Вы тут

У Мiлейкаўскім сельсавеце 75-ю гадавiну Перамогi святкаваў толькi адзiн ветэран


На тэрыторыi Мiлейкаўскага сельсавета юбiлейную, 75-ю гадавiну Перамогi, святкаваў, на жаль, толькi адзiн ветэран — Яўгенiя Антонаўна Сiткевiч.


...Хата бабы Жэнi (у чэрвенi ёй 93!) выглядае дагледжанай. У вялiкiм пакоi шмат сямейных здымкаў, на стале — узнагароды: медалi ў некалькi радоў, ордэн Вялiкай Айчыннай вайны... Гаспадыня чакала нашага прыезду, хоць ёй, як прызналася, i цяжка ўспамiнаць даўно перажытае. «Мацi мая рана памерла, я гадавалася ў мачахi, — расказвае жанчына. — Бывала, ранiцай толькi кароў у поле выганяць, а яна ўжо будзiць: «Уставай... Свiнням зелля нарэж». Я, басанож, iду па расе i плачу. У нашай сям'i было чацвёра дзяцей i яшчэ чацвёра ад мачахi. Найцяжэй даводзiлася старэйшым».

...Калi пачалася вайна, брат яе пайшоў у партызаны. Немцы расстралялi бацьку... Хату спалiлi. Жэня таксама апынулася ў атрадзе: даглядала там раненых i хворых, разам з iншымi хадзiла на заданнi i баявыя аперацыi. Падчас адной была кантужаная, атрымала iнвалiднасць.

Пасля таго як раён вызвалiлi ад немцаў, дзяўчына вярнулася ў вёску. «I голай была, i босай, — успамiнае тыя часы Яўгенiя Антонаўна. — Нi табе што з'есцi, нi галаву прыхiлiць... Мачаха не прыняла, сказала, што ў яе свая сям'я, а вы жывiце, як хочаце... Старэйшы брат у Брэсце ў мiлiцыю ўладкаваўся, а я па хатах хадзiла, начавала, дзе прыйдзецца, пакуль не ўпрасiла суседку цётку Кацю ўзяць мяне на кватэру. За пражыванне, праўда, не плацiла. Тады людзi паняцця такога не мелi — грошы браць. Я адпрацоўвала, а яны кармiлi мяне... Потым мой будучы муж вярнуўся на мылiцах (яны i сёння ў кладоўцы стаяць). I нiхто нас з iм не бласлаўляў, нiхто не вiншаваў з вяселлем, нават 50 грамаў не выпiў...

З будматэрыяламi на сваю хату маладой пары дапамог сельсавет. «Якую змаглi, такую i паставiлi, саломай накрылi. Кароўкай разжылiся. Дзецi ў нас пайшлi. Усяго шасцёра было. Траiх ужо няма, — слёзы зноў засцiлаюць светлыя вочы жанчыны. — Сыны Коля i Саша тут пахаваны. Дочачка ў Воранаве ў райвыканкаме працавала, але ж таксама прычапiлася хвароба...»

Дзецi Сiткевiчаў раслi харошыя, добрыя. У вёсцы пра iх нiхто нiчога благога не казаў: радавалi бацькоў, дапамагалi ва ўсiм. Мiхаiл цяпер жыве i працуе ў Iвацэвiчах, Ганна — у Лiдзе, Раiса — у Маларыце. Унукаў у бабулi Жэнi 13, праўнукаў — 19.

Сама ж Яўгенiя Антонаўна ўсё жыццё працавала ў мясцовай гаспадарцы. «Спачатку, — расказвае, — у калгасе на паляводстве. Бульбу капалi капачкамi, збожжа жалi сярпамi — займалi дзялкi... Потым я ў свiнаркi пайшла. У перадавых хадзiла. I ў дэпутатах... На сходы мяне вазiлi, з начальствам у прэзiдыумах сядзела, падарункi ўручалi на Дзень Перамогi, дзень вызвалення...»

Сёння Яўгенiя Сiткевiч жыве адна. Дзецi, унукi ды праўнукi, вядома ж, прыязджаюць, наведваюць, тры разы на тыдзень прыходзiць сацыяльны работнiк. «Яна мне, бывае, нават блiноў напячэ, а кашу цi суп я i сама звару, — кажа Яўгенiя Антонаўна. — Дзякуй богу, што на нагах яшчэ, што галава не падводзiць».

...Па словах старшынi Мiлейкаўскага сельсавета Наталлi Хомiч, вёска Харошча, дзе жыве Яўгенiя Антонаўна, вылучаецца добразычлiвасцю i прыветлiвасцю людзей. Пасля вайны тут пражывала больш за 600 чалавек, сёння — разоў у 10 менш. Аднак кожнаму, хто тут нарадзiўся цi хоць трохi пажыў, вёска падарыла цёплыя ўспамiны пра гасцiннасць i клапатлiвыя адносiны вяскоўцаў адзiн да аднаго (не важна, чый ты...), пра дабрыню i мужнасць людзей. Многiя з месцiчаў берагуць фотаздымкi дзядоў i прадзедаў, якiя ваявалi за нашу зямлю.

Валянцiна БОБРЫК

Фота Валерыя МIСКЕВIЧА

Івацэвіцкі раён

Загаловак у газеце: «Я ў перадавых хадзiла. I ў дэпутатах...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СТРАЛЕЦ. Ад таго, як сплануеце тыдзень, залежыць, ці паспееце завяршыць важныя справы. 

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?