Вы тут

На Ulej збiраюць грошы на стварэнне iнтэрактыўнай карты Беларусi


Каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба больш па ёй падарожнiчаць, збiраць iнфармацыю i дзялiцца ёй з iншымi. Дзякуючы разнастайным праектам — а гэта могуць быць фотаальбомы, iнтэрактыўныя экскурсii, iнтэрнэт-рэсурсы, майстар-класы па рамёствах i народнай кухнi i нават настольныя гульнi — можна знаёмiцца з беларускай гiсторыяй i культурай, адкрываць новыя факты, намячаць маршруты для падарожжаў.


Пра каларыт, самабытнасць i прыгажосць Беларусi будзе апавядаць iнтэрактыўная карта Беларусi, на стварэнне якой цяпер усiм светам збiраюцца грошы на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej. Новы кiшэнны гiд будзе вельмi зручны для падарожнiкаў — трэба толькi абраць найбольш цiкавы для сябе напрамак. Iх тут прапануецца 32, прычым усе яны шчыльна звязаныя памiж сабой i ствараюць поўную карцiну Беларусi. Гастратуры, аздараўленне, гiстарычныя славутасцi, знаёмства з флорай i фаўнай — гэта толькi асобныя тэмы-падказкi для падарожжаў. Аўтары праекта нават сабралi ў жыхароў розных куткоў Беларусi iнфармацыю пра месцы, дзе тыя любяць бавiць час, i таксама дадалi гэта ў iнтэрактыўную карту. Куды схадзiць увечары, дзе смачнейшыя стравы, якiя паркi адпачынку варта наведаць, дзе можна скакаць з парашутам — усё гэта вы знойдзеце тут. Iнтэрактыўная карта-даведнiк спачатку будзе стварацца на беларускай, рускай i англiйскай мовах, пасля плануюцца пераклады на мовы краiн-суседак. Мэта праекта — паказаць Беларусь як цiкавы турыстычны напрамак для айчынных падарожнiкаў i замежных гасцей.

На працягу трох гадоў Раман Клеўжыц вандруе па Беларусi i замалёўвае ў скрэтчбуках помнiкi архiтэктуры i прыроды (дубы-волаты, каменныя крыжы, валуны). У вынiку ў яго сабралася столькi матэрыялаў, што сваiм захапленнем ён вырашыў падзялiцца з iншымi, — стварае дызайнерскiя карты, дзе падрабязна прамаляваны ўсе раёны Беларусi, паштоўкi i стыкерпакi з матэрыяламi, сабранымi падчас вандровак.

  • Тысячы кiламетраў на цягнiках, аўтобусах, веласiпедзе i пешшу пераадолеў яшчэ адзiн вандроўнiк, улюбёны ў Беларусь, — Дзянiс Блiшч. Ён абследаваў больш за сотню раённых цэнтраў, назiраў за жыццём у глыбiнцы, фiксаваў на фотакамеру побыт жыхароў, iх звычаi, спробы змянiць прастору вакол сябе.

У вынiку нарадзiлася iдэя новага праекта — аўтарскай энцыклапедыi пра найбольш значныя населеныя пункты краiны glubinka.by. У планах — сфатаграфаваць 1300 населеных пунктаў! Мiсiя праекта — «пасеяць» iнфармацыю аб краiне i яе жыхарах, захаваць для наступных пакаленняў кавалачкi сучаснай гiсторыi гарадоў i вёсак.

  • Усе ахвотныя могуць узяць удзел у мiжнародным фотаспаборнiцтве «Вiкi любiць Зямлю — 2020» у Беларусi. Фатаграфii з прыродных ахоўных тэрыторый, нацыянальных паркаў, запаведнiкаў i маляўнiчых краявiдаў можна на працягу чэрвеня загружаць у «Вiкiсховiшча». Гэтыя работы спатрэбяцца для таго, каб праiлюстраваць артыкулы ў вольнай энцыклапедыi «Вiкiпедыя». Адначасова ў чэрвенi ладзiцца i спаборнiцтва па стварэннi публiкацый пра помнiкi прыроды Беларусi.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Каб любiць Беларусь нашу мiлую...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.