Вы тут

Каля 10 % беларусаў маюць эндакрынную паталогію


Эндакрынная паталогія зарэгістраваная ў 928 861 беларуса, а гэта амаль 10 % насельніцтва. Пры гэтым актыўнага назірання і кантролю за хадой хваробы патрабуе 656 950 пацыентаў, гэта значыць дзве траціны з тых, хто звяртаецца да эндакрынолага, ставіцца на дыспансерны ўлік.


Хваробы шчытападобнай залозы — на першым месцы сярод эндакрынных паталогій

Трэцяя частка ад усёй эндакрыннай паталогіі ў Беларусі — захворванні шчытападобнай залозы, паведаміла галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Наталля Карловіч.

— Сярод найбольш частых захворванняў — вузлавы валляк, такіх пацыентаў у нас каля 80 тысяч. Вялікую частку займае гіпатэрыёз — гэта зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы, і такіх пацыентаў у нас каля 150 тысяч. Даволі распаўсюджанае захворванне — хранічны імунны цірэаідыт. Яшчэ адно захворванне — цірэатаксікоз, яно не самае распаўсюджанае (такіх пацыентаў за год зарэгістравана 10 тысяч) але важнае па сваіх наступствах. І канешне, рак шчытападобнай залозы, які хоць і не з’яўляецца эндакрынным захворваннем, таксама важны для эндакрынолагаў. За мінулы год зарэгістравана больш за 1200 выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

У дзяцей хваробы шчытападобнай залозы займаюць 70 % ад усіх эндакрынных паталогій. Пра гэта расказала прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава.

— На пачатак гэтага года найбольшая колькасць дзяцей зарэгістраваная з дыягназам просты нетаксічны валляк. Іх каля 12,5 тысяч. На сёння дзякуючы Нацыянальнай праграме па ліквідацыі ёдадэфіцытных станаў у нашай краіне ёднага дэфіцыту няма. І ў выніку мы бачым змяншэнне з году ў год дзяцей з гэтым дыягназам. За пяць гадоў захворвальнасць знізілася са 195 выпадкаў на 100 тысяч дзяцей да 158 выпадкаў на 100 тысяч. На пачатак года ў нас назіралася 338 дзяцей з прыроджаным гіпацірэёзам.

Дарэчы, як адзначылі спецыялісты, у свеце пераважаюць ёдадэфіцытныя захворванні, на іх пакутуе каля 1,5 мільярда чалавек на планеце. У нашай краіне, дзякуючы палітыцы на ўзроўні ураду, ёдадэфіцыт быў ліквідаваны, і распаўсюджанасць валляка, які развіваецца па гэтай прычыне, знізілася не менш, чым у два разы. Сёння абавязковай ёднай прафілактыкі не патрабуецца.

— Яна з’яўляецца абавязковай толькі ў групах рызыкі. Гэта дзеці і падлеткі ў перыяд полавага саспявання. А таксама жанчыны падчас цяжарнасці і груднога кармлення, — праінфармавала Наталля Карловіч.

— Існуюць дадзеныя аб уплыве ёдадэфіцыту на інтэлектуальны патэнцыял дзіця, — дадала Анжаліка Сонцава. — Даказана, што калі ў мамы ёсць дэфіцыт ёду ў перыяд цяжарнасці, асабліва ў першым трыместры, калі адбываецца закладка асноўных структур галаўнога мозга, гэта можа прыводзіць да таго, што дзіця народзіцца з прыроджаным гіпацірэёзам — гіпафункцыяй шчытападобнай залозы. Таму кожная цяжарная жанчына павінная атрымліваць не менш за 250 мкг ёду ў суткі. Для дзяцей таксама важная наяўнасць гэтага мікраэлементу, асабліва ў першыя тры гады жыцця, калі ідзе развіццё галаўнога мозгу. Калі маецца ёдадэфіцыт, дзіця не дасягае таго інтэлектуальнага ўзроўню, які закладзены бацькамі.

Катастрофа на ЧАЭС паўплывала на рост выпадкаў раку шчытападобнай залозы

Наталля Карловіч заўважыла, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС паўплывала на рост раку шчытападобнай залозы. Такія выпадкі пацверджаныя ў тых, хто на момант аварыі знаходзіўся ў дзіцячым узросце.

— Другая праблема, з якой мы сутыкнуліся — рост аўтаімуннай паталогіі. Іанізуючае выпраменьванне можа выклікаць як рак шчытападобнай залозы, так і аўтаімунную паталогію. Сярод пацверджаных паталогій гэта, бадай, і ўсё. Але не трэба забываць, што катастрофа на ЧАЭС змяніла нашу псіхалогію і наша стаўленне да шчытападобнай залозы. І насельніцтва жадае абследаваць шчытападобную залозу, і ўрачы праяўляюць насцярожанасць, таму ўлічваючы даступнасць метадаў абследавання, выяўляльнасць паталогій шчытападобнай залозы значна вырасла. Ва ўсім свеце захворванні шчытападобнай залозы ў структуры эндакрынных паталогій стаяць на другім месцы пасля дыябету, а ў нашай краіне па частаце рэгістрацыі на першым месцы паталогія шчытападобнай залозы. І напэўна, у гэтым ёсць роля Чарнобыльскай катастрофы, — патлумачыла спецыяліст.

Абследаванне варта пачынаць з візіту да ўрача

Абследаванне шчытападобнай залозы Наталля Карловіч параіла пачынаць з візіту да ўрача, які зробіць агляд, выявіць скаргі і удакладніць сямейны анамнез. На сёння гэта могуць рабіць не толькі эндакрынолагі, але і ўрачы агульнай практыкі. Далей для выяўлення структурнай паталогіі выкарыстоўваецца метад ультрагукавой дыягностыкі.

— Гэта галоўны метад, які пацвердзіць, што са шчытападобнай залозай нешта не так, і адкажа нам на большасць пытанняў. Калі ва ўрача падазрэнне на парушэнне функцыі шчытападобнай залозы, то ацэньваецца ўзровень цірэатропнага гармону, — патлумачыла Наталля Карловіч. — Калі УГД не выявіла структурных паталогій, узровень гармонаў у норме, то абследаванне на гэтым можа быць завершанае. Далейшыя падазрэнні, што са штытападобнай залозай не ўсё ў парадку, не маюць падстаў. Калі выяўляюцца нейкія змяненні, то прызначаюцца дадатковае абследаванні.

Спецыяліст падкрэсліла, што і УГД, якое часта робіцца проста па жаданні пацыента, і даследаванне на ўзровень цірэатропнага гармону нярэдка выконваецца нават тады, калі яно не патрэбнае. І заклікала пацыентаў прыслухоўвацца да ўрачоў і рабіць іх па медыцынскіх паказаннях.

«Каранавірусная інфекцыя не ўплывае на цячэнне паталогій шчытападобнай залозы»

Каранавірусная інфекцыя не аказала ўплыву на хаду паталогій шчытападобнай залозы, упэўненая Наталля Карловіч.

— Можна абмяркоўваць, што ў пацыентаў з цірэатаксікозам каранавірусная інфекцыя будзе працякаць больш цяжка і рызыка неспрыяльнага зыходу вышэйшая. Але такіх выпадкаў няшмат, — адзначыла спецыяліст. — Пры гэтым колькасць зваротаў да ўрачоў па прычыне эндакрынных паталогій падчас распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі скарацілася.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: life.informator.press

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».