Вы тут

Быць лідарам


Быць лідарам

Здаецца, гэта пачалося ў чацвер ці ў сераду. Дакладна ў нейкі дзень, блізкі да пятніцы, бо памятаю, што не ў пятніцу. У пятніцу я ўсё ўжо ведаў.

Быў створаны ўмоўны праект праекта, жаданне спробы, узаемны план з чаканнем нечаканага паміж кафедрай маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага Інстытута Вышэйшай Школы і нашым часопісам «Маладосць». У сувязі з абставінамі, пра якія не хацелася б распавядаць (але прыйдзецца), курс «Школа лідараў» ад вышэй названай установы павінен быў праходзіць дыстанцыйна. Што атрымаецца з гэтага? Ніхто не ведаў. Бо ніхто не ведае нічога, пакуль не паспрабуе. Арганізатары «Школы» пайшлі на пэўную рызыку і запрасілі таемнага журналіста. Чалавека, які прыкінецца адным з удзельнікаў, будзе слухаць, задаваць пытанні, даваць адказы і адначасова пазначаць-пазначаць-пазначаць і фарміраваць у галаве водгук/артыкул/дзённік. Насамрэч, мы не ўяўлялі, што там павінна фарміравацца ў галаве. Гэта быў экспромт у чыстым выглядзе. Ад якога чакалася штосьці дзіўнае, крэатыўнае, у пэўнай ступені аб’ёмнае і (што вельмі важна!) сапраўднае. Бо менавіта гэтую сапраўднасць і нефармальнасць патрэбна было б данесці да людзей, якія чуюць два словы — і ім хапае, яны адразу вернуць нос кудысьці ў бок, нават не прынюхаўшыся. А тым больш неабходна данесці да тых, хто шукае (прынюхваецца), але не знаходзіць. Не буду цягнуць ката за лямку, скажу, што гэтым таемным журналістам стаў я, і працягнем. Ну дык вось, таемным журналістам стаў я. Працягваем.

«Школа лідараў». Два словы. Што вы ўяўляеце? Пра што гэта? Скажу шчыра, я адразу не ўявіў нічога. У галаве чамусьці паўсталі піянеры і школьныя выступленні агітбрыгад. Пры гэтым піянеры з галавы збеглі, агітбрыгады ж засталіся, упэўненыя, што ўсё тут менавіта пра іх. Што ніякага іншага лідарства не існуе і існаваць не можа. То-бок трапіў я ў сваю ролю максімальна інфармацыйна непадрыхтаваны, з чыстымі, так бы мовіць, вачыма і затуманеным позіркам. Апынулася, што я сапраўды не бачыў цэлы свет далей свайго носу, але, мабыць, гэтыя словы лепш прытрымаць для апошніх радкоў.

Першы вечар. Я не збіраюся распісваць усе вечары і ўсе заняткі, але некаторыя рэчы/моманты важныя эмацыйна і перадаюць значна больш, чым самая дасканалая сістэматызацыя, самае дакладнае абагульненне. Маленькае адступленне/удакладненне: так, заняткі былі анлайн і вечарамі, каб людзі маглі прыйсці з працы або заняткаў і вучыцца. Вечар. Я апрануў чыстую кашулю, прычасаўся, пераставіў стол з ноўтбукам так, каб не было бачна нічога лішняга і акно не свяціла ў экран, выгнаў ката за дзверы, зачыніў іх, заняў сваё месца і стаў чакаць спасылку, па якой пройдуць усе і кожны, каб сабрацца для першай пары. Спасылкі не было. Я хваляваўся. Для мяне гэта ўсё — упершыню. Я не ведаю, што адбываецца. Я не ведаю, чаго чакаць. Я ведаю толькі, што зараз пачнецца іспыт. Для ўсіх проста знаёмства. Для мяне — выпрабаванне, дзе я буду не зусім сабой. А кім? Хлусіць я не люблю. Я супраць хлусні, але ў дадзеным выпадку, як і для мастацкіх твораў, можна проста даносіць не ўсё ці не так. Напэўна. Спадзяюся, што гэта прымальна, бо дрэнна нікому не зрабілася, а добра, мабыць, будзе. Калі вы чытаеце гэты артыкул, то, значыць, нейкі пазітыўны вынік з гэтай умоўнай хлусні/гульні атрымаўся. Я вырашыў проста вярнуць свае дваццаць тры гады і пры знаёмстве агучыць інфармацыю менавіта пра таго сябе. Так і атрымалася, але пасля. Цяпер я сяджу і чакаю спасылку, бо не ведаю, калі яе дасылаюць і як доўга пасля трэба пакутаваць (аказалася, што ўвогуле не патрэбна), каб па гэтай спасылцы трапіць на занятак. Не вытрымліваю і дасылаю ліст з пытаннем. Адпраўляю яго ледзь не ў тое ж імгненне, калі прыходзіць паведамленне.

Першы вечар. Я заўсёды думаў, што праца дома — гэта цудоўна. Навошта цягнуцца з ноўтбукам праз палову горада, калі ўсё можаш зрабіць на месцы? Мабыць, дакладна так лічаць розныя студэнты і школьнікі. Навошта дадатковыя целарухі? Словы «Не выходзь з пакою» зрабіліся больш матэрыяльнымі, а пакой звузіўся да экрана. Я згадваў пра абставіны, якія прымусілі праводзіць курс «Школа лідараў» дыстанцыйна. Гэтыя абставіны паставілі шматлікіх людзей на месца тых самых падлеткаў, пра якіх мы зноў і зноў згадваем: пабегалі б на вуліцы, а то суткамі ў тэлефоне. Абставіны пазбавілі людзей магчымасці актыўна рухацца, сядзець у адной аўдыторыі на першым занятку. Знаёміцца на знаёмстве. Складана паверыць, што для некаторых такая жыццядзейнасць — норма. Чатыры сцяны і экран.

Чатыры сцяны і экран. Першы вечар. Першы занятак. У большасці маіх калег не працуе вэб-камера. З уключанай толькі чатыры-пяць чалавек. З трывогай думаю пра дыстанцыйныя заняткі ў школах. Насамрэч, усё прайшло цудоўна. Мне паверылі. Я крыху паразмаўляў на беларускай. Крыху патлумачыў, як чалавек можа трапіць у БДУ на філасофскі факультэт і хто ён пасля гэтага. Першая частка праходзіла ў форме паўгульні, і акрамя знаёмства па асобах нам крыху расказалі пра сам курс. Пра тое, што ад РІВШ праходзіць чатыры курсы ў год. Усе яны розныя, з рознымі акцэнтамі, рознай накіраванасці. Расказалі пра ўсялякія мерапрыемствы, якія б маглі быць і ў нас, але мы дыстанцыйныя. У словах адчувалася гэтае шкадаванне — ад немагчымасці зрабіць усё, што можаш. Немагчымасці даць столькі, колькі хацеў бы, а не колькі магчыма.

Першы перапынак. Мажлівасць выпіць кавы. Па-ранейшаму нейкая незразумеласць: што я тут раблю, што адбываецца, для чаго гэтыя курсы, хто гэтыя людзі, якія тут удзельнічаюць? Тады я не ведаў, што прыкладна такія ж думкі былі ледзь не ў кожнага ўдзельніка. Дзіўна? Але так. На апошнім занятку гучалі водгукі і падзякі, і адна за другой яны пачыналіся са слоў: «Спачатку я не…». Іранічна, што ў гэты ж вечар гучала думка пра важнасць першаснага ўспрымання. Думка, праўдзівая ў залежнасці ад кантэксту. Тады я не ведаў, што гэта за кантэкст, проста слухаў меркаванні, інфармацыю, глядзеў на пустыя экранчыкі маіх калег і спрабаваў уявіць, як гэта скласці ў тэкст, куды і адкуль ён павінен будзе ісці.

Кантэкст. Толькі нядаўна я зразумеў, наколькі ён важны. Кожны літаратурны твор без кантэксту — гэта цела на стале патолагаанатама. Можна шмат даведацца пра анатомію, але так мала пра жыццё. Я сядзеў, глядзеў, слухаў, думаў. Я працаваў са скальпелем над атрыманай інфармацыяй. Я ведаў імя таго, з кім працую, — «Школа лідараў» — і больш нічога. Фрагменты, фотаздымкі — дробязі, якія ніяк не маглі ператварыцца ў фон, у сістэму, у кантэкст.

Наступны вечар. «Напішыце ў чаце, якімі якасцямі павінен валодаць лідар». Пішам. У мяне па-ранейшаму слова «лідар» не прывязваецца да жыцця — як дубовы лісток пад клёнам. Але я думаю, фармулюю. Людзей менш. Колькасць нармалізуецца, так заўсёды, так паўсюль. Радок за радком узнікае ў чаце. Для чаго? Лідар павінен быць… Лідар павінен умець… Часам глядзіш першыя серыі серыяла і не разумееш, што і для чаго адбываецца. Або лепшы варыянт — дэтэктыў. Толькі калі ён завершаны, можна ўбачыць усё, асабліва пачатак. Якімі якасцямі павінен валодаць лідар? Умець камунікаваць? Нас вучылі камунікацыі на курсах. Ведаць магчымасці тых, хто за ім ідзе? Нас вучылі ўзроставай псіхалогіі, нас вучылі слухаць. Умець падаць сябе, гаварыць, выступаць перад аўдыторыяй? Нам распавялі пра гэта, падзяліліся цудоўнымі лайфхакамі, падкінулі розных метадычных матэрыялаў і не толькі. Лідар павінен валодаць інфармацыяй, быць кампетэнтным? Мы пачулі пра інфармацыйную, медыйную, лічбавую адукаванасці, атрымалі мноства спасылак на адэкватныя адукацыйныя парталы самых розных тыпаў. Лідар павінен умець браць на сябе адказнасць? І як я ўжо казаў арганізатарам «Школы лідараў», тут яны проста паказалі прыклад. Нягледзячы на тое, якую важную ролю ў іх працы грае жывая камунікацыя, прысутнасць, магчымасць бачыць вочы, рукі, рухі, яны з гатоўнасцю паспрабавалі справіцца са сваёй місіяй у нязвыклых абставінах. Спойлер: у іх атрымалася.

Навошта я распісваю вось гэтае сваё няведанне, здзіўленне, знаёмства? З аднаго боку, я хачу перадаць, што гэта маё першаснае ўражанне, а магчыма,  і для вас пракласці шлях перад невядомым. З другога боку, я спрабую зразумець усё сам, усвядоміць, што адбылося. Прааналізаваць сваё ўчора і прапанаваць яго вам на заўтра.

Першы тыдзень прайшоў для мяне млява. Чамусьці напрасілася гэтае слова — «млява». Зламаны рэжым дня. Новы дзіўны спосаб камунікацыі/вучобы/працы. Пастаянна ўключаны ў галаве пошук, фіксацыя, спробы структураваць. Шмат што мяне злавала, раздражняла. Мне хацелася больш, глыбей, каб удзельнікі паводзілі сябе актыўней. Мне хацелася ўбачыць карціну, якой яшчэ не было. Я не мог скласці ў галаве ўсе фрагменты. Узроставая псіхалогія, медыйная граматнасць, дзіцячыя лагеры… Асабліва дзіцячыя лагеры.

Наконт працы важатага мы даведаліся ўсё, што было мажліва, і нават крыху больш. Тое, што нам не расказалі, прапанавалі ў выглядзе дакументацыі і спасылак. Відэа розных дзіўных, мілых і цудоўных гульняў і практыкаванняў. Схемы. Сітуацыі з вопыту. Кажуць, што магчыма «Школу лідараў» і вось гэтую частку пра лагеры, раздзеляць на дзве школы, але цяпер гэта адно. Чаму? Расказаць? Пачнём.

Я пісаў вышэй пра сеткавую залежнасць, якая часам спалучаецца з поўнай інфармацыйнай неадукаванасцю. Усё часцей людзі вучацца разумець гэты свет у адзіноце. Як лёгка розным YouTube-гуру прыцягваць да сябе ўвагу падлеткаў і юнакоў. Крыху правакацыі, яркасці або, наадварот, містычнасці, вось гэтага «мы адны супраць усяго свету» — і можна глядзець ролік за ролікам і верыць кожнаму слову. Бо няма нічога акрамя. Бо школа… Фі… Герой з экрана — сапраўдны герой. «Гуру», якія паведамляюць пра загаворы афіцыйнай навукі, пра ўсякія паранармальныя з’явы, прыцягваюць сотні тысяч падпісчыкаў, адэптаў, фанатаў. Якая розніца, што напісана ў падручніку, што сказалі бацькі ці настаўнік? Адзін за адным людзі нашага часу збягаюць да сваіх «гуру», знікаюць у анлайн-свеце, знікаюць з рэальнасці, забываюць, як стасавацца ўжывую, як бегаць босымі на лузе, як усміхацца сонцу, як абдымаць. Яны з радасцю перадаюць сваю рэальнасць у чужыя рукі. Вось для чаго сёння патрэбны лідары. Вось для чаго патрэбны і дзіцячыя лагеры.

Калі я вучыўся ў каледжы, я жыў у інтэрнаце. Тры гады ў інтэрнаце. Гэта крута, гэта чароўна, гэта важна. Жыць сярод людзей, кантактаваць, камунікаваць, разумець і вучыцца. Дыхаць чужой прысутнасцю. Чалавек — жывёла сацыяльная, таму ён павінен умець жыць у соцыуме. Інакш яго схопяць, як карову, і павядуць на забой. Інакш ён зайцам усё жыццё прасядзіць пад кустом, не ведаючы, дзе яго цень, а дзе цень яго страху. У маленькіх школах ты міжволі робішся часткай грамадства. Там няма з каго выбіраць. Якім бы ты ні быў, ты ўсё роўна бачны, гучны. Для дзяцей з вялікіх школ трэба час ад часу ствараць умовы. Адправіць іх у лагер, дзе прыйдзецца знаёміцца, варушыцца, дзе не схаваешся ў куце, бо ты робішся часткай цэлага. Чалавек — частка цэлага, якім бы ён ні быў індывідуальным і ўнікальным. У наш час чалавеку патрэбна гэта сказаць, паказаць, каб ён адчуў радасць ад прыналежнасці. Так і працуюць атрады, так і працуюць важатыя. Так можаш працаваць ты. Падзяліцца сабой, даць зразумець, паверыць, асэнсаваць пакінутым, згубленым, страчаным, што яны не пакінутыя, не згубленыя, не страчаныя. Для гэтага і існуе «Школа лідараў» — каб навучыць цябе быць падтрымкай, быць маяком. Як бацькі дораць біялагічнае жыццё, так ты можаш быць тым, хто падорыць жыццё сацыяльнае.

У апошні дзень я зразумеў, што ў мяне ў галаве даўно ўжо склаўся цэльны малюнак. Я слухаў на апошнім занятку выкладчыкаў і кайфаваў ад таго, як крута і да месца паўтараюцца пэўныя фармулёўкі, адбываюцца спасылкі на мінулыя заняткі і наколькі гэта проста. Нават пры дыстанцыйнай форме стварае роднасць. Стварыла роднасць. Падалося, што я ведаю ўсіх гэтых людзей, якія вучылі і з якімі я вучыўся. Адчулася, што, нягледзячы на сцены, адлегласць, бескантактнасць, мы побач. Мы ў адной уяўнай аўдыторыі, мы вучымся быць лідарамі ў сапраўдных лідараў. Вучымся выводзіць за сцены пакоя ў тых, хто гэта ўмее.

Пасля былі падзякі. Адзін за адным навучэнцы пачыналі з таго, што не зусім разумелі на першым занятку, што яны могуць тут атрымаць, але ўсё ж атрымалі і вельмі задаволеныя гэтым, і спадзяюцца на магчымасць недыстанцыйнай сустрэчы, каб падзякаваць яшчэ раз. Я не сказаў нічога. Мне падалося, гэта будзе не да месца. Я слухаў, натаваў і думаў пра тое, як я гэта напішу. Магчыма, праз тры розныя лініі. На адной лініі я раскажу пра актуальнасць з’явы, пра кантэкст, у якім сёння існуе «Школа лідараў». На другой будуць устаўкі на шэрым фоне з тымі прыкладамі, фактамі, спасылкамі, якімі дзяліліся з намі. На трэцяй курсівам будуць ісці дзённікавыя запісы.

Як бачыце ўсё атрымалася інакш. Я напісаў першы сказ і зразумеў, што проста хачу расказаць вам усё. Шчыра, адкрыта і без усялякіх лішніх мудрагельстваў. Дакладна так, як падавалі матэрыял нам на курсе. Бо я пачуў, мы пачулі, спадзяюся, і ты чуеш. Чуеш і думаеш, што ты гатовы таксама быць лідарам.

Дзмітрый ШУЛЮК

Маем гонар запрасіць моладзь да ўдзелу ў нашых адукацыйных праграмах «Школа лідараў». Чакаем актыўных і зацікаўленых у самаразвіцці маладых людзей.

Адукацыйныя праграмы «Школа лідараў» распрацаваныя па наступных мэтанакіраваных напрамках:

мадэрацыя дыскусій у моладзевым асяроддзі;

маладзёжнае прадпрымальніцтва;

педагагічныя атрады, работа якіх скіравана на павышэнне актыўнасці моладзі ў розных галінах.

У праграме школы выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады абмену экспертнымі меркаваннямі, ведамі і вопытам з практыкамі, сфарміраванымі ў сваёй галіне, а таксама трэнінгі, гульні, дыскусіі і г. д.

Праграма таксама стварае сетку аднадумцаў, якія могуць працаваць сумесна і вынаходзіць новыя інавацыйныя падыходы да маладзёжных праектаў, дзейнічаць не замест, а разам з моладдзю!

Алена ІГНАТОВІЧ, загадчыца кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ 

Мінск, Маскоўская 15, офіс 321

тэл. 8-017-396-30-74, 8-017-219-75-53
факс 8-017-396-30-75
прац. маб. +375-29-169-15-95 (Viber, WhatsApp, Telegram)
e-mail: kmpnihe@mail.rukmpnihe@gmail.com 
skype: Кафедра молодежной политики РИВШ
сайт: http://nihe.bsu.by/index.php/ru/dep-m
Facebook: https://www.facebook.com/kmpnihe/?ref=bookmarks
                  https://www.facebook.com/groups/kmpnihe/?ref=bookmarks

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».