Вы тут

Пад старшынствам Лукашэнкі прайшло пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета


Сёння пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў фармаце відэаканферэнцыі прайшло пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.


Прэзідэнт Беларусі, Старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка вітаў калег на чарговым пасяджэнні і нагадаў, што не так даўно лідары «пяцёркі» таксама ў фармаце відэаканферэнцыі абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні процідзеяння каранавіруснай інфекцыі, а таксама неадкладныя меры падтрымкі эканомік нашых краін. Вынікам той размовы стала Сумесная заява, у якой бакі выказалі гатоўнасць супрацьстаяць выклікам сучаснасці і яе наступстваў. Сёння трэба абмеркаваць меры эканамічнага характару з улікам становішча, якое мяняецца, упэўнены кіраўнік Савета.

«Бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, ужо відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца. Працяглыя каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых межаў і непрацуючых прадпрыемстваў які-небудзь значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што эксперты робяць негатыўныя прагнозы для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на найбліжэйшую і аддаленую перспектыву. Адной з асаблівых праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва харчаваннем. Таму сёння Аляксандр Лукашэнка вельмі важным лічыць знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей.

«Спадзяемся, што Расія, як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб’яднання, будзе суадносіць меры па аднаўленні эканамічнага росту з дамоўленасцямі ў рамках саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін саюза», — падкрэсліў Старшыня Савета.

Гаворачы аб парадку пасяджэння, кіраўнік Беларусі адзначыў, што галоўным пытаннем з’яўляецца прыняцце cтратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года.

«Дадзены дакумент — гэта адначасова і план дзеянняў па паглыбленні адносін, і свайго роду паваротны пункт на шляху аднаўлення і павышэння тэмпаў развіцця эканомік нашых краін. Яго падрыхтоўка ішла складана, але ў цэлым нам удалося выйсці на ўзгодненыя рашэнні па ўсіх напрамках паглыблення інтэграцыі. Я хацеў бы падзякаваць усім вам за канструктыўны падыход», — пракаментаваў Старшыня ВЕЭС.

Як дакладваюць кіраўніку Беларусі, неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. З канчатковым узаемапрымальным рашэннем не атрымліваецца вызначыцца ўжо некалькі гадоў, прытым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае.

«Сёння мы павінны знайсці патрэбны нам усім кансэнсус», — заклікаў беларускі лідар.

Ён прапанаваў правесці сённяшнюю нараду не зусім традыцыйна — у вузкім і пашыраным складах, а аб’яднаць іх і правесці адзінае пасяджэнне, «нікога не выганяючы за дзверы». З тым, што сакрэтаў няма, пагадзіліся і калегі, падтрымаўшы прапанову.

Кіраўнікі дзяржаў у цэлым ухвалілі праект стратэгічных кірункаў

Першае і галоўнае пытанне сённяшняга парадку дня — аб стратэгічных кірунках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Дакумент пакуль не прыняты.

«У цэлым падтрымліваючы ідэю яго прыняцця, тым не менш, мяркую, што існуюць некаторыя пытанні, якія патрабуюць дадатковага абмеркавання і прапрацоўкі. Улічваючы асаблівую важнасць дадзенага дакумента, які закладае асноўныя контуры інтэграцыі на гады наперад, бачыцца метазгодным абмеркаваць яго дадаткова і прыняць падчас вочнай сустрэчы — рана ці позна мы ўбачымся адно з адным», — адзначыў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў і пракаментаваў некаторыя пункты дакумента.

На пасяджэнні прынята рашэнне ўхваліць праект у цэлым. Дакумент накіраваны на дапрацоўку. Кіраўнікі дзяржаў пагадзіліся, што зроблена вялікая праца па яго распрацоўцы, а сам праект мае вялікае гістарычнае і практычнае значэнне.

Рынак спатыкнення

Пра змест стратэгіі далажыў Старшыня Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. У дакуменце выкладзены 333 меры і механізмы рэалізацыі напрамкаў інтэграцыі. Адзіным нявырашаным пытаннем засталося стварэнне агульнага рынку газу.

У дакуменце прапісана, як магчыма завяршыць фарміраванне рынкаў без бар’ераў і выключэнняў. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што для выйсця з крызісных з’яў у стратэгіі стаўка робіцца толькі на ўласныя магчымасці партнёраў. Такі падыход апраўдвае распрацоўку сумесных мэтавых праграм для падтрымкі прадпрымстваў, што маюць кааперацыі з вытворчасцямі іншых краін саюза. Ёсць нормы, якія рэгулююць якасць жыцця грамадзян (ахову здароўя, турызм, спорт). Не абышоў нарматыўны акт і актуальнае пытанне апошніх гадоў — лічбавізацыю. У гэтым ключы ў саюзе будуць развіваць электронны гандаль. Стратэгія таксама прапаноўвае пашырэнне гандлёвых адносін з трэцімі краінамі, партнёрства з Кітаем па ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях». Старшыня ЕЭК, завяршаючы прамову, дадаў, што акрамя фарміравання цэн на пракачку газу ў рамках агульнага рынку, ніякіх рознагалоссяў па стратэгіі сёння няма.

Якім чынам будзе вырашацца гэта пытанне і ці магчыма прыняць дакумент без гэтага пункта, пачалі абмяркоўваць ужо кіраўнікі краін. Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў ухваліць дакумент у цэлым, а крыху пазней, выправіўшы ўсе пытанні, яго прыняць. Прэзідэнт Расіі таксама лічыць, што падыходы да цэнаўтварэння на газ можна было б вызначыць пазней, на перагаворах.

Мікола Пашынян назваў газавае пытанне ключавым для Еўразійскага эканамічнага саюза і выказаў думку, што яго выключэнне са стратэгіі не пойдзе на карысць аб’яднанню, і прапанаваў шукаць кампраміс над фармулёўкамі.

Аляксандр Лукашэнка, як старшыня саміта, улічваючы меркаванні калег, заявіў: «Паколькі Прэзідэнт Казахстана ўнёс іншую прапанову — не прымаць зараз Стратэгію развіцця да 2025 года. Яму цяжка супярэчыць. Ён мае рацыю і ў тым плане, што трэба сабрацца і, гледзячы ў вочы адзін аднаму, абмеркаваць гэты стратэгічны дакумент і прыняць яго. Па-другое, ён не мае тэрміновых да рэалізацыі прапаноў, гэта стратэгія».

Прэзідэнт Беларусі падтрымаў армянскага прэм’ера і дадаў, што перамовы па газу працягнуць у двухбаковым дыялогу з Расіяй.

«Мы ў стане весці двухбаковы дыялог з Расіяй па прыродным газе і будзем яго весці, а паколькі ў нас ёсць супярэчнасці Казасхтана па праекту пастанаўлення ў цэлым, то няма неабходнасці настойваць на абмеркаванні гэтага праекту ў прыватнасці да прыроднага газу», — падагульніў беларускі лідар і прапанаваў прыняць праект Стратэгіі, зняўшы фармуліроўку аб прыродным газе, дапрацаваць дакумент і абмеркаваць яго ўжо ў іншым фармаце.

У пытанні адносна цаны на пракачку газа Беларусь і Арменія зыходзяць з падобных пазіцый, крыху іншае меркаванне ў астатніх партнёраў па саюзу. Мікола Пашынян прапанаваў, пакуль пытанне застаецца нявырашаным, зафіксаваць нейкія прынцыпы будучай працы над ім.

«Прынцып можа быць тут толькі адзін, зыходзячы з нашай практыкі, — нам трэба працягнуць працу па канкрэтна гэтым пытанні. Таму што на гэта пытанне Прэзідэнт Расіі даў вычарпальны адказ у сваім выступленні, але ён не сказаў „не“, што не будзем рухацца далей. Ён сказаў „так“, будзем весці перамовы на ўзроўні экспертаў», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Куба можа стаць назіральнікам у ЕАЭС

На пасяджэнні разгледжана пытанне аб заяве Рэспублікі Куба на атрыманне статуса дзяржавы-назіральніка пры Еўразійскім эканамічным саюзе.

«Гэта наш партнёр, саюзнік, дзяржава, якая заўсёды была арыентавана на нас, на Савецкі Саюз і гэтак далей», — ахарактарызаваў заяўніка Старшыня ВЭЕС.

Па словах Старшыні Калегіі ЕЭК Міхаіла Мясніковіча, Куба дэманструе вялікі інтарэс да ўзаемадзеяння з ЕАЭС ці не з моманту яго запуску ў 2015 годзе. Беларусь, Кіргізія і Арменія згодныя на прадстаўленне Кубе статусу назіральніка. Казахстан лічыць неабходным правесці дадатковыя кансультацыі з кубінскім бокам, а ў далейшым распрацаваць крытэрыі для дзяржаў-назіральнікаў. Расія прапанавала правесці кансультацыі дзяржаў — членаў ЕАЭС з Гаванай для ўдакладнення ўсіх аспектаў, звязаных з чаканнямі кубінскага боку.

Старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка даручыў ЕЭК больш сур’ёзна падключыцца да вырашэння гэтага пытання, каб завяршыць працу да наступнага саміту.

Наступнае пасяджэнне можа адбыцца ў канцы года ў Мінску

На пасяджэнні вызначаныя асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза на 2020–2021 гады, удакладнены механізм фарміравання кадравага складу Еўразійскай эканамічнай камісіі, унесены змяненні ў Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года ў частцы ўплаты падатку на дададзеную вартасць пры імпарце тавараў на тэрыторыю свабоднай эканамічнай зоны і разгледжаныя іншыя пытанні.

Падводзячы вынікі размовы, Аляксандр Лукашэнка запрасіў сённяшняе пасяджэнне разглядаць у якасці экстэрытарыяльнага Савета. Але з улікам старшынства Беларусі ў ЕАЭС Прэзідэнт Беларусі вельмі разлічвае на правядзенне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — членаў саюза ў Мінску ў вочным фармаце.

«Гэта не выключае, калі будзе ініцыятыва кагосьці з вас, мы разам разгледзім і праведзем ў фармаце відэаканферэнцыі, калі будзе неабходнасць. Але пакуль на сённяшні дзень я прапанаваў бы правесці ў беларускай сталіцы чарговае пасяджэнне (таму што мы не збіраліся тут ужо пяць год) і прапанаваў бы папярэдне запланаваць на кастрычнік ці лістапад, на канец года», — звярнуўся да калег Аляксандр Лукашэнка.


У сярэдзіне красавіка па ініцыятыве беларускага боку ў такім жа фармаце адбылася рабочая сустрэча членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, на якой кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні супрацьдзеяння каранавіруснай інфекцыі, а таксама неадкладныя меры падтрымкі эканомік краін «пяцёркі».

На парадку дня сённяшняга саміту было 10 пытанняў. Кіраўнікі дзяржаў саюза павінны былі разгледзець:

— стратэгічныя кірункі развіцця інтэграцыі да 2025 года;

— рэалізацыю праграмы паэтапнай лібералізацыі выканання перавозчыкамі, якія зарэгістраваныя на тэрыторыі адной з дзяржаў саюза, аўтамабільных перавозак грузаў паміж пунктамі, якія размешчаныя на тэрыторыі іншай дзяржавы саюза;

— пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС у частцы ўдакладнення механізму фарміравання кадравага складу ЕЭК і іншыя пытанні.

Нагадаем, што сёлета Беларусь старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза.

(будзе дапоўнена)

Вольга Мядзведзева, Варвара Марозава, Марыя Дадалка

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.