Вы тут

Не на той справе пагарэў


Нядаўна, падчас вялiкiх выхадных, на адным з каналаў зноў пракруцiлi фiльмы «Любоў зямная» i «Лёс». Добрыя стужкi. Глядзела i думала: во як усё радыкальна памянялася! За што раней мужыкоў з партыi гналi i з пасад здымалi, за тое цяпер у судзе абараняюць, забяспечваюць недатыкальнасць асабiстага жыцця. I калi тэарэтычна апошняе можна было б запiсаць у дасягненнi дэмакратычнага развiцця, то на практыцы...


Кажу пра нядаўнюю гiсторыю, што разыгралася ў адным з раёнаў нашай вобласцi. Вось i там хоць кiно здымай, але не надта яно прыгожае атрымаецца, сорамна можа стаць за асобных герояў. Словам, у час, калi ўвесь свет заклапочаны праблемамi пандэмii, у адной асобнай сям'i разгортвалiся зусiм iншыя падзеi. Хоць пачатак яны бяруць лагодным летам, калi пра навалу яшчэ нiхто не ведаў. Тады адпачываў жыхар беларускай глыбiнкi на курорце, пакуль жонка была дома. Завёў там раман з нейкай мiлавiднай жанчынай. З кiм не бывае, скажаце, i будзеце мець рацыю. Але не з усiмi бывае, згадзiцеся, каб даўно i надзейна жанаты мужчына ў сваiм тэлефоне, лiчы, на вiдным месцы захоўваў здымкi сумеснага адпачынку з iншай жанчынай. Вiдаць, праглядаў час ад часу, каб абудзiць прыемныя ўспамiны i ўсё такое.

Ды аднойчы жонка выпадкова таксама перагартала яго смартфонную галерэю. Можна ўявiць сабе эмоцыi Iрыны, калi яна ўбачыла тыя кадры. Жанчына ў роспачы падзялiлася крыўдай з дарослай дачкой, суседкай, сяброўкай. Жаночая супольнасць аб'ядналася i вылiчыла асобу той, якая была на курортных фатаграфiях. Ёй аказалася грамадзянка Расiйскай Федэрацыi, якая таксама жыве не ў сталiцы, а ў рускай глыбiнцы. Няўрымслiвыя жанчыны высветлiлi, што былая нявестка той кабеты пражывае на Брэстчыне. Ад адчаю цi разгубленасцi Iрына чамусьцi рашыла падзялiцца iнфармацыяй з той самай нявесткай. Для гэтага яна стварыла фэйкавую старонку ў сацыяльных сетках i адправiла Анжэле фота былой свекрывi з кавалерам, то-бок, уласным мужам з подпiсам: «Паглядзi, як весялiцца ваша мама». Але маладой асобе жанчына на фота была ўжо не «мама», а чужая цётка. Яна здзiвiлася, пацiснула плячыма i кiнула былому мужу скрыншот са старонкi з пазнакай: «Ты не ведаеш, навошта мне гэта прыслалi? Мне гэта нецiкава». Сын, вядома, папытаў у мацi, што за здымкi гуляюць памiж дзвюма краiнамi. Тая неадкладна пазванiла сябру з абурэннем на мiжнародную ўцечку iнфармацыi пра iх узаемаадносiны. Вось тут i завярцелася. Пакрыўджаны беларус напiсаў заяву ў мiлiцыю, ён патрабаваў прыцягнуць да адказнасцi жонку, дачку, суседзяў, былую нявестку сваёй сяброўкi за ўмяшальнiцтва ў сваё асабiстае жыццё. Маўляў, згоды на распаўсюджванне звестак ён не даваў. Скажу адразу, суд не падтрымаў прэтэнзiй iстца, i жанчыны не былi пакараныя, бо складу злачынства ў iх дзеяннях не было выяўлена.

Вось мяне асабiста ў гэтай гiсторыi цiкавiць, што ён хацеў ад мiлiцыi, суда: каб iх аштрафавалi цi, можа, пасадзiлi? Жонку, з якой пражыў амаль 30 гадоў, родную дачку, iншых людзей? Вядома, кожны чалавек мае права на асабiстае жыццё, на якiя заўгодна ўчынкi, калi яны не супярэчаць закону. Але тут крыху не той выпадак. Не толькi жаночая супольнасць, думаю, любы мужык скажа яму: «Калi ты з курорта ўсё роўна цягнешся дадому, то хоць паклапацiся, каб «асабiстая» iнфармацыя не стала набыткам тых, каму яна не прызначаная». Пакiнуць у тэлефоне здымак сёння раўназначна таму, што яго надрукаваць i пакласцi на стале ў пакоi. Гэта ўжо свайго роду выклiк, правакацыя, маўляў, я гаспадар у доме, раблю, што хачу.

Але яшчэ больш абсурдным выглядае iсцi ў мiлiцыю альбо суд з гэтай нагоды. Ды што зробiш, нашы людзi надта часта глядзяць па ТБ розныя шоу сумнеўнай вартасцi, на якiх i не тое, што простыя абывацелi, але i так званыя зоркi гатовыя выплюхнуць на экран усю сваю брудную бялiзну. Там, здараецца, у розных формах гучаць заклiкi пра абарону правоў iндывiдуума. Але нашаму герою лепш бы паглядзець тую ж «Любоў зямную» ды павучыцца ў Захара Дзяругiна, па сутнасцi, простага вясковага дзядзькi, такту ды iнтэлiгентнасцi. Захар дакладна не стаў бы нiкога вiнавацiць у сваiх праблемах нават пасля таго, як яму браты каханкi палiчылi рабрыны, калi памятаеце сюжэт фiльма. Ды ў ХХI стагоддзi, як бачым, дэманструюцца iншыя падыходы да вечнай тэмы.

...Нашы вядомыя аграрыi неяк расказвалi, што iх старэйшы таварыш, знакамiты Уладзiмiр Бядуля, любiў прамаўляць такi жартоўны тост у мужчынскай кампанii: «Вып'ем за мужыкоў, якiя на гэтай справе пагарэлi!» Думаю, за гэтага яны пiць бы не сталi.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.