Вы тут

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства


У сферы нашай культуралагiчнай лiтаратуры чакаецца прыбаўленне: праз пэўны час пад цвёрдай вокладкай мы зможам знайсцi грунтоўнае i займальнае даследаванне беларускага дзiцячага кiно — таго, што ў савецкiя i постсавецкiя часы адмыслова стваралася для вельмi асаблiвай аўдыторыi. Кнiга «Дзiцячы сеанс», багатая на знойдзеныя ў архiвах матэрыял i iлюстрацыi, ставiць задачай адказаць на пытанне, якога гледача выхавалi беларускiя дзiцячыя карцiны. Гэтую i iншыя iнтрыгi раскрывае даследчыца з Нацыянальнай акадэмii навук, а таксама каардынатарка конкурсу нацыянальных кiнашкол кiнафестывалю «Лiстапад» Марыя Касцюковiч. Для выхаду «Дзiцячага сеанса» справа засталася за малым: у чэрвені на платформе ulej.by распачнецца краўдфандынгавая кампанiя па зборы сродкаў на выданне кнiгi, i яна абавязкова павiнна быць паспяховай. Мы тым часам сустрэлiся з Марыяй, каб захапiцца прапанаванай тэмай.


— Цi з'яўляецца дзiцячы сеанс — што да назвы тваёй кнiгi — асобнай з'явай?

— Ён быў устойлiвай традыцыяй, пакуль iснавала савецкая сiстэма, а разам з ёй — цэлая iнфраструктура для дзяцей з дзiцячымi кавярнямi, часопiсамi, радыё, гурткамi, спартшколамi i iншым. Iснавалi нават дзiцячыя кiнатэатры. Сеансы для дзяцей iшлi ранiцай альбо днём i каштавалi танней, а часам нават суправаджалiся пазнавальнымi лекцыямi альбо каментарыямi да фiльмаў.

— Што дазваляе табе выдзелiць дзiцячае кiно ў беларускiм кiнематографе як пэўны феномен?

— У нас былi фiльмы, якiя пракатвалiся па ўсiм Савецкiм Саюзе, падабалiся дзецям i шмат для каго станавiлiся часткай дзяцiнства. Мая знаёмая жартуе, што «Прыгодамi Бурацiна» ёй сапсавалi дзяцiнства, хоць iншыя, вядома, разам са стужкай «Пра Чырвоную Шапачку» слушна называюць гэты фiльм найлепшым у Леанiда Нячаева. I ў нас былi аўтары, якiя ўмелi здымаць для дзяцей, а гэта рэдкае майстэрства — сёння мы можам бачыць, што яно некуды знiкла. Праўда, многiя не ведаюць, што гэта спадчына — наша. Часам мы думаем пра сябе, як пра абломак iмперыi, i не гатовы ўспрымаць наша нашым, быццам яно зроблена недзе там — гэта вялiкая посткаланiяльная праблема. Падчас працы над кнiгай мне даводзiлася тлумачыць «прысваенне» савецкiх набыткаў i чуць прэтэнзii, што я пiшу пра беларускi кiнематограф так, быццам аддзяляю яго ад савецкага. У адным расiйскiм выдавецтве я атрымала вялiзную водпаведзь аб тым, што нiякага беларускага цi ўкраiнскага кiно не было — было толькi савецкае. Пры гэтым яно выдавала кнiгi, скажам, пра гiсторыю расiйскага кiнематографа 1930—1950-х. Тым не менш беларускае кiно, дзiцячае таксама, iснуе i не мае патрэбы ў тым, каб яго абгрунтоўваць i абараняць.

— У савецкiя часы кiно фармiравалася iнтарэсамi iдэалогii: для чаго ўладзе было патрэбна дзiцячае кiно?

— Каб выхоўваць дзяцей. Лiчыцца нават, што дзiцячае кiно прыдумалi бальшавiкi, бо нiхто больш не меў у iм патрэбы. Савецкая сiстэма была апантаная iдэяй выхавання новага чалавека i па ленiнскiм запавеце лiчыла, што самым эфектыўным iнструментам для гэтага з'яўляецца кiнематограф. Усё, на чым трымалася дзiцячае кiно ў Савецкiм Саюзе, было створана ў 1920-я тымi, хто сапраўды марыў пабудаваць утопiю. А для ўтопii трэба было выхоўваць дзяцей у камунiстычным духу. Спачатку дзiцячае кiно сапраўды было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала проста часткай дзяцiнства.

— То-бок дзiцячае кiно было разлiчаным на будучыню праектам па выхаваннi верных камунiстаў...

— Так, але iдэалогiя тут спалучалася са шчырым iмкненнем палепшыць рэчаiснасць. Пiшучы кнiгу, я нават усвядомiла, што шасцiдзясятнiкi, пра якiх кажуць як пра пакаленне, што зрабiла найвялiкшы ўнёсак у савецкую культуру, — гэта дзецi дзяцей тых, каго настройвалi на лепшае заўтра, хто верыў, што працуе як ламавiк i памiрае дзеля таго, каб дзецi жылi iнакш. То-бок шасцiдзясятнiкi — гэта праект тых, хто доўгiя гады жыў утопiяй.

— Сёння дзiцячага кiно як такога не iснуе — ёсць сямейнае, настолькi ж дзiцячае, наколькi дарослае. Што ў савецкiм кантэксце трэба разумець пад дзiцячым кiно?

— Гэта нейкае выказванне пра свет для чалавека, якi пра яго пакуль нiчога не ведае. Савецкае дзiцячае кiно было аўтаномнай замкнутай сферай, што часта пазбягала тэм, на якiя з дзецьмi важна гаварыць, паколькi намагалася захаваць iдэалiстычны вобраз дзяцiнства, дзе ўсё добра. Хiба толькi школьныя драмы падымалi пытаннi, як жыць у грамадстве, быць адзiн з адным i адстойваць сябе ва ўмовах ханжаскай маралi. Мне падаецца, тое, што савецкае дзiцячае кiно аддзяляла дзяцей ад дарослых, было яго вялiкiм пралiкам. Дзецi як бы жылi ў сваiм свеце i глядзелi свае фiльмы, таму ў iх была вялiкая спакуса прычынiцца да iншага кiно — для цэлых пакаленняў рэчаiснасць была сумнай i нарматыўнай, i iм абавязкова трэба было пралезцi ў таемнае i сакрэтнае. Калi ў 1980-х з'явiлiся «вiдзiкi» i ўсе пабеглi глядзець «Рабакопа», новыя карцiны сталi глытком паветра, а старыя забылiся. Нягледзячы на гэта, мы i сёння замест развiцця iншых фарматаў спрабуем захаваць тое самае дзiцячае кiно, быццам iмкнёмся адчуць, што дзяцiнства — непахiснае.

— Ты сказала, што пэўных тэм пазбягалi. Што хавалася ад дзяцей?

— У фiльмах рэдка казалi ўласна аб праблемах, з якiмi дзiця сутыкаецца альбо можа сутыкнуцца, напрыклад, у стасунках з бацькамi. Савецкае дзiцячае кiно, як правiла, перадавала вельмi сацрэалiстычны погляд на свет — такую ўтопiю i iдылiю. Не скажаш, што гэта страшна, бо ўсё ж у чалавека павiнны захоўвацца вобразы, якiя будуць служыць падтрымкай, таму многiя i настальгуюць па фiльмах накшталт «Па сакрэце ўсяму свету» — для iх гэта адбiтак дзяцiнства. Але па вялiкiм рахунку прызначэнне дзiцячага фiльма — дапамагчы дзiцяцi перажыць складаныя пачуццi, гэта такая, груба кажучы, псiхатэрапiя, што важна настолькi ж, наколькi даць гледачу мадэль паводзiн i растлумачыць, як пабудаваны свет. Тым часам у кiно не ўпiсвалiся амаль усе экстрэмальныя сiтуацыi — сваркi з бацькамi, складаныя бацькi, развод бацькоў, дзецi з абмежаванымi магчымасцямi, хвароба альбо смерць блiзкiх i смерць як такая. Пачуццi з негатыўнай афарбоўкай калi не пазбягалiся, то нявiнна абыгрывалiся, напрыклад, праз так званы элiпсiс — нехта памiрае, зацямненне i ўсё. За адмоўныя эмоцыi нават больш адказвала анiмацыя. Быў, напрыклад, мульцiк «Рукавiца» Рамана Качанава, у якiм дзяўчынка марыла аб сабаку i марыла так моцна, што замест сабачкi даглядала рукавiцу: яна бегала з гэтай рукавiцай, i тая ператварылася ў сабачку, але ў вынiку распусцiлася, што выклiкала слёзы i соплi.

— Якiя каштоўнасцi савецкае дзiцячае кiно намагалася перадаць дзецям i як яны мянялiся з цягам часу?

— У 1920-я мы расцiлi чалавека будучынi, якi ўсё можа сам i не мае патрэбы ў аўтарытэтах — у фiльмах дзецi бунтавалi супраць бацькоў i нават перавыхоўвалi iх. Напрыклад, у карцiне «Крываножка» бачна, што дзецi ўсёмагутныя i здольны змянiць свет. А ў 1930-х iх тэрмiнова сталi вучыць быць маленькiмi i паслухмянымi, наследаваць бацькам, пераймаць эстафету i ахвяраваць сабой дзеля нечага вялiкага. Калi героi 1920-х, як правiла, былi сiротамi i ў адзiночку здзяйснялi подзвiгi, то ў 1930-х галоўнай каштоўнасцю стаў калектывiзм. Так працягвалася недзе да канца 1950-х, а ў 1960-х сталi змагацца за тое, каб чалавек быў чалавекам: не толькi здзяйсняў подзвiгi, але i адчуваў, мыслiў, самастойна вызначаў сваё жыццё. Герою стала дазволена не глядзець на калектыў i нават уступаць з iм у канфлiкт — гэты пераварот пачаўся ў школьным фiльме.

— Школьны фiльм — гэта асобны жанр?

— Так, дзеянне адбываецца ў школе, як, напрыклад, у карцінах «Дажывём да панядзелка» з Вячаславам Цiханавым альбо «Расклад на паслязаўтра». Замест асобы i калектыву ў школьным фiльме выдзелiлася трыяда — вучань, настаўнiк i бацькi. У гэтым трохкутнiку i нараджаецца канфлiкт: звычайна гэта размова пра тое, як бацькi i ўвогуле дарослыя цiснуць на дзяцей. Дарэчы, дагэтуль дзiцячае кiно было менавiта дзiцячым — яно разлiчвалася на дашкольнiкаў i малодшых школьнiкаў, а пасля, маўляў, iдзi глядзi «Паданне пра зямлю Сiбiрскую». Але ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х з'явiлася юнацкае кiно, якое стала гаварыць таксама з тымi, каму 14 цi 15 гадоў, напрыклад, пра школьнае каханне, як у слязлiвай драме «А калi гэта каханне» Юлiя Райзмана. Адным словам, бязлiкая дзiцячая аўдыторыя стала сегментавацца, i для кожнага савецкi кiнематограф прапанаваў сваё.

— А што змянiлася ў 1970-х?

— У 1970-х сталi гаварыць, што дзiця мае права быць самiм сабой. Расслабцеся, не трэба яго выхоўваць. Дзяцей, напрыклад, сталi часцей паказваць на адпачынку, а не ў школе за вучобай. У 1960-х у Саюзе набудавалi тыпавога жылля, i калi савецкiя сем'i пераехалi ў добраўпарадкаваныя кватэры, вырашылася шмат бытавых праблем. Дзецям больш не трэба было быць дарослымi — калоць дровы i прыглядваць за малодшымi, таму iм прапанавалi проста глядзець кiно. Да таго ж у кожнай савецкай сям'i з'явiўся тэлевiзар, i здарыўся тэлевiзiйны бум — для дзяцей сталi патокамi здымаць тэлевiзiйныя фiльмы. Нарэшце, у 1980-х накапiлася стомленасць, таму рабiлi ўсё тое ж, але рабiлi класна — тых жа «Госцю з будучынi» альбо «Электронiка». Нарэшце, стала зразумела, што трэба нешта мяняць. Дзiцячае кiно памерла першым, калi грошай не стала, прыйшлi вiдэамагнiтафоны, змянiлася эпоха. А калi памерла ўсё астатняе, з'явiлiся фiльмы пра дзяцей, якiя раптам сталi дарослымi i вымушаны жыць самi па сабе, тут гаварылася на нябачаныя дагэтуль тэмы наркаманii, прастытуцыi, адзiноты. Такiм чынам у канцы 1980-х дзецi зноў сталi няшчаснымi, а кiно зноў загаварыла, што дзiця пакутуе ад таго, што мы не можам справiцца з рэчаiснасцю.

— На твой погляд, савецкае дзiцячае кiно можа «зайсцi» сучасным дзецям?

— Дзецi маiх сяброў скачуць пад «Прыгоды Бурацiна». Ёсць рэчы, што, як нi дзiўна, яшчэ працуюць — у асноўным гэта казкi, бо яны ўнiверсальныя i не носяць прыкмет эпохi. Фiльмы «Па сакрэце ўсяму свету» альбо «Дзянiскавы апавяданнi» дакладна сённяшнiм дзецям незразумелыя, для iх гэта ўжо iншая рэальнасць. Але як мiнiмум «Пра Чырвоную Шапачку» i «Прыгоды Бурацiна» мы знялi для ўсiх.

— У беларускага дзiцячага кiно быў свой перыяд росквiту — калi ён здарыўся i з чым гэта было звязана?

— Усё сышлося ў 1970-х. «Беларусьфiльм» пераехаў у новы будынак, з'явiлiся рэсурсы i магутнасцi, тут працавалi таленавiтыя рэжысёры i крутая рэдактарская служба, што здабывала добрыя сцэнарыi, — i здарыўся выбух усяго, у тым лiку дзiцячага кiно. Яшчэ ў пачатку 1960-х на кiнастудыю прыйшоў Уладзiмiр Бычкоў, у якога быў талент здымаць для дзяцей, у 1970-х з'явiлiся Мiкалай Калiнiн, Леанiд Нячаеў, Генадзь Харлан. Уся сiстэма, пры тым, што ў ёй былi канфлiкты i групоўкi, якiя мiж сабой не сябравалi, выдатна працавала, таму з'явiлiся дзясяткi цудоўных фiльмаў для дзяцей — «Корцiк» i «Бронзавая птушка» Калiнiна, «Зiмародак» Вячаслава Нiкiфарава, «Расклад на паслязаўтра» Iгара Дабралюбава, «Па сакрэце ўсяму свету», фiльмы Нячаева.

— Ты ахарактарызавала сваю кнiгу як спробу адказаць на пытанне, якога гледача вырасцiла савецкае дзiцячае кiно. Думаеш, яно сапраўды сыграла сваю ролю ў фармiраваннi людзей?

— Так, кiно дае вобразы, да якiх вяртаешся дарослым, мы добра запамiнаем тое, што глядзелi ў дзяцiнстве. Я, напрыклад, стала разумець, адкуль некаторыя мухi ў галаве маёй мамы: яна нарадзiлася пасля вайны i належыць да пакалення пiянераў-герояў, якiя абстрактную грамадскую iдэю ставяць вышэй за ўсё i ў кожнай справе здзяйсняюць подзвiг. Вядома, маю маму сфармiравалi не толькi дзiцячыя фiльмы, але кiно было часткай выхаваўчай савецкай сiстэмы. Мне iдэалы мамы ўжо падаюцца дзiўнымi, бо я не расла з вiзуальнымi вобразамi накшталт партызанскага памочнiка Валодзi Дубiнiна ў фiльме «Вулiца малодшага сына» Льва Голуба. Я мела iншыя прыклады — Бурацiна, якi не здзяйсняў нiякiх подзвiгаў, а проста iшоў, не дайшоў, вярнуўся, i яму чамусьцi «абламiўся» скарб. Вось i я чакаю, калi мне «абломiцца» скарб. У цэлым савецкае кiно вырасцiла гледача, якi вельмi спадзяецца, што рэальнасць добрая, iдэалiстычная, сацрэалiстычная, а ў выпадку чаго — прыйдзе дарослы i ўсё выправiць.

— А цi ёсць у нас сёння дзiцячае кiно?

— Сёння мы намагаемся вярнуць былое, не разумеючы, што як раней ужо не будзе. Спроба аднавiць размову з дзецьмi павiнна падтрымлiвацца, але яны змянiлiся, у iх iншыя iнтарэсы i iншая рэальнасць, якую наша кiно не разумее. Звычайна сучасныя дзiцячыя фiльмы ўяўляюць сабой кальку з дарослага жыцця, маўляў, спарадзiруем яго i дзецям будзе смешна. Калi ў савецкi час з дзецьмi старалiся абмяркоўваць нейкiя тэмы, то цяпер iх проста забаўляюць, каб яны добра прабавiлi час i пажадана без складаных эмоцый — iм прапаноўваюць не адчуць смутак, скруху ад страты цi вiну, а толькi парагатаць над тым, як людзi выпутваюцца з клаўнады, што эмацыянальна абядняе. Сiтуацыя нагадвае 1930-я, калi сiстэме было па вялiкiм рахунку пляваць, што там дзецi думаюць i якiя ў iх праблемы, — яна сама сабе расказвала пра цудоўную савецкую краiну i як у ёй трэба жыць. Сёння зноў i аўтар, i адрасат нiкому незразумелыя, нават сам фiльм як бы непатрэбны. Беларускiм дзiцячым кiно мы расцiм неразборлiвага ў сваiх эмоцыях чалавека, але, дзякуй богу, яго нiхто не глядзiць, таму ўрон невялiкi.

Гутарыла Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».