Вы тут

Баскетбаліст Аляксандр Кудраўцаў: Можна апусцiць рукi, толькi навошта?


Адзiн з самых яркiх гульцоў у гiсторыi беларускага баскетбола ўспамiнае найлепшыя моманты сваёй кар'еры.

Праз тыдзень Аляксандру Кудраўцаву споўнiцца 40. У жнiўнi 2019-га, па заканчэннi баскетбольнага сезона, ён абвясцiў аб завяршэннi кар'еры — кар'еры, якая была вельмi яркая. На працягу 22 гадоў Аляксандр выступаў за беларускiя, польскiя, украiнскiя, турэцкiя i лiтоўскiя клубы, але апошнiя сезоны правёў у складзе мiнскiх «Цмокаў» i хацеў скончыць сваю кар'еру менавiта ў гэтай камандзе. Дзевяць разоў ён станавiўся чэмпiёнам Беларусi i неаднаразова прызнаваўся найлепшым баскетбалiстам краiны. За 16 гадоў выступлення за нацыянальную зборную Кудраўцаў не прапусцiў нiводнага матча i заўсёды адзначаў, што абараняць гонар краiны асаблiва важна для яго. Хоць за гэты час Аляксандр i не дабiўся са зборнай сваёй галоўнай мэты, яна ў яго засталася — цяпер ён гуляе на аматарскiм узроўнi i спадзяецца трапiць на чэмпiянат Еўропы i свету ў катэгорыi ветэранаў. У сваiм iнтэрв'ю напярэдаднi дня нараджэння Аляксандр Кудраўцаў расказвае пра тое, чаму ў сваёй новай рабоце не сышоў далёка ад баскетбола, цi лёгка яму далося рашэнне аб завяршэннi кар'еры i што чакае беларускi мужчынскi баскетбол у найблiжэйшы час.


— Аляксандр, адразу пасля завяршэння гульнявой кар'еры вы перайшлi на новую пасаду. Раскажыце пра сваю цяперашнюю работу.

— Я адразу хацеў куды-небудзь акунуцца, таму што апошнiя 20 гадоў нiчым, акрамя баскетбола, не займаўся, i, каб адцягнуцца, мне трэба было хутчэй знайсцi штосьцi новае. Даведаўся, што адкрыта вакансiя на пасаду начальнiка жаночай нацыянальнай каманды па баскетболе, пагаварыў з трэнерамi, прадстаўнiкамi федэрацыi — вырашылi, што я магу паспрабаваць. Цяпер гэтая праца дае мне задавальненне. Нiчога складанага ў ёй няма, праўда, шмат папяровай работы, але з баскетбольнай спецыфiкай я добра знаёмы i мне практычна не давялося вучыцца чамусьцi новаму.

— Банальнае пытанне: трэнерскую дзейнасць для сябе вы не разглядалi?

— Не, на цяперашнi момант мне гэта не зусiм цiкава. Жыццё i час пакажуць, але пакуль я сябе ў гэтым не бачу, мне хапае выхавання сваiх дваiх дзяцей.

— З пераходам на новую работу ў вас з'явiлася больш вольнага часу?

— Я б не сказаў — шмат часу праводжу ў офiсе, вырашаючы нейкiя пытаннi. Вольны час з'явiўся толькi цяпер, калi мы нiкуды не ездзiм з-за пандэмii. Калi б гэтага ўсяго не было, выязны графiк са зборнай i з маёй ветэранскай камандай быў бы даволi шчыльны. Таму цяпер больш часу стараюся прысвячаць дзецям, бо яны ж сядзяць дома.

— Многiя спартсмены адзначаюць, што рашэнне завяршыць кар'еру даецца даволi складана...

— Былi i раней моманты, калi я хацеў заканчваць са зборнай краiны, каб засяродзiцца на клубнай рабоце, але атрымалася так, што скончыў i са зборнай, i з клубам адначасова. Хоць у мяне былi яшчэ прапановы пагуляць у розных краiнах — дарэчы, у розных, акрамя Беларусi. Аднак я прыняў рашэнне перайсцi на iншую работу. Унутры саспела такое пачуццё, што трэба зрабiць гэта цяпер, момант надышоў. Я такi чалавек, што калi штосьцi адчуваю, магу спантанна прыняць вельмi нечаканае рашэнне. Але гэтае рашэнне не магу назваць раптоўным, таму што абдумваў яго на працягу ўсяго апошняга сезона, настройваў сябе на тое, што гэта, хутчэй за ўсё, будзе апошнi год, абмяркоўваў гэта з трэнерамi «Цмокаў».

— Як адчувалi сябе ў апошнiя гады ў мiнскiм клубе? Можна сказаць, што асноўная частка гульцоў — гэта ўжо зусiм iншае пакаленне...

— З беларусаў канкурэнцыю там мне складаў толькi Вiталь Лютыч, яго ўжо таксама можна назваць немаладым гульцом. Iншыя баскетбалiсты яшчэ маладыя, але я ўсё роўна мог бы з iмi падужацца. У асноўным у апошнiя гады мне давялося гуляць з пакаленнем, якое маладзейшае за мяне на 12-15 гадоў. У прынцыпе, адчуваў сябе з iмi на адной хвалi, хлопцы вельмi кампанейскiя, камунiкабельныя, нiякiх жартаў ад iх на свой адрас я нiколi не чуў, стаўленне заўсёды было паважлiвае i прафесiйнае.

* * *

— Пасля таго як вы згулялi свой апошнi матч на прафесiйным узроўнi, без баскетбола ўсё роўна не засталiся...

— Так, таму што на аматарскi ўзровень я выйшаў ужо дзесьцi ў вераснi, кастрычнiку. Мы гулялi на мiжнародным турнiры ў Латвii. Потым прайшлi наступныя турнiры, у маёй каманды нават была пераможная серыя — больш за 15 выйграных матчаў. Якраз перад эпiдэмiяй згулялi фiнальны матч у Слонiме i прайгралi камандзе «Серабранка», добраму аматарскаму калектыву — так пераможная серыя спынiлася. Планавалi ехаць на чэмпiянат Еўропы ў Будапешт у чэрвенi, але яго, мабыць, адмянiлi.

— На аматарскiм узроўнi, напэўна, не хапае адрэналiну, залежнасцi ад вынiку?

— Чаму? Мы заўсёды хочам выйграваць! У мяне каманда, дзе я ў свае 40 гадоў самы малады, астатнiм — 45, 60, 63 гады. Хлопцы там даўно не выйгравалi, а цяпер адчулi гэты смак, таму азарт велiзарны. Шматлiкiя каманды, якiя гуляюць супраць нас, нашмат маладзейшыя, i калi iх «абуваюць» дзядкi, становiцца крыўдна. Даходзiць нават да розных сутычак, таму што судзейства бывае не такое ўжо прафесiйнае, пачуццi кiпяць. Мы атрымлiваем асалоду, хоць, вядома, калi прайграем, то ўжо так не хвалюемся, а, наадварот, абдымаемся з сапернiкамi, гутарым i дзелiмся эмоцыямi.

* * *

— Калi згадаць усю вашу кар'еру, якi момант назвалi б самым яркiм?

— Iх было шмат. Але ў сваёй кар'еры я не прайшоў нi адной маладзёжнай або юнiёрскай зборнай, мяне туды проста не бралi. Быў такi момант: мы гулялi на чэмпiянаце краiны ў фiнале з камандай «Асiповiчы», гэта быў, напэўна, 10-ы або 11-ы клас. Умова была такая: чыя каманда выйграе, той трэнер i сфармiруе склад юнiёрскай зборнай. У фiнале мы прайгралi, я тады ўжо выходзiў на лiдзіруючыя ролi i набраў у гэтым матчы ачкоў 20, але мяне ў зборную не ўзялi, i ў маладзёжную таксама. Менавiта гэты момант даў мне велiзарны стымул.

— Але ж можна было паставiцца да яго i па-iншаму — наадварот, апусцiць рукi...

— Можна было. У любы момант можна апусцiць рукi, толькi навошта? Можна апусцiць iх на 30 секундаў, але сабрацца i падняць зноў. Дрэннага настрою ў свеце ў нас i так хапае, нiколi не варта здавацца.

— З чым вы звязваеце той факт, што вас не выклiкалi ў юнiёрскую i маладзёжную зборныя?

— Значыць, тыя людзi, якiя кiравалi гэтымi камандамi, тады не бачылi ўва мне гульца, якi мог iм дапамагчы ў той момант, я iх за гэта не вiнавачу. Хтосьцi раскрываецца раней, хтосьцi пазней. Атрымалася так, што туды я не трапiў, але пратрымаўся ў баскетболе на прафесiйным узроўнi нашмат больш за астатнiх. Магчыма, калi б тады гуляў у тых зборных, мой лёс склаўся б па-iншаму.

— Але ў нацыянальную зборную ў вынiку вы ўсё ж такi трапiлi. Памятаеце момант, калi даведалiся, што вас выклiкаюць у каманду?

— Вядома! Гэта было перад мiжнародным турнiрам у Егiпце, мне тады было 22-23 гады. На той момант шмат людзей адмовiлася прыехаць у зборную, а мяне ўжо раней падключалi да нацыянальнай каманды, але толькi трэнiравацца. Гэта было, па-мойму, лета, старэйшыя хлопцы ўжо скончылi клубны сезон, хацелi больш адпачыць, а тут нейкi незапланаваны збор, таму многiя адмовiлiся. Былi чатыры месцы, узялi двух вiцебскiх хлопцаў майго ўзросту, мяне i яшчэ кагосьцi. Можна сказаць, мне пашанцавала. Ужо на гэтым турнiры я добра зарэкамендаваў сябе i замацаваўся ў зборнай. Пасля гэтага заключыў прафесiйны кантракт i ў далейшым пачаў прыязджаць на кожны матч нацыянальнай каманды.

— Пасля гэтага ў вас быў добры легiянерскi досвед, пагулялi ў розных краiнах. Дзе адчувалi сябе найбольш камфортна?

— Паўсюль было добра. У Польшчы я ведаў мову — шмат гадоў да гэтага, калi вучыўся ва ўнiверсiтэце, працаваў з дзецьмi, якiя валодаюць польскай. Культура гэтай краiны таксама была мне блiзкая, не ўзнiкала праблем у побыце. У мяне да гэтага часу шмат сяброў у Польшчы. У Лiтве мне было таксама нармальна, хоць там нiхто не хацеў размаўляць па-руску, толькi па-англiйску i па-лiтоўску. У Турцыi я гуляў з хлопцамi, з якiмi перасякаўся раней. Напэўна, праблем не ўзнiкала нiдзе.

— Што датычыцца прафесiйнага ўзроўню баскетбола, дзе ён быў найбольш высокi?

— Калi браць арганiзацыйныя моманты, то гэта, вядома, Турцыя. Прылятаеш з гульняў, машыну падганяюць проста пад цябе, ты возiш з сабой толькi бiлеты i пашпарт. Там быў i ўзровень класны, i балельшчыкi добрыя. Добрая арганiзацыя i ў Польшчы. Трошкi горш, вядома, у гэтым плане было ва Украiне, залы сцiплыя, але затое ўзровень чэмпiянату вельмi высокi. Ну i ў «Цмокаў», вядома, калi каманда стала гуляць у лiзе ВТБ, арганiзацыйны ўзровень з кожным годам стаў павышацца. Цяпер у мiнскiм клубе адна з найлепшых арганiзацый у плане ўзроўню камфорту для спартсменаў. Гэта i свая база, i аднаўленчы цэнтр, залы — толькi гуляй.

— Тое, што апошнiя гады вы правялi ў Беларусi, было вашым уласным жаданнем?

— Толькi ў адно лета ў мяне была мiнiмальная колькасць прапаноў, а так на працягу ўсёй кар'еры, нават сёлета, было адразу некалькi варыянтаў за мяжой. Але я хацеў скончыць кар'еру ў «Цмоках». У Мiнску ўжо былi дзецi, сям'я, трэба было пачынаць больш задумвацца пра гэта, таму не хацеў зрывацца. «Цмокi» гулялi на добрым узроўнi, хацелася дамагчыся нейкiх мэт у лiзе ВТБ, таму што лiга выдатная, каманда добрая. Сапернiчаць супраць клубаў-мiльянераў, такiх зорак, вельмi цiкава.

* * *

— За зборную Беларусi вы гулялi на працягу 16 гадоў i за гэты час не прапусцiлi нiводнага матча.

— Выступленнi за зборную — гэта нешта асаблiвае для мяне: ты гуляеш за сваю краiну, за свой дом, у якiм вырас, якому ты адданы. Да зборнай ставiшся заўсёды трапятлiва, таму мы нiколi не патрабавалi нейкiх фiнансавых узнагарод, хацелася толькi добрай арганiзацыi. Зборная — гэта нешта асаблiвае на самай справе, словамi гэта не перадасi. Нават цяпер, калi я гляджу матчы нацыянальнай каманды, адчуваю натхненне i эмацыянальны ўздым.

— Цi ёсць матч за зборную, якi запомнiўся вам больш за ўсё?

— Былi матчы, якiя вырывалiся апошнiм кiдком на апошнiх секундах, былi i матчы, якiя на апошнiх секундах прайгравалiся апошнiм кiдком. Магу адзначыць гульню са зборнай Славенii, усё ж такi гэта былi чэмпiёны Еўропы, якiх мы абыгралi. I хоць многiя нашы балельшчыкi лiчаць, што гэта быў нейкi другi цi трэцi склад, гэта няпраўда. Там было як мiнiмум сем залатых медалiстаў. Тая перамога для нас вельмi многае значыць, самая яркая з апошнiх. Добрая гульня была ў Польшчы, калi перамаглi палякаў з рознiцай 23 мячы. Быў добры матч у Беларусi з эстонцамi, калi мы выйгравалi 24 ачкi i, калi б яны не забiлi нам два трохачковыя на апошнiх секундах, мы б ужо гулялi на чэмпiянаце Еўропы. За зборную наогул вельмi шмат гульняў усплывае ў памяцi.

— Што скажаце цяпер пра беларускi мужчынскi баскетбол?

— Да топ-турнiраў мы былi блiзкiя гады тры таму, а зараз знаходзiмся ў самым нiзе. Сёння трэба даць шанц маладым, якiя будуць выступаць за зборную ў блiжэйшыя 6-8 гадоў, каб яны пачалi гуляць i па маленькiх прыступках крочыць усё вышэй i вышэй. Цяпер мы абыгралi дома добрых партугальцаў, потым кiпрыётаў. У лiстападзе трэба яшчэ раз iх перамагчы, выйграць групу i трапiць далей у кваліфікацыі да чэмпіянату свету. I iсцi вось так, крок за крокам. Думаю, калi наша моладзь будзе добра сябе рэкамендаваць, то, магчыма, у сусветным баскетболе мы будзем трохi вышэй.

— На ваш погляд, чаго iм цяпер не хапае?

— Цяжка сказаць, бо ў баскетбол цяпер гуляюць усе. Напэўна, усё ж такi псiхалогii — я бачыў з залы толькi адну гульню з партугальцамi i, напрыклад, не ведаю, што здарыцца, калi Верамеенка не будзе гуляць за зборную, таму што дзякуючы яго велiзарнай працы ў гульнi з партугальцамi мы i перамаглi. Знiкне такi дасведчаны воўк, прафесар нашай каманды, — цяжка сказаць, што будзе нават у лiстападаўскiх матчах. Але я гляджу з аптымiзмам, думаю, што ўсё ж такi гэтая група нашым хлопцам па зубах. Трэба браць у зборную больш лiдараў, але сёлета нашы беларусы, на жаль, акрамя Максiма Салаша, не былi на лiдзiруючых ролях у клубным баскетболе. А калi ўсе будуць у страi (Вiталь Лютыч, Саша Семянюк, Кiрыл Сiтнiк), павiнна ўсё атрымацца.

— Што скажаце пра баскетбольны чэмпiянат Беларусi?

— Сёння безумоўны лiдар — мiнскiя «Цмокi», там сабраны найлепшыя беларусы, добрыя легiянеры, але я лiчу, што каманда павiнна гуляць у чэмпiянаце Беларусi на больш раннiх стадыях. Плаўна падцягваецца «Барысфен» з Магiлёва, у iх паляпшаецца арганiзацыя, ёсць добры трэнер — калi б было яшчэ больш фiнансаў, то i легiянераў было б больш. Пакуль мала моладзi, павiнна быць больш баскетбалiстаў высокага ўзроўню, тады яны змогуць падняць узровень чэмпiянату. А пакуль ён слабы i зусiм нецiкавы. Перш за ўсё патрэбны фiнансы, каб падпiсваць якасных легiянераў: калi будуць якасныя легiянеры, за iмi падцягнуцца i беларусы.

— У вашай кар'еры засталася нерэалiзаваная мара?

— Вядома, я хацеў пагуляць са зборнай на любым буйным сусветным i еўрапейскiм турнiры. Цяпер будзем дамагацца гэтага ў ветэранскiм спорце.

— Раскажыце аб вашых дзецях.

— Малодшы сын ходзiць у садок i пару гурткоў, старэйшы займаецца баскетболам у клубе Мешчаракова, але мы не патрабуем ад iх нiчога звышнатуральнага. Яны самi вызначацца, самi выберуць, чым захочуць займацца ў жыццi, але я падтрымаю любое iх рашэнне. Калi захочуць звязаць сваю кар'еру з прафесiйным спортам, паспрабую дапамагчы, калi не — буду дапамагаць у iншых iх пачынаннях.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.