Вы тут

«Вялікі камень» — гэта брэнд


Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, што размясціўся непадалёк ад Мінска — гэта сёння па сутнасці інавацыйны лакаматыў і новыя тэхналогіі, якія ў сучасным свеце набываюць усё большае значэнне. Будуецца сам парк, а разам з ім там будуецца і эканоміка будучыні.


Фота БЕЛТА

У гэтым месцы, як акцэнтавалася ўвага нядаўна ў фільме, што дэманстраваўся на тэлеканале «Беларусь 1», сышлося ўсё: блізкасць сталіцы, суседства з Нацыянальным аэрапортам і транскантынентальнай магістраллю. Ініцыятыва Кітая ўзнавіць легендарны Шаўковы шлях і зрабіць хуткай дастаўку тавараў і паслуг была падтрымана ў Беларусі на самым высокім узроўні. У самой Паднябеснай «Вялікі камень» называюць пярлінай Шаўковага шляху.

Яго гісторыя пачалася 12 мая 2015 года, калі ў парку, дакладней, на будаўнічай пляцоўцы, пабывалі лідары Беларусі і КНР. Менавіта яны далі старт гэтаму праекту. І ўжо сёння кіраўнік адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка Аляксандр Ярашэнка мае права рэзюмаваць:

— За гэтыя пяць гадоў праект стаў міжнародным праектам па прыцягненні інвестыцый з розных краін свету. Калі пачыналі ў 2015-м, было 8 кампаній, цяпер — 59. Нядаўна зарэгістравалі яшчэ адну. Рэзідэнты прыйшлі з 16 краін: ЗША, Швейцарыі, Ізраіля, ААЭ...

Уся тэрыторыя Парка — гэта пяць участкаў. Ёсць месца камерцыйнай нерухомасці, прамысловай, гандлёвай і жылой. Мінскі праспект «Вялікага каменя» — па сутнасці яго візітная картка — пакуль яшчэ не забудаваны. Тут будзе адміністрацыйны цэнтр парка. Гэта месца, дзе пачыналася яго гісторыя. І гэтая частка індустрыяльнага парка — самая любімая ў кіраўніка яго адміністрацыі:

— Кожны дзень езджу з Мінска ў парк. І еду з вялікай радасцю, бо праект вельмі цікавы, і дыхаць тут заўсёды лёгка: экалогія добрая.

Гендырэктар кампаніі па развіцці Парка Янь Ган пацвярджае, што за пяць гадоў зроблена многае:

— Мы пераходзім да высакаякаснага развіцця. Завяршылі будаўніцтва аўтадарог працягласцю больш за 30 кіламетраў, 176 кіламетраў інжынерных сетак. Пабудавана 30 аб’ектаў. Цяпер у парку ёсць усе ўмовы для прыцягнення інвестараў з усяго свету. І для прамысловай кааперацыі. Так, кампанія Fast Gear — найбуйнейшы ў свеце вытворца каробак перадач для грузавікоў і аўтобусаў — цяпер і ў нашай краіне. Дырэктар ТАА «Фаст-МАЗ» Чжао Цзяньлінь тлумачыць:

— Беларусь займае выгаднае геаграфічнае становішча. У Fast Gear і МАЗа больш чым 20-гадовая гісторыя ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, і цяпер мы працуем для сумеснага прасоўвання сваёй прадукцыі на міжнародных рынках.

У МАЗа гэта не адзіны праект у парку. Ёсць яшчэ «МАЗ-Вейчай», які разлічвае выпускаць да 20 тысяч дызельных рухавікоў у год для грузавікоў, аўтобусаў і спецмашын. Усе маторы класаў Еўра-5 і Еўра-6.

А на вуліцы Дружнай «Вялікага каменя» ўзводзяць арэнднае жыллё. Першы дом на 156 кватэр-малаэтажка з высокімі столямі (ужо праектуюць другі). Там жывуць тыя, хто працуе ў парку. Квартплата меншая, чым у горадзе, ёсць уся мэбля і тэхніка. Распавядае адзін з жыхароў — спецыяліст кампаніі па развіцці парка Марына Гоціна:

— Мне вельмі падабаецца пакой тым, што ён мінімалістычны, тут ёсць толькі патрэбныя рэчы. Ніякіх лішніх прадметаў інтэр’еру. Падабаецца колеравая гама, яна расслабляе: нават калі ты ў дрэнным настроі, пабудзеш у гэтым пакоі пару хвілін — і настрой паляпшаецца.

Зусім хутка ў «Вялікім камені» разгорнецца сувязь па тэхналогіі 5G, а для прамысловасці запусцяць — пакуль у тэставым рэжыме — беспілотны транспарт. Разумны горад толькі пачынае свой шлях, але, мяркуючы па тэмпах, ідзе ў нагу з часам і тэхналогіямі. Ці нават апярэджваючы іх.

Паводле ўказу Прэзідэнта Беларусі ад 2017 года Парк стаў прыцягальнай пляцоўкай для бізнесу. Рэзідэнты не плацяць падатак на прыбытак 10 гадоў, а затым яшчэ 40 гадоў плацяць па ўдвая паменшанай стаўцы. Акрамя таго, рэзідэнты Парка вызваляюцца ад зямельнага падатку на нерухомасць, а пры імпарце вытворча-інвестыцыйных тавараў не плацяць мытныя плацяжы і падатак на дабаўленую вартасць. Ёсць у іх таксама 5 гадоў свабоды ад падатку на дывідэнды, а падаходны падатак зніжаны з 13 да 9%.

Кампанія Zoomlіon — сусветны лідар па стварэнні спецтэхнікі. Кампанія стала рэзідэнтам «Вялікага каменя» ў 2015 годзе. Асноўная ідэя — аб’яднаць канкурэнтныя перавагі двух прадпрыемстваў: ад нашага МАЗа — шасі, ад Zoomlіon — навясное абсталяванне. Хутка плануюць запусціць канвеер і за пяць гадоў выпусціць 900 адзінак спецтэхнікі. Распавядае дырэктар кампаніі «Зумліён БЕЛ-РУС» Юань Сюнь:

— «Вялікі камень» — добрая база для вытворчасці прадукцыі і развіцця нашай кампаніі, у тым ліку з пункту гледжання лагістыкі: гэта важны інавацыйны вузел на Шаўковым шляху. Нашы патэнцыйныя спажыўцы — і ў Еўрасаюзе, і ў ЕАЭС. Знаходзячыся тут, мы ахопім абодва гэтыя рынкі.

Але ці не будуць прадпрыемствы ў горадзе інавацый дубляваць існуючы рэальны сектар? Падчас «Вялікай размовы» з журналістамі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер у «Вялікім камені» ствараюцца прадпрыемствы, якіх няма ў Беларусі. Ды і прадукцыя ў большасці ідзе не на ўнутраны рынак, а за межы краіны:

— Цяпер мы ствараем прадпрыемствы, якіх няма ў Беларусі. Імкнемся, каб яны былі сумесныя, а галоўнае — самыя сучасныя, па апошнім тэхналагічным укладзе. Гэта значыць нам патрэбныя сёння не проста інвестыцыі, нам патрэбныя высокаэфектыўныя прасунутыя вытворчасці, якія будуць выдаваць тавар заўтрашняга дня. Там не павінны быць толькі кітайскія ці беларускія прадпрыемствы. Там павінны быць прадпрыемствы любой краіны.

У планах перавесці 90% адміністрацыйных працэдур у лічбу. Бюракратыя не павінна станавіцца перашкодай для развіцця бізнесу ў індустрыяльным парку, вырашылі там. І адразу перайшлі ад слоў да справы. Няма і складанасцяў перакладу: з інвестарамі гавораць на рускай, англійскай, кітайскай, нямецкай мовах. Намеснік начальніка Цэнтра комплекснага абслугоўвання адміністрацыі Парка Яўген Мардасевіч расказвае:

— Былі прыклады, калі мы рэгістравалі кампанію за 8 мінут. Іншая цікавая асаблівасць — «бязвіз» на 180 дзён.

Пра «Вялікі камень» як найважнейшую платформу Эканамічнага пояса Шаўковага шляху лідары Беларусі ды Кітая гаварылі не аднойчы. У самім Парку ў мінулым годзе прымалі форум па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» — каля 700 удзельнікаў з амаль 30 краін. Маштабная сустрэча — драйвер прыцягнення новых рэзідэнтаў ды інвестыцый. На вуліцы Сапфіравай тры гады таму заклаў падмурак беларускі рэзідэнт — кампанія «Асамедыка». Гэты вядучы вытворца медыцынскіх расходных вырабаў на рынку ЕАЭС выпускае трубкі для апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, прычым палову прадукцыі адгружае на экспарт. Акрамя таго, распрацаваў індывідуальную сістэму абароны для медыкаў: дыхальныя маскі і бактэрыяльны фільтр з высокімі ступенямі абароны. Цяпер іх адпраўляюць у беларускія бальніцы, паралельна выконваючы заказы замежных партнёраў.

У бок Парка глядзяць і еўрапейцы. Летась адкрылася і ўжо запусціла вытворчасць электратранспарту швейцарская кампанія «Хесс»: збірае кузавы для бескантактных тралейбусаў. У перспектыве швейцарцы наладзяць выпуск і гатовых машын. Янь Ган перакананы:

— «Вялікі камень» у будучыні павінен адыграць важную ролю для міжнароднага гандлю, стварэння галін новага тыпу. І стаць пляцоўкай эканамічнага росту, інавацыйнай платформай.

Аляксей Фядосаў

Дарэчы

Рэзідэнт індустрыяльнага парка «Вялікі камень» — ТАА «Міжнародная тэхналагічная кампанія «Інтэлектуальнае абсталяванне» — бязвыплатна перадала Нацыянальнаму аэрапорту Мінск сваю нядаўна распрацаваную мадэль робата для дыстанцыйнага вымярэння тэмпературы. Акцыя адбылася пры ўдзеле Амбасады КНР у Беларусі ды Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. Робат здольны ў рэжыме рэальнага часу вызначыць тэмпературу чалавека ды ідэнтыфікаваць яго асобу. Інфармацыя пра замер тэмпературы перадаецца і захоўваецца ў воблаку. Таксама ад СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» аэрапорту перадаюцца відэаэкраны для адлюстравання замераў.

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.