Вы тут

Сын Каржакаватай Рысі, альбо Індзейскія сляды ў Беларусі


Наша цікавасць да «перакрыжаванняў» Беларусі з Новым Светам, Заходнім паўшар’ем спарадзіла мноства сюжэтаў для распрацоўкі, архіўных спраў, аналітычных матэрыялаў, доўгую перапіску, папкі выразак. Сабраны тысячы кніг, якія датычаць стасункаў. Працэс іх мэтанакіраванага назапашвання пачаўся з 1984 г., у ХХІ ст. велізарныя памеры набылі электронныя архівы. Інтэрнэт дазволіў дэталізаваць малавядомыя факты праз крыніцы, якія дагэтуль былі недасяжныя. Праца праходзіла галоўным чынам у рэжыме «незалежнага даследавання», аднак увесь час здавалася вартай дзяржаўнай увагі і падтрымкі. Часам нашы адкрыцці станавіліся важным дапаўненнем у энцыклапедыі і іншыя даведнікі.


Фота з сайта steklotorgopt.ru

З’яўленне ў інтэрнэце вялікіх масіваў алічбаванай перыёдыкі мінулых стагоддзяў дазваляе, напрыклад, дапоўніць гісторыю беларускай літаратуры біяграфічнай датай, якая адсутнічае і ў артыкуле ў «Беларускай энцыклапедыі». Генадзь Кісялёў, галоўны біёграф літаратара Юльяна Ляскоўскага, унесенага ў хрэстаматыю па беларускай літаратуры XIX ст.(1988), відаць, так і не даведаўся пра яго лёс пасля 1888 г. Не ведала гэтага ў 2016 г. і Вольга Лапацінская, складальнік вучэбна-метадычнага комплексу па літаратуры ХIХ ст. паслярэформеннага перыяду. Не трапілі ў іх поле зроку нават з дапамогай сеціва запісы з «некралогіі» газеты «Вольнэ польске слова» (Парыж) за 15 лютага 1889 г. і часопіса «Бібліятэка варшаўска» (Т. 1) пра нядаўнюю смерць пісьменніка, прычым часопіс удакладняў: памёр той у першых днях студзеня ў Вільні.

Такім чынам, гады яго жыцця могуць пазначацца 1826—1889. Апошняй яго кнігай стала аповесць з элементамі польска-беларускага вестэрна. Услед за Крысцінай Нарбут («У  Амерыцы», 1875) і прыкладна адначасова з Марыяй Радзевіч (яе «Дзевайціс» і «Пажары і папялішчы» былі ўпершыню надрукаваны ў той жа год, што і кніга Юльяна) у мастацкай форме звярнуўся да тэмы крывавых канфліктаў паміж індзейцамі і пасяленцамі. Мэта аповесці Ляскоўскага «У Амерыку па золата» (Варшава, 1888, пад псеўданімам Марцін Мізэра) была найперш антыэміграцыйная.

Аўтар агляду кніжак для народа Мечыслаў Бжазінскі прыйшоў да высновы, што яна не заслугоўвае распаўсюджвання, назваўшы сярод хібаў тое, што, на яго думку, выглядала непраўдападобным, напрыклад, напад індзейцаў: «Становішча эмігрантаў, як падчас падарожжа, так і пасля іх прыбыцця на месца, прадстаўленае ў  найгоршым святле: з гэтай мэтай, аднак, аўтар цалкам без патрэбы насылае на іх такія выключныя бедствы, як крушэнне судна, хваробу і страту родных, а ўрэшце напад дзікіх і пажар, што робіць увесь расказ малапраўдападобным» (Львоў, 1897).

Прозвішча Ляскоўскі сустракаем у  яшчэ адным блізкім да нашай глебы індзейскім сюжэце — у публікацыі з газеты «Дзеннік Беластоцкі» за 1 красавіка 1926 г. На выбар прозвішча для галоўнага героя, метыса, якога, відавочна, «вымыслілі» прадстаўнікі санацыйнай журналістыкі, наўрад ці мог паўплываць ужо забыты ў Польшчы ў той час Юльян Ляскоўскі. Гэтая гісторыя поўная супярэчнасцей і крайнасцей. Да апошніх можна аднесці і тое, што ў выніку нападу на ферму «на граніцы Мексікі і Злучаных Штатаў», дзе жыла эмігрантка — настаўніца-полька Марыя, адбылося яе знаёмства з правадыром індзейцаў, які пасля стаў яе мужам. Ён быў клапатлівым сем’янінам, але калі на іх напалі белыя, ён забіў жонку, каб тая не дасталася ворагам. Тут мы маем справу з яўным парадыйным меладраматызмам.

Гаворыцца пра карную экспедыцыю супраць індзейцаў. Ян Ляскоўскі, сын правадыра індзейцаў па імені Каржакаватая (або Прысадзістая) Рысь (Krępy Ryś), у якасці палоннага трапіў у Нью-Ёрк, а пазней стаў добраахвотнікам у польска-савецкай вайне. Пасля заканчэння вайны стаў паважаным вайсковым асаднікам пад Баранавічамі; хоць быў метысам, нічога не гаворыцца пра тое, што ён быў чымсьці блізкі, у «індзейскай» частцы, карэннаму насельніцтву крэсаў.

Больш падрабязная версія 1932 г. газетнай гісторыі дапоўнена многімі не менш драматычнымі і дзіўнымі падрабязнасцямі. Напрыклад, што Яна ўзялі ў цырк, дзе ён выступаў у ролі «сына чырвонага правадыра», і гэта ўжо блізка да апавяданняў Генрыка Сянкевіча «Сахем» і «Орса», у якіх у цырку выступалі адпаведна сын правадыра, «спадчыннік» тытула і сын белага і індыянкі. Месца дзеяння загаловак пераносіць канкрэтна ў горы Мексікі, што робіць гэты вестэрн больш рэалістычным як частку аперацый супраць апачаў або малой «індзейскай» вайны часоў Панча Вільі.

Менш ідыліі і ў сям’і Яна: ён забівае бацьку, пад апеку якога яго забралі ў Марыі, калі ўбачыў, што той забіў маці. Пры гэтым драма адносіцца да вайны паміж «Штатамі і Мексікай», калі «ўступіў атрад індзейцаў» (у тэксце 1926 г. гаворка ідзе пра «карную экспедыцыю», высланую ўрадам ЗША супраць племені перад Першай сусветнай вайной). Ужо позна для індзейскіх войнаў, але асобныя эксцэсы ўсё ж былі. Напрыклад, рэйды «адплаты» за «апачамі-рэнегатамі» — у падобнай сітуацыі ў 1896 г. у былога арызонскага шэрыфа Джона Слотэра з’явілася прыёмная дачка — апачка-немаўля Апачы Мэй.

Цікава, што гэтая падзея практычна адпавядае часу пераезду Марыі ў  Амерыку, які даюць газеты ў 1926 г. Пра тое, што тэма ўдзелу індзейцаў у  барацьбе з бальшавікамі і іншымі ворагамі Польшчы паднятая не толькі ў  аповедзе, амаль у «сазе пра Ляскоўскіх», сведчаць сенсацыйныя, але скупыя і  неправераныя звесткі пра Джэка Уілбэраў, якiя з’явіліся ў  інтэрнэце. Нібыта гэты індзеец уступіў у арміюГалера — у знак павагі да Касцюшкі — і загінуў у  баях з немцамі ў Шампані.

Ці варта шукаць карані гэтых Ляскоўскіх, калі гісторыя выглядае як гумарэска, хоць і  «патрыятычная», падобная да гумарыстычнага апавядання Сакрата Яновіча пра прыезд на Беласточчыну з  мужам-беларусам індыянкі Даўганогай Лані? Так, бо ў герояў гэтага яўна мастацкага твора, які, з мадыфікацыяй, «не сыходзіў» са старонак польскіх газет не адзін год, могуць быць прататыпы, нават калі і не польскія. І як мінімум мае сэнс высвятляць асобу аўтара. З вялікай верагоднасцю ён быў звязаны з крэсамі і служыў справе іх умацавання. Магчыма, у апісаннях прыгод Яна Ляскоўскага мы сутыкаемся не проста з  журналістам, які высмоктвае факты з пальца, а з пісьменнікам, чые сюжэты маглі паслужыць крыніцай ідэі для польскага містыфікатара Станіслава Суплатовіча (Сат-Ока), чыя маці нібыта стала жонкай індзейскага правадыра ў Канадзе. Да гэтага мы лічылі, што на Сат-Ока паўплываў найперш вядомы канадскі творца, брытанец Арчыбальд Белані (Шэрая Сава), які прысвоіў сабе ідэнтычнасць індзейца.

Выданне «Dziennik Białostocki», 1926.

Для тых, хто жадае пазнаёміцца з  польскімі арыгіналамі, прапануем назвы артыкулаў, якія дазваляюць знайсці іх у інтэрнэце. Вось чатыры вядомыя нам на гэты момант публікацыі: Syn wodza Indjan patrjotą i żołnierzem polskim. Z wigwamu — na parcelę żołnierską pod Baranowiczami. Niezwykłe koleje życia Polaka amerykańskiego (Dziennik Białostocki. 1926. 1 kwietnia. № 91. S. 3 — на здымку); Syn wodza Indjan patrjotą i żołnierzem polskim. Niezwykłe koleje życia Polaka amerykańskiego (Goniec Nadwiślański (Grudziądz). 1926. 7 kwietnia. № 79. S. 7); Polka żoną wodza Indjan. Burzliwa przeszłość polskiego żołnierza (Nowe Echo Białostockie. 1932. 22 kwietnia. № 110. S. 3); Polak — syn wodza Indjan. Z gór Meksyku na polskie Kresy (Nowy Kurjer (Poznań). 1932. 26 kwietnia. № 96. S. 10).

Індзеяністы-аматары, якіх стала асабліва шмат у 1970—1980-х гг. у  сувязі з актывізацыяй руху індзейцаў, выбіралі для сябе асобныя плямёны, культурныя арэалы, у якія «паглыбляліся». Зразумела, яны шукалі прыклады, калі сяброўства і  каханне, сямейныя вузы злучалі іх землякоў і індзейцаў. Наша цікавасць першапачаткова тычылася апачаў і Паўднёвага Захаду. Пазней стала відавочным, што найбольш перспектыўным з’яўляецца Ціхаакіянскае ўзбярэжжа, найперш Аляска і гістарычна звязаная з ёй Каліфорнія. І менавіта там мы знайшлі найбольш цікавыя прыклады ўзаемаадносін — ад шлюбаў да ўзброеных сутыкненняў — паміж выхадцамі з беларускіх губерняў і карэннымі народамі.

Апроч знаходак, якія аб’ядноўвае прозвішча Ляскоўскіх, 2018 г. прынёс і яшчэ адно важнае адкрыццё з гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей. Высветлілася, што крэол Дзям’ян Саўчанка (просты чалавек, член «расшыранай» аляскінскай сям’і, пра якую знайшліся незвычайныя факты) у двух лістах 1890 і 1891 гг. з вострава Кадзьяк называе вучня царкоўнай школы ў Сан-Францыска Мікалая сваім сынам. Гэта адбываецца пасля смерці маці апошняга. Мікалай Саўчанка аказваецца сынам яго выхаванкі-тлінкіткі Аграфены, а  не жонкі-тлінкіткі Марыі. Без гэтага ўдакладнення, за якое мы ўдзячны Кэтрын Арнт з бібліятэкі Універсітэта Аляскі, Дзям’яна, сына беларуса з Краснінскага павета Смаленскай губерні і, магчыма, крэолкі або алеуткі, пры прачытанні лістоў можна было пачаць лічыць заснавальнікам яшчэ аднаго «беларуска-індзейскага» роду.

Але і ў такім выглядзе гэта адзін з самых цікавых прыкладаў, што сведчыць аб існаванні сем’яў, у якіх аб’ядноўваюцца асобы беларускага і індзейскага паходжання. У брата Дзям’яна Паўла таксама была мажлівасць парадніцца з тлінкітамі. Памёр ён, меўшы каля 35 гадоў, у 1877 г. у горадзе Сітцы, пабудаваным на іх этнічнай тэрыторыі. У нас няма звестак, ці меў ён уласную сям’ю. Спіс беларускаіндзейскіх метысаў (з рознай прапорцыяй беларускай і індзейскай крыві) ёсць, ён не вялікі і не прадстаўлены славутасцямі (хаця пісалі пра беларускіх і індзейскіх продкаў музыкантаў Дэйва Брубека і Стыва Тайлера). Важна ставіцца да падобнага кшталту звестак асцярожна, бо многія вядомыя індзейцы і дзеячы з продкамі-індзейцамі — прадукт містыфікацыі, фальсіфікацый або домыслаў.

Масівы інфармацыі па беларуска-індзейскіх сувязях маюць мноства прыкладаў, якія ўражваюць і могуць быць крыніцай даследаванняў і адкрыццяў. Даведачныя матэрыялы, уключаючы генеральную картатэку і архіў рэдкага друку, маглі б выкарыстоўваць арганізацыі, што прадстаўляюць яшчэ мала развітыя школы беларускай амерыканістыкі, лацінаамерыканістыкі, індзеяністыкі.

Алесь СІМАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».