Вы тут

Як не атруціцца курынымі яйкамі


Курыныя яйкі могуць пацягнуць істотныя праблемы для здароўя, калі, напрыклад, іх няправільна захоўваюць. Можа дайсці да шпіталізацыі. Як не стаць ахвярай небяспечных бактэрый, якія могуць жыць на шкарлупіне і пад ёй? Чаму еўрапейскія ўрачы забараняюць мыць яйкі? І чаму ў адных магазінах яны захоўваюцца ў халадзільніках, а ў іншых — на звычайных цёплых стэлажах?


На што звяртаць увагу?

Як правіла, самыя вялікія яйкі на прылаўках прадаюцца са штампам «СО». Літара «С» азначае «Сталовыя», а літара «О» — «Адборныя». Іх нясуць дарослыя куры. Больш дробныя яйкі ад маладзейшых нясушак раздзяляюць на тры катэгорыі: С1 — 55-64,9 грама, С2 — 45-54,9 грама, С3 — 35-44,9 грама. Што датычыцца карысці, то ва ўсіх гэтых яек яна аднолькавая.Не мае значэння і колер шкарлупіны. Насычанасць колеру жаўтка — таксама неадназначны паказчык карыснасці.

Што сапраўды важна — гэта дата вырабу яек. Найлепшыя яйкі — тыя, якім менш сямі дзён: яны лічацца дыетычнымі. А далей бялок становіцца ўсё больш вадкі з-за разбурэння авамуцыну — пратэіну, які надае пругкасць. А ў жаўтку распадаюцца тлушчы і карысныя вітаміны, асабліва калі захоўваць яйкі няправільна.

Як захоўваць правільна?

У магазінах яйкі ляжаць часам у халадзільніку, а часам проста на паліцах. Як жа правільна іх захоўваць?

Блытаніна ўзнікла таму, што эксперты з ЗША і Еўрасаюза не змаглі прыйсці да адзінага меркавання. У амерыканскія бальніцы штогод паступае мільён чалавек з сальманелёзам. Таму ўсе фермы абавязаны мыць яйкі і апрацоўваць іх дыяксідам хлору, а магазіны і грамадзяне павінны трымаць іх у халадзільніку пры тэмпературы не вышэй за +4 градусы, каб сальманелы, якія трапілі пад шкарлупіну, у холадзе не размнажаліся. Калі іх мала, гэта не страшна — імунітэт справіцца.

А ў Еўропе іншы падыход. Лічыцца, што падчас мыцця змываецца асаблівая надшкарлупінная абалонка — кутыкула, якая перашкаджае пападанню ў яйка хваробатворных бактэрый, у тым ліку і сальманелы. На Захадзе кур вакцынуюць, таму не патрабуецца захоўванне яек пры нізкіх тэмпературах.

У нас дапускаецца захоўванне яек без халадзільніка, але не даўжэй за 25 дзён. А ў холадзе іх можна трымаць аж тры месяцы. Праўда, у дзверцы халадзільніка яны столькі не пражывуць — ім лепш у глыбіні на паліцы, дзе тэмпература стабільная.

Ці мыць перад гатаваннем?

Дзесьці настойваюць на старанным мыцці пад праточнай вадой, каб змыць сальманелы. У Еўропе, Аўстраліі і ЗША просяць гэтага не рабіць ні з яйкамі, ні з тушкамі курэй. Бо сальманелу не бяруць ні мыйныя сродкі, ні глыбокая замарозка — толькі высокія тэмпературы. Вадой нічога асабліва не змыеш, толькі распырскаеш бактэрыі па ўсёй кухні — і на чысты посуд, і на іншыя прадукты, і на адзенне. Таму перад гатаваннем яйкі лепш проста акуратна разбіць,а потым памыць рукі, нож і ўсё, да чаго датыкалася шкарлупіна.

Ці трэба цалкам праварваць ці прасмажваць, каб не рызыкаваць?

Каб гарантавана абясшкодзіць яечню, смажыць яе варта 10 хвілін, прычым з двух бакоў. Але наўрад ці хто стане так рабіць. У той жа час даследаванні паказваюць, што ад доўгага гатавання яйкі трацяць свае карысныя ўласцівасці і вітаміны. Таму дыетолагі не супраць яек усмятку.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Правільны выбар

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.