Вы тут

Што хавае дыван. Якія нязваныя госці могуць насяляць наша ўтульнае пакрыццё на падлозе


Дываны і падлогавыя пакрыцці ствараюць цяпло і ўтульнасць у доме. Але, выбіраючы іх, будзьце гатовы правільна даглядаць. Каб выдаліць з ворсу бруд і пыл, якія глыбока ўеліся, недастаткова прыборкі — нават штодзённай. З часам ваш любімы дыван становіцца гасцінным домам для мноства няпрошаных гасцей — тых, аб кім вы не падазраяце. Пра іх расказала ўрач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Клімук.


Пылавыя кляшчы

У дыванах, асабліва з доўгім ворсам, збіраецца вялікая колькасць пылу, у якім заводзяцца пылавыя кляшчы — дэрматафагаідэсы. Харчуюцца мікраскапічныя паразіты адмерлымі лускавінкамі чалавечай скуры, якія асядаюць у дыванах. Праблема ў тым, што экскрэментаў за сваё жыццё гэтыя істоты вырабляюць у 200 разоў больш за ўласную вагу! Таксічныя прадукты жыццядзейнасці трапляюць у паветра, якім мы дыхаем. Гэта выклікае чханне, кашаль, галавакружэнне і іншыя алергічныя рэакцыі, што асабліва небяспечна для дзяцей.

— Праз пастаянны кантакт з пылавымі кляшчамі можа знізіцца імунітэт і развіцца паўнавартасная алергія, — кажа Святлана Клімук. — Каб пазбавіцца ад кляшчоў і іх патомства, штодзённа праветрывайце памяшканні, у якіх ёсць дываны, рэгулярна выбівайце іх на вуліцы і пры магчымасці выкарыстоўвайце ультрафіялетавую лямпу.

Цвіль

Яшчэ адзін вельмі непрыемны і небяспечны жыхар дывановых пакрыццяў — цвіль. Яна жыве ў памяшканнях з павышанай вільгаццю. Гэтаму грыбку дастаткова аднаго-двух дзён, каб завесціся ў сырым асяроддзі.

— З'яўленне цвілі не застанецца незаўважаным, бо яна мае непрыемны затхлы пах. Шматлікія споры трапляюць у паветра і разлятаюцца па кватэры, да таго ж дыхаць імі небяспечна для здароўя, бо гэта аслабляе імунную, таму пазбаўляцца ад яе варта неадкладна, — папярэджвае суразмоўца.

Пашкоджаны цвіллю дыван вынесіце на вуліцу і цвёрдай шчоткай выдаліце цвіль. Затым апрацуйце месца спецыяльным сродкам ад цвілі, які прадаецца ў магазінах бытавой хіміі. Пасля апрацоўкі старанна прамыйце дыван з абодвух бакоў і як след прасушыце, а пакой, дзе ён ляжаў, праветрывайце некалькі дзён, каб пазбавіцца ад спор, якія засталіся.

Дывановыя скураеды

У дыванах могуць пасяліцца і іншыя насякомыя, напрыклад дывановыя жукі-скураеды. Звычайна яны трапляюць у нашы дамы з вуліцы, запаўзаюць летам праз адчыненыя вокны, ці гаспадары самі заносяць іх з рэчамі. Асабліва жукам падабаюцца футравыя і варсістыя вырабы. таксама яны селяцца ў мэблі і кнігах. Дывановыя скураеды вельмі жывучыя, яны выдатна адчуваюць сябе як у халодных вільготных памяшканнях кшталту падвалаў, так і ў цёплых сонечных гасціных.

— У дыванах селяцца не толькі жукі, але і іх лічынкі. Менавіта яны і ўяўляюць найбольшую небяспеку. Яны харчуюцца вырабамі з шэрсці, а калі дабяруцца да шафы, то «паласуюцца» футрамі і скуранымі вырабамі, — тлумачыць медык. — Дывановыя скураеды небяспечныя і для людзей, яны пераносяць мноства шкодных мікраарганізмаў і яйкі глістоў, якімі пры ўкусе могуць заразіць чалавека.

Барацьба з дывановымі жукамі і іх лічынкамі ў хатніх умовах патрабуе шмат сіл. Давядзецца правесці дэзынфекцыю не толькі пашкоджанага дывана, але і ўсяго пакоя, бо лічынкі хутка распаўсюджваюцца і хаваюцца за плінтусамі, пад мэбляй і ў іншых цёмных месцах. Акрамя таго, дываны трэба будзе пыласосіць 1-2 разы на дзень. Замест інсектыцыдаў можна выкарыстоўваць раствор борнай кіслаты — яна не таксічная для людзей і хатняй жывёлы, але мае адбельваючы эфект і можа пакідаць сляды на цёмных рэчах і паверхнях.

Хваробатворныя бактэрыі

— У дыванах нават пры рэгулярнай чыстцы пыласосам жыве вялікая колькасць хваробатворных бактэрый — ад кішэчнай палачкі і залацістага стафілакока да ўзбуджальнікаў пнеўманіі. На жаль, цалкам дэзынфіцыраваць дыван у хатніх умовах практычна немагчыма, нават калі вы выкарыстаеце бытавую хімію для ачысткі: яна проста не здольная пранікаць настолькі глыбока, каб знішчыць усе бактэрыі, — адзначае Святлана Клімук.

Каб у дыване не завяліся такія непрыемныя суседзі, неабходна рэгулярна яго даглядаць. Можаце скарыстацца хатнімі спосабамі чысткі, але гарантаваць поўную бяспеку яны не здольны, і насякомыя, цвіль і кляшчы будуць зноў вяртацца. Каб ніколі не сутыкацца з падобнымі непрыемнасцямі, рэкамендуецца раз на год здаваць свае дываны ў хімчыстку. Толькі прафесійныя сродкі здольны глыбока пранікнуць у дыван, пазбавіць яго ад пылу і бруду, спор грыбка, яек і лічынак насякомых, а таксама прадэзынфіцыраваць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.