Вы тут

Куды трэба звяртацца, калі ў вёсцы з'явіліся праблемы з калодзежнай вадой


Пераважная большасць беларусаў мае доступ да цэнтралізаванага водазабеспячэння. Аднак толькі прадпрыемствы ЖКГ абслугоўваюць 23 811 шахтавых калодзежаў па ўсёй краіне. Мы ж даведаліся, як у гэтым кірунку ідуць справы ў Мінскай вобласці і куды трэба звяртацца, калі ў вёсцы з'явіліся праблемы з калодзежнай вадой.


Фота Анатоля Клешчука.

На Міншчыне прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі абслугоўваюць 2848 шахтавых калодзежаў, 2802 з якіх знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах. Грамадскіх калонак, якія падключаны да цэнтральных сетак водазабеспячэння, значна болей — 5701, з якіх 3777 — у вёсках і аграгарадках. Дарэчы, у цэлым па краіне камунальнікі абслугоўваюць 35 427 водаразборных калонак.

— Усе гэтыя аб'екты прадпрыемствы абслугоўваюць за ўласныя сродкі ці за кошт сродкаў бюджэту, але ж у Мінскай вобласці ёсць калонкі і калодзежы, якія не абслугоўвае ніхто, і ў гэтым выпадку адказнасць за іх нясе ўжо сельскі выканаўчы камітэт, — адзначае начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі ЖКГ Мінскай вобласці Дар'я БАЖУТАВА. — Таму, калі ў жыхароў вёскі ўзнікаюць нейкія праблемы з водазабеспячэннем, трэба звяртацца да супрацоўнікаў сельвыканкама, якія паведамяць, хто абслугоўвае той ці іншы калодзеж ці калонку.

Што ж датычыцца абслугоўвання такіх аб'ектаў з боку прадпрыемстваў ЖКГ, то ў Мінскай вобласці поўны агляд робяць перад асенне-зімовым перыядам. Слесары, сантэхнікі, інжынеры і майстры выконваюць неабходныя работы — магчыма, недзе можа спатрэбіцца зварка, ачыстка ці пафарбоўка. У любым выпадку спецыялісты павінны праверыць гатоўнасць усіх аб'ектаў.

— У рамках маніторынгу раз у квартал ва ўсіх калонках і калодзежах ваду правяраюць на якасць, хтосьці з прадпрыемстваў робіць гэта самастойна ва ўласнай лабараторыі, у каго яе няма — заключае дагавор з санітарнымі службамі, — тлумачыць Дар'я Юр'еўна. — Калі ж у калодзежы вада не адпавядае якасці, напрыклад, там знайшлі вялікую колькасць нітратаў, то яго павінны закрыць і забяспечыць жыхарам падвоз чыстай пітной вады.

За ваду ў калодзежах ніхто не плаціць, з жыхарамі нават ніхто не заключае дагавор на іх абслугоўванне. Але водаразборных калонак гэта не датычыцца — з жыхарамі заключаюць дагавор, у якім прапісаны нарматыў спажывання вады (35 літраў на чалавека ў суткі. — «МС»), за які грамадзянін і плаціць. Калі ж нарматыў перавышаюць, то ўсе выдаткі, як і па абслугоўванні калодзежаў, звычайна нясуць прадпрыемствы ЖКГ.

Больш за ўсё такіх аб'ектаў прыпадае на Барысаўводаканал — прадпрыемства абслугоўвае 1754 калонкі і 541 шахтавы калодзеж. Канешне, у раёне ёсць аб'екты водазабеспячэння і каналізацыі, якія абслугоўваюць і іншыя прадпрыемствы, але гэта ніяк не датычыцца сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Фота аўтара.

Усе калонкі і калодзежы супрацоўнікі водаканала абслугоўваюць згодна з пастановай Міністэрства ЖКГ ад 12 мая 2006 года № 22 (у рэдакцыі 8 ліпеня 2019 года № 9) «Пра парадак правядзення планава-папераджальнага рамонту на цэнтралізаваных сістэмах пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення» і «Правіламі тэхнічнай эксплуатацыі сістэм пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення (каналізацыі) населеных пунктаў», якія былі зацверджаны 594-й пастановай Саўміна ад 4 верасня 2019 года.

— Кожны год на прадпрыемстве мы зацвярджаем гадавыя планы на правядзенне работ на аб'ектах водазабеспячэння і водаадвядзення і план работ па санітарнай ачыстцы і дезынфекцыі шахтавых калодзежаў, — адзначае дырэктар ДП «Барысаўводаканал» Лявонцій ШАПАВАЛ. — Нарматыў на ваду з вулічнай калонкі цяпер складае 35 літраў на чалавека ў суткі, а плата за адзін кубаметр — 0,9384 рубля. Аднак у перыяд паліву агародніны (з 15 красавіка да 31 жніўня) жыхары дадаткова плацяць за паліў свайго участка.

Як адзначылі на прадпрыемстве, бягучы рамонт і ўтрыманне грамадскіх шахтавых калодзежаў уключаны ў пералік работ па добраўпарадкаванні — таму райвыканкам абавязаны кампенсаваць прадпрыемству ўсе затраты. Дарэчы, менавіта таму жыхары ніяк і не плацяць за абслугоўванне калодзежаў.

— Зараз жа мы праводзім шмат работы, каб скараціць колькасць водаразборных калонак, але толькі на тых участках водаправоднай сеткі, дзе ёсць магчымасць падключыць дамы да цэнтралізаванага водазабеспячэння, — кажа Лявонцій Міхайлавіч.

Аднак пэўныя праблемы ў абслугоўванні такіх аб'ектаў у Барысаўскім раёне ўзнікаюць і з-за таго, што яны далёка знаходзяцца адзін ад аднаго, таму не заўсёды атрымліваецца аператыўна рэагаваць на аварыйныя выпадкі. Кіраўнік прадпрыемства адзначае, што пакінуць заяўку, калі ёсць нейкі збой з водазабеспячэннем, як у горадзе, так і ў вёсцы, можна праз дыспетчарскую водаканала ці праз службу 115.

У Барысаўскім раёне ёсць населеныя пункты, дзе жалеза ў вадзе знаходзіцца больш, чым патрэбна (больш за 1 мг на адзін літр, пры нарматыве 0,3), а нітраты таксама перавышаюць адпаведны нарматыў (болей за 45 мг/л). Менавіта таму ў Барысаўскім раёне вядзецца пэўная работа ў гэтым кірунку, і да 2025 года там плануюць пабудаваць 21 станцыю абезжалезвання і 12 артэзіянскіх свідравін.

Валерыя КІСЛАЯ

Загаловак у газеце: Чыстай вады напіцца...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».