Вы тут

Бурым свiдравiны па правiлах. Каб пiтная вада не прыбавiла клопату, важна здабываць яе з улiкам прыродаахоўнага заканадаўства


Вясной многiя гаспадары сядзiб i дачнiкi задумваюцца аб тым, каб мець на ўласным участку ваду. Для гэтага неабходна замовiць бурэнне свiдравiны. Як гэта правiльна зрабiць, расказаў начальнiк галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Васiль Колб.


Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

— Якiя патрабаваннi прад'яўляюцца да фiзiчных асоб, што жадаюць мець свiдравiну на сваiм зямельным участку?

— На ўласным зямельным участку грамадзянiн мае права ажыццяўляць бурэнне свiдравiны i выкарыстоўваць падземныя воды без атрымання дазволу. Хоць жорсткiх абмежаванняў тут няма, усё ж трэба прытрымлiвацца правiлаў, выконваючы якiя, чалавек зможа засцерагчы сябе. Сёння паслугi па бурэннi свiдравiн прапануюць розныя арганiзацыi, якiя можна падзялiць на дзве групы: прафесiяналы i «самадзейнасць».

У штаце прафесiйнай арганiзацыi абавязкова будзе геолаг, якi вывучыць мясцовасць, геалагiчны разрэз, узровень залягання падземных водаў, а таксама пацiкавiцца, цi ёсць у суседзяў свiдравiна або студня i як яны размешчаны. Просты прыклад: у вашага суседа калодзеж глыбiнёй 10 метраў, а на вашым участку прабурылi свiдравiну на такой жа глыбiнi. Праз нейкi час вады ў калодзежы не будзе — яе выцягне помпа, усталяваная для свiдравiны. Магчыма, сусед будзе грашыць на клiмат, але не выключана, што i здагадаецца, адкуль прыйшла бяда. Калi ж праектаваць свiдравiну будзе спецыялiст, такая сiтуацыя выключана.

Другi важны момант — тэхнiка, якой карыстаецца арганiзацыя. Работнiкi павiнны валодаць дастатковай квалiфiкацыяй i мець допуск да работы на патэнцыйна небяспечных аб'ектах, якiмi з'яўляюцца свiдравiны глыбiней больш за 20 метраў. Па завяршэннi ўсiх работ арганiзацыя абавязкова выдае заказчыку пашпарт на свiдравiну.

— А калi гаворка iдзе пра садовае таварыства, якi там парадак дзеянняў?

— Яно з'яўляецца юрыдычнай асобай, рашэнне аб бурэннi свiдравiны прымаецца на агульным сходзе. У такiх выпадках здабыча падземных водаў складае, як правiла, больш за пяць кубаметраў у суткi, таму трэба атрымаць спецыяльны дазвол на водакарыстанне.

Прымiтыўна схему можна ўявiць так: ад вялiкай трубы iдуць адгалiнаваннi на ўчасткi для падачы (транспарцiроўкi) вады, на iх устанаўлiваюцца лiчыльнiкi, i кожны член СТ плацiць у адпаведнасцi з iх паказаннямi.

— Васiль Юр'евiч, растлумачце, у чым практычная неабходнасць мець пашпарт на свiдравiну.

— Пашпарт — гэта дакумент, у якiм пазначаны ўсе тэхнiчныя характарыстыкi свiдравiны. Ён афармляецца ў трох экзэмплярах: адзiн — уласнiку свiдравiны, другi — у тэрытарыяльны орган Мiнпрыроды i трэцi — у Белдзяржгеацэнтр для захоўвання ў дзяржаўным геалагiчным фондзе.

Захоўваць пашпарт трэба ўвесь перыяд эксплуатацыi свiдравiны. Калi ён згублены, копiю можна атрымаць у Белдзяржгеацэнтры.

Трэба разумець, што свiдравiна — аб'ект нерухомасцi, на якi можа запатрабаваць дакументы рэгiянальнае агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельным кадастры, а таксама землямер.

— Цi ёсць участкi, на якiх нельга бурыць свiдравiны?

— Гэта асаблiва ахоўныя прыродныя i iншыя тэрыторыi, дзе карыстанне нетрамi забаронена або абмежавана. На тэрыторыях, забруджаных радыенуклiдамi, альбо ўведзена забарона на бурэнне свiдравiн, альбо iснуюць iншыя абмежаваннi. Не рэкамендуецца праводзiць такiя работы паблiзу жывёльных могiльнiкаў, могiлак, звалак, прыбiральняў i г. д. Вiдавочна, што рана цi позна вада ў гэтых месцах будзе забруджана.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.