Вы тут

Чэмпіянат свету па хакеі можа прайсці летам


Вызначаны групы планетарнага турніру па хакеі ў Мінску і Рызе, але яго тэрміны яшчэ невядомыя.

Міжнародная федэрацыя хакея, грунтуючыся на рэйтынгу камандаў, вызначыла канчатковы склад груп на папярэдняй стадыі 84-га сусветнага першынства. Каманда Беларусі трапіла ў групу А, дзе згуляе з дружынамі Расіі, Швецыі, Чэхіі, Швейцарыі, Славакіі, Даніі і Вялікабрытаніі. Матчы падапечных Міхаіла Захарава пройдуць у Мінску.


У групе В са зборнай Латвіі згуляюць каманды Канады, Фінляндыі, ЗША, Германіі, Нарвегіі, Італіі і Казахстана. Матчы адбудуцца ў Рызе. Гульні чэмпіянату свету пройдуць у «Мінск-Арэне» (умяшчальнасць 15 086 гледачоў) і комплексе «Арэна-Рыга» (умяшчальнасць 10 300 гледачоў). Абедзве краіны будуць прымаць чэмпіянат свету другі раз у сваёй гісторыі. Мінулы раз Беларусь прымала матчы сусветнага першынства ў 2014 годзе, Латвія — у 2006-м.

Раней прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель расказаў аб жаданні перанесці ЧС-2021 на два тыдні наперад. «Які будзе наступны сезон? Вельмі складанае пытанне. Пакуль не ведаем, ці зможам гуляць у снежні, калі павінен пачацца маладзёжны чэмпіянат свету. Будзем спрабаваць перанесці турнір у Латвіі і Беларусі на два тыдні наперад — гэтае пытанне яшчэ не вырашана, але будзе абмяркоўвацца. Будзем весці перагаворы з гэтымі краінамі з нагоды пераносу», — сказаў Фазель. Савет ІІХФ рэкамендаваў зрушыць на два тыдні тэрміны правядзення чэмпіянату свету—2021 — гэта звязана з тым, што пасля пандэміі каранавіруса старт многіх топавых еўрапейскіх ліг будзе ссунуты на пазнейшы тэрмін. Рэкамендаваны тэрмін правядзення турніру — з 21 мая да 6 чэрвеня. Таксама прэзідэнт ІІХФ пракаментаваў інфармацыю аб магчымым старце новага сезона НХЛ у студзені. «На жаль, варыянт з тым, што на наступным чэмпіянаце свету не будзе гульцоў НХЛ, не выключаны. Але, грунтуючыся на тым, што цяпер плануе ліга, рэгулярны чэмпіянат павінен завяршыцца да сярэдзіны мая. Хакей — зімовы від спорту, пры гэтым фінал Кубка Стэнлі звычайна праводзіцца ў чэрвені: калі здарыцца зрух на месяц, то фінал адбудзецца ў ліпені. Нават не ўяўляю, якая будзе рэакцыя балельшчыкаў на хакей у разгар лета. Хоць гэта і форс-мажор», — сказаў Фазель.

ІІHF таксама абвясціла аб пераносе штогадовага кангрэса з 10 на 24 чэрвеня 2020 года. Падобная мера была рэкамендавана па выніках пасяджэння савета ІІHF, які прайшоў у аўторак. Месца правядзення кангрэсу не змянілася, мерапрыемства адбудзецца ў Цюрыху ў рэжыме відэаканферэнцыі. Таксама будзе перанесены паўгадавы кангрэс, які планаваўся на верасень у Санкт-Пецярбургу. Ён павінен быў быць прысвечаны выбарам прэзідэнта і савета ІІHF, але з-за эпідэмічнай сітуацыі ў свеце савет ІІHF выступіў з прапановай працягнуць час мандата членаў савета на адзін год, адклаўшы выбары да 2021 года. Дата правядзення выбарнага кангрэса ў 2021 годзе будзе вызначаная пазней.

Адзначым, што ў 2021 годзе зборную Беларусі па хакеі, акрамя чэмпіянату свету, чакае яшчэ адзін важны старт — алімпійская кваліфікацыя. Гэты турнір перанесены з 2020-га на 2021 год. Адборачны турнір у групе D пройдзе ў Браціславе 26—29 жніўня 2021 года. Сапернікамі беларусаў будуць каманды Славакіі, Аўстрыі і Польшчы.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.