Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеi выхадных.


1. Гандбалiсткi «Гомеля»чацвёрты раз сталi чэмпiёнкамi Беларусi. У вырашальным паядынку за залатыя медалi на пляцоўцы гомельскага Палаца гульнявых вiдаў спорту падапечныя Томажа Чатэра ўпэўнена перайгралi гандбалiстак БНТУ-БелАЗ з лiкам 29:27. Самымi вынiковымi сталi гамяльчанка Наталля Коцiна i мiнчанка Марыя Канавал, якiя закiнулi па сем мячоў. Нагадаем, у мiнулую сераду ў Мiнску гамяльчанкi саступiлi з лiкам 30:31.

Уладальнiцамi бронзавых узнагарод сталi гандбалiсткi «Гараднiчанкi» з Гродна, спартсменкi «Бярэсця» з Брэста замкнулi квартэт наймацнейшых. Найлепшым бамбардзiрам стала Рэгiна Кудраўцава (БНТУ-БелАЗ), закiнуўшы 180 мячоў.

Па рашэннi выканкама Беларускай федэрацыi гандбола «Фiналы чатырох» розыгрышу Кубка Беларусi сярод мужчынскiх i жаночых камандаў перанесены на пачатак сезона-2020/2021.

2. У футбольным чэмпiянаце Беларусi завяршылася праграма 9-га тура. Футбалiсты бабруйскай «Белшыны» на сваiм полi разышлiся мiрам з «Вiцебскам» — 1:1. Мiнскае «Дынама» на сваёй арэне перайграла «Iслач» — 1:0, а ў Брэсце мясцовы «Рух» i «Смалявiчы» не змаглi выявiць пераможцу — 0:0.

Вынiкi астатнiх сустрэч 9-га тура: «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзiна) — «Гарадзея» — 3:1, «Энергетык-БДУ» (Мiнск) — «Дынама» (Брэст) — 2:1, «Шахцёр» (Салiгорск) — «Славiя» (Мазыр) — 2:0. Матч памiж «Мiнскам» i гродзенскiм «Нёманам» перанесены на больш познi тэрмiн.

Турнiрнае становiшча: БАТЭ — 19 ачкоў, «Тарпеда-БелАЗ», «Энергетык-БДУ» — па 18, «Слуцк» — 16, «Iслач», «Шахцёр» — па 15, «Дынама» (Брэст), «Рух» — 13, «Дынама» (Мiнск), «Вiцебск» — па 12, «Гарадзея», «Славiя» — па 11, «Мiнск» — 10, «Нёман» — 8, «Смалявiчы» — 4, «Белшына» — 3.

Бамбардзiрскую гонку ўзначальваюць Гегам Кадзiмян («Нёман») i Джасурбек Яхшыбаеў («Энергетык-БДУ»), якiя забiлi па 6 мячоў.

3. Спаборнiцтвы па дзюдо ў закрытым фармаце пройдуць сёння ў «Чыжоўка-Арэне». «На зборах, якiя праходзiлi ў «Чыжоўка-Арэне» напярэдаднi, быў зроблены акцэнт на базавую i агульнафiзiчную падрыхтоўку. Мы вырашылi разбавiць руцiну трэнiровак i правялi ўнутраныя спаборнiцтвы, дзе змагалiся пяць камандаў, складзеных са спартсменаў, якiя былi на зборах. Ужо 19 мая ў закрытым фармаце пройдуць спаборнiцтвы ў абсалютнай вагавой катэгорыi. Усё гэта робiцца для таго, каб зборная ў абмежаваных умовах атрымала максiмум вопыту i не страцiла спартыўную практыку, — расказвае старшы трэнер па развiццi нацыянальнай каманды, генеральны сакратар Беларускай федэрацыi дзюдо Руслан Шарапаў. — Спаборнiцтвы будуць толькi для членаў нацыянальнай каманды па дзюдо, зыходзячы з меркаванняў бяспекi». Паводле яго слоў, каманда цяпер узмоцнена рыхтуецца да класiфiкацыйных турнiраў, на якiх неабходна заваёўваць ачкi ў алiмпiйскi рэйтынг. 8—10 лiстапада ў Празе плануецца чэмпiянат Еўропы па дзюдо, якi павiнен быў прайсцi з 30 красавiка да 3 мая, але з-за пандэмii каранавiруса перанесены.

4. Мiжнародная тэнiсная федэрацыя абвясцiла аб працягу прыпынення сезона да 31 лiпеня. Гэта рашэнне было прынята пасля вывучэння сiтуацыi, звязанай з распаўсюджваннем пандэмii каранавiруса. Таксама аб прадаўжэннi каранцiну паведамiлi Жаночая тэнiсная асацыяцыя (WTA) i Асацыяцыя тэнiсiстаў-прафесiяналаў (АТР).

Раней мiжнародныя тэнiсныя арганiзацыi планавалi аднавiць правядзенне турнiраў у лiпенi, але цяпер вырашана, што спаборнiцтвы могуць аднавiцца ў найлепшым выпадку ў жнiўнi.

5. Мiжнародная федэрацыя валейбола (FIVB) дапусцiла старт нацыянальных чэмпiянатаў з 1 чэрвеня. Нацыянальныя лiгi змогуць альбо завяршыць мiнулы сезон, альбо пачаць сезон-2020/21. Аднаўленне спаборнiцтваў магчыма толькi ў выпадку, калi гэта будзе прызнана бяспечным у адпаведнасцi з распараджэннямi мясцовых органаў улады. Улiчваючы рашэнне FIVB адмовiцца ад мiжнародных спаборнiцтваў i дазволiць нацыянальным чэмпiянатам стартаваць раней, чым звычайна, нацыянальны клубны сезон-2020/21 павiнен завяршыцца не пазней за 18 красавiка 2021 года. Усе фiналы кантынентальных клубных першынстваў павiнны прайсцi не пазней за 2 мая 2021 года. Лiга нацый у 2021 годзе пачнецца 7 або 11 мая i скончыцца 27 чэрвеня. Кантынентальныя чэмпiянаты пройдуць з 19 жнiўня да 19 верасня.

Дар'я Лабажэвiч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.