Вы тут

Як паўплываў каранавірус на жыццё беларусаў


Падчас пандэміі беларусаў усё больш сталі хваляваць пытанні эканомікі. Да такіх высноў прыйшлі эксперты падчас сустрэчы ў рамках праекта «Адкрыты дыялог па эканамічных рэформах», на якой спецыялісты прэзентавалі апошнія вынікі нацыянальнага апытання насельніцтва Беларусі. Эксперты расказалі, як пандэмія змяніла жыццё беларусаў і на якія меры з боку дзяржавы яны спадзяюцца.


Нават тыя людзі, што настроены больш аптымістычна, а гэта прыкладна каля 30 %, не чакаюць, што сітуацыя пачне выпраўляцца ў бліжэйшыя адзін-два месяцы. У цэлым траціна рэспандэнтаў упэўнена, што распаўсюджванне інфекцыі скончыцца да канца года. На першы план у параўнанні з сакавіком выйшлі хваляванні з нагоды эканамічных праблем: людзей турбуе, ці не знізяцца зарплаты, ці не павялічыцца беспрацоўе і ці не вырасце колькасць вымушаных адпачынкаў за свой кошт.

— СOVІD-19 увогуле значна паўплываў на лад жыцця жыхароў Беларусі, — адзначае кіраўнік даследчых праектаў даследчай кампаніі SATІO Філіп БІКАНАЎ. — У красавіку доля людзей, якія сталі прымаць меры засцярогі, сур'ёзна павялічылася ў параўнанні з сакавіком. Яны сталі часцей мыць рукі, карыстацца антысептыкамі, перасталі хадзіць на вуліцу без крайняй неабходнасці, радзей наведваюць крамы і карыстаюцца грамадскім транспартам. Напрыклад, калі ў сакавіку толькі 9 % гараджан выкарыстоўвалі маскі ў грамадскіх месцах, то ў красавіку колькасць такіх людзей вырасла да 48 %. Па сутнасці, кожны другі беларус пачаў насіць маску.

Штодзённасць мяняецца следам за паглыбленнем сітуацыі з каранавірусам. Пры гэтым жанчыны больш асцярожныя, чым мужчыны. Эксперты таксама заўважылі, што трывожнасць вышэйшая ў тых людзей, што маюць блізкага чалавека, які знаходзіцца ў групе рызыкі цяжэйшага цячэння хваробы.

У красавіку 52 % рэспандэнтаў заявілі, што іх даходы зменшыліся. Тыя, хто працуе ў сферы паслуг, кажуць, што ў іх стала менш заказаў і кліентаў, а тыя, хто працуе ў галінах прамысловасці, сутыкаюцца са скарачэннем колькасці рабочых дзён ці вымушанымі адпачынкамі за свой кошт. Пры чым людзі, якія працуюць на прыватных прадпрыемствах, часцей сутыкаюцца з падзеннем даходаў, чым тыя, хто заняты на дзяржпрадпрыемствах. 70 % рэспандэнтаў чакаюць, што дзяржава падтрымае абсалютна ўсе катэгорыі работадаўцаў незалежна ад формы ўласнасці і памеру.

Наогул беларусы ў пераважнай большасці (88 %) актыўна сочаць за навінамі, якія датычацца каранавіруса. У сярэднім каля паўгадзіны ў дзень яны выдзяляюць на маніторынг сітуацыі. Выбіраючы паміж двума распаўсюджанымі падыходамі да вырашэння праблемы з вірусам, большасць схіляецца да неабходнасці абмежавання сацыяльных кантактаў (65 %), чвэрць рэспандэнтаў лічыць, што найлепшы спосаб перажыць эпідэмію — гэта сфарміраваць калектыўны імунітэт.

Галоўныя меры, якія чакаюць беларусы ад дзяржавы, — забарона грамадскіх мерапрыемстваў, лепшае інфармаванне аб распаўсюджванні віруса, закрыццё на каранцін навучальных устаноў і перавод усіх магчымых рабочых месцаў на аддаленую работу.

Ініцыятыва, якую людзі лічаць самай важнай, — гэта дапамога пажылым, яе падтрымлівае палова рэспандэнтаў. Таксама важнымі лічаць збор сродкаў на куплю апаратаў ШВЛ (39 %), размяшчэнне медработнікаў у гасцініцах для мінімізацыі іх кантактаў з блізкімі (32 %) і сродкі засцярогі для медыкаў і сацыяльных работнікаў (31 %). Але аказалася, што ўсяго толькі 6 % насельніцтва непасрэдна брала ўдзел у спонсарстве або валанцёрстве. А вось бізнес у краіне больш актыўны ў гэтым кірунку.

Эксперты налічылі (па стане на 27 красавіка) больш за 160 ініцыятыў ад кампаній з самых розных сектараў. Даследчыкі ўпэўнены, што кампаніі з цягам часу будуць яшчэ больш актыўна падключацца да ініцыятыў.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв'ю: ru.sputniknews.kz

Загаловак у газеце: Сталі больш асцярожныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».