Падбіраючы фатаграфіі поўных кавалераў ордэна Славы — кандыдатаў на гэтую публікацыю, я міжволі спыніўся на фактах ваеннай і пасляваеннай біяграфіі двух Іванаў — Шмеі і Дарошчанкі. На фронце яны абодва былі разведчыкамі, бралі «языкоў» — нямецкіх салдат і афіцэраў. Абодва тройчы былі параненыя, абодва ўдзельнічалі ў Парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 1945 года. А ў цывільным жыцці іх любімымі заняткамі былі паляванне і рыбалка. Дзякуючы Івану Дарошчанку я даведаўся, што ў разведку бралі ў першую чаргу паляўнічых і рыбакоў, бо яны былі смелыя, спакойныя і ўважлівыя.
Пра Івана Шмею, жыхара Дзяржынска, у свой час пісалі ўсе беларускія газеты, яго называлі «Цёркіным», і невыпадкова: у Івана было падабенства з галоўным героем легендарнай паэмы «Васіль Цёркін» — столькі меў салдат адвагі, шанцавання, баявога задору. Ён быў на дзіва кампанейскі чалавек вясёлага нораву. Здольнасцяў у Шмеі таксама было хоць адбаўляй, нават у арміі ён навучыўся іграць на баяне. Нядрэнна валодаў пэндзлем — маляваў пейзажы на палотнах. Напярэдадні чарговага Дня Перамогі мне трэба было знайсці дастойнага героя для фотаздымка на першую старонку газеты, і я напрасіўся ў госці да Івана Сцяпанавіча. У маіх запісах гэты дзень пазначаны шостым мая восемдзесят восьмага года. Было што здымаць, але ветэран сам прапанаваў сюжэт, і мы разам з двума яго старэйшымі ўнукамі, прыхапіўшы з сабою баян, селі на паляўнічы «козлік» (аўтамабіль ГАЗ-69) і паехалі за ваколіцу Дзяржынска — шукаць прыдатнае месца для здымкаў.
У канцы зімы восемдзесят дзявятага года, калі на азёрах яшчэ трымаўся тоўсты лёд, я накіраваўся ў Гарадок — самы паўночны раённы цэнтр. Я планаваў здымаць вэтэрана — аматара зімовай рыбалкі на адным з навакольных азёр. Сапраўды, той раз Іван Дарошчанка, як запраўскі рыбак, быў апрануты ў цёплую ватоўку і валёнкі, тузаў мармышкай каля лункі — ён лавіў акунёў, а я тым часам рабіў фотаздымкі. А потым мы пайшлі ў цёплую, утульную кватэру ветэрана і пад чаёк прадоўжылі шчырую размову.
— Страх на вайне адчуваў пастаянна. Уяві сабе, тры-чатыры дні — і палка як не было — згадваў франтавік. — Але ж я набываў вопыт — ведаў, дзе ўзарвецца снарад. Ды і шэнціла, як без гэтага!
У разведвальным падраздзяленні яго называлі «акопным д'яблам», бо воін бясстрашна ўрываўся ў варожыя акопы, кідаўся ў рукапашную.
Анатоль КЛЯШЧУК
«Звязда» працягвае праект «Дарогамі Славы», які запусціла сумесна з Музеем гісторыі Узброеных Сіл. У межах праекта мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якія нарадзіліся ў Беларусі або звязалі з ёй свой далейшы лёс.
Заклікаем вас, паважаныя чытачы: калі сярод вашых родных і блізкіх хтосьці або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабіста іх ведаў і захаваў успаміны ці фотаздымкі, то дзяліцеся вашымі гісторыямі з намі! Наш адрас — вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, Мінск, 220013. Адрас электроннай пошты — іnfo@zvіazda.by. Ніводны ліст не застанецца без увагі!
Сёння мы згадваем жыццёвы шлях двух разведчыкаў. Яны цёзкі — Іван Шмея і Іван Дарошчанка. Родам яны з Віцебска і размешчанага побач з абласным цэнтрам Гарадоцкага раёна...
Ён нарадзіўся 29 чэрвеня 1922 года ў Віцебску. Рос у сям'і шматдзетнай — акрамя Івана, бацькі выхоўвалі яшчэ шасцярых малых. Дзесьці ў 1930-я гады яго бацьку, Сцяпана Шмею, які быў служачым, перавялі на тагачаснае беларуска-польскае памежжа — у горад Дзяржынск. Там Іван скончыў дзесяцігадовую школу, пасля працаваў у арцелі.
Размеранае жыццё перапыніла вайна. Каб дакладна трапіць у войска, Іван Шмея змяніў дату нараджэння — прыбавіў сабе адзін год. Мэта спраўдзілася — юнака прызвалі. І адразу ж ён трапіў у гушчар баявых дзеянняў. Ваяваў на Заходнім, 2-м і 3-м Беларускім франтах. Стаў камандзірам аддзялення разведкі, зарабіў лычкі малодшага сяржанта. Служыў у 366-м стралковым палку 126-й стралковай дывізіі. Асабліва ж хлопец адзначыўся ў баях за Літву і Усходнюю Прусію.
Да ордэна Славы ІІІ ступені малодшы сяржант Шмея ішоў больш за тры гады. А пасля здзейсніў тры вельмі каштоўныя аперацыі літаральна за два тыдні ў кастрычніку 1944 года. 6 кастрычніка ён на чале разведвальнай групы здабываў інфармацыю аб пазіцыях нямецкіх войскаў на паўночны захад ад Шяўляя. Група наткнулася на засаду. Пачаўся бой. Разведчыкі знішчылі некалькі ворагаў. Праз некалькі дзён Іван Шмея асабіста падарваў гранатамі дзве нямецкія аўтамашыны. А ў якасці трафея група забрала з сабой кулямёт. Яшчэ праз некалькі дзён ён вярнуўся з задання са звесткамі пра сістэму нямецкай абароны блізу аднаго з невялікіх гарадоў.
...У студзені 1945 года баі ішлі ўжо на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Малодшы сяржант Іван Шмея разам з групай разведчыкаў пранік у размяшчэнне гітлераўцаў, дзе адкрыў шквальны агонь. 11 немцаў так і засталіся там назаўжды. Іх камандзір і рэшта тых, хто застаўся ў жывых, здаліся ў палон. Камандаванне арміі адзначыла гэты ўчынак ордэнам Славы ІІ ступені.
Зеніт славы для Івана Шмеі надышоў у красавіку 1945-га, калі савецкія войскі штурмавалі Кёнігсберг. Наш герой ужо атрымаў вайсковае званне старшыны, пры гэтым ён па-ранейшаму камандаваў аддзяленнем узвода пешай разведкі. Яго група ў адну веснавую ноч здзейсніла вельмі дзёрзкі рэйд у тыл ворага. Вынікам гэтага сталі два знішчаныя кулямётныя разлікі, шэсць забітых аўтаматчыкаў. Назад разведчыкі вярнуліся цяжка нагрувашчаныя. «Улоў» атрымаўся немалы: 21 аўтамат і 30 вінтовак, а таксама 42 палонныя немцы. І, што вельмі каштоўна, быў адбіты склад з харчаваннем.
Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў за гэты подзвіг Івана Шмею ордэнам Славы І ступені неўзабаве пасля заканчэння баявых дзеянняў — 29 чэрвеня 1945 года.
Іван Сцяпанавіч Шмея дэмабілізаваўся з войска праз год, у 1946-м. Вярнуўся дадому ў Дзяржынск. Атрымаў інжынерную адукацыю, пасля ўладкаваўся на адзін з мясцовых заводаў, затым перайшоў у паляўнічую гаспадарку. Ён удзельнічаў у Парадзе Перамогі 1985-га года, стаў адным з герояў фільма Канстанціна Сіманава «Ішоў салдат».
Іван Шмея памёр у студзені 1998 года. Памяць пра яго жывая ў Дзяржынску — на Алеі Герояў усталяваны адмысловы знак. Адна з вуліц горада названа ў яго гонар.
Жыццёвы шлях нашага другога героя пачаўся 5 мая 1922 года. Рос ён у сялянскай сям'і ў вёсцы Дубраўка Гарадоцкага раёна Віцебшчыны. Скончыўшы сем класаў, пайшоў працаваць. Вайна заспела Івана Васілевіча, калі ён быў забойшчыкам на адной з вугальных шахтаў у Данбасе. Але пад акупацыю трапіў ужо ў роднай вёсцы. Там і вымушаны быў застацца. Праўда, ненадоўга — улетку 1942-га Іван сышоў у лес, дзе далучыўся да Калінінскай партызанскай брыгады.
У Чырвоную Армію ён быў прызваны ў красавіку 1944 года. Яго накіравалі ў 14-ы стралковы полк 72-й стралковай дывізіі. Але за плячыма хлопца былі два гады партызанства, ён ужо меў досвед паспяховай дыверсійнай работы. Таму залічылі Івана Дарошчанку ва ўзвод разведкі. З ім і была звязана далейшая служба юнака: спачатку ён ваяваў на Ленінградскім, а пасля — на 1-м Украінскім фронце.
...Чэрвень 1944 года адзначыўся зацятымі баямі ў прыгарадзе Ленінграда — пасёлку Белавостраў, які цяпер уваходзіць у склад горада Сестрарэцк. Побач з ім лінія фронту знаходзілася яшчэ з верасня 1941 года. Менавіта адсюль улетку 1944-га, калі была прарвана блакада Ленінграда, савецкія войскі перайшлі ў масіраванае контрнаступленне. Фінскія лініі абароны ламаліся адна за другой. Падчас фарсіравання ракі Сястра сяржант Дарошчанка разам са сваёй групай захопу знайшоў тры варожыя агнявыя пункты, якія неўзабаве паспяхова «накрыла» савецкая палкавая артылерыя. А назад вайскоўцы вярнуліся з «языком». 2 ліпеня 1944 года Іван Дарошчанка быў узнагароджаны за гэтую бліскучую аперацыю ордэнам Славы ІІІ ступені. Высокую ўзнагароду яму ўручылі проста на полі боя.
У пачатку 1945 года 72-я стралковая дывізія была перакінута на 1-ы Украінскі фронт. Там яна вяла баі за вызваленне ад немцаў Польшчы. Сяржант Дарошчанка на той момант даслужыўся ўжо да памочніка камандзіра ўзвода. І вось пад горадам Ныса, блізу граніцы з тагачаснай Чэхаславакіяй, 24 сакавіка група пад камандаваннем Івана Дарошчанкі захапіла легкавы аўтамабіль і гітлераўскага афіцэра. Да таго на яе рахунку было яшчэ некалькі прыведзеных у савецкае размяшчэнне «языкоў». Камандаванне арміі ўзнагародзіла нашага героя за гэты ўчынак ордэнам Славы ІІ ступені.
Упартае супраціўленне немцаў у тых мясцінах працягвалася і ў маі 1945-га. 4 мая падчас баёў за адну з вёсак старшы сяржант Іван Дарошчанка разам з групай разведчыкаў знішчыў звыш дзесяці гітлераўцаў. Яшчэ сем здаліся ў палон, сярод іх былі тры афіцэры.
Гэта і стала падставай для таго, каб Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб узнагароджанні Івана Дарошчанкі ордэнам Славы І ступені. Поўным кавалерам ён стаў 27 чэрвеня 1945 года — праз тры дні пасля ўдзелу ў славутым Парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве.
Пасляваенны лёс Івана Дарошчанкі склаўся няпроста. На родную Гарадоччыну ён вярнуўся толькі ў канцы 1970-х гадоў. Некаторы час працаваў у саўгасе «Заазерскі». Памёр ён 28 жніўня 2002 года. Апошні спачын старшы сяржант Дарошчанка знайшоў на могілках пасёлка Езярышча. Імя Івана Дарошчанкі носіць Гарадоцкі дзяржаўны прафесійна-
тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці.
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Анатоль КЛЯШЧУК (фота)
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».