Вы тут

На стан дарог і адсутнасць гарачай вады скардзіліся жыхары Міншчыны падчас тэлефоннай лініі


Каля трыццаці званкоў паступіла на прамую тэлефонную лінію, якую правяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Яны датычыліся розных сфер жыццядзейнасці. Але, бадай, найбольш жыхары Міншчыны скардзіліся на стан дарог, дакладней, на адсутнасць асфальту.


Валерый Леанідавіч з вёскі Высокая Ліпа Нясвіжскага раёна хадайнічаў не за сябе, а за старэнькую бабулю, якой споўніўся 91 год. Жанчына перанесла два інсульты, ёй наогул цяжка рухацца. А тут ДРБУ-168 правяло двухслойную падсыпку вуліцы проста па старым асфальце. Здароваму чалавеку цяжка падняцца па высокіх адхонах на дарогу, а што казаць пра нямоглага. Мужчына прасіў пасадзейнічаць у вырашэнні праблемы.

Наталля Якубіцкая адказала, што мужчыне варта было б звязацца са старшынёй Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Валерыем Лазюком і растлумачыць сутнасць праблемы. Наталля Віктараўна падказала заяўніку нумар яго мабільнага тэлефона і, у сваю чаргу, паабяцала сама патэлефанаваць калегу.

Якасць дарогі хвалюе і Аліну Віктараўну, жыхарку вёскі Касынь Мінскага раёна. З восені да вясны, калі ідуць дажджы, яна не можа пад'ехаць да свайго зямельнага ўчастка, які за вялікія грошы купіла на аўкцыёне.

Сяргей Іванавіч жыве ў сталіцы, а яго дача знаходзіцца ў Мінскім раёне. Кожны раз не толькі ён, але і іншыя жыхары з прыгодамі дабіраюцца да сваёй загараднай маёмасці. Справа ў тым, што дарога з цвёрдым пакрыццём вядзе толькі да Ратамкі. Адсюль даводзіцца ісці пешшу, бо шлях да бліжэйшых садовых таварыстваў — у суцэльных калдобінах.

Людміла Мікалаеўна з вёскі Пацічова Смалявіцкага раёна таксама наракала на дрэнны стан дарожнага палатна. Калісьці тут ляжаў асфальт. Пасля ўрагану, які прайшоў па Смалявіччыне, яго разбіла магутная тэхніка — лесавозы, якія вывозілі драўніну. Мясцовыя дарожнікі знялі старое пакрыццё, здрабнілі яго і насыпалі назад. І цяпер машыны паднімаюць пыл, няма чым дыхаць. Абяцалі — пасля таго, як вывезуць лес, зоймуцца дарогай. Але да гэтага часу праблема не вырашана.

Наталля Якубіцкая запэўніла жанчыну, што яе зварот адрасуе Смалявіцкаму раёну.

З аналагічнай праблемай звярнуўся і Ігар Аляксандравіч з вёскі Сялюты Мінскага раёна. Ён паведаміў, што непадалёк ад населенага пункта на беразе возера будуецца індывідуальнае жыллё. Сюды-туды носяцца машыны з будматэрыяламі. А ў вёсцы няма цвёрдага дарожнага пакрыцця, таму пыл паднімаецца клубамі.

«Будзем ставіць пытанне перад кіраўніцтвам Мінскага раёна. Але не абяцаю, што яно вырашыцца цяпер», — адзначыла Наталля Якубіцкая.

Сапраўды, якасць дарог — галаўны боль жыхароў не толькі Мінскага раёна, але і іншых раёнаў цэнтральнага рэгіёна. І ў адзін момант заасфальтаваць іх немагчыма: патрэбныя вялікія выдаткі. Таму шляхі зносін уладкоўваюцца паступова, у першую чаргу тыя, што знаходзяцца ў найгоршым стане. Акрамя таго, дарожнікі рэгулярна падсыпаюць і грэйдзіруюць іх.

Частка пытанняў была звязана з якасцю пітной вады і водазабеспячэннем. У прыватнасці, жыхарка Азярыцкай Слабады Смалявіцкага раёна Таццяна Уладзіміраўна паскардзілася, што ў доме № 13 па вуліцы Машэрава на працягу сямі гадоў у кранах перыядычна няма гарачай вады.

Наталля Віктараўна патэлефанавала ў Смалявіцкі райвыканкам і агучыла праблему. Кіраўнік раёна паабяцаў, што пытанне будзе вырашана літаральна праз гадзіну.

Вольга Мікалаеўна з аграгарадка Самахвалавічы Мінскага раёна расказала, што ў доме на 70 кватэр гарачая вада ёсць толькі ў ацяпляльны сезон. Такую ж праблему з вадой, «прывязанай» да цёплых батарэй, агучыла Лізавета Іосіфаўна з Клецка: у астатні час — толькі тры разы на тыдзень.

Святлана Іванаўна з Фаніпаля жыве ў доме, якому больш за трыццаць гадоў. «Спачатку было ўсё нармальна, а цяпер трэба зліць дзесяць літраў вады, каб пайшла гарачая», — сцвярджае яна.

Наталля Якубіцкая ўзяла пытанні на асабісты кантроль.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.