Вы тут

Дадзё, даянг і... тэлебачанне. Як сумясціць адзінаборствы і журналістыку


Збегла з апошняй пары, трапіла на трэніроўку і... зразумела, кім хоча быць. Цяпер з'яўляецца кандыдатам у майстры спорту (КМС) па тэквандо, валодае тэхнікай каратэ і захапляецца тайскім боксам. 22-гадовая Вікторыя Шахно — пра свой «вецер перамен» і спалучэнне журналісцкіх якасцяў з трэнерствам.


Пераможніца са зламанай рукой

Адзінаборствы вабілі дзяўчыну даўно. З каратэ яна пазнаёмілася яшчэ ў школе, аднак больш сур'ёзна пачала займацца ўжо студэнткай БДУ. Як толькі Вікторыя даведалася пра секцыю ў ВНУ, адразу паехала знаёміцца і запісвацца. Трапіўшы на першую трэніроўку, адзначыла для сябе: тут працуюць жорстка. Дзяўчыне спадабалася яшчэ больш, і далей у спартыўную залу Вікторыя неслася з пар, як дамоў.

— Носячы белы пояс, разумела важнасць «лесвіцы». Здаеш экзамен, падчас якога правяраюцца фізічная форма і характар. Такім чынам ты расцеш. Але ж акурат падчас здачы на яго я была дзе заўгодна, але толькі не ў дадзё (спартыўная зала ў каратэ. — «ЧЗ»). Пры гэтым упарта займалася. І перажывала, што мой пояс не спяшаецца «цямнець». Трэнер тады выказаў добрую думку: колер не заўсёды з'яўляецца паказчыкам узроўню спартсмена. Можна здаваць экзамены і не назіраць росту, а можна хадзіць з белым поясам, пры гэтым выдатна валодаць тэхнікай і фізічна развівацца, — кажа суразмоўніца.

Падзея, якую Вікторыя Шахно будзе памятаць усё жыццё, — гэта прысваенне звання кандыдата ў майстры спорту. Набліжалася Рэспубліканская ўніверсіяда па тэквандо. Спартсменка пра яе яшчэ не ведала, працягваючы займацца каратэ. Прыблізна за тыдзень да спаборніцтваў трэнер падышоў да дзяўчыны і сказаў: «Ведаеш, што ты ў зборнай па тэквандо? Рыхтуйся».

Тэквандо не каратэ, у іх шмат адрозненняў. За некалькі дзён Вікторыя павінна была асвоіць новы від спорту.

— ...Я нібы ў тумане, бачу сваё прозвішча на табло, выходжу ў нязручнай экіпіроўцы на даянг (пляцоўка для бою ў тэквандо. — «ЧЗ».), з'яўляецца саперніца, якая да гэтага здавалася мне хлопцам...Позірк у яе быў упэўнены. Рэферы чакаў майго выхаду, а я нават правілаў паядынку не ведала, — прызнаецца дзяўчына. — Трэнер літаральна выпіхнуў уперад... Усяго было тры баі. Ужо пасля другога не адчувала ног. Наперадзе — фінал, вырашаўся лёс: альбо станаўлюся сярэбраным прызёрам і сыходжу «ў цень», альбо іду да канца, бяру «золата» і атрымліваю званне КМС. З даянга выходзіла з пераломам кісці рукі, мноствам сінякоў, але пераможніцай. У мяне быў козыр — група падтрымкі сяброў-каратыстаў і тэквандыстаў, якія падбадзёрвалі ў напружаныя хвіліны. А пра пералом даведалася толькі ў бальніцы, куды мяне адвезлі, бо рука зусім ссінела і распухла. Увесь астатні вечар каталася на інваліднай калясцы і пужала гісторыямі ў «Іінстаграме»...

Трэніроўкі пад цяжкую музыку

Так Вікторыя адкрыла сябе ў карэйскім адзінаборстве. Па парадах старэйшых дзяўчына атрымлівае трэнерскую адукацыю: паспяхова скончыўшы журфак, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і цяпер выступае ў ролі памочніка галоўнага трэнера секцыі па тэквандо.

— Мне падабаецца. Я імкнуся аддаваць вучням тое, чым сама валодаю. Многія з нуля прыходзяць займацца, і прыемна адчуваць, што ты можаш падзяліцца вопытам і дапамагчы чалавеку развівацца ў гэтым кірунку, — кажа дзяўчына. — Што датычыцца трэнерскага майстэрства, дык яно найперш прадугледжвае наяўнасць цярпення. Трэба любіць сваіх выхаванцаў, бо што для цябе проста, для іх можа быць напачатку недасягальна. Часам даводзіцца паказваць адно і тое ж па некалькі разоў. Пасля адчуваю такую асалоду, калі ў іх нарэшце нешта атрымліваецца!

Трэніроўкі маладая трэнер вядзе па пэўным стандарце: размінка, расцяжка, асноўная частка і «запампоўка». Большасць разміначных практыкаванняў дзяўчына запазычыла ў каратэ. Паралельна назірала за тэквандыстамі, праглядала ролікі з трэніровак у гэтым відзе спорту.

А яшчэ Вікторыя прынесла ў спартыўную залу любоў да цяжкай музыкі. Цяпер кожная трэніроўка ў выхаванцаў асацыюецца з Rammsteіn, жорсткім шпагатам і болем... Дзяўчына ўпэўнена: каб да чалавека штосьці «дайшло», трэба знайсці з ім агульную мову, стварыць адпаведную атмасферу, у якой людзі б пакутавалі фізічна, але адпачывалі маральна.

Калі чалавек знаёміцца з адзінаборствам, вопытныя трэнеры не спяшаюцца адпраўляць яго на спаборніцтвы. Важна адчуць стыль, набыць фізічную сілу. А на турнірах выкоўваюць характар.

Нягледзячы на тое што Вікторыя толькі атрымлівае трэнерскую адукацыю, вучні да яе ставяцца з павагай. Розніца ва ўзросце паміж імі невялікая, атмасфера пануе сяброўская.

— Я не ўзношу сябе вышэй за іх, і яны да мяне ставяцца з павагай. Некаторыя нават на «вы»... (усміхаецца). Зразумела, рамкі ёсць: на трэніроўцы павінна быць дысцыпліна. А ўжо пасля мы жартуем і сустракаемся па-за сценамі залы.

Пасля трэніроўкі з сэнсэем Вікторыя ператвараецца ў карэспандэнта.

Telekompany_vіd прадстаўляе...

У сваёй журналісцкай дзейнасці Вікторыя таксама любіць адрэналін. Яна спрабавала сябе ў газеце, пасля на радыё. Пад канец вучобы трапіла на тэлеканал «Беларусь 5», дзе прадэманстравала цікавасць да адзінаборстваў. Студэнтку накіравалі ў праект «Фактар сілы», там дзяўчына змагла выконваць заданні па душы: рабіць сюжэты пра спаборніцтвы па каратэ, тэквандо, тайскім боксе... Задаючы пытанні атлету, Вікторыя не толькі рыхтуе інтэрв'ю для тэлебачання, але і атрымлівае парады для сябе, бо штосьці ёй карысна як трэнеру, штосьці — як спартсмену. Таму матэрыялы атрымліваюцца жывыя. Дзяўчына прызнаецца, што такім чынам сумяшчае прыемнае з карысным.

— У 2017 годзе я стала кандыдатам у майстры спорту па тэквандо і на той момант падумаць не магла, як тое паўплывае на маё жыццё. Апроч трэніроўкі студэнтаў, паспела не раз выступіць на спаборніцтвах і чэмпіянатах Беларусі. Часам мы проста не верым у свае сілы, а гэта вялікая памылка! Дзякуючы сябрам, трэнеру ў мяне з'яўляюцца сілы, жаданне, ставяцца новыя мэты. Пакуль маладая, імкнуся браць ад жыцця ўсё, і нават калі апускаюцца рукі, не здаюся. Пасля гэтага ўдвая мацнееш.

Дзяўчына актыўна вядзе асабісты блог у «Інстаграме» пад назвай Telekompany_vіd, дзе таксама транслюе баі, публікуе часткі інтэрв'ю. Назву прыдумала невыпадкова — згадайце выяву тэлекампаніі ВІД: страшнаваты твар, які з'яўляўся на экранах перад «Полем цудаў», «Чакай мяне» і іншымі перадачамі, што ўжо сталі легендамі. За сур'ёзны позірк, валявы характар і «гульку», якую дзяўчына любіла насіць на галаве, яе так называлі некаторы час. Мянушку абыграла — атрымалася арыгінальна і да месца.

Упартая і моцная духам, Вікторыя і надалей плануе развіваць сябе ў адзінаборствах — бачыць іх знутры як трэнер і спартсмен, а таксама ствараць сюжэты пра ўсходнія віды спорту.

Кацярына Касцевіч, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.