Вы тут

Аўтобусы, камбайны і канкурэнты TESLA


Відавочна, што адной са складаемых частак, адным з элементаў новай канцэпцыі зялёнай эканомікі, якая сёння як ніколі актыўна прапагандуецца ў Беларусі, з’яўляецца электратранспарт. У краіне над яго стварэннем ужо не першы год працуюць навукоўцы і канструктары. І пэўныя вынікі ёсць.


Так, свет сёння мяняецца куды больш імкліва, чым можна было гэта ўявіць. Рухавіком сучаснай эканомікі прыкметна становяцца навукоўцы і канструктары. Не выпадкова нядаўна азнаёміцца з дасягненнямі беларускіх навукоўцаў на Рэспубліканскі палігон для выпрабаванняў мабільных машын Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук прыязджаў Прэзідэнт. Зрэшты, у цэнтры яго ўвагі там былі не толькі выставачныя экспанаты. Аляксандр Лукашэнка ўвогуле адзначыў важную ролю навукоўцаў, і асабліва ў бліжэйшай пяцігодцы:

— Часы экстэнсіўнага развіцця эканомікі скончыліся. Трэба інтэнсіфікавацца. Без навукі нічога не зробім. Трэба ў наступнай пяцігодцы наймацнейшым чынам падключаць навуковую думку, нашых прасунутых, моцных, пісьменных людзей, каб, калі ўжо не ірвануць, то выстаяць у гэтай сітуацыі…

Варта нагадаць пра значнасць развіцця электратранспарту ў краіне. Акрамя таго, што з уводам БелАЭС мы атрымаем прафіцыт электраэнергіі, тут вельмі важны яшчэ і экалагічны аспект. Абяцанняў і заяў пра развіццё электратранспарту ў свой час было зроблена нямала, таму прыезд Кіраўніка дзяржавы на палігон — гэта добрая магчымасць азнаёміцца асабіста з тым, што ўжо зроблена.

— Хацелася б убачыць, наколькі вы прасунуліся і наколькі словы адпавядаюць справам, — патлумачыў сутнасць візіту Аляксандр Лукашэнка. І дадаў пра неабходнасць правесці рэвізію працы Акадэміі навук у комплексе:

— У цэлым нам трэба падвергнуць сур’ёзнай рэвізіі працу Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі сабраныя. І паглядзець па асноўных напрамках, як працуе Акадэмія навук, як выкананы прынятыя намі рашэнні.

Паводле слоў старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Гусакова, усе даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў частцы развіцця электратранспарту пастаўленыя на найстражэйшы кантроль і выконваюцца без зрываў. У краіне ўдалося фактычна з нуля стварыць новую навуковую школу, напрацаваныя кампетэнцыі. Сёння група спецыялістаў і навукоўцаў, у якую ўваходзяць сорак чалавек, можа вырашаць любыя задачы ў галіне электратранспарту. У самой Акадэміі навук створаны ўчасткі зборкі кампанентаў электрамабіляў, батарэй, найноўшых узораў ліцій-іонных назапашвальнікаў. Распрацоўваюць навукоўцы і ўласныя графенавыя назапашвальнікі, а таксама гібрыдныя. Такім чынам, практычна ўся элементная база электрамабіля, за выключэннем кузава, ствараецца ўнутры краіны.

Узор перспектыўнай распрацоўкі

— Мы працуем з многімі прадпрыемствамі ў кааперацыі, падышлі да таго, што ў бліжэйшы час створым уласную эксперыментальную вытворчасць і пяройдзем да дробнасерыйнай, — дакладаў Уладзімір Гусакоў. Разам з тым, паводле яго слоў, ёсць праблемы, якія перашкаджаюць перайсці да маштабнай вытворчасці. У прыватнасці, пакуль у краіне няма прадпрыемства па выпуску цягавых акумулятарных батарэй, кузаваў.

— Гэта нармальна. Навошта нам ствараць цэлы завод або перапрафіляваць, калі мы не ведаем, у што гэта выльецца? — адрэагаваў Прэзідэнт і даручыў комплексна заняцца гэтым пытаннем. — Нам патрэбныя доследныя ўзоры, якія вы створыце. Вы павінны пакласці на стол нам будучыню. Потым мы павінны пралічыць рынкі.

Безумоўна, пры бачанні дакладнай і выверанай перспектывы беларускія прадпрыемствы зарыентуюць на вытворчасць тых айчынных кампанентаў для электратранспарту, якія ў нас пакуль не вырабляюць.

Разам з тым сёння работы па развіцці электратранспарту вядуцца па самых розных напрамках. Сярод распрацовак навукоўцаў не толькі легкавыя аўтамабілі. На пляцоўцы прадэманстравалі два ідэнтычных аўтобусы МАЗ: дызельны і электрацягавы. Па словах гендырэктара ААТ «МАЗ» Валерыя Іванковіча, электробус абыходзіцца пакуль даражэй за дызельны аналаг, аднак выхад на серыйнасць дазволіць знізіць цану:

— За кошт тэхнічных рашэнняў па каробцы перадач, па электроніцы, за кошт серыйнасці мы атрымліваем абсалютна канкурэнтную цану.

Даручэнне Прэзідэнта: да мая будучага года вырабіць дзясятак такіх аўтобусаў для Мінска і абласцей.

Сярод выставачных экспанатаў быў і доследны ўзор камбайна для залівання лёду, які працуе на электрапрывадзе. Як кажуць распрацоўшчыкі, каштуе такая машына прыкметна танней у параўнанні з імпартнымі аналагамі. Ды і лёд залівае якасна.

Яшчэ адну распрацоўку навукоўцы называюць канкурэнтам Tesla. Размова пра эксперыментальны ўзор беларускага родстэра — двухмесны электрамабіль-кабрыялет. Ён лёгкі і манеўраны, належыць да класа з палепшанымі дынамічнымі характарыстыкамі. Машына можа развіваць хуткасць да 170 км/г і праязджаць 270 кіламетраў без падзарадкі.

Прадэманстравалі на экспазіцыі і малагабарытную машыну «Мураш» для ачысткі тратуараў і ўборкі смецця. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў мэра Мінска Анатоля Сівака, ці будзе запатрабаваная такая тэхніка ў горадзе?

— Так, трэба пераходзіць на такую, — прагучаў сцвярджальны адказ.

— Давайце будзем на гэта арыентавацца, — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з распрацоўкамі па вырабе акумулятарных батарэй, а таксама зарадных станцый рознага прызначэння. Распавялі навукоўцы пра ўласныя распрацоўкі ў сферы ліцій-іонных і графенавых батарэй. Апошнія па эфектыўнасці пакуль саступаюць, аднак каштуюць значна танней. Зрэшты, перспектыва зраўнаваць паказчыкі эфектыўнасці цалкам рэальная. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: калі атрымаецца — гэта будзе прарыў.

Электробус МАЗ 303Е10

Асобную ўвагу Прэзідэнт надаў доследным узорам электравеласіпедаў, электраскутараў, электрасамакатаў, цікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі, хуткасцю, запасам ходу. Некаторыя мадэлі даручыў дапрацаваць з пункту гледжання дызайну, па іншых мадэлях пагадзіўся на прапанову ўзяць для эксплуатацыі ды пратэставаць іх асабіста.

Дырэктар Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў Нацыянальнай акадэміі навук Юрый Яцына таксама прадставіў Прэзідэнту шэраг распрацовак. Многія з іх не першы год эксплуатуюцца ў беларускім Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, актыўна купляюць комплексы і ў іншых краінах.

Пасля заканчэння мерапрыемства журналісты папрасілі Прэзідэнта падзяліцца ўражаннямі і ацаніць убачанае на выпрабавальным палігоне. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не забягаць наперад. Прайшоў толькі першы этап вырашэння пастаўленых задач. Будзе другі, вось тады, маўляў, і пагаворым. Тым не менш убачанае Кіраўніка дзяржавы ўразіла:

— Я не чакаў, што яны (навукоўцы. — Аўт.) здольныя за кароткі прамежак часу ўсё гэта стварыць. Каб ацаніць іх як след, нам трэба паглядзець, ці адпавядае гэта сусветным стандартам і якія перспектывы. Не цацку ж ствараем, а тавар, які трэба будзе рэалізоўваць на рынках і атрымліваць валюту. Але ўвогуле ўражвае — і з пункту гледжання абароны нашай краіны, і з пункту гледжання выкарыстання ў мірных мэтах.

Васіль Харытонаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.