Вы тут

Што датычыцца кожнага


Што датычыцца кожнага

«Сярод многага іншага, чым адметны 2020-ы, 75-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — гэта тое, што дакладна датычыцца кожнай нашай сям’і, прычым, на генетычным узроўні», — гаворыць загадчык кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Алена Ігнатовіч. Сцены, у якіх адбываецца наша размова, — самыя тыя, як нехта б сказаў: тэма Перамогі ў юбілейны для яе год разглядаецца тут праз класічную прызму выхаваўчых задач. Але грані гэтай класічнай прызмы ўжо даўно не такія плоскія, як раней…

На ўзроўні пачуццяў

— У нас няма ніводнага мэтавага курса, ніводнага спецпрадмета, які меў бы назву «выхаванне патрыятызму» ці неяк на яе падобную. Гэта па той прычыне, што мы, можа быць, як ніхто іншы, разумеем, наколькі тонкія, далікатныя механізмы ў гэтым працэсе задзейнічаны. Ведаеце, у пэўным сэнсе нельга паставіць перад сабой мэту выхаваць моладзь патрыятычна настроенай у межах асобнай кароткатэрміновай адукацыйнай праграмы. Таму што гэта не мэта, а, вобразна кажучы, эфемерыда. Патрыятызм — нешта «зефірнае», узвышанае, энергетычнае, што з рук у рукі не перадаецца, што існуе выключна на ўзроўні пачуццяў. А пачуцці фарміруюцца праз эмоцыі, і, пакуль яны не перажытыя, патрыятызм — гэта толькі веданне пра яго, механічна ўведзенае ў свядомасць. Можна ў чалавека спытаць: «А ці трэба быць патрыётам?» — і ён скажа: «Канечне». Няма сумненняў, што кожны малады чалавек, асабліва калі спытае дарослы, аўтарытэт для яго, адкажа станоўча: быць патрыётам трэба. Ён з гэтым згодны, сапраўды шчыра згодны, але толькі розумам, без адчуванняў. Бо трэба іх перажыць… дапамагчы іх перажыць часам здольная наша гістарычная памяць. Вось чаму розныя маладзёжныя праекты, датычныя выхавання патрыятызму і пачуцця грамадзянскасці, праходзяць як стрыжнёвыя і накіраваны на тонкую эмацыйную, пачуццёвую сферу маладога чалавека.

З пасіву ў актыў

— Час усё больш аддаляе нас ад Вялікай Айчыннай вайны, сведкаў яе становіцца ўсё менш, і гэта спараджае жаданне маніпуляваць інфармацыяй, тым больш што магчымасцей для такой дзейнасці — не пералічыць: у нас свабодная інфармацыйная прастора — і сацыяльныя сеткі, і сайты, і тэлеграм-каналы ствараюць часам досыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб кожны вольна выказваў сваё меркаванне. Тут я скажу вельмі жорстка: у трактаванні гэтай вайны, якая закранула кожную нашу сям’ю, ніякія дапушчэнні, ніякія вольныя інтэрпрэтацыі — «а вось мне так здаецца» — недапушчальныя. Якім чынам можна гэтаму супрацьстаяць? Праз стан нашай генетычнай і гістарычнай памяці пра тую вайну: з пасіўнага архіва, у якім яна знаходзіцца ў маладога пакалення, трэба яе пераводзіць у актыўны. І тут задача кожнага дарослага — расказваць, чытаць, паказваць, выкарыстоўваць розныя сродкі, якія дапамогуць моладзі лепш зразумець той час.

Пра мэтанакіраваную дзейнасць

— Што робім мы, якім чынам мы рашаем такія задачы? У рамках павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мы маем стасункі з тымі, хто з моладдзю працуе непасрэдна. РІВШ — адзіная ў Беларусі ўстанова адукацыі, якая рэалізуе ўнікальную перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Арганізацыя работы з моладдзю». У межах такіх дысцыплін, як, напрыклад, «Прафілактыка і карэкцыя дэвіянтных паводзін у маладзёжным асяроддзі», «Арганізацыя выхаваўчай работы з моладдзю» або «Асновы праектнай культуры спецыяліста па рабоце з моладдзю», у форме курсавых і дыпломных работ нашы слухачы, якіх мы называем калегамі, рэалізуюць самыя розныя, але заўсёды выключна практыка-арыентаваныя праекты. Варта яшчэ падкрэсліць, што калі мы гаворым «праект», то маем на ўвазе не асобнае мерапрыемства, а мэтанакіраваную работу, якая прадугледжвае поўны цыкл праектнай дзейнасці — ад планавання да дакладнага маніторынгу іх рашэння. Адзін з такіх праектаў — курсавая работа нашай калегі, слухачкі курса перападрыхтоўкі Таццяны Габец.

У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы

Не абстрактнае паняцце, а рэсурс

Таццяна Габец — старшы афіцэр аддзялення выхаваўчай работы Інстытута пагранічнай службы. На працягу пяці апошніх гадоў — ад папярэдняй круглай даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны — з яе ўдзелам у Інстытуце рэалізуецца маладзёжны патрыятычны праект «Мужеством своим в бессмертие шагнувшим».

— Для выхавання ў будучых афіцэрах-пагранічніках актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, патрыятычнай самасвядомасці, любові да прафесіі ў нашым інстытуце існуе мноства розных праграм і арганізуецца безліч мерапрыемстваў, і тым не менш пяць гадоў таму ўзнікла ідэя праекта па захаванні памяці пра подзвіг пагранічнікаў, якія загінулі ў першыя дні вайны. Надзвычайную стойкасць, мужнасць і гераізм праявіў асабовы састаў беларускіх пагранзастаў, якія першымі прынялі на сябе ўдар вайны. Менавіта тут, на пагранзаставах, у чэрвені — ліпені 1941 года была закладзена Вялікая Перамога 1945-га. Таму дзе, як не ў Інстытуце пагранічнай службы, можа быць рэалізавана такая ініцыятыва? Сённяшні патрыятызм называюць яшчэ эмацыянальным: каб штосьці сфарміравалася ў душы, трэба нешта перажыць, нечым ахвяраваць. І калі малады чалавек аддае свае час, энергію, вопыт, калі што-небудзь стварае, то гэта ўжо не проста атрыманне ведаў, як было раней, калі былі яшчэ жывыя носьбіты інфармацыі, гэта ўжо ўцягненне ў справу захавання і перадачы памяці на іншым, больш тонкім і больш высокім узроўні. Наша праектная дзейнасць дазваляе гэты ўзровень актывізаваць.

Жывая гісторыя

— Праект «Мужеством своим в бессмертие шагнувшим» разгортваўся паступова, але ўжо ад самага пачатку быў даволі цікавым. Пачыналася ўсё з супрацоўніцтва з юнымі мастакамі, навучэнцамі Мінскага мастацкага каледжа імя Глебава. Сэнс у тым, што і мастакі сваёй працай захоўваюць памяць — праз жывапіс і скульптуру. У Беларусі многа помнікаў, прысвечаных вайне, акцэнт на такую форму захавання памяці робіцца ва ўсе дзесяцігоддзі. З «глебаўцамі» ў нас быў праект адначасова асветніцкі, адукацыйны і творчы. Яго вынікам стала пастаноўка «Дым над Чорнай Ганчай» па рамане Паўла Фёдарава «У аўгустоўскіх лясах». Сцэнарый напісаў курсант Арцём Пылінскі, ён жа стаў рэжысёрам, ролі таксама выконвалі курсанты. У аснове сюжэта — рэальная гісторыя начальніка заставы Віктара Усава і яго першы дзень вайны. З гэтай пастаноўкай мы выступалі ў розных месцах, але галоўнае, знакавае выступленне адбылося ў клубе вёскі Сапоцкін, для мясцовых жыхароў, якія ў пачатку вайны былі дзецьмі і многае памятаюць. Вельмі кранальна было, калі яны падыходзілі потым да нашых курсантаў. Уся вёска прыйшла глядзець спектакль — ад малога да старога.

Цярэспальскія вароты

— А потым мы паехалі ў Брэст. І там 21 чэрвеня на вуліцы Савецкай нашы будучыя пагранічнікі зладзілі інтэрактыў. Юныя мастакі ў той час працавалі ў Брэсцкай крэпасці: пісалі пленэрныя работы на яе тэрыторыі і там жа правялі выставу «Партрэт пагранічніка». Гэта таксама праца па захаванні гістарычнай памяці. Да таго ж ёй папярэднічала наша сумесная пошукавая дзейнасць — архіўная, з дапамогай гісторыкаў.

Так, крок за крокам, мы прыйшлі да таго, што сёння дзейнічае як штогадовая патрыятычная акцыя «Баявы разлік». Ёсць аднайменны пагранічны рытуал: баявы разлік праводзіцца кожны дзень у адзін час на працягу ўжо многіх гадоў, з моманту ўзнікнення пагранічнай службы, і азначае пастаноўку задач на наступныя суткі, загад на ахову мяжы. То самае рабілі і пагранічнікі Брэсцкай крэпасці ў 1941-м. Яшчэ 21 чэрвеня яны стаялі на баявым разліку, а ўжо 22-га раніцай сустрэлі вайну.

Калі пачыналі, не думалі, што гэта ператворыцца ў штогадовую акцыю. Выглядала так: курсанты трымалі ў руках партрэты — 51 партрэт (усе, якія ўдалося знайсці) афіцэраў і радавых Беларускай пагранічнай акругі. Ім аддаваўся загад на ахову мяжы — і яны сыходзілі праз Цярэспальскія вароты Брэсцкай крэпасці, ля заставы Кіжаватава. Усё гэта — пад удалае спалучэнне музыкі і слоў. Усё — на вастрыі эмоцый. Нібы ты на самай справе іх выпраўляеш, нібы апошні раз бачыш. Нібы тонкая нітка звязала з мінулым — адчулася сувязь з тымі, каго тады адправілі на ахову мяжы…

З асаблівым светапоглядам

— Пасля пачалі прыходзіць лісты ад родных тых пагранічнікаў. Начальніку Інстытута, старшыні Дзяржпагранкамітэта. Лісты з просьбамі паўтарыць акцыю, але ўжо з удзелам родных, нашчадкаў тых герояў першых дзён вайны ў Брэсцкай крэпасці, каб і яны мелі магчымасць пастаяць з партрэтамі сваіх бацькоў і дзядоў, аддаць так даніну памяці. І мы зразумелі: праект мусіць працягвацца. І таму ўжо пяць гадоў запар у адзін і той жа час, 21 чэрвеня вечарам, каля заставы Кіжаватава праводзіцца «Баявы разлік». Гэта ўжо стала месцам і датай сустрэчы пагранічнікаў-ветэранаў. Яны з’язджаюцца адусюль, як, зрэшты, і ў 1941-м: у крэпасці тады былі пагранічнікі з усяго Савецкага Саюза. Гэта былі людзі асаблівага пакалення, асаблівай загартоўкі, з асаблівым светапоглядам...

Алена Ігнатовіч:

— Прэзентацыя элементаў «Баявога разліку» на Марафоне паспяховых практык спецыялістаў па рабоце з моладдзю, якую штогод праводзіць РІВШ з падтрымкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, доўжылася хвілін дваццаць, але пасля доўга нельга было спыніць паток захопленых гледачоў, якія падыходзілі да курсантаў. Вось яны, новыя носьбіты памяці, нашчадкі подзвігу — маладыя курсанты, будучыя пагранічнікі. Гэта праект пра сімвалы, якія кранаюць кожнага. І здавалася б, ваенныя, людзі моцнай прафесіі, ад якіх павінна веяць суровай мужнасцю, а ім удаецца так тонка, так творча... Сёння менавіта пра такія праекты мае сэнс і трэба гаварыць.

Гэты цудоўны станоўчы вопыт выклікаў жаданне на наступным Марафоне паспяховых практык, які адбудзецца ў кастрычніку, стварыць асобную пляцоўку для перадачы вопыту патрыятычнага выхавання. І мы запрашаем прадстаўнікоў усіх ваенных прафесій, якія маюць такую практыку, прэзентаваць яе на марафоне. Гэта павінны быць кіруемыя моладзевыя ініцыятывы. Я ўпэўнена, што такія бліскучыя праекты ў краіне існуюць недзе яшчэ і вартыя таго, каб пра іх пачулі. Мы ўсе адзін у аднаго вучымся. Гэта паспяховая тактыка.

Тацццяна Габец:

— Сёлета па ініцыятыве начальніка Інстытута пагранічнай службы палкоўніка Сяргея Жылінскага, з акцэнтам на юбілей Перамогі, у супрацоўніцтве з кафедрай маладзёжнай палітыкі РІВШ і Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі мы праводзім конкурс эсэ для школьнікаў «Мы адказныя за Перамогу». Атрымалі больш за тысячу работ. У адных прасочваюцца сямейныя гісторыі, праз іншыя добра відаць, што школьнікі чытаюць кнігі пра вайну і праглядаюць знятыя пра яе фільмы. Увогуле, сярод школьнікаў назіраецца жаданне паглыбляцца ў гераічнае мінулае і пра гэта пісаць. Мы былі расчуленыя тым, што ў сем’ях захоўваецца і перадаецца дзецям памяць пра іх продкаў — удзельнікаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны, што зберагаюцца іх баявыя ўзнагароды. Пераможцы атрымаюць падарункі, а ўсе ўдзельнікі без выключэння — сертыфікаты, распрацаваныя нашымі сябрамі з каледжа імя Глебава. Хочацца асобна выказаць падзяку нашым педагогам, якія на працягу ўсяго конкурсу хваляваліся за вучняў. Яны — наша сапраўдная духоўная моц.

А яшчэ на базе цэнтра патрыятычнага выхавання каля Брэсцкай крэпасці мы плануем правесці ваенна-спартыўную гульню «Рубеж» для школьнікаў Брэста. Кожная каманда будзе сімвалізаваць пагранзаставу, і конкурсы будуць не толькі спартыўныя, але і інтэлектуальныя — на веданне гісторыі вайны.

Пагранічнікі маюць многа традыцый, без іх гэтую службу нельга ўявіць. Аўстрыйскі кампазітар Густаў Малер сказаў, што традыцыя — гэта перадача агню, а не пакланенне попелу. Вось мы і шукаем спосабы перадачы гэтага агню нашчадкам.

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».