Вы тут

Кінакарціне «Простая гісторыя» — 60 гадоў


Прыхільнікам кіно «на ўсе часы» прысвячаецца. Менавіта так хочацца пачаць размову пра кінастужку «Простая гісторыя», якая насам-рэч не такая і простая. Фільм пра жанчыну, якая не змагла жыць для сябе, бо выбрала жыццё дзеля іншых. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння рэжысёра Юрыя Ягорава тэлеканал «Беларусь 3» запрашае да прагляду аднаго з найлепшых яго твораў.


«Простая гісторыя» — савецкі мастацкі фільм, зняты ў 1960 годзе, які яскрава паказвае вясковую рэчаіснасць пасляваеннага часу. Аляксандра Патапава, якая на вайне страціла мужа, прысвячае сваё жыццё калгасу. Непасрэднасць і бескампраміснасць у характары жанчыны не ўсім даспадобы, аднак яе выбіраюць старшынёй. Нечаканае каханне да сакратара райкама Данілава робіць яе жыццё шчаслівым і складаным... Роля Аляксандры Патапавай, якую на экране ўвасобіла Нона Мардзюкова, — вобраз цэльны, яркі і запамінальны. Яго пісалі спецыяльна пад актрысу з улікам яе творчай і чалавечай біяграфіі. Так, пасля прагляду фільма «Бацькоўскі дом» (1959), дзе яна іграла старшыню калгаса Сцепаніду, дырэктар кінастудыі імя Горкага звярнуўся да сцэнарыста Будзіміра Мятальнікава з ідэяй зняць гісторыю пра тое, як і чым жыла гераіня Мардзюковай. І работа закіпела. Артыстка актыўна ўдзельнічала ў працэсе, нешта падказваючы і расказваючы пра сваіх землякоў, тым больш што многія рысы Сашы Патапавай былі ўласцівыя маці актрысы, якая славілася на Кубані як найлепшы старшыня калгаса. І, як апавядала сама Нона Мардзюкова, праз сваю гераіню яна імкнулася перадаць уражанні дзяцінства і юнацтва, калі ёй даводзілася бачыць многіх жанчын з падобным лёсам.

З першых кадраў (панарамны від вёскі з зімнімі пейзажамі) пранікаешся атмасферай чорна-белага кіно. Выбары на пасаду старшыні калгаса з самага пачатку акрэсліваюць характар галоўнай гераіні: баявая і вострая на язык Аляксандра мае смеласць гаварыць пра тое, аб чым іншыя маўчаць... Кінастужка пры ўсёй прастаце сюжэта дэманструе гледачу гісторыю і герояў свайго часу, дзе кожны непаўторны і харызматычны, а сцэны пражываюцца акцёрамі ва ўсёй паўнаце. Напрыклад, адзін з самых драматычных эпізодаў — размова Патапавай і Данілава ў пустой хаце, дзе адчуваецца, як шмат усяго хочацца ім сказаць адно аднаму, а гавораць толькі вочы... За ігрой Мардзюковай, Ульянава, Шукшына і іншых герояў можна назіраць бясконца. Дыялогі, міміка, дзеянні ў кожным эпізодзе вымалёўваюць характары герояў на фоне вясковых будняў з іх цяжкасцямі і радасцямі.

Варта адзначыць таксама работу аператара, якому ўдалося знайсці для гэтай побытавай гісторыі шчырыя па сваёй эмацыянальнасці кадры — згадаць хоць эпізод з валёнкамі, «ад усяе душы» аплявухі і г. д.
Сцэнарый пабудаваны тонка і дынамічна, што дазваляе за паўтары гадзіны пражыць разам з экраннымі героямі іх гісторыю, дзе пераплятаюцца гумар, сум і драматызм няпростага пасляваеннага часу, дзе жыццё працягваецца, нягледзячы ні на што.

Здымалі «Простую гісторыю» ў вёсцы Ляпёшкі пад Пушкінам. Акцёраў рассялілі па хатах, і за кадрам яны пражывалі сваю гісторыю. Напрыклад, Мардзюкова па-сапраўднаму закахалася ў Васіля Шукшына, які сыграў ролю яе спадарожніка Івана Лыкава. Пазней у мемуарах актрыса напісала: «Я добра памятаю яго, пачынаючага, маладзенькага, халастога, вольнага, нічыйнага і для ўсіх... І, калі ўжо быць да канца шчырай, мне не хацелася расставацца з ім ніколі... Як цяжка часам нам, жанчынам, калі ёсць муж і сын, а ў табе малаточкам стукае ўспамін пра некага іншага!..» Шукшын, у сваю чаргу, зрабіў Мардзюковай прапанову, але яна адмовіла. Не склалася — на экране і ў жыцці паўтарыўся адзін і той жа сцэнарый.

Алена ДРАПКО

Сказана!

  • «Вочы баяцца, а рукі робяць».
  • «Для агульнай справы не дрэнна і пасварыцца».
  • «Добры ты мужчына, Андрэй Ягорыч, але не арол! Не, не арол!»
  • «Яшчэ раз так пажартуеш — усю галаву адарву разам з вушамі».
  • «Я ж цяпер з цябе жывога не злезу, мілы!»
  • «Усе вы, мужыкі, — п'яніцы!»«За ўсё!.. За каханне!.. За ласку!.. За подласць тваю!.. За бацьку твайго паганага!..»
  • «Нешта мне ваша асоба быццам знаёмая».
  • «— Я першы! — Не падобны!»
  • «Чула? Сесія!.. Гэта ж яна наўмысна пры мне такія словы гаворыць».
  • «Ты, мабыць, гэта... сумняваешся ўва мне. Дык я і жаніцца згодны».

Фота kіno-teatr.ru

Загаловак у газеце: На той бальшак...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.