлета павялічылася практычна ў два разы.


Андрэйчанка: Эканоміку Віцебскай вобласці стварылі фактычна з нічога

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка нагадаў журналістам, што ў лютым прыняты Указ Прэзідэнта аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

«Няпростыя часы былі і раней, калі практычна мы пачыналі працаваць з нуля. Тады была распрацавана Праграма адраджэння і развіцця вёскі, тады мы стварылі добрыя аграгарадкі, укаранялі ў сельскай гаспадарцы сацыяльныя стандарты. Практычна ў кожным раёне арганізавалі аперацыйныя, рэанімацыйныя, якія, напэўна, у многім дапамаглі нам і зараз», — сказаў спікер ніжняй палаты парламента.

Так, эканоміку Віцебскай вобласці стварылі фактычна з нічога. Рэканструкцыя «Нафтана», маслаэкстракцыйны завод у Віцебску, мадэрнізацыя усіх мяса- і малочных камбінатаў — створана аснова для стабільнай работы.

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».