Вы тут

Як правільна арганізаваць дзіцячы адпачынак?


Летась у Мінскай вобласці ў агні не загінуў ніводны малы. Нуль у гэтай графе значыцца і па прамежкавых выніках 2020 года. Разам з тым вакацыі для дзяцей — гэта не толькі безліч вольнага часу падчас адпачынку ў вялікім горадзе або вёсцы, але і большая рызыка трапіць у небяспечную сітуацыю. Асабліва калі побач няма дарослых. Каб больш даведацца аб правілах бяспекі ўлетку, карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да афіцыйнага прадстаўніка Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Настассі Швайбовіч.


Як малыя поле спалілі

У мінулым годзе відавочца ў Дзяржынскім раёне паведаміў на нумар 101, што гарыць поле. Сітуацыя складвалася вельмі небяспечная. Па-першае, гэта быў час, калі актыўна ішло жніво. Па-другое, некалькі дзён да выпадку трымалася сухое і даволі цёплае надвор'е. У дзень, калі гэта здарылася, усчаўся парывісты вецер. А гэта значыла, што агонь мог распаўсюджвацца вельмі хутка.

Самае цікавае, што ратавальнікам пазваніў малы. У сваю чаргу, супрацоўнікі міліцыі, якія выехалі на месца падзей для разбіральніцтва, знайшлі на пажарышчы... моцна абгарэлую і счарнелую дзіцячую байку. А пасля з хмызняку вылез і сам яе ўладальнік. Моцна напалоханы хлопчык прызнаўся, што ён прыбег паглядзець, ці патушылі полымя. Падчас следства высветлілася, што ён і ёсць адзін з падпальшчыкаў гэтага самага поля...

Але як жа так здарылася? Была цалкам узноўлена карціна гэтага дня. Тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі жылі непадалёк адно ад аднаго на ўскраіне Дзяржынска. Цёплым летнім днём яны вырашылі выправіцца ў паход. З сабой узялі ежу, посуд і запалкі. Крыху прайшоўшы ўздоўж поля, вырашылі пад'есці. Аднаму з малых прыйшла ў галаву ідэя праверыць, наколькі трывалыя да агню сцябліны пшаніцы. Ён сарваў іх, вынес на дарогу і падпаліў. А запалку адкінуў з дарогі ўбок. Праз некаторы час малыя заўважылі: пачынае гарэць трава. Яны хуценька затапталі полымя.

І тут бы ім спыніць свае небяспечныя даследаванні і сысці, але... Узнікла думка паглядзець, як гарыць на корані пшаніца. Запалка чыркнула аб каробку, загарэлася першая сцябліна. Як і ў першым выпадку, малыя спадзяваліся затаптаць агонь. Але парывы ветру пачалі разносіць полымя ўсё далей і далей. Вось тады і адбыўся званок на нумар 112 аб тым, што гарыць поле. А сама кампанія падшыванцаў разбеглася. Скончыліся гэтыя доследы тым, што агонь знішчыў прыблізна 0,3 гектара пшаніцы. Бацькам непаўналетніх выставілі рахунак за страчаны ўраджай. Мясцовая гаспадарка ацаніла яго ў шэсць з паловай тысяч рублёў.

А ўжо ў красавіку гэтага года ў Бярэзінскім раёне вучні першага і другога класаў знайшлі на вуліцы згублены кімсьці пачак запалак. Побач з адным прыватным домам апынуўся пук саломы. Доўга не думаючы, школьнікі яго падпалілі. А калі пабачылі, што агонь пачынае разрастацца, паспрабавалі яго затаптаць. Высілкі былі марныя — полымя перакінулася на пуню.

Ні ў якім разе нельга дазваляць дзецям распальваць вогнішча самастойна і гуляць каля яго. Тым больш — кідаць туды ёмістасці з невядомымі рэчывамі. Так, летась няшчасны выпадак адбыўся ў Барысаўскім раёне. Двое малых гулялі ў двары прыватнага жылога дома. Невядома, што прыйшло ў галаву старэйшаму з іх, але ён абсыпаў свайго таварыша гарачым вуголлем з кастра. Трохгадовы хлопчык атрымаў апёкі 5 % цела і быў экстранна шпіталізаваны.

— Таму мы просім хаваць запалкі і запальнічкі ў недаступных для дзяцей месцах. Не перашкодзіць, калі вы замацуеце дома ў любым бачным месцы, пажадана каля тэлефона, аркуш паперы з тэлефонамі экстранных служб і раскажаце малому, пры якіх абставінах імі трэба карыстацца. Растлумачце, што калі ўсё-такі пажар здарыўся, то трэба не бегчы і хавацца пад ложак ці ў іншы пакой, а як мага хутчэй пакінуць кватэру або прыватны дом і клікаць на дапамогу суседзяў. Разам з тым мы адзначаем, што колькасць пажараў, дзе віноўнікамі з'яўляюцца дзеці, за апошнія дзесяць гадоў зменшылася вельмі істотна. За гэта трэба падзякаваць не толькі ратавальнікам, але і бацькам са школьнымі выкладчыкамі. Першае знаёмства з асновамі бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей адбываецца яшчэ ў дзіцячым садку.

У сучаснай форме даведацца аб правілах паводзін у няштатных сітуацыях можна ў цэнтрах бяспекі. Адкрыты ў 2019 годзе ў Барысаве абласны цэнтр наведалі ўжо больш за 14 тысяч чалавек. У цэнтры актыўна практыкуецца тандэмнае навучанне. Гэта значыць, што бацькі разам з дзецьмі праходзяць праз тэматычныя заданні і «прайграюць» разнастайныя небяспечныя сітуацыі на практыцы.

Умець сказаць «не»

— У спякотнае надвор'е першае жаданне — ахаладзіцца. Але ўсе паходы на вадаёмы і ў лес павінны быць толькі з дарослымі. І неабходна, каб яны знаходзіліся на адлегласці выцягнутай рукі, каб неадкладна зрэагаваць пры дрэнным ходзе падзей.

Паказальная гісторыя адбылася тры гады таму ў Салігорску. На мясцовы гарадскі дзіцячы пляж прыйшла кампанія дзяцей. Адна дзяўчынка раптам пачала тануць. Яна паспрабавала рухацца ў бок берага, але, як на злосць, дзьмуў моцны сустрэчны вецер. Сяброўкі школьніцы нічым не маглі дапамагчы. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б ратаваць дзяўчынку не адправілася 28-гадовая жанчына, якая адпачывала на беразе разам са сваім дзіцем. Яна выцягнула малую на бераг. Тая была ўжо без прытомнасці. Давялося рабіць штучнае дыханне, пакуль не падаспелі медыкі...

— Трэба навучыць дзіця цвёрда гаварыць «не», калі яму нешта не падабаецца ці бянтэжыць, — раіць суразмоўца. — Растлумачце малому, што нельга гуляць там, дзе пра гэта не ведаюць дарослыя. Са свайго маршруту трэба выключыць будоўлі, закінутыя дамы, хлявы, падвалы і гарышчы. Раскажыце дзіцяці, што ў ліфце трэба ездзіць выключна са знаёмымі людзьмі. Ад невядомых нічога не трэба браць — ні пачастункаў, ні падарункаў, ні бутэлечак. І не чапаць ніякіх дзікіх жывёл.

У доме ж трэба паставіць сябе на месца малога і крытычна прааналізаваць усе тыя «слабыя звёны», да якіх можа дацягнуцца дзіцячая рука. Бутэлькі з побытавай хіміяй, воцатам, батарэйкі, манеты і іншыя дробныя прадметы трэба або перанесці на высокія паліцы, або пакласці ў шафу і зачыніць на ключ.

Фільмы ў дапамогу

На афіцыйным канале Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Youtube змешчаны цікавыя навучальныя фільмы для дзяцей рознага ўзросту. Напрыклад, для падлеткавай аўдыторыі рэкамендуецца кіно «Недзіцячыя гульні». У стужцы аналізуюцца выпадкі, калі дзеці траплялі ў небяспечнае становішча праз тое, што выбралі не тое месца для гульняў. Больш за тое, тлумачэнні на камеру даюць самі героі зводак ведамства. Дзецям малодшага школьнага ўзросту адрасуецца мультфільм «Чароўная кніга». Падобныя фільмы разлічаны на тое, што іх сумесна з дзецьмі паглядзяць бацькі і абмяркуюць сітуацыі, якія там абмаляваны. Такім чынам рызыка трапіць у непрыемную гісторыю будзе кардынальна зменшана.

У тэму

Да 1 чэрвеня праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!». Галоўная мэта акцыі — прыцягненне ўвагі да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей ад пажараў, а таксама зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам непаўналетніх. Сёлета яна ўпершыню пройдзе ў аддаленым фармаце. Ратавальнікі падрыхтавалі шмат радыёвіктарын, відэаўрокаў бяспекі для маладых маці і шматдзетных сем'яў, выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і тых малых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Запланавана таксама паштовая акцыя «Бяспечная карэспандэнцыя» — усе сем'і, якія выхоўваюць малых, атрымаюць спецыяльны ліст, прысвечаны тэме дзіцячай бяспекі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Вакацыі без праблем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».