Вы тут

Усхваляванасць творчага выказвання


У розных выставачных залах, але ў адной мастацкай прасторы сустрэліся работы беларускіх мастакоў, прысвечаныя 75‑годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне


У Нацыянальным мастацкім музеі

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтваў» па вуліцы Казлова ў Мінску традыцыйна ў майскія дні ладзяць экспазіцыю з твораў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Не здрадзілі гэтай традыцыі арганізатары і сёлета, прадставіўшы выставу «75 гадоў Памяці». У зале вывесілі працы мастакоў, якія самі прайшлі па суровых сцежках той вайны, ведалі пра яе, што называецца, не па чутках.

Так, знамянальны юбілей — 75 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — нагадвае нам пра падзеі і вынікі мінулага, пра гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі ХХ стагоддзя. Сёння нас аддзяляе ад пераможнага мая 1945 года вялікі адрэзак часу. І гэты выстачны праект пад час сёлетняга юбілею гаворыць пра Памяць. Менавіта яна стала асноўным і пераканаўчым кампанентам творчасці тых беларускіх мастакоў, якія ў асабістай біяграфіі мелі дачыненне да драматычных падзей вайны.

Значная частка гэтай экспазіцыі дэманструе гледачам работы з новага праекта Беларускага саюза мастакоў «Залатая калекцыя». Гэта больш за 100 жывапісных палотнаў і графічных лістоў з фондаў грамадскай арганізацыі, напісаных з пачатку 1960‑х па 1990 гады і прысвечаных тэме вайны. Многія аўтары прадстаўленых твораў — Л. Шчамялёў, М. Залозны, М. Данцыг, В. Цвірка, Я. Зайцаў, І. Стасевіч, У. Стальмашонак, Г. Вашчанка, І. Басаў, М. Селяшчук ды іншыя — выдатныя майстры савецкага і сучаснага айчыннага мастацтва. Маштабныя палотны гэтых мастакоў пераканаўча раскрываюць успрыманне падзей вайны і лёсу яе звычайных удзельнікаў у кантэксце канцэпцыі Памяці як найважнейшай маральнай катэгорыі.

На выставе можна было пазнаёміцца як з хрэстаматыйнымі, добра вядомымі творамі, так і з работамі, знаёмымі толькі спецыялістам. Аб’ядноўваюць карціны з калекцыі Беларускага саюза мастакоў у адной экспазіцыйнай прасторы тыя шчырыя і сапраўдныя эмоцыі, якія яны выклікаюць у гледачоў. «У гэтых работах пераконвае асабістае ўспрыманне вайны. Нягледзячы на каноны і ўмовы, якія ў той момант былі ўстаноўлены для мастацтва, у карцінах нашых папярэднікаў гучыць жывы, шчыры голас сапраўданага жывапісу, — лічыць старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Нават тыя мастакі, якія не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, прыйшлі ў творчасць у пасляваенны час, выраслі пад уражаннем бацькоўскіх гісторый, успрымалі вайну як частку ўласнага жыцця».

Выставачны праект «75 гадоў Памяці» не дае ацэнак падзеям ваеннага часу. Ён дае магчымасць прадоўжыць асэнсаванне вайны на прыкладзе твораў сучасных аўтараў, паказвае сённяшнюю эвалюцыю адносін да трагічных старонак гісторыі краіны мінулага стагоддзя.

Сярод удзельнікаў выставы — прадстаўнікі розных пакаленняў, ужо сталыя і зусім маладыя аўтары. Асаблівая ўвага нададзена творам народных мастакоў Беларусі.

Вайна — гэта не толькі боль і смерць, кроў, выбухі снарадаў, пераможныя салюты. Вайна — гэта сапраўднае сяброўства, вернасць, вострае адчуванне прыгажосці зямлі, якую трэба ратаваць ад ворагаў. Гэта ўспаміны і развагі.

Канцэпцыі работ сучаных аўтараў даволі шырокія. Мастакі па-рознаму перажываюць тэму вайны і перамогі, мінулага і сучаснасці. Мастацкая выстава дазваляе кожнаму творцу прамаўляць па-свойму, гаварыць моўчкі, удумліва, далікатна і глыбока эмацыйна. Яна таксама дазваляе любому, нават самаму патрабавальнаму гледачу, убачыць у экспазіцыі нешта новае, цікавае, сугучнае з яго унутранымі адчуваннямі, і адчуць жывы водгук у сэрцы.

Ля работы «Май 1945 г.» Івана СтасевІча

Тэма Вялікай Айчыннай вайны асаблівая і для маладых мастакоў. Для ўнукаў і праўнукаў пераможцаў гэта тэма чалавечых пакутаў і вартасці чалавечага жыцця, захавання памяці пра подзвіг, выяўленне хісткасці і крохкасці сучаснага свету перад велізарнымі пагрозамі.

З упэўненасцю можна сказаць, што беларускае выяўленчае мастацтва змагло і праз 75 гадоў захаваць да тэмы Вялікай Айчыннай вайны самае сур’ёзнае стаўленне. Дарэчы, у розны час ні адзін са знакамітых мастакоў, чые імёны ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай культуры — Заір Азгур, Валянцін Волкаў, Андрэй Бембель, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Міхаіл Савіцкі, Віктар Грамыка, Гаўрыіл Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў, Васіль Сумараў ды іншыя, — не змог застацца ў баку ад гэтай тэмы.

Так, ваенная эпоха — не толькі чалавечыя ахвяры, боль страт. Гэта яшчэ велізарны свет пачуццяў і перажыванняў са сваімі сацыяльнымі, маральнымі асаблівасцямі. І кожнае пакаленне мастакоў шукала ўласны ключ да раскрыцця гэтага свету. Мастацтва 1940–1950‑х гадоў, якое па сутнасці з’яўляецца пунктам адліку ў развіцці ваеннай тэмы, у нейкай меры прынята папракаць у своеасаблівай лакіроўцы тых падзей, залішняй іх пастановачнасці. Аднак, разглядаючы тыя творы, не варта забываць, што гэтая, на чыйсьці цяперашні погляд, «лакіроўка» перадавала шчырыя пачуцці. З’яўляючыся адначасова і дакументам эпохі, і асабістым перажываннем мастака, і часткай усеагульнага духоўнага ўздыму, яны могуць быць зразумелыя толькі ў такім адзіным кантэксце. А да своеасаблівай выяўленчай літаратурнасці, інсцэноўкі ваенных падзей прыводзіў сам мастацкі метад «вялікага стылю», які патрабаваў шматлікіх падрыхтоўчых эцюдаў і эскізаў, уласцівая беларускай школе сацыялістычнага рэалізму ўстаноўка на дакладную перадачу натуры. Мастацтва таго часу было непасрэдным водгукам на яшчэ зусім нядаўнія, што называецца, не астылыя падзеі вайны. Адсюль — вастрыня і ўсхваляванасць творчага выказвання.

Вядучыя мастакі першага пасляваеннага пакалення абавязкова знаходзілі пераканальныя выяўленчыя рашэнні для сваіх карцін, што і вызначыла іх творчае даўгалецце. Класікай сталі маштабныя шматфігурныя кампазіцыі Яўгена Зайцава, Сяргея Раманава, Івана Ахрэмчыка, Валянціна Волкава, скульптурныя партрэты Заіра Азгура і Андрэя Бембеля. Важную ролю ў фармаванні патрыятычнай тэматыкі выяўленчага мастацтва выконвалі франтавыя малюнкі і эцюды, у якіх аўтарамі былі зафіксаваныя будзённыя імгненні вайны. Ужо ў тыя гады былі выпрацаваны сюжэты і матывы, якія сталі ў далейшым тыповымі: трагедыя гібелі героя, супрацьстаянне, горыч страт, драматычныя калізіі бою… Вядучае месца сярод іх заняў партызанскі эпас, які раскрываў мноства разнастайных жыццёвых і маральных аспектаў вайны, шмат у чым вызначыўшы эвалюцыю беларускага выяўленчага мастацтва.

З цягам часу стаўленне да ваеннай тэмы пачало мяняцца. З’яўляюцца іншыя матывы і акцэнты, галоўным становіцца не дакументальная дакладнасць, а раскрыццё глыбокага філасофскага сэнсу падзей, сувязі часоў, абагульненне і публіцыстычнасць. Не ўсё тут аднолькава каштоўна, аднак несумненна, што гэты кірунак узбагаціў і пашырыў гарызонты выяўленчага мастацтва. І ваенна-патрыятычная тэматыка ў цэлым, магчыма, адыграла тут галоўную ролю. Яе з поспехам распрацоўвалі тыя ж Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Віктар Грамыка, Мікалай Назаранка, Барыс Аракчэеў. Маральныя матывы, якія амаль не сустракаліся ў іх творах раней, становяцца вядучымі — на палотнах драма чалавечых лёсаў. Наватарскімі ў вырашэнні тэмы сталі «Партызанскае вяселле» Мая Данцыга, «Маё нараджэнне» Леаніда Шчамялёва, творы Міхаіла Савіцкага, у якіх вялікае значэнне мела асацыятыўна-жанравая аснова. А з дапамогай метафар і сімвалаў набываюць моц на першы погляд будзёныя падзеі.

Але неўзабаве зноў абуджаецца цікавасць да сутнасці дакументальных падрабязнасцяў. Творы некаторых мастакоў ужо ў 1970‑х насычаныя імкненнем вярнуцца ў мінулае, адчуць яго ва ўсёй праўдзівасці, што відавочна па шматфігурных кампазіцыях Івана Ціханава, Анатоля Шыбнёва, Сяргея Раманава. У гэты час Міхаіл Савіцкі стварае адзіную ў сваім родзе серыю «Лічбы на сэрцы», заснаваную на аўтабіяграфічным матэрыяле. Палотны серыі — не проста драматычны аповед пра выпрабаванні вайны. Гэта па сутнасці напружаны маналог удзельніка і сведкі тых жудасных падзей. Нездарма трактоўка ваеннай тэмы Міхаілам Савіцкім рэзка вылучаецца сваёй асаблівай эмацыйнасцю.

Уласна кажучы, для многіх мастакоў, у тым ліку і для ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, з часам галоўнымі ва ўвасабленні вайны становяцца менавіта звязаныя з ёй разнастайныя чалавечыя эмоцыі, якія знаходзяцца па-за ідэалагічнымі рамкамі. І эмоцыі гэтыя пазбаўляюцца былой вастрыні, нібы пакрываюцца пацінай часу, вызначаюцца стрыманай тугой або элегічным настроем. Такія працы «Салдаты», «У неўміручасць» — Іосіфа Белановіча, «Вясна», «Трывожная зіма» — Кіма Шастоўскага.

Часцяком аўтары звяртаюцца да тэмы «Жанчына і вайна», якая шырока вар’іруецца ад сюжэтаў пра бежанцаў, адзінокіх удоў, спустошанай зямлі — да абагульненых, сімвалічных вобразаў. Напрыклад, на карціне Іосіфа Белановіча «22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць «фігура Маці ў жалобным адзенні з дзіцем на руках асацыюецца з класічным матывам памінання. З лірычнай мяккасцю гэтая тэма вырашана ў адной з самых знакамітых карцін Фёдара Бараноўскага «Лазня». Жыццярадасны бытавы сюжэт, які апявае жаночую прыгажосць, стварае ашаламляльны кантраст з нечалавечай трагічнасцю ваеннага часу. У цэлым, пачынаючы з 1970-х гадоў усё часцей паўстаюць кампазіцыі сімвалічнага плана, у якіх тэма гераічнага мінулага падаецца апасрэдна — праз людзей, прыроду, архітэктуру, прадметы.

Мікола Назарчук. Фрагмент карціны «Салдаты і кветкі». 1985.

Падобны падыход атрымаў шырокае распаўсюджванне і ў працах апошніх двух дзесяцігоддзяў. Як працяг гэтай лініі ўспрымаюцца выкананая ў завострана-мінімалістычнай манеры карціна Уладзіміра Кожуха «Стары генерал і хлопчык», пабудаваная па прынцыпе фрагментарнага кінакадра, рэлігійна-сімвалічныя сюжэты Рыгора Несцерава («Імгненні вечнасці»), Надзеі Лівенцевой («Год 1941»).

Адна з асаблівасцяў сучаснай трактоўкі тэмы вайны, якая відавочна выявілася і ў цяперашняй экспазіцыі ў галерэі «Палац мастацтваў», — у тым, што ўжо раней былі знойдзены і выкарыстаны практычна ўсе вобразныя і мастацкія яе рашэнні. Бо неаднаразова звярталіся мастакі да выяўлення зла, мужнасці і гераізму, перадаючы ўсё гэта знаёмымі, хрэстаматыйнымі сродкамі. Многія жывапісцы працягвалі выкарыстоўваць спадчыну савецкага батальнага жанру ў адлюстраванні ваенных эпізодаў — як на гістарычным, так і на сучасным матэрыяле. Як пластычнае ўвасабленне тэмы дагэтуль захоўваецца ў жывапісе і скульптуры традыцыйны партрэт ветэрана — «Партрэт бацькі» Уладзіміра Гладкова, «Партрэт Героя Савецкага Саюза палкоўніка Зотава» Мікалая Валынца, «Партрэт пераможцы» Аляксандра Батвінёнка.

І ўсё ж, характэрным з’яўляецца тое, што на цяперашняй выставе былі прадстаўлены лірычныя пейзажы і нацюрморты мастакоў-ветэранаў. Хоць тэма вайны ў гэтых работах па-ранейшаму прысутнічае. Яна рэальна адчуваецца то праз выбар пейзажнага матыву, то ў выглядзе вобразнага ўспаміну пра далёкае мінулае («Франтавыя дарогі» Аляксея Зінчука, «Акупацыя» Леаніда Шчамялёва, «Год 1945. 3 маёй біяграфіі» Мікалая Назарчука).

Так, убачыць на выставе, якая называлася «75 гадоў Памяці», можна было і працы маладых мастакоў постсавецкай эпохі. Калі казаць шчыра, далёка не ўсе з іх вырашаюцца звярнуцца да тэмы так званага «грамадзянскага гучання», якая прадугледжвае вялікую адказнасць аўтара. І справа тут не ў самім матэрыяле, патэнцыял якога яшчэ далёка не вычарпаны, а ў пэўным супраціве гэтага матэрыялу. Тэма вайны, як свайго роду не толькі сацыяльны, але і культурны феномен, не патрабуе абавязковай пафаснасці мастацкай мовы. Яна заўсёды была і застаецца блізкай вечным праблемам дабра і зла, шчасця і пакут, жыцця і смерці, вернасці і здрады — словам, усяму таму, што з’яўляецца трывалай асновай для творчасці ў любым стылі, кірунку і матэрыяле. Наватарскае прачытанне тэмы, накшталт таго, як гэта адбылося ў беларускім выяўленчым мастацтве, можа з’явіцца толькі ў выніку новых пошукаў, свабоднага творчага пераасэнсоўвання традыцыйных увасабленняў падзей. Гэты вынік надалей будзе шмат у чым залежыць ад патрабаванняў часу, прафесійнага майстэрства і досведу новага пакалення мастакоў.

Несумненна, для мастакоў старэйшага пакалення вайна была часткай іх біяграфіі. Многія іх творы станавіліся проста эпічным расповедам, часцяком пабудаваным на канкрэтыцы рэальных сюжэтаў. Але чым далей адыходзіць ад нас час тых ваенных падзей, тым часцей мастакі звяртаюцца да яго з дапамогай вобразнай трактоўкі: псіхалагічнай, рамантычнай альбо лірычнай. Вайна стала набываць «чалавечы» твар. Новыя аўтары не толькі адлюстроўвалі пэўныя рэальныя абставіны і ўчынкі герояў сваіх карцін, яны шукалі асацыяцыі, перадавалі эмоцыі, тужылі, радаваліся, выказваючы ўсё гэта, стоячы ля мальберта. Для мастакоў неяк натуральна адкрылася магчымасць перадаваць свае шчырыя думкі і пачуцці.

Можна смела казаць, што і ў XXІ стагоддзі ваенна-патрыятычны жанр атрымаў далейшае развіццё. Але ўся розніца ў тым, што калі раней пра вайну казалі «ад першай асобы», аўтары асабліва арыентаваліся на ўласныя ўспаміны, то сёння мастакі «прачытваюць» тэму асацыятыўна, перакладаючы яе на гістарычную праблематыку, на мужнасць людзей у барацьбе з ворагам, на адлюстраванне радасці за перамогу. Кіраўнік студыі ваенных мастакоў, створанай пры Міністэрстве абароны, Мікалай Апіёк лічыць: «Наша задача — не згубіць тое лепшае, што было дасягнута папярэднікамі. Мы практычна не маем табуяваных тэм. Усё залежыць ад здольнасцяў і смеласці мастака, яго грамадзянскай пазіцыі. Калі хтосьці імкнецца паглыбляцца ў гісторыю, няхай не шукае для сябе толькі самыя эфектныя яе моманты. Гэта прынцыпова — паказваць не толькі перамогі, але і паразы, радасць і боль, нашу сілу, смеласць і мужнасць. Неабходна быць сумленнымі перад гісторыяй і сучаснасцю».

Сёння мастакі-студыйцы імкнуцца вывучыць умовы сучаснай армейскай службы. Пасля паездак на канкрэтныя воінскія аб’екты шматлікія замалёўкі ды эцюды кладуцца ў аснову карцін на вайсковую тэматыку. Згадаю толькі некаторыя з іх: «Выпускнікі Мінскага сувораўскага» Мікалая Апіёка, «Буйніцкае поле» Уладзіміра Уродніча, «Балада пра лётчыка Уладзіміра Корвата» Уладзіміра Гардзеенкі. А арыентацыя на дасягненні савецкага батальнага жывапісу дапамагае студыйцам адчуваць сябе ўпэўнена на вышыні творчай пераемнасці.

«75 гадоў Памяці» — без перабольшання, грандыёзны выставачны праект. І справа, мабыць, нават не ў яго маштабах, хоць нават старажылы не ўзгадаюць: калі гэта ўся прастора мінскага Палаца мастацтваў аддавалася на адну выставу. Але экспазіцыя, багатая мастацкай разнастайнасцю высокай годнасці, таго патрабавала. І рашэнне арганізатараў — а гэта праўлення Беларускага саюза мастакоў — было абсалютна апраўданым.

Безумоўна, лёс выяўленчага мастацтва Беларусі ў саракавыя гады мінулага стагоддзя быў цесна звязаны з ходам ваенных падзей. Частка мастакоў апынулася на фронце, частка далучылася да партызанскага руху. Нягледзячы на цяжкія ўмовы мастакі працавалі падчас вайны. Яны знайшлі для сябе больш зручныя формы адлюстравання рэчаіснасці: маленькія эцюды, накіды, франтавыя замалёўкі, плакаты і карыкатуры, партрэты. Пасля вызвалення Беларусі мастакі рабілі шматлікія творчыя камандзіроўкі па месцах ваенных падзей, стваралі вобразы герояў вайны. У пастаяннай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўлены творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаныя абароне Брэсцкай крэпасці, вобразам партызан і праслаўленню памяці Герояў Савецкага Саюза, загінулых падчас вайны. Бацька Мінай (Мінай Шмыроў), Мікалай Гастэла, Леў Даватар, Аляксей Данукалаў, Канстанцін Заслонаў, Пётр Купрыянаў, Алена Мазанік, Міхаіл Сільніцкі і дзед Талаш (Васіль Талаш) — гэта героі, подзвігі якіх натхнялі мастакоў.

У экспазіцыі музея можна ўбачыць творы большасці народных мастакоў Беларусі, якія стваралі мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны: Заіра Азгура, Анатоля Анікейчыка, Івана Ахрэмчыка, Андрэя Бембеля, Гаўрыіла Вашчанкі, Валянціна Волкава, Аляксея Глебава, Віктара Грамыкі, Льва Гумілеўскага, Мая Данцыга, Яўгена Зайцава, Арлена Кашкурэвіча, Раісы Кудрэвіч, Паўла Масленікава, Георгія Паплаўскага, Міхаіла Савіцкага, Сяргея Селіханава, Уладзіміра Стальмашонка, Віталя Цвіркі, Васіля Шаранговіча, Леаніда Шчамялёва. Толькі адзін прыклад. Для карцін Мая Данцыга заўсёды былі характэрныя маштабнасць пошуку, яснасць сюжэту і сэнсавая значнасць. Асабліва яскрава гэта і ўвасоблена менавіта ў палотнах на тэму вайны. Нездарма такія карціны аўтара як «І памятае свет выратаваны…», «Беларусь — маці Партызанская», «На варце міру» знаходзяцца ў залатым фондзе нацыянальнага выяўленчага мастацтва.

Сёння жанравы дыяпазон твораў у экспазіцыі вельмі шырокі: ад партрэтаў і пейзажаў да сюжэтна-тэматычных карцін. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў мастакі стваралі алегарычныя і метафарычныя кампазіцыі, эмацыйна і драматычна перадавалі трагічную і напружаную атмасферу ваенных дзён. Гэта — «Балада пра маці» Леаніда Асядоўскага, «Нескароныя» Віталя Цвіркі, «Стаяць насмерць» Яўгена Зайцава, «Мы вернемся» Альгерда Малішэўскага, «Памяці аднапалчан» Натана Воранава, «Макі» Мікалая Залознага, «Успамін» Ізраіля Басава, «Віцебскія вароты» і «Партызанская мадонна» Міхаіла Савіцкага, «1941 год. Над Прыпяццю» Віктара Грамыкі, «Прарыў» Гаўрыіла Вашчанкі, «Дзякуй, мама!» Івана Рэя, «Песня пра партызан» Васіля Сумарава.

Несумненна, Вялікая Перамога востра, неабыякава і адчувальна адлюстравана ў творчасці беларускіх мастакоў. Годных прац на гэтую тэму вельмі шмат. І не здарма лепшыя з іх знаходзяцца ў фондах галоўнага музея краіны.

Дарэчы, арганізавана ў Нацыянальным мастацкім музеі і віртуальная выстава адной карціны — «На дзяжурстве. Пачатак блакады». Яе аўтар — вядомы савецкі мастак Аляксандр Самахвалаў.

Гэтая праца была напісана мастаком у 1943 годзе ў Новасібірску, куды ён быў эвакуяваны з Ленінграда ў 1941 годзе разам з акадэмічным Тэатрам драмы імя Пушкіна, для якога афармляў спектаклі. Натхнёны беспрэцэдэнтным прыкладам мужнасці жыхарак блакаднага Ленінграда, якія служылі ў падраздзяленнях мясцовай супрацьпаветранай абароны, Аляксандр Самахвалаў стварае вялікую сюжэтную карціну, дзе адлюстроўвае дзяўчыну — байца падраздзялення назірання, абвесткі ды сувязі на пасту дома побач з Адміралцействам.

Падчас блакады з верасня 1941 года па студзень 1944-га Ленінград увесь час падвяргаўся налётам авіяцыі і артабстрэлам. У задачы назіральнікаў уваходзіла сачыць за тым, дзе ў раёне ўпаў снарад альбо бомба, і неадкладна перадаваць звесткі ў штаб, каб там ведалі, куды высылаць пажарнае ці санітарнае падраздзяленне. З вясны 1942-га падраздзяленні мясцовай супрацьпаветранай абароны на 85 працэнтаў былі ўкамплектаваныя жанчынамі, бо пасля цяжкай блакаднай зімы многія мужчыны загінулі ад голаду, іншыя былі на фронце. Ленінградская жаночая армія, пераадольваючы неверагодныя цяжкасці, з рызыкай для жыцця, самааддана ліквідавала наступствы налётаў авіяцыі, несла дзяжурства на вышках, абясшкоджвала бомбы і міны, разбірала завалы, тушыла пажары, хавала загінулых і аказвала медыцынскую дапамогу пацярпелым.

У карціне мастак дасягае высокай мастацкай выразнасці. Эмацыйнае напружанне, гатоўнасць да дзеяння, нязломная воля і самаадданасць надаюць вобразу непазбежны гераічны пафас, хаця і адценены тонкай лірыкай дэталяў. Самахвалаў здолеў унесці ў аблічча сваёй гераіні тую ступень абагульнення, якая дазваляла б кожнай з шаснаццаці тысяч дзяўчат, якія служылі ў падраздзяленнях мясцовай супрацьпаветранай абароны, убачыць у ёй сябе.

Гэтая буйнафарматная (270 х 275 см) карціна паступіла ў музей у 1946 годзе з фондаў дырэкцыі мастацкіх выстаў і панарам СССР. Больш за 70 гадоў твор захоўваўся ў фондах музея, накатаны на вал, бо меў патрэбу ў доследнай музейнай рэстаўрацыі. Пэўны час рэстаўратары Святлана Дзікуць і Аляксандр Кірэль займаліся гэтай справай. І вось пасля завяршэння ўсіх рэстаўрацыйных мерапрыемстваў карціна ўпершыню экспануецца ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея да 75‑годдзя Вялікай Перамогі.

А вось у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусі з нагоды 75‑годдзя Перамогі запрацавала выстава «Алфавіт вайны». Гэта — міжнародны праект, які аб’ядноўвае аўтарскія выказванні мастакоў з Беларусі, Расіі ды Украіны на тэмы Вялікай Айчыннай, Другой сусветнай вайны. Фотаздымкі, архіўныя і змадэляваныя артэфакты, інсталяцыі, жывапіс і графічныя лісты складваюцца ў экспазіцыю і ствараюць кантэкст для даследавання і пошуку адказаў на пытанні: як мы сёння ўспрымаем і рэагуем на паведамленні Вялікай Айчыннай вайны, як яны счытваюцца сучасным чалавекам і якія першапачаткова існуючыя сэнсы захоўваюцца ў гістарычнай памяці сучаснікаў? Дзевяць аўтараў распрацоўваюць тэму вайны праз прызму прыватнай сямейнай міфалогіі, злучаючы «жывую памяць пра вайну» з жорсткай аб’ектыўнасцю фотасведчанняў і дакументаў, здзяйсняючы інтэрвенцыю гісторыі ў інтэрнэт-прастору, даследуючы «мову жэстаў» вайны, нанава асэнсоўваючы ролю спадчыны ваеннага мінулага.

На выставе прадстаўлены ордэны, медалі і пагоны Вялікай Айчыннай вайны з прыватнай калекцыі старшыні савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, гвардыі палкоўніка Уладзіміра Шокава; фатаграфіі з калекцыі беларускага фатографа Сяргея Лескеця, а таксама фотаздымкі ваеннага і пасляваеннага перыядаў з сямейных архіваў, сабраныя падчас падрыхтоўкі праекта.

Усе згаданыя выставы — у Нацыянальным мастацкім музеі, галерэі «Палац мастацтваў» Беларускага саюза мастакоў, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, — прысвечаныя жыццю, яго бязмежнай каштоўнасці. Памяць не можа прытупляцца. Нездарма ж у залах выстаўлены работы маладых творцаў, якія паказалі па-свойму эмацыйны погляд на падзеі вайны, абапіраючыся на ўспаміны бацькоў і дзядоў.

Веніямін Міхееў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».