Вы тут

Памяць пра Уладзіміра Дубоўку не згасне



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Памяць пра Уладзіміра Дубоўку не згасне

З цікавымі старонкамі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” цяпер можна пазнаёміцца ў спецыяльна створанай рубрыцы навін “Да 100-годдзя літаб’яднання «Маладняк»” на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У ліпені да дня нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча Дубоўкі (1900 ці 1901–1976) будзе прэзентавацца новы раздзел, прысвечаны таленавітаму беларускаму паэту-наватару, празаіку, мовазнаўцу, перакладчыку.

Плённае супрацоўніцтва з рознымі культурнымі ўстановамі ў рамках нашага праекта дае магчымасць больш поўна і шматбакова прадставіць постаць паэта. Нацыянальная бібліятэка Беларусі наладзіла сувязь з Пастаўскай дзіцячай бібліятэкай імя У. Дубоўкі, калектыў якой імкнецца вывучаць і папулярызаваць творчасць свайго земляка.

Дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі, г. Паставы. Фота Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі

Супрацоўнікі бібліятэкі падзяліліся з намі інфармацыяй пра мерапрыемствы, якія ладзяцца ў гонар памяці пісьменніка. А гэта літаратурныя сустрэчы, музычныя імпрэзы, кніжныя выставы, акцыі і іншае.

Напрыклад, падчас літаратурнай сустрэчы “Жыццё маё – ці васілёк, ці ружа” дзяўчаты ў нацыянальных строях дарылі людзям галінкі шыпшыны і буклеты з вершамі У. Дубоўкі.

А ў ліпені 2018 г. весела і пазітыўна прайшоў велапрабег “Хацелася пабыць ля Доўжа”, маршрут якога пралягаў праз родныя вёскі паэта Манькавічы і Агароднікі і закончыўся каля возера Доўжа, якое так маляўніча апяваў Уладзімір Дубоўка ў сваіх вершах:

…А колькі дзе б ні вандраваў,
Хоць добра ўсюды і прыгожа,
Мяне цягнула да Пастаў,
Хацелася пабыць ля Доўжа.
У Айчыне многа гарадоў,
І вёсак – незлічоны шэраг.
А ўсё ж адсюль я ў свет пайшоў,
І тут ён, гэты самы бераг…

                                                1958 г.

Каштоўным набыткам для праекта сталі дакументы, атрыманыя ад Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі, якія размешчаны у раздзеле “Фотагалерэя пісьменніка”. Гэта лісты пісьменніка да яго былой настаўніцы Ніны Сцяпанаўны Жук.

У рамках віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” вы можаце пазнаёміцца з поўнымі тэкстамі часопісаў, альманахаў і літаратурных выданняў аб’яднання “Маладняк”, а таксама з прыжыццёвымі кнігамі сяброў арганізацыі.

Сачыце за навінамі, вас чакае яшчэ шмат цікавага і пазнавальнага!

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/da-100-goddzya-litab-yadnannya-maladnyak/pamyats-pra-uladzimira-dubo-ku-ne-zgasne/


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».