Вы тут

Сталь і пяшчота


У Аляксея Талая няма ні рук, ні ног. Гісторыю яго жыцця немагчыма слухаць са спакойным сэрцам. Сам ён пра той трагічны дзень, між тым, гаворыць з нечаканай пяшчотай, чаго цяжка было чакаць ад гэтага мужнага чалавека са сталёвай воляй: «Дзень напярэдадні свята Перамогі 8 траўня 1999 года, калі мне было 16 гадоў і я прыехаў у госці да дзядулі і бабулі, цалкам змяніў маё жыццё. Вясковыя хлопцы на полі палілі вогнішча. Я пабег да іх. Секунда, незразумелы гук, адчуванне тэлепартацыі... спрабую падняцца на ногі і не разумею, што адбылося. Ногі і рукі нібыта правальваюцца скрозь зямлю. Я ўбачыў свае белыя костачкі… У тыя імгненні мой розум пахіснуўся. Лекары папярэдзілі бацькоў: рыхтуйцеся, ён не выжыве — пазбавіўся чатырох канечнасцей, пашкоджанні па ўсім целе. Кожны другі дзень была аперацыя. Пасля яе — перадышка, баракамера, кропельніцы. І так бясконцыя тры месяцы». 

Аляксей Талай — спартсмен-параалімпіец, матывацыйны трэнер, бізнесмен. Любячы і любімы муж. Бацька трох хлопчыкаў і дзяўчынкі. Сумесна з уладамі Мінска і Беларускай асацыяцыяй лёгкай атлетыкі Аляксей Талай і яго дабрачынны фонд працуюць па праграме прафілактыкі суіцыдальных настрояў сярод моладзі. З трэнінгамi і лекцыямі Талай шмат выступае ў Беларусі, а таксама ў Расiі і іншых краінах СНД : Казахстане, Кыргызстане, Украіне.

ПРА ВАЙНУ
«Цяперашнія дзеці наогул нічога пра вайну не ведаюць. Раней хоць ветэраны па школах хадзілі, а цяпер яны памерлі ўжо амаль усе. Але я ні на каго не злуюся — ні на тую фашысцкую міну, якая мяне пакалечыла, ні на вайну, ні на сябе, што мяне занесла ў той дзень у тое месца. Апошняя ахвяра вайны — так мяне тады называлі».
ПРА ВЕРНЫХ СЯБРОЎ
«У адзін цудоўны дзень таго лета два сябра — два Валодзькі — усё ж адважыліся пераступіць парог нашай кватэры. Памятаю, стаяць у калідоры, калоцяцца, нават паглядзець на мяне баяцца. Бо зусім нядаўна мы адно аднаго пстрыкалі па лбе, а тут я такі — без рук і без ног! Паступова асвоіліся, уручылі мне мех апельсінаў, мы смяяліся, як раней. І кажуць мне: “Лёха, а ты на балконе даўно быў?” — “Даўно, яшчэ да ўсяго гэтага...” Хлопцы вынеслі мяне на балкон на руках. З іх дапамогай я і на вуліцу ўпершыню выбраўся. Мае сябры — мае анёлы-ахоўнікі, я за іх і за ўсіх маіх блізкіх малюся. Не кідайце сваіх сяброў, працягніце, калі спатрэбіцца, ім руку дапамогі. У свеце што ты даеш, тое і атрымліваеш».


ПРА ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ
«Частка майго акружэння адвярнулася ад мяне, калі я стаў прапагандаваць здаровы лад жыцця. Я адмовіўся цалкам ад алкаголю, цыгарэт, ад нездаровай ежы. Звяртаюся да цяперашніх маладых людзей: шануйце сваё жыццё і здароўе! Займайцеся спортам! Бо ўсё можа скончыцца ў адно імгненне. Я не выжыў бы, калі б паддаўся на ўсе правакацыі, якія ідуць з навакольнага свету — пiва, цыгарэты... Шмат знаёмых пахаваў ужо, бо іх жыццё скончылася: яны ўцягнуліся ў дрэннае і не здолелі спыніцца. Вораг хітры і падступны, і трэба кожнаму адрозніваць, хто сябар, а хто цягне вас уніз. І не трэба чакаць, што нешта зваліцца з неба, трэба працаваць».
ПРА МАМУ
«Вядома, я моцна люблю сваю маму. Яна праз многае прайшла, аднаму Богу вядома, як ёй удалося ўсё гэта вытрымаць. Яе любоў да нас дапамагла пераадолець чараду страшных выпрабаванняў, жах і негатыў. Яе любоў, высакароднасць, яе характар зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб я выжыў і справіўся з абставінамі».
ПРА ЖОНКУ 
«Мая жонка — вельмі добры чалавек. Яна таксама стаяла перад сур'ёзным выпрабаваннем. На яе быў велізарны ціск, каб яна “апамяталася”. Існаванне нашай сям’і залежала ад яе мужнасці, цярпення і ўпэўненасці ў тым, што яна робіць правільны выбар. І я спадзяюся, яна не шкадуе. Бачу, што яна шчаслівы чалавек — ёй добра са мной. Мы яшчэ на шляху да сваёй мудрасці, мужчынскай, жаночай і бацькоўскай, і я рады, што мая жонка побач. Яна — мой памочнік і паплечнік...»
ПРА ДАЧКУ 
«Мая дачушка — гэта нам Божы падарунак. У Талаёў нараджаліся і нараджаюцца толькі хлапчукі, але мы з жонкай маліліся, прасілі ў Бога — і дачка нарадзілася! Гэта маё сонейка, мая радасць. Я вельмі стараюся яе так выхоўваць, каб яна потым была добрай жонкай і маці і магла працягнуць наш род».
ПРА САЦСЕТКІ
«Я асабіста адказваю на кожнае паведамленне ў сацыяльных сетках. Іх часам назапашваецца па некалькі соцень. Але я разумею, што ад маёй увагі і адказу можа залежаць лёс канкрэтнага чалавека і яго сям'і. Калі ў вас ёсць асабістыя пытанні — у вас з сённяшняга дня ёсць ваш сябар, ваш брат Лёша Талай, я абавязкова вам адкажу». 


ПРА ПЛАВАННЕ І ПАРАЛIМПIЯДУ
«Я навучыўся плаваць даўно, а з дапамогай заслужанага трэнера Беларусі Генадзя Вішнякова здаў нарматыў майстра спорту. Рабіў усё гэта не для трэнера, не для мамы і таты, а для тых дзяцей, якія ўжо страцілі веру і сэнс жыцця. На спаборніцтвах па трыятлоне сярод аматараў і прафесіяналаў IronStar у Сочы я пераадолеў дыстанцыю ў 750 м у адкрытым моры, атрымаўшы “срэбра”, а таксама медаль за тое, што не сышоў з дыстанцыі. Стаў рэкардсменам на чэмпіянаце Еўропы па плаванні сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Італіі ў 2018 годзе, у чэрвені 2019 года на Міжнародным чэмпіянаце ў Берліне пабіў два сусветныя рэкорды і заваяваў тры медалі — два золата і срэбра, увайшоўшы ў гісторыю сусветнага паралімпійскага спорту. Павінен быў выступіць на Паралімпіядзе ў Токіа ў гэтым годзе — атрымаў імянное запрашэнне. Але турнір перанеслі з-за каранавiруса. Выступлю, значыць, у наступным».
ПРА СУСТРЭЧЫ 
«Я заўсёды на сустрэчах, асабліва з дзецьмі, расказваю праўду пра сябе, дастаткова жорсткую. Не дзеля таго, каб яны мяне пашкадавалі, а каб былі асцярожнымі, уважлівымі, нават калі пераходзяць дарогу, — не адцягвалі ўвагу на лайкі ў сваіх тэлефонах і памяталі, якое далікатнае чалавечае жыццё. І каб не ператвараліся ў “зомбі”, акунаючыся ў штучны свет, а аддавалі перавагу спорту і здароваму ладу жыцця. Трэніруйцеся, вучыце мовы, мабілізуйце свае сілы — і перад вамі будуць адкрытыя ўсе дарогі».
ЗАКОНЫ ЖЫЦЦЯ
«Заўсёды знойдуцца людзі або вірусы, якія будуць парушаць вашы планы. Калі б іх не было — не было б магчымасці для набыцця вопыту. Не спадзявайцеся, што ваша цела заўсёды будзе здаровым. У адваротным выпадку ўзнікне спакуса ставіцца да свайго арганізму з фанабэрыстасцю і аддавацца амаральным учынкам. Не чакайце, што ваша жыццё будзе заўсёды шчаслівым і без нягод. Без гэтых выпрабаванняў вы станеце пыхлівымі. Штодзённыя жыццёвыя перашкоды неабходныя нам для мудрасці. Не спадзявайцеся, што можна навучыцца самадысцыпліне без цяжкасцей і выклікаў. Калі жыццё будзе занадта гладкім, ваша навучанне будзе няпоўным. І трэба сябраваць са сваімі ворагамі — яны дапамогуць вам стаць больш вопытнымі і мудрымі. Не чакайце, што вашы планы заўсёды будуць увасабляцца ў жыццё як па загадзе чароўнай палачкі. Наіўна спадзявацца, што сяброўства з тымі, хто ва ўсім згаджаецца з вамі, прынясе карысць. Трэба шукаць сяброў, якія будуць спрачацца і не пагаджацца. Толькі так вы зможаце навучыцца новаму. Не чакайце, што ўсе людзі заўсёды будуць думаць дакладна так, як вы. Інакш у вас паўстане спакуса лічыць сябе ледзь не празорцам. Не чакайце падзякі ад людзей за добрыя справы. Найвышэйшая радасць — ведаць, што прыносіш карысць. І не спадзявайцеся атрымаць больш, чым аддаяце. Інакш у вас з'явяцца шкодныя прадузятасці, якія будуць перашкаджаць росту і развіццю. Адмоўцеся ад звычкі рабіць з сябе ахвяру — так вы толькі спрабуеце зняць з сябе адказнасць і абвінаваціць ва ўсіх бедах і няўдачах іншых людзей».
...Я не аднойчы была на сустрэчах Аляксея Талая з рознымі аўдыторыямі. Ён сапраўды матывуе на жыццё без засмучэння, таму што пры ўсіх сваіх фізічных абмежаваннях ён адкрыты, моцны і пры тым уважлівы, далікатны ў зносінах. Талай вельмі шмат паспеў зрабіць за свае 37 гадоў. І я часам думаю: а калі б не здарылася тая трагедыя, то ён, магчыма, застаўся б звычайным хлопцам з Оршы. Наш унікальны бізнес-трэнер, спікер-матыватар, заснавальнік і дырэктар Дабрачыннага Фонду Аляксея Талая... 
А скончу, зноў жа, цытатай ад Аляксея: «Кожны дзень — гэта бонус. Я змог — і ты зможаш, толькі павер у сябе, таму што ўсе цяжкасці — часовыя».

Тамара ВЯЦКАЯ
Фота аўтара і з асабістага архіва А. ТАЛАЯ


Информацию о наличии журнала «Алеся» в киосках и павильонах РУП «Белсоюзпечать» (БелДрук)  можно получить по телефону в городе:

Брест                                   + 375 162 219838

Витебск                               + 375 212 358437

Гомель                                + 375 232 558813

Гродно                                + 375 152 569508

Могилев                             + 375 222 734102

Минск и Минская обл.   + 375 173 272542

 
 
 
 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СТРАЛЕЦ. Ад таго, як сплануеце тыдзень, залежыць, ці паспееце завяршыць важныя справы. 

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?